Панядзелак, 06 Люты 2017 09:30

17 жніўня 2017 г. – 95 гадоў з дня нараджэння Лідзіі Аляксееўны Абухавай (1922–1991), рускай савецкай пісьменніцы

Лідзія Аляксееўна Абухава нарадзілася 17 жніўня 1922 года ў г. Кутаiсi (Грузiя) у сям’і рускіх акцёраў. Пасля смерці бацькі была ўдачораная айчымам, афіцэрам-пагранічнікам. З-за пастаянных пераездаў сям’і вучылася ў розных школах. Жыла на Каўказе, Украіне, у Сярэдняй Азіі, Паволжы і Беларусі (Рэчыца, Жлобін, Мінск, Віцебск).

Першы верш паявіўся ў друку, калі Лідзіі было 14 гадоў (Затейник. 1938. № 12.). У 1940 годзе Лiдзiя закончыла СШ № 10 г. Віцебска. Вялікая Айчынная вайна застала Лідзiю Абухаву на граніцы ў Літве. Усю вайну яна правяла ў канцлагеры для жанчын і дзяцей пагранічнікаў. Там яна вучыла дзяцей грамаце з голасу. Пасля вызвалення 10 кастрычніка 1944 года аб перажытым у няволі яна напісала ў «Комсомольскую правду». Першы нумар газеты г. Клайпеды адкрыўся яе нарысам «Возрождение».

Пачаткам літаратурнай дзейнасці Лідзіі Абухавай можна лічыць 1946 год, калі ў газеце «Северный Кавказ» быў апублікаваны шэраг яе нарысаў і апавяданняў. У 1951 годзе закончыла Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага, з часу вучобы жыла ў Маскве. Яе першым мужам быў журналіст і пісьменнік Уладзілен Міхайлавіч Травінскі (1934–1974).

Першы празаічны твор, які звярнуў увагу крытыкаў, – аповесць «Глубынь-городок», якая была напісана пасля творчай камандзіроўкі Лідзіі Абухавай у Беларусь у 1953–1954 гадах. Беларускае Палессе на той час было мала вывучана рускай мастацкай літаратурай. Л. А. Абухава апісала гэты край, яго цяжкія пасляваенныя справы і клопаты, з дакладным бачаннем цяжкасцей, жыццёвых сітуацый і чалавечых паводзін. Аповесць аб людзях Палесся была напісана пра невялікі Давыд-Гарадок Пінскай (цяпер у Брэсцкай) вобласці. Упершыню аповесць «Глубынь-городок» была апублiкавана ў часопісе «Знамя» (1955. № 10, 11), затым некалькі разоў выходзіла асобным выданнем, перакладзена на 16 моў: на беларускую і іншыя мовы СССР і замежных краін. М. А. Шолахаў назваў «Глубынь-городок» лепшай кнігай года.

У далейшым былі паездкі маладой пісьменніцы па раёнах Сярэдняй Расіі (Смаленская, Разанская, Калужская і іншыя вобласці), якія далі матэрыял для рамана «Заноза» (1961). Чытачы ўспрынялі другі раман Л. А. Абухавай, як працяг «Глубынь-городка», а крытыкі адзначылі рост пісьменніцкага талента аўтара. Тут праявілася асобая тэма Л. А. Абухавай – тэма самаацэнкі маральнага свету асобы, грамадскай каштоўнасці непаўторнасці кожнага чалавека. Сваімі настаўнікамі лічыла Валянціна Авечкіна, Сцяпана Шчыпачова, Яўфіма Дораша, Веру Панкову, Фёдара Панфёрава, Міхаіла Шолахава.

Лідзія Аляксееўна працавала ў жанрах гістарычнай аповесці, дзіцячай і дакументальнай прозы, фантастыкі. Напісала некалькі кніг пра Юрыя Гагарына: «Любимец века» (1972), «Вначале была Земля» (1973), «Звёздный сын Земли» (1974), «Как мальчик стал космонавтом» (1984), серыю аповесцей аб жыцці старажытных славян, аповесць пра Аляксандра Неўскага «Набатное утро» (1978), раман пра Міхаіла Лермантава «Избранник» (1989). У 1974 годзе выйшла кніга Л. А. Абухавай «Витьбичи: исторические новеллы», прысвечаная 1000-годдзю Віцебска. Кніга была цёпла сустрэта чытачамі, аматарамі гісторыі.

Прыметнай з’явай у савецкай фантастыцы 1960-х стала аповесць «Лилит» (1966), у якой апісаны кантакт іншапланетных прышэльцаў з першабытнымі людзьмі Зямлі. Шэраг іншых фантастычных апавяданняў і аповесцей Лідзіі Аляксееўны можна аднесці ў асноўным да гумарыстычнай фантастыкі: «Птенцы археоптерикса», «Диалог с лунным человеком», «Дочь Ноя», «Яблоко этого года».

У лютым 1974 года пісьменніца наведала Давыд-Гарадок. У СШ № 2 (дырэктар М. У. Шэлехаў) адбылася творчая сустрэча чытачоў з Лідзіяй Аляксееўнай. Ёй прадставілі дзесяцікласніка, пачынаючага паэта Леаніда Дранько-Майсюка. І цяпер Леанід Васільевіч цёпла ўспамінае тую сустрэчу, якая ў многім вызначыла яго лёс. Ен казаў пра Лідзію Аляксееўну: «Мая літаратурная хросная маці». А яна потым пісала: «Один из молодых поэтов Леонид Дранько-Мойсюк может считаться моим воспитанником».

Л. А. Абухава – член Саюза пісьменнікаў СССР з 1956 года. Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны». Была членам савета па беларускай літаратуры ў СП СССР, сачыла за фарміраваннем новага пакалення паэтаў і празаікаў Беларусі.

Лідзія Аляксееўна Абухава памерла 26 красавіка 1991 года ў Маскве. Пахавана на Міусскіх могілках па вул. Сушчоўскі Вал (участак 3).

Па просьбе пісьменніцы частка яе кніг была пераслана мужам Ігарам Аляксандравічам Байрашэўскім гарадской бібліятэцы Давыд-Гарадка. У бібліятэцы захоўваюцца лісты Л. А. Абухавай, у адным з іх такія радкі: «О Давид-Городке, который стал началом моего творческого пути, я всегда вспоминаю с большой нежностью и благодарностью». У Давыд-Гарадку імя пісьменніцы дадзена адной з новых вуліц.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

Творы Л. А. Абухавай

  1. Глубынь-городок : повесть о людях Полесья / Лидия Обухова. – Москва, 1956. – 106 с. – (Роман-газета. № 1 [121]).

  2. Глыбінь-гарадок : аповесць аб людзях Палесся / Лідзія Абухава ; пераклад А. Паўловіча ; мастак А. Сапетка. – Мінск : Дзяржвыдавецтва БССР, 1958. – 278 с. : iл.

  3. Глубынь-городок : повесть о людях Полесья/ Лидия Обухова. – Москва : Советский писатель, 1960. – 301 с.

  4. Заноза : Страницы сердобольной хроники : роман / Лидия Обухова. – Москва : Молодая гвардия, 1961. – 408 с.

  5. Доброта : маленькая повесть / Лидия Обухова. – Москва : Молодая гвардия, 1962. – 48 с.

  6. Глубынь-городок : повесть ; Заноза : роман / Лидия Обухова. – Москва : Советская Россия, 1963. – 708 с., [1] л. портр.

  7. Прекрасные страны : путешествия в дневниках / Лидия Обухова. – Москва : Советская Россия, 1964. – 303 с.

  8. Лилит : фантастическая повесть / Лидия Обухова. – Москва : Знание, 1966. – 112 с. : ил.

  9. Серебряная книга Севера : путешествия в дневниках / Лидия Обухова. – Москва : Советская Россия, 1968. – 363 с. – (По земле Российской).

  10. Любимец века : Гагарин : повесть-воспоминание : [о Ю. А. Гагарине] / Лидия Обухова. – Москва : Молодая гвардия, 1972. – 188 с. : ил. – (Пионер — значит первый ; вып. 27).

  11. Вначале была Земля… : повесть-воспоминание о Юрии Гагарине / Лидия Обухова ; вступ. ст. Н. П. Каманина. – Москва, 1973. – 264 с. : ил.

  12. Витьбичи : исторические новеллы / Лидия Обухова. – Минск : Мастацкая лiтаратура, 1974. – 400 с. : ил. – Содерж.: До летописи ; Всеславлева ночь ; Набатное утро ; Две свадьбы ; Шаг к Ватерлоо ; Скучный год ; Красные были ; Выстрел в Клекнике ; И мы, и после нас…

  13. Сельские летописцы : очерк : [о поездке по Брестской обл., в т. ч. Давид-Городок] / Лидия Обухова // Крестьянка. 1974. № 8. С. 20–21.

  14. Диалог с лунным человеком : повести и рассказы / Лидия Обухова ; худ. Ю. М. Синчалин. – Калининград : Калининградское книжное издательство, 1977. – 160 с. : ил. – Содерж.: Лилит ; Яблоко этого года ; Дочь Ноя : повести ; Птенцы археоптерикса ; Диалог с лунным человеком ; Вечерние сказки на Водолее : рассказы.

  15. Любимец века : повесть-воспоминание : [о Ю. А. Гагарине] / Лидия Обухова. – Ленинград : Лениздат, 1977. – 176 с., [8] л. ил. – (Б-чка юного ленинца).

  16. Набатное утро. Александр Невский : историческая повесть / Лидия Обухова ; худ. А. Антонов. – Москва : Молодая гвардия, 1978. – 174 с. : ил. – (Пионер — значит первый ; вып. 61).

  17. Пограничные характеры : документальные повести / Лидия Обухова. – Москва : Изд-во ДОСААФ, 1978. – 158 с. : ил. – Содерж.: Первые выстрелы ; Смерть в Клениках; Зеленые фуражки; За Белой Вежей; Берегущие руно; Под северными небесами.

  18. Любимец века : Гагарин : повесть-воспоминание : [о Ю. А. Гагарине] / Лидия Обухова.– 2-е изд., доп. – Москва : Молодая гвардия, 1979. – 191 с. : ил.

  19. Избранное / Лидия Обухова ; вступ. ст. В. В. Ивановой. – Москва : Советский писатель, 1983. – 480 с. – Содерж.: Заноза : роман ; Доброта ; Лилит ; Любимец века ; Та, которая под цвет травы : повести ; Портрет : рассказ.

  20. Глубынь-городок : роман/ Лидия Обухова ; худ. И. Мальт. – Москва : Советская Россия, 1984. – 256 с., [1] л. портр.

  21. Целый день с восходом и закатом : повести / Лидия Обухова ; рис. С. Чуканова. – Москва : Советский писатель, 1989. – 398 с. : ил. – Содерж.: В безлунную ночь ; Весна чаще, чем раз в году ; Целый день с восходом и закатом ; Снежные робинзоны ; Девочка на острове ; Барьер памяти.

  22. Берегущие руно : документальные пограничные повести / Лидия Обухова. – Москва : Советская Россия, 1989. – 234 с.

  23. Избранник : роман-этюд о М. Ю. Лермонтове / Лидия Обухова. – Алма-Ата : Жазушы, 1989. – 318 с.

  24. Лермонтов : Избранник / Л. А. Обухова. Лето на водах / А. А. Титов. – Москва : Армада, 1997. – 525 с. – (Русские писатели в романах).

 

Аб жыцці і творчасці Л. А. Абухавай

 

  1. Абухава Лідзія Аляксееўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 1. С. 49.

  2. Обухова Лидия Алексеевна // Писатели Москвы : биобиблиографиченский справочник / сост. Е. П. Ионов, С. П. Колов. Москва, 1987. С. 331–332.

  3. Абухава Лідзія Аляксееўна // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 22.

  4. Сухопар, В. «Глубынь-Городок»? Это же наш Давид-Городок! / Владимир Сухопар // Заря. 2003. 13 мая. С. 3.

  5. Памяць — у кнігах і вуліцах : [памяці Л. Абухавай] // Навіны Палесся. Столін, 1991. 20 верасня.

  6. Памяці Лідзіі Абухавай : [некралог] // ЛіМ. 1991. 10 мая (№ 19). С. 15.

  7. Сухапар, У. Роднасная ніць / У. Сухапар // Навіны Палесся. Столін, 1987. 22 студзеня. С. 3.

  8. Сухопар, В. Лідзія Абухава: «Да Беларусі пастаянна звернута маё сэрца» / В. Сухопар // Дняпровец. Рэчыца, 1987. 17 студзеня. С. 4.

  9. Сухапар У. Лідзія Абухава: «Да Беларусі звернута маё сэрца» / У. Сухапар // Віцебскі рабочы. 1987. 14 лютага. С. 4.

  10. Иванова, В. В. О творчестве Лидии Обуховой / В. В. Иванова // Избранное / Лидия Обухова. Москва, 1983. С. 3–16.

  11. Брюгген, В. Сквозь призму времени : [о книге Л. Обуховой «Витьбичи»] / В. Брюгген // Октябрь. 1975. № 8. С. 216–218.

  12. Ялугин, Э. И мы, и после нас… : [о книге Л. Обуховой «Витьбичи»] / Эрнест Ялугин // Нёман. 1975. № 6. С. 181–186.

  13. Дранько, Л. Сустрэча з пісьменніцай : [пра сустрэчу з Л. Абухавай у СШ № 2 г. Давыд-Гарадка] / Л. Дранько // Навіны Палесся. Столін, 1974. 2 сакавiка.

  14. Полякова, Е. После первой книги / Е. Полякова // Новый мир. 1963. № 4. С. 221–233. – Из содерж.: Любовь — дитя природы : [о Л. Обуховой]. С. 229–233.

  15. Морозов, С. Жизнь щедра добротой : [о повести Л. Обуховой «Доброта»] / С. Морозов // Знамя юности. 1961. 15 декабря.

  16. Кузьмичёв, И. Герой или подопечный? : [о повести Л. Обуховой «Заноза»] / И. Кузьмичёв // Литература и жизнь. 1961. 28 апреля.

  17. Гусева, З. Полесская новь : [о повести Л. Обуховой «Глубынь-городок»] / З. Гусева // Новый мир. 1956. № 1. С. 261–264.

  18. Громова, А. Без скидок на молодость : [о повести Л. Обуховой «Глубынь-городок»] / А. Громова // Октябрь. 1956. № 1. С. 181–182.

  19. Молдавский, Д. «Глубынь-Городок» : [о повести Л. Обуховой «Глубынь-городок»] / Д. Молдавский // Звезда. 1956. № 3. С. 177–178.

  20. Иванова, Л. И. Повесть о людях Полесья : [о повести Л. Обуховой «Глубынь-городок»] / Л. И. Иванова // Советская Отчизна. 1956. № 2. С. 151.

  21. Коверников, Н. Повесть о людях нашего района / Н. Коверников // Заря. 1956. 7 февраля. С. 4.

  22. Шавня, А. Правдивая повесть : [о повести Л. Обуховой «Глубынь-городок»] / А. Шавня // Советская Белоруссия. 1956. 20 января. С. 2.

  23. Толченова, Н. Без равнодушия : [о повести Л. Обуховой «Глубынь-городок»] / Н. Толченова // Литературная газета. 1956. 7 января. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1388 разоў Апошняя змена Чацвер, 28 Май 2020 10:37