Аўторак, 18 Кастрычнік 2016 15:05

19 жніўня 2016 года – 75 гадоў з дня нараджэння Адама Асманавіча Мурзіча (1941), педагога па вакалу, заслужанага работніка культуры Беларусі, мастацкага кіраўніка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра

Адам Асманавіч Мурзіч нарадзіўся 19 жніўня 1941 года ў горадзе Ляхавічы Баранавіцкай (цяпер Брэсцкай) вобласці. З дзяцінства любіў музыку, слухаў оперы на пласцінках і па радыё, спяваў у самадзейнасці. Першым з прафесіяналаў яго вакальны талент заўважыў Леў Палікарпавіч Лях, які тады працаваў ў Ляхавіцкім Доме культуры. Адам Мурзіч вучыўся ў вячэрняй школе і працаваў, не збіраўся займацца музыкай.

 

Па прызыву камсамола ў 1958 годзе паехаў на будоўлі Карагандзінскай вобласці (Казахстан). Там Адам Мурзіч захапляўся футболам, а аднойчы пабачыў музычны тэатр, які прыехаў на гастролі, і вырашыў вучыцца музыцы. Паступіў у Брэсцкае музычнае вучылішча, дзе займаўся ў Меліціны Іванаўны Арэнскай, пасля службы ў Савецкай арміі закончыў вучылішча ў 1964 годзе. Затым паступіў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А. В. Луначарскага, вучыўся ў Вікторыі Мазавай, Валерыя Кучынскага, Барыса Шамякова. У 1969 годзе скончыў кансерваторыю па спецыяльнасці «сольны спеў».

 

Трыццаць два гады Адам Асманавіч працаваў выкладчыкам, педагогам па вакалу, узначальваў аддзяленне сольных спеваў ў Мінскім дзяржаўным музычным вучылішчы імя М. І. Глінкі. Больш за дзесяць гадоў працаваў выкладчыкам кафедры сольнага спева ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Сам Адам Асманавіч ніколі не быў артыстам, хоць прырода падаравала яму багаты голас, а лёс – добрую вакальную школу. Яшчэ ў студэнцкія гады, задумаўшыся пра сольную кар’еру, бескампрамісны і самакрытычны Адам Мурзіч пачаў сумнявацца, выбраў шлях педагога.

 

А. А. Мурзіч – адзін з найлепшых у Беларусі педагогаў па вакале. Больш за сорак гадоў ён прысвяціў вакальнай педагогіцы і выхаваў за гэты час дзясяткі маладых спевакоў. Яго вучні (больш за 120) з’яўляюцца пераможцамі прэстыжных міжнародных конкурсаў і фестываляў, спяваюць у вядучых музычных калектывах краіны, а таксама за мяжой – у Расіі, Германіі, Францыі. Школу А. А. Мурзіча прайшлі вядучыя салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі: Алег Мельнікаў, Ілья Сільчукоў, Станіслаў Трыфанаў, Дзмітрый Капілаў, Аляксандр Жукаў; Беларускага музычнага тэатра: Антон Заянчкоўскі, Алег Прохараў.

 

У 1992 годзе за заслугі ў развіцці беларускай вакальнай школы і падрыхтоўцы музыкантаў-выканаўцаў А. А. Мурзічу было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь».

 

Адам Мурзіч выступаў у якасці кансультанта Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам М. Фінберга, працаваў у складзе журы розных рэспубліканскіх вакальных конкурсаў, сярод якіх «Новыя галасы Беларусі» (2009), «Зорка ўзышла над Беларуссю» (2010).

 

З чэрвеня 2010 года працуе ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, з’яўляецца яго мастацкім кіраўніком. Свае галоўныя задачы як мастацкага кіраўніка Адам Асманавіч бачыць у павелічэнні колькасці класічных спектакляў у рэпертуары, працы над нацыянальным музычным матэрыялам, а таксама ў павышэнні выканаўчага майстэрства трупы ў мэтах еўрапейскага стандарту, высокай вакальнай культуры, густу і стылю.

 

У красавіку 2011 года А. А. Мурзіч падрыхтаваў аўтарскі праект «Барытоны Беларусі спяваюць пра каханне». У гэтай канцэртнай праграме прынялі ўдзел вядучыя салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь і Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, сярод іх былі чатыры вучні Адама Асманавіча.

 

У чэрвені 2011 года пад кіраўніцтвам А. А. Мурзіча Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр прадставіў два маштабныя open-air праекты: «Чароўная ноч класікі ў музеі пад адкрытым небам» (сумесна з Беларускім дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і побыту) і «Вечар старадаўняга раманса» ў рамках «Музычных вечароў у Мірскім замку» (сумесна з тэлеканалам ОНТ).

 

24 кастрычніка 2011 года ў Брэсцкім музычным каледжы імя Р. Шырмы адбылася творчая сустрэча з Адамам Асманавічам, былым выпускніком. Педагог правёў майстар-класы з навучэнцамі каледжа.

 

У лютым 2012 года Адам Мурзіч выступіў аўтарам праекта і мастацкім кіраўніком тэатралізаванага канцэрта з твораў С. Рахманінава «Полымя кахання».

 

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 годзе Ляхавіцкай раённай бібліятэкай
ім
я Я. Купалы. Лагун Віталія Іванаўна, бібліятэкар-бібліёграф

 



 

  1. Мурзич Адам Асманович // Жабинский, Р. А. Брестский музыкальный колледж : история и современность / Р. А. Жабинский. Брест : Альтернатива, 2011. С. 87, 147.
  2. Школьников, Л. Е. Минское музыкальное училище им. М. И. Глинки / Л. Е. Школьников. – Минск : Полымя, 1984. – 16 с. : ил.
  3. Сольныя спевы : Праграма для музычных вучылішчаў па спецыяльнасці Г.11.20 «Спевы» / М-ва культуры і друку Рэсп. Беларусь. Беларус. ін-т праблем культуры ; уклад.: Л. П. Івашкоў, А. А. Мурзіч. – Мінск : БелІПК, 1995. – 28 с.
  4. Мурзич, А. О. Практические рекомендации по работе с начинающими вокалистами : метод. рекомендации / А. О. Мурзич ; ред. С. М. Рыбарева ; М-во культуры БССР, Респ. метод. каб. по учеб. заведениям искусств и культуры. – Минск, 1988. – 11 с.
  5. Учебные задания [Ноты] : для учащихся вокальных отделений музыкальных училищ на материале белорусских композиторов / [сост.: А. О. Мурзич, В. В. Фомиченко] ; Министерство культуры БССР, Респ. метод. кабинет по учеб. заведениям искусств ; [в обработке для голоса (вокального ансамбля) в сопровождении фортепиано]. – Минск, 1982. – 89 с.
  6. Степуро, Н. От Скорины до Купалы : [о новом театральном сезоне в театрах Минска; о 75-летии А. О. Мурзича] / Наталья Степуро // СБ Беларусь сегодня. 2016. 17 августа.
  7. Овсепьян, И. Споёмте, друзья: [75-летний юбилей А. О. Мурзича, художественного руководителя музыкального театра] / Ирина Овсепьян // СБ Беларусь сегодня. 2016. 11 августа. С. 12.

  8. Александровіч, М. Ці лёгка быць прымадоннай? : [артыстка Беларускага музычнага тэатра пра свой творчы шлях. На с. 171 прыведзена меркаванне А. А. Мурзіча] / Маргарыта Александровіч ; гутарыла Зоя Матусевіч // Полымя. 2015. № 8. С. 165–172.

  9. Попова, В. Вот это да, вот это голоса!: [художественный руководитель Белорусского государственного академического музыкального театра Адам Мурзич] / Виктория Попова // СБ Беларусь сегодня. 2013. 9 февраля.
  10. Малушенко, А. «Пламя любви» разгорелось в столице: [автор идеи вечера романсов художественный руководитель Белорусского музыкального театра А. Мурзич] / Анна Малушенко // Белорусская военная газета. 2012. 18 февраля. С. 13.
  11. Коктыш, М. Бизнесмен отдал 45 тысяч долларов на оперетту : В Белорусском музыкальном театре – премьера оперетты «Граф Люксембург» : [о постановке рассказывает А. Мурзич] / Марина Коктыш // Народная воля. 2012. 19 сакавiка.
  12. Лысенко, З. Уважение традиций плюс смелость эксперимента: [40-летие БГАМТ и его новый худ. руководитель – А. О. Мурзич ] / Зоя Лысенко // Беларуская думка. 2011. № 5. С 8695.

  13. Бунцэвіч, Н. Тайна дзевяці прэм’ер : [да 70-годдзя з дня нараджэння Адама Мурзіча] / Надзея Бунцэвіч // Культура. 2011. 20 жніўня.
  14. Берасцень, С. Сезон Адама Мурзіча / Святлана Берасцень // ЛіМ. 2011. 19 жніўня (№ 33). С. 1.
  15. Пепеляев, В. Человек жанра : [Адам Османович Мурзич] / Валентин Пепеляев // Советская Белоруссия. 2010. 7 июля. С. 20.
  16. Белохвостик, Н. В Музыкальном театре новый худрук : На эту должность назначили Адама Мурзича / Надежда Белохвостик // Комсомольская правда в Белоруссии. 2010. 2 июля. С. 4.
  17. Габышава, К. Адам Мурзіч: «Усе жанры добрыя, акрамя сумнага» / Кацярына Габышава // Народная газета. 2010. 13 ліпеня. С. 6.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 616 разоў Апошняя змена Чацвер, 11 Чэрвень 2020 10:29