Чацвер, 29 Верасень 2016 11:34

10 мая 2016 г. – 80 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Адамавіча Краўчука (1936–2014), мастака тэатра, педагога

Аляксандр Адамавіч Краўчук нарадзіўся 10 мая 1936 года ў г. Брэсце-над-Бугам (цяпер Брэст) у рабочай сям’і. У шасцігадовым узросце Саша Краўчук знайшоў гранату, якая раптоўна ўзарвалася. У выніку няшчаснага выпадку застаўся без прадплечча левай рукі; калі стаў дарослым, дык насiў пратэз.

У 1955–1960 гадах Аляксандр Краўчук вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы. З 1959 года – на педагагічнай рабоце. У 1960–1966 гадах – навучаўся на мастацкім факультэце Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Вучыўся ў народнага мастака БССР Я. Р. Чамадурава, жывапісца і графіка А. П. Мазалёва. Яго дыпломная работа – афармленне оперы М. Рымскага-Корсакава «Золотой петушок».

У 1966–1975 гадах А. А. Краўчук выкладаў ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. У 1975–1987 гадах – дырэктар i выкладчык Мінскага мастацкага вучылішча імя А. К. Глебава. Вучылішча прымала маладых людзей, якія скончылі 8–9 класаў, рыхтавала настаўнікаў чарчэння і выяўленчага мастацтва, мастакоў-афарміцеляў, майстроў апрацоўкі дрэва, каменя і косці. Аляксандр Адамавіч запомніўся студэнтам як выдатны педагог, харошы, дабразычлівы чалавек. Сярод яго вучняў заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай Пятровіч Кузьміч, які закончыў вучылішча ў 1982 годзе, усе гады падтрымліваў сувязь з Аляксандрам Адамавічам.

З 1967 года Аляксандр Краўчук ўдзельнічаў у мастацкіх выставах. У 1971 годзе быў прыняты ў Саюз мастакоў БССР, а таксама ў КПСС.

Аляксандр Адамавіч працаваў пераважна ў сцэнаграфіі. З 1970 года ў якасці мастака-пастаноўшчыка афармляў спектаклі ў розных гарадах Беларусі. Аформіў спектаклі: «Выклік багам» А. Дзялендзіка (1965) у Брэсцкім абласным драматычным тэатры, «Травиата» Дж. Вердзі (1969), «Спящая красавица» П. Чайкоўскага (1970) у Дзяржаўным тэатры оперы і балета БССР, «Адкуль грэх?» А. Петрашкевiча (1969) у Беларускім тэатры імя Я. Купалы, «Поёт жаворонок» Ю. Семянякi (1971), «Счастливый рейс» I. Ільіна (1972) у Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР і інш.

А. А. Краўчук узнагароджаны медалём Беларускага саюза мастакоў «За заслугі ў выяўленчым мастацтве» (2006).

На пачатку 2000-х мастак пераехаў у Брэст, у стары бацькоўскі дом на вуліцы Вішнёвай (Кіеўка). У апошнія гады моцна хварэў, знаходзіўся ў Кобрынскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце.

Аляксандр Адамавіч Краўчук памёр 23 кастрычніка 2014 года. Пахаваны на могілках в. Каташы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласцi.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Аляксандр Краўчук : [«Яблынi»] // Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог / аўт.-склад. М. П. Кузьміч. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2010. С. 68–69.

  2. Кравчук Александр Адамович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 507.

  3. Александр Кравчук // Художники Брестчины : альбом-каталог / авт.-сост.: М. Коньков, А. Жук, А. Грищук, Б. Крепак. Минск : А. Климов, 2002. С. 150.

  4. Краўчук Аляксандр Адамавіч // Беларускі саюз мастакоў. 1938–1998 : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 302.

  5. Краўчук Аляксандр Адамавіч : [Эскіз дэкарацыі да оперы Дж. Вердзі «Травіята». 1969] // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 124.

  6. Кравчук Александр Адамович : [Эскиз декорации к пьесе А. Чехова «Иванов»] // Художники Советской Белоруссии : [справочник] / редкол.: В. И. Версоцкий [и др.]. Минск, 1976. С. 180.

  7. Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава / А. А. Краўчук // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 552–553.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1156 разоў Апошняя змена Аўторак, 09 Чэрвень 2020 10:42