Панядзелак, 06 Люты 2017 09:42

20 красавіка 2016 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Арсенія Антонавіча Малена (1921–1950), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, ваеннага лётчыка, Героя Савецкага Саюза (1945)

Арсеній Антонавіч Мален нарадзіўся 20 красавіка 1921 года ў сяле Грачанае Валачынскага раёна Хмяльніцкай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1934 годзе пераехаў у г. Ровенькі Луганскай вобласці (УССР), дзе закончыў сямігодку, працаваў на шахце, займаўся ў аэраклубе.

 

У Чырвонай арміі з 1940 года. У 1942 годзе Арсеній Мален закончыў Варашылаўградскую ваенную авіяцыйную школу лётчыкаў. На фронце са жніўня 1942 года: лётчык, камандзір звяна, намеснік камандзіра і камандзір авіяэскдрыллі. Удзельнічаў у Сталінградскай бітве, у вызваленні Данбаса, Левабярэжнай Украіны, Крыма, Беларусі, Прыбалтыкі, у баях ва Усходняй Прусіі і штурме Кёнігсберга.

У ліпені 1944 года гвардыі капітан А. А. Мален быў камандзірам эскадрыллі 74-га гвардзейскага штурмавога авіяпалка 1-й гвардзейскай паветранай арміі 3-га Беларускага фронту. Вызначыўся пры вызваленні Оршы, Барысава, Мінска. 24 чэрвеня 1944 года група штурмавікоў на чале з А. А. Маленам у раёне чыгуначнай станцыі Асінаўка Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці знішчыла 2 артылерыйскія батарэі і каля ўзвода пяхоты. У наступныя два дні на дарозе Віцебск – Орша знішчыла 6 аўтамашын, узарвала склад з боепрыпасамі, на ўчастку Талочын – Бобр спаліла чыгуначны эшалон, знішчыла паравоз. Да ліпеня 1944 года А. А. Мален зрабіў 185 баявых вылетаў, знішчыў 53 танкі, 32 гарматы, 117 аўтамашын і інш.

Таксама А. А. Мален вызначыўся ў баях на тэрыторыі Германіі. 17 лютага 1945 года група самалётаў на чале з пад шквальным зенітным агнём праціўніка знішчыла два варожыя танкі, самаходную гармату, 10 аўтамашын з боепрыпасамі, 3 зенітныя батарэі ворага. 21 лютага самалёты эскадрыллі А. А. Малена знішчылі каля 18 аўтамашын, 2 артылерыйскія батарэі праціўніка.

Званне Героя Савецкага Саюза А. А. Малену прысвоена 23 лютага 1945 года. Таксама ўзнагароджаны трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга (1943, 1944, 1945), ордэнамі Ленiна (1945), Аляксандра Неўскага (1944), Айчыннай вайны І (1945) і ІІ (1943) ступеняў, Чырвонай Зоркі (1942), медалямі.

Пасля вайны Арсеній Антонавіч працягваў службу. У 1946 годзе закончыў курсы інструктараў-метадыстаў пры Грозненскім ваенным авіяцыйным вучылішчы лётчыкаў. У лістападзе 1947 года маёр А. А. Мален цяжка захварэў, доўга лячыўся ў шпіталях.

А. А. Мален памёр 23 лютага 1950 года, пахаваны на Старых могілках па вул. Загараднай г. Баранавічы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Мален Арсений Антонович // Твои сыновья, Беларусь! Герои Советского Союза : [биогр. справочник]. Минск, 2015. С. 282–283.

  2. Мален Арсентий Антонович // Герои Советского Союза : краткий биогр. словарь : в 2 т. Москва, 1988. Т. 2. С. 23.

  3. Мален Арсений Антонович // Навечно в сердце народном : [биогр. справочник]. 2-е изд., доп. и испр. Минск, 1977. С. 286.

  4. Дулебо, А. И. Могила Малена Арсения Антоновича / А. И. Дулебо // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 86.

  5. Магіла Малена Арсенія Антонавіча // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 72.

  6. Булкин, С. П. Герои Отечества. – 2-е изд. / С. П. Булкин. – Донецк : Донбасc, 1977.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1509 разоў Апошняя змена Чацвер, 11 Чэрвень 2020 10:17