Панядзелак, 27 Люты 2017 09:53

26 лютага 2016 г. – 110 гадоў з дня нараджэння Сямёна Нікіфаравіча Мірводы (1906–1944), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Героя Савецкага Саюза (1944)

Сямён Нікіфаравіч Мірвода нарадзіўся 26 лютага 1906 года ў сяле Бярозавая Рудка (цяпер Піратынскага раёна Палтаўскай вобласці, Украіна) у беднай сялянскай сям’і. Пасля заканчэння пачатковага вучылішча працаваў у арцелі, паралельна вучыўся, скончыў 9 класаў.

У кастрычніку 1926 года Сямён Мірвода быў прызваны ў Чырвоную армію. У 1929–1931 гадах вучыўся ў Адэскім пяхотным вучылішчы. У жніўні 1935 года назначаны камандзірам танкавай роты 5-й лёгкатанкавай брыгады. У 1938 годзе закончыў курсы каманднага складу.

 

З пачатку Вялікай Айчыннай вайны С. Н. Мірвода на франтах, быў тройчы паранены, узнагароджаны трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, медалямі. У першы месяц вайны ўдзельнічаў у баях пад Таганрогам, быў паранены ў нагу. У жніўні 1941 года варожая куля зноў трапіла ў нагу.

У снежні 1941 года ў якасці камандзіра 229-га асобнага танкавага батальёна змагаўся з ворагам на Крымскім фронце. З сакавіка 1942 года камандаваў 124-м асобным танкавым батальёнам. У жніўні-верасні 1942 года камандаваў 39-й танкавай брыгадай, удзельнічаў у Сталінградскай бітве. 29 снежня 1942 года падпалкоўнік С. Н. Мірвода назначаны камандзірам 60-й танкавай брыгады 34-й арміі Паўночна-Заходняга фронту. Званне палкоўнік яму было прысвоена 22 лютага 1943 года.

У сакавіку 1944 года палкоўнік С. Н. Мірвода камандаваў 21-й танкавай брыгадай 3-га танкавага корпуса 2-й танкавай арміі 2-га Украінскага фронту.

Вызначыўся ў час вызвалення Чаркаскай вобласці Украінскай ССР. 5 сакавіка 1944 года 21-я танкавая брыгада прарвала нямецкую абарону пад Уманню, нанесла праціўніку вялікія страты. У тых баях С. Н. Мірвода быў паранены, але працягваў кіраваць дзеяннямі танкістаў. 18 сакавіка брыгада першай увайшла ў пасёлак Ямпаль Вінніцкай вобласці і прыняла актыўны ўдзел у яго вызваленні, захапіла мост праз Днепр, выратавала яго ад узрыву.

У 1944 годзе палкоўнік С. Н. Мірвода вёў сваю брыгаду па Беларускай зямлі, удзельнiчаў у Люблінска-Брэсцкай аперацыі. Пасля паспяховых баёў за Брэст часткі Чырвонай арміі пераправіліся цераз Віслу і высадзіліся на заходнім беразе ракі. Аднымі з першых пераадолелі водную перашкоду танкісты камбрыга С. Н. Мірводы.

17 мая 1944 года С. Н. Мірвода ўдастоены ганаровага звання Герой Савецкага Саюза. Ордэн Леніна і медаль «Залатая Зорка» атрымаць не паспеў, бо 6 жніўня загінуў у танкавым баі пад г. Валомін, што паўночна-ўсходней Варшавы (Польшча).

Сямён Нікіфаравіч Мірвода пахаваны ў брацкай магіле ў Брэсце ў парку імя 1 Мая (вул. Леніна). На Доме культуры Бярозавай Рудкі ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар Героя, у Бярозаварудскім гісторыка-краязнаўчым музеі захоўваюцца асабістыя рэчы С. Н. Мірводы. У г. Піраціне ў 1995 годзе ўстаноўлены памятны знак героям-землякам, дзе ёсць таксама прозвішча С. Н. Мірводы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Мирвода Семён Никифорович // Герои Советского Союза : краткий биогр. словарь : в 2 т. Москва : Воениздат, 1988. Т. 2. С. 83.

  2. Мирвода Семён Никифорович // Герои — освободители Черкасщины. 2-е изд., доп., испр. Днепропетровск, 1980. С. 301, 311–314.

  3. Мирвода Семён Никифорович // За мужество и отвагу : докум. очерки о Героях Советского Союза — уроженцах Полтавской области / сост. Горобец И. Е. [и др.]. 2-е изд., перераб, доп. Харьков, 1984. С. 233–234.

  4. Братская могила советских воинов и партизан // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 43–44. Из содерж.: С. Н. Мирвода. С. 44.

  5. Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан / В. Б. Караткевіч // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 38–39. Са зместу: С. Н. Мірвода. С. 39.

  6. В аллеях парка дремлет память... : [фотоальбом] / автор текста В. П. Самович ; фото.: И. П. Власюк [и др.]. – Брест : Академия, 2006. – 133 с. : ил.

  7. Кривошеин, А. От Умани до Бреста, от Бреста до Варшавы прошёл гусеничным ходом Герой Советского Союза Семён Мирвода / Алексей Кривошеин // Вечерний Брест. 2009. 6 февраля. С. 7.

  8. Бляхер, А. Имя на обелиске : [о С. Н. Мирводе] // А. Бляхер // Заря. 1985. 21 июня. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1141 разоў Апошняя змена Чацвер, 09 Ліпень 2020 12:29