Панядзелак, 27 Люты 2017 10:04

20 кастрычніка 2016 года — 180 гадоў з дня нараджэння Сігізмунда Карлавіча Свянціцкага (1836–1910), урача, які ўнёс значны ўклад у станаўленне беларускай медыцыны, грамадскага дзеяча

Сігізмунд Карлавіч Свянціцкі нарадзіўся 20 кастрычніка 1836 года ў маёнтку Красцінава Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і небагатага памешчыка. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Пінскім дваранскім вучылішчы і Мінскай гімназіі, якую скончыў з сярэбраным медалём.

Сігізмунду не было і шаснаццаці гадоў, калі ён паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Падчас вучобы браў актыўны ўдзел у студэнцкім руху. Гэта прыцягнула ўвагу царскай аховы, і юнак вымушаны быў пакінуць вучобу і выехаць дадому.

 

Сігізмунд Свянціцкі працягнуў адукацыю ў Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, якая ў той час была лепшай навучальнай установай Расіі па падрыхтоўцы ўрачоў. Колькасць жадаючых паступіць у яе ў пяць разоў перавышала набор. Высокія патрабаванні да навучэнцаў захоўваліся на працягу ўсёй вучобы, пры пераходзе на наступны курс неабходна было здаць не меньш за трынаццаць абавязковых экзаменаў. З 333-х студэнтаў, якія навучаліся разам з Сігізмундам Свянціцкім, з першага курса на другі перайшлі толькі 123.

С. К. Свянціцкі скончыў акадэмію ў 1861 годзе з залатым медалём. Яго імя як лепшага выпускніка было занесена на мармуровую дошку ў канферэнц-зале акадэміі, а сам ён быў пакінуты для падрыхтоўкі да навуковай і педагагічнай дзейнасці. Праз тры гады ён бліскуча абараніў дысертацыю (1864). Здавалася б, перад маладым вучоным адкрыецца шлях да профессуры, аднак лёс распарадзіўся інакш. Становішча ў краіне пасля паўстання 1863 года змянілася, і ён са сваімі прагрэсіўнымі поглядамі не мог разлічваць на навуковую кар’еру, давялося назаўсёды пакінуць акадэмію, пайсці на ваенную службу.

У 1870 годзе Сігізмунд Свянціцкі быў прызначаны старшым урачом Мінскага вайсковага шпіталя, і з тых часоў усё яго жыццё звязана з Беларуссю. Акрамя хірургіі, ён займаўся пытаннямі эпідэміялогіі, тэрапіі, дэрматалогіі, курорталогіі, арганізацыі аховы здароўя, жыва адгукаўся на розныя вострыя сацыяльныя і медыцынскія праблемы. У першы год свайго знаходжання ў Мінску прааналізаваў распаўсюджванне халеры ў горадзе, зразумеў, што немалаважную ролю ў гэтым адыгрываюць рэкі Свіслач і Няміга. Ён таксама заўважыў неўспрымальнасць некаторых асоб да захворвання, засяродзіў увагу на з’яве імунітэту, папярэдзіўшы тым самым з’яўленне імуналогіі.

Па настаянні С. К. Свянціцкага ў 1884 годзе ў Мінску была створана санітарная камісія. Ён адзін з першых прымяніў хірургічныя метады лячэння ў сельскай бальніцы (в. Сенніца Мінскага павета; 1872). З’яўляецца адным з заснавальнікаў унутрыполасцевай хірургіі на Беларусі (1875).

Але асноўная заслуга С. К. Свянціцкага заключаецца ў арганізацыі пазабальнічнай дапамогі насельніцтву. Паліклінік тады не было, і хворыя абслугоўваліся прыватна практыкуючымі ўрачамі, недаступнымі для беднаты. Яшчэ ў 1870 годзе Сігізмунд Карлавіч прапанаваў Таварыству мінскіх урачоў стварыць бясплатную амбулаторыю і падрыхтаваў яе статут. Аднак ажыццявіць сваю ідэю ён змог толькі праз дзевяць гадоў.

18 снежня 1879 года ў Мінску на Петрапаўлаўскай вуліцы (цяпер вул. Энгельса) была адкрыта першая ў горадзе паліклініка – лячэбніца для прыходзячых хворых. Дырэктарам і адным з яе кансультантаў быў С. К. Свянціцкі. Акрамя яго, у ёй працавала яшчэ пятнаццаць урачоў і дзесяць фельчараў. Амбулаторыя аказвала бясплатную кваліфікаваную медыцынскую дапамогу па шасці спецыяльнасцях, а таксама праводзіла нескладаныя аперацыі. Рэцэпты выпісваліся на адмысловых бланках, па якіх аптэкі горада адпускалі медыкаменты ніжэй іх кошту або бясплатна. Аднак, лячэбная ўстанова ў 1881 годзе была зачынена, бо Гарадская дума адмовіла працягваць субсідыю на яе ўтрыманне. У 1899 годзе грамадскасці ўдалося зноў адкрыць бясплатную амбулаторыю.

У 1860 годзе Сігізмунд Свянціцкі пазнаёміўся з Элізай Ажэшка (1841–1910), малады і высокаэрудзіраваны выпускнік акадэміі заваяваў сімпатыю будучай пісьменніцы. Але сябры расталіся, іх жыццёвыя шляхі разышліся. У 1972 годзе ён пабраўся з Марыяй Міцкевіч, пляменніцай польскага паэта Адама Міцкевіча. У рамане Э. Ажэшкі «Ostatniamiłość»(«Апошняе каханне», 1868)вобраз галоўнага героя выведзены з доктара С. К. Свянціцкага. Пісьменніца ўклала ў раман шмат асабістага, інтымнага, таму лёс гераіні і падзеі, якія там апісаны, маюць шмат падобнага з жыццём аўтара.

Сігізмунд Свянціцкі памёр 21 мая 1910 года. Пахаваны ў Мінску на Кальварыйскіх могілках.

Сын Сігізмунда Карлавіча, Зыгмунд Свянціцкі, інжынер, заняўся аўтамабілізмам, стаў заснавальнікам пасажырскага таксаматорнага абслугоўвання ў Мінску. На вуліцы Леніна ў Мінску захаваўся дом № 13, які належаў С. К. Свянціцкаму (узведзены на пачатку ХХ ст. архітэктарам Генрыхам Гаем у стылі мадэрн), цяпер гэта гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Паўлюковіч Святлана Мікалаеўна, бібліёграф

аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

  1. СвянціцкіСігізмунд Карлавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 270.

  2. Свенцицкий Сигизмунд Карлович//Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 559.

  3. СвянціцкіСігізмунд Карлавіч //Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 545.

  4. Сігізмунд Карлавіч Свянціцкі // Беларуская савецкая энцыклапедыя : [у 12 т.]. Мінск, 1973. Т. 9. С. 451–452.

  5. Свенцицкий Сигизмунд Карлович // История медицины Беларуси в биографиях ее врачей ХVІІ – 1 пол. ХХ вв. : биобиблиографический справочник от А до Я : 2000 биографий врачей / Кульпанович О. А. Минск, 2011. С. 332.

  6. Ильин, А. Доктор Сигизмунд Свенцицкий — «отец города» Минска/ Александр Ильин, Елена Игнатюк // Ісці на святло лабірынтамі даўніх падзей : зборнік памяці Віталя Скалабана / уклад. А. Сідарэвіч, А. Фядута, М. Шумейка. Мінск, 2013. С. 179–187.

  7. Мельнікава, З. П. Эліза Ажэшка і берасцейскае Палессе : [узгадваецца С. К. Свянціцкі] / З. П. Мельнікава // Гісторыка-тэарытычныя актуаліі сучаснай філалогіі : матэрыялы рэсп. навук.-практ. канф., прысвеч. 70-годдзю з дня нараджэння вучонага-літаратуразнаўцы, педагога, прафесара А. А. Майсейчыка. Брэст, 2008. C. 69–72.

  8. Нiкалаеў, М. В. Беларускі Пецярбург / Мікалай Віктаравіч Нікалаеў. – Санкт-Пецярбург : Агентство «ВиТ-принт», 2009. – 535 с. : іл. – Са зместу: Свянціцкі Сігізмунд Карлавіч. С. 38.

  9. Малчанаў, А. П. Бясплатная лячэбніца / А. П. Малчанаў // Памяць. Мінск : гіст.-дакум. хроніка : у 4 кн. Мінск, 2002. Кн. 2. С. 47–48.

  10. Крючок, Г. Р. Очерки истории медицины Белоруссии / Григорий Романович Крючок. – Минск : Беларусь, 1976. – 265 с. – Из содерж.: Свенцицкий С. К. С. 121, 140, 149, 176, 184, 189, 194, 212.

  11. Крючок, Г. Р. Доктор медицины С. К. Свентицкий (19361910) / Г. Р. Крючок // Здравоохранение Белоруссии. 1957. № 7. С. 6768.

  12. Молчанов, А.«Последняя любовь» Элизы Ожешко : [Сигизмунд Карлович Свенцицкий] / Аким Молчанов // Советская Белоруссия. 2004. 30 ноября.

  13. Ожешко, Э. Последняя любовь ; В провинции : [романы] : пер. с пол. / Элиза Ожешко. – Москва : Вече, 1993. – 496 с. – (Каприз. Женские любовные романы).

  14. Jankowski, E. Eliza Orzeskowa : wyd. 3-e / Edmud Jankowski. – Warszawa, 1973. – 634 s. ; [32] l. il. – Изсодерж.: Swięncicki. S. 100–101.

  15. Пятросава, А. Ю. Жылы дом : [вул. К. Маркса, 30 – вул. Леніна, 13] / А. Ю. Пятросава // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск. Мінск, 1988. С. 153–154.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 221 разоў