Чацвер, 29 Верасень 2016 11:38

15 жніўня 2016 г. – 80 гадоў з дня адкрыцця Першай Палескай выставы-кірмашу ў г. Пінску (1936)

Горад Пінск, цэнтр Пінскага павета Палескага ваяводства (цяпер Брэсцкай вобласці), з’яўляўся эканамічным і культурным цэнтрам, нефармальнай сталіцай Беларускага Палесся. У 1930-я гады ў ім пражывалі каля 35 тыс. чалавек. Гарадскі рынак размяшчаўся ля ракі Пiны побач з калегіўмам. Гонарам пінскага нядзельнага базару быў гандаль з лодак. Сотні лодак і барж дастаўлялі тавары, дзесяткі лодак станавіліся прылаўкамі і часовымі складамі, з іх прадавалі зерне, гародніну, бульбу, дровы, сена.

Кірмашы ў старажытным Пінску вядомы з пачатку ХVII ст., адбываліся па 2–4 разы на год, кожны працягваўся два тыдні. Кірмашы садзейнічалі развіццю эканомічных сувязяў гарадоў і мястэчак з вёскай, займалі важнае месца ў грамадскім і культурным жыцці. Для селяніна кірмаш быў не толькі гаспадарчай неабходнасцю, але і святам, якое вянчала цяжкую земляробчую працу. Пасля Першай сусветнай вайны традыцыя кірмашоў падзабылася, але з развіццём гаспадаркі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы кірмашовая форма гандлю пачала зноў развівацца.

Пінскі магістрат прыняў рашэнне правесці ў 1936 годзе Палескую выставу-кірмаш, дзе рамеснікі, а таксама фабрыкі, фірмы, магазіны маглі арганізаваць продаж сваіх вырабаў і тавараў. Планавалася праводзіць кірмашы штогод. На беразе ракі Піны ў Ляшчынскім парку пабудавалі спецыяльны выставачны гарадок з мастацкім павільёнам-майстэрняй. Першая выстава-кірмаш адкрылася 15 жніўня 1936 года, прайшла даволі сціпла, закрылася 3 верасня. Засталася брашура «Informatorm. Pińska. Rok 1936», якая была выдадзена аргкамітэтам для наведвальнікаў кірмашу, звесткі з яе і цяпер цікавыя для краязнаўцаў. Уступны нарыс «Гістарычнае мінулае нашага Пінска» напісаў настаўнік гімназіі Ян Краўсгер.

Другая Палеская выстава-кірмаш атрымала вялікі размах, стала значнай культурнай падзеяй у жыцці Палесся і Польшчы, у ёй прынялі ўдзел мноства фірм, прадпрымальнікаў, рамеснікаў. Быў выдадзены даведнік «Przewodnikpo II JarmarkuPoleskimwPińsku», дзе прыведзена шмат інфармацыі аб магчымасцях земляробства на Палессі, даецца ацэнка геафізічнай структуры рэгіёна, расказваецца аб тэрытарыяльным самакіраванні, аб Палессі як раёне барацьбы за незалежнасць Польшчы, кааперацыі, аб развіцці рамёстваў, рэклама. Такія ж даведнікі выдаваліся і да наступных кірмашоў, цяпер з’яўляюцца бібліяграфічнай рэдкасцю.

Адкрыўся «II Палескі кірмаш» 22 жніўня 1937 года. На ўрачыстасці іграў аркестр 84-га палка палескіх стралкоў. У гэты ж дзень адбылося свята палескай песні з удзелам народных хароў, які арганізавала школьная інспекцыя. Кожны наступны дзень кірмашу меў сваю адметнасць: дзень палескіх промыслаў, дзень народных танцаў, паказ коней, рагатай жывёлы, авечак, канцэрт народных ансамбляў, дэфілада Пінскай рачной флаціліі, ілюмінацыя «Чары палескай ночы», паказальныя выступленні пажарнай стражы, выступленні школьных і рэгіянальных (вясковых) харавых калектываў.

У мастацкай выставе прынялі ўдзел мастакі Іван Дзіміч, Фёдар Лаўроў, Аляксандр Лазіцкі, Яўген Пулхаў, Сяргей Муханаў, Павел Петразаводскі. Ф. Лаўроў, кіраўнік творчай групы мастакоў, быў аўтарам бетоннай скульптуры «Паляшук» (стары селянін ў капялюшы з вяслом), якая была ўстаноўлена ля ўваходу на тэрыторыю выставы-кірмашу і стала яе неафіцыйным сімвалам. Выстаўлялі свае фотаздымкі, а таксама фатаграфавалі кірмаш мясцовыя фотамайстры М. Брэгман, Т. Вакульчык, Н. Нівінскі, Ю. Шыманьчык.

Пошта Пінска адзначыла выставу-кірмаш спецыяльным гашэннем. У час правядзення ўся карэспандэнцыя адзначалася штэмпелем з надпісам «ІІ JarmarkPoleski». Таксама на працягу 1937–1939 гадоў прымяняўся прапагандысцкі штэмпель «ZwiedzajciePolesie!» («Наведвайце Палессе!»).

На выставе-кірмашы былі прадстаўлены ў асноўным экспанаты, звязаныя з земляробствам, жывёлагадоўляй, вырабы рамеснікаў і мясцовай прамысловасці, у асаблівасці дрэваапрацоўка. Прамысловы павільён паказаў вялікі выбар тавараў фірм, магазінаў, фабрык Варшавы, Брэста-над-Бугам, Вільні і іншых гарадоў. Былі аформлены павільёны культуры, адукацыі, сувязі. А 22-й гадзіне 5 верасня адбылося ўрачыстае закрыццё выставы-кірмашу.

Трэцяя выстава-кірмаш адкрылася 15 жніўня 1938 года. Кірмаш прыцягнуў увагу не толькі купцоў і вытворцаў з розных куткоў Польшчы, але і турыстаў, замежных гасцей з Еўропы. Для турыстаў у горадзе падрыхтавалі каля 2000 месцаў у гасцініцах, прыватных дамах, школах. У экспазіцыі былі паказаны: палеская хата – тыповае жыллё палешукоў, павільёны рамёстваў, а так сама камерцыйныя, прамысловыя, сельскагаспадарчыя. Выклікалі цікавасць вырабы шаўцоў з Давыд-Гарадка, ганчароў з Гарадной і Пружан. У новым паляўнічым і рыбалавецкім павільёне можна было пабачыць чучалы дзіка, ваўка, рысі, мноства балотных птушак, глушца, лебедзя. Былі прадстаўлены паляўнічыя трафеі князя Кароля Радзівіла (1886–1968), уладальніка Давыд-Гарадоцкай ардынацыі і Манькавіцкага палаца (цяпер Столінскі раён). Закрыўся кірмаш 4 верасня.

Палескія выставы-кірмашы былі праведзены ў Пінску чатыры разы, у 1939 годзе адбылася апошняя – з 15 жніўня па 3 верасня. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны кірмашы ў Беларусі не праводзілі.

У апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі зроблены спробы адрадзіць традыцыйныя кірмашы як святы ўраджаю. Першы пасляваенны беларускі кірмаш на народнай аснове – з традыцыйнымі гульнямі, песнямі – адбыўся ў Століне 11 кастрычніка 1981 года. Пасля вяртання ў беларускую эканоміку рыначных адносін (пачатак 1990-х) рэзка вырасла цікавасць да арганізацыі кірмашоў. 7–8 кастрычніка 2006 года работнікі Пінскага філіяла Гандлёва-прамысловай палаты Рэспублікі Беларусь наладзілі ўніверсальную выставу-кірмаш «Пінскія таргі». 4–6 верасня 2014 года ў Пінску прайшоў абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла «Дажынкі».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Курсаў, В. Шуміцьпалескі кірмаш / В. Курсаў // Памяць. Пінск : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : БЕЛТА, 1998. С. 213–215.

  2. Пинск : Путеводитель по столице Полесья (Информационно-рекламный справочник) / сост. Вячеслав Макавчук. – Пинск, [1994]. – 376 с. : ил. – Из содерж.: Пинск на страницах старого путеводителя [1936 г.]. – С. 21–41; Историческое прошлое нашего Пинска / Ян Краусгер, учитель гимназии г. Пинска. – С. 22–25; Шумели «шеренговые» лавки и лодочный базар. – С. 74–77; Грандиозная ярмарка 37-го. – С. 78.

  3. Грандиозная ярмарка 1937 года // Наш Пинск исторический : [путеводитель] / предисл.: В. Макавчук. Пинск : Инф.-рекл. агенство «Пинск», 1996. С. 40.

  4. Гуд, П. А. Беларускі кірмаш / Пётр Адамавіч Гуд, Ніна Іванаўна Гуд. – Мінск : Полымя, 1996. – 270 с. : іл. – Са зместу: Пінск. – С. 10, 36, 76, 103, 104, 108, 109, 128, 176.

  5. Informatorm. Pińska. Rok 1936. – Pińsk : Naklademkomitetu «JarmarkuPoleskiego», 1936. – 44 s.

  6. Przewodnikpo II JarmarkuPoleskimwPińsku. 22.VIII. – 5.IX.1937 : przewodnik. – Pińsk : Wydawnictwo Zarządu Miejskiego, 1937. – 57 s.

  7. Przewodnik po III Jarmarku PoleskimwPińsku, 15.VIII. 4.IX. 1938. –Pińsk : Wydawnictwo Zarządu Miejskiego, 1938. – 75 s.

  8. Przewodnik po IV JarmarkuPoleskim. 15.VIII. – 3.IX.1939.Pińsk : Wydawnictwo Zarządu Miejskiego, 1939. – 88 s.

  9. Хвагіна, Т. А. Пінск і яго ваколіцы = Пинск и его окрестности = Pinskanditssurroundings / Т. А. Хвагіна ; [фотаздымкі Я. У. Таламая]. – Мінск : Вышэйшая школа, 2007. – 175 с. – Са зместу: [Сельскагаспадарчыя выстаўкі]. – С. 117–118.

  10. Гришковец, В. Полесская ярмарка: как это было : [о выставках-ярмарках в Пинске в 1936–1939 гг.] / Валерий Гришковец // Заря. 2016. 25 августа (№ 98). С. 6.

  11. Мазіна, Г. Тры падзеі «Дажынак-2014» : [пра абласны фестываль-кірмаш у Пінску] / Галіна Мазіна // Народная трыбуна. 2014. 12 верасня (№ 37). С. 2.

  12. Тоболич, А. Щедрый урожай, богатый праздник : [об областном фестивале-ярмарке труженников села «Дожинки» в Пинске] / Адам Тоболич // Заря. 2014. 9 сентября. С. 4.

  13. Чыгрын, С. Фатограф з Косава : [пра польскага фатографа Юзафа Шыманчыка (1909–2003), які працаваў на Беларускім Палессі да 1940 г.] / Сяргей Чыгрын // Культура. 2014. 25 студзеня (№ 4). С. 15 : фат.

  14. Дубровский, А. Выставка-ярмарка 1937 года / Алексей Дубровский // Полесская правда. Пинск, 2010. 22 мая. С. 4.

  15. Гришковец, В. Дары природы и дела рук человеческих : [о выставке-ярмарке «В мире мёда, винограда, цветов и плодов», посвященной Году здоровья, в Пинском парке культуры и отдыха] / Валерий Гришковец // Заря. 2008. 2 сентября. С. 5.

  16. Выходим на международную арену : [из истории ярмарок в Пинске (ХVII в. наст. время)]// Пiнскi веснiк. 2007. 19 кастрычніка. С. 2.

  17. Бучык, А. Палескі кірмаш – з’ява незвычайная ; Бойкi на кiрмашах : [з гісторыi кірмашоў у Пінску да 1939 г.] / Аляксандр Бучык // Мясцовы час. Пiнск, 2006. 26 кастрычніка. С. 7.

  18. Кирковец, Н. Древний Пинск, ты всегда молодой! : [о Дне города; о ярмарке «Пiнскiя таргi»] / Наталья Кирковец, Татьяна Щербакова, Светлана Побединская, Елена Михайлюк // Пiнскi веснiк. 2006. 10 кастрычнiка (№ 80). С. 1–2.

  19. Ильин, А. Пинская художественная школа 20–30-х годов ХХ века : [о художниках, принимавших участие в Полесских выставках-ярмарках 1936–1939 гг.] / Александр Ильин // Гістарычная брама. Пінск, 2004. № 1 (22). С. 54–57.

  20. Колосов, Л.Л. Почта на Пинщине : [история почты Пинска и Пинского региона] / Лев Леонидович Колосов // Веснiк сувязi. 2004. № 1. С. 65–73.

  21. Курсов, В. Н. Пинск. Год 1936-й : Путеводитель знакомит : [по материалам брошюры «Informatorm. Pińska. Rok 1936»] / Вениамин Николаевич Курсов // Пинская неделя. 1991. 31 мая (№ 20); 14 июня (№ 22); 28 июня (№ 24); 5 июля (№ 25); 12 июля (№ 26).

  22. Мірановіч, В. Беларускі кірмаш : рэпартаж : [11 кастр. 1981 г. у г. Століне] / В. Мірановіч, А. Вышынскі, Ф. Ляшкевіч, Ф. Шумко // Навiны Палесся. Столін, 1981. 13 кастрычніка (№ 123). С. 2–3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 703 разоў Апошняя змена Серада, 08 Ліпень 2020 12:40