Чацвер, 29 Верасень 2016 11:42

20 сакавіка 2016 г. – 105 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Васільевіча Старчакова (1911–1968), мастака

Уладзімір Васільевіч Старчакоў нарадзіўся 20 сакавіка 1911 года ў сяле Рагань Харкаўскага павета Харкаўскай губерні (цяпер гарадскі пасёлак Харкаўскага раёна Харкаўскай вобласці, Украіна) у сям’і будаўніка. У 1930–1936 гадах вучыўся ў Харкаўскім мастацкім інстытуце ў прафесара Сямёна Маркавіча Прохарава, у мастака Міхаіла Якімавіча Козыка. З трэцяга курса спецыялізаваўся на тэатральным аддзяленні ў мастака Анатолія Галакціонавіча Пятрыцкага.

У мастацкіх выставах Уладзімір Старчакоў удзельнічаў з 1935 года. Тады прыняў удзел у VI Усеўкраінскай выставе ў Харкаве.

Пасля заканчэння інстытута Уладзімір Васільевіч працаваў мастаком-пастаноўшчыкам у тэатрах Харкава, Варонежа, Барысаглебска, Яраслаўля, Арла. З 1949 года жыў і працаваў у Брэсце, з 1951 года – у брэсцкіх мастацкiх майстэрнях.

У Брэсцкім абласным драматычным тэатры імя Ленінскага камсамола Беларусі шэраг спектакляў здзейснены пры яго ўдзеле: «Мяшчане», «Таямніца вечнай ночы», «Поздняе каханне» (усе 1949), «Жаніцьба Бялугіна», «Ганна Карэніна», «Вераб’іныя горы» (усе 1950), «За пагарду – пагарда» (1955), «Незаменны» (1957), «І праўда, і няшчасце» (1959) і інш. Працаваў з рэжысёрамі І. Паповым, А. Міронскім, Г. Волкавым, Ю. Рашымавым і інш. У час работы Уладзіміра Васільевіча ў тэатры галоўнымі мастакамі былі: М. Смародкін (1949–1956, А. Бузавераў (1956–1958), А. Гзыла (1958–1962), А. Марозаў (1963–1970).

З 1950 года Уладзімір Старчакоў займаўся станковым і манументальна-дэкаратыўным жывапісам. Напісаў тэматычныя палотны: «Старыя гнёзды», «Сакавіцкае сонца», «Валуны», «Свяшчэнныя камяні», «Першая вясна», «Індустрыяльная сімфонія». У 1957 годзе стварыў дыяраму «Белавежская пушча», якая захоўваецца ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі.

У экспазіцыі Брэсцкага мастацкага музея дэманструецца работа Уладзіміра Старчакова «Вечар над возерам» (гуаш). Карціна напісана ў дэкаратыўным стылі. Сонца распусцілася ў блакітным небе, пасылаючы возеру свае апошнія лучы. Яны адлюстроўваюцца на паверхні сіняй вады дарожкай, якая ідзе ў далячынь і злучае два берагі. Яшчэ імгненне, і прападзе водная дарожка, а над возерам апусціцца начная імгла.

У 1960 годзе Уладзімір Васільевіч быў прыняты ў Саюз мастакоў БССР. Удзельнічаў у стварэнні экспазіцыі музея абароны Брэсцкай крэпасці. Разам са скульптарам А. Шмакавым у 1963 годзе стварыў макет-дыяраму «Бой ля Цярэспальскай брамы». Станковыя творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Баранавіцкім краязнаўчым музеі, музеі Беларускага Палесся ў Пінску.

У. В. Старчакоў пасля працяглай i цяжкай хваробы памёр 6 студзеня 1968 года, пахаваны на Трышынскіх могілках г. Брэста. У 1972 годзе на магіле пастаўлена стэла с гарэльефам.

У жніўні 1968 года сябры і калегі мастака арганізавалі пасмяротную выставу твораў У. В. Старчакова. Былі прадстаўлены 77 работ зробленых за апошняе дзесяцігоддзе: жывапіс і графіка, гравюры і эстампы, эскізы да касцюмаў у спектаклях. 27 мая 2011 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі была адкрыта выстава памяці мастакоў «И дольше века…», на якой былі прадстаўлены таксама палотны У. В. Старчакова.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Старчакоў Уладзімір Васільевіч // Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог / аўт.-склад. М. П. Кузьміч. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2010. С. 102–103.

  2. Старчакоў Уладзімір Васільевіч // Беларускі саюз мастакоў. 1938–1998 : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 508.

  3. Могила Старчакова Владимира Васильевича / В. Б. Короткевич // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская обалсть. Минск, 1990. С. 75.

  4. Магіла Старчакова Уладзіміра Васільевіча / В. Б. Караткевіч // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 61.

  5. Старчаков Владимир Васильевич // Художники Советской Белоруссии. Минск, 1976. С. 331.

  6. Владимир Старчаков // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 650.

  7. Выставка произведений художника Сторчакова В. В. (1911–1968 гг.) : каталог / Союз художников БССР ; Брест. Минск, 1968.

  8. Брэсцкі тэатр драмы і музыкі / Р. М. Бакіевіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 кн. Мінск, 2002.Кн. 1. С. 169–179.

  9. Александров, Н. Тришинское кладбище в Бресте : Наиболее значимые захоронения : [в т. ч. могила В. В. Старчакова] / Николай Александров // Брестский курьер. 2013. 15 августа (№ 33). С. 21.

  10. Шапран, Ю. Талант, отданный людям : [о посмертной выставке В. В. Сторчакова]// Заря. 1968. 27 августа. С. 4.

  11. В.В. Сторчаков : [некролог] // Заря. 1968. 9 января. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1351 разоў Апошняя змена Серада, 10 Чэрвень 2020 09:23