{gcontent}Нарадзіўся будучы паэт ў в. Сташаны Пінскага раёна 6 студзеня 1952 г. Скончыў Сташанскую сярэднюю школу (1969), факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1978).
Мiкалай Дзмiтрыевiч працаваў літсупрацоўнікам у рэдакцыях Браслаўскай і Ганцавіцкай раённых газет (1978–1982). 3 красавіка 1982 г. – загадчык аддзела пісем рэдакцыі Пружанскай раённай газеты, з 1984 года – на пасадзе галоўнага рэдактара. У 1991 г. скончыў інстытут паліталогіі і сацыяльнага кіравання.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1996 г. Аўтар зборніка вершаў “Святаяннік” (1993), “Падсочаны бор” (1997), дакументальнай кнігі нарысаў “Зялёная рапсодыя: лясы і лесаводы Пружаншчыны” (2004). за якую адзначаны знакам Беларускага Саюза журналістаў “Залатое пяро”. Па выніках 2008 года першы сярод журналістаў атрымаў званне “Чалавек года” Брэстчыны. Да 70-годдзя газеты “Раённыя будні” (2009) прысвоена званне “Заслужаны журналіст Беларусі”.
Вершы піша са школьнага ўзросту, упершыню публікаваўся ў ганцавіцкай раённай газеце “Палеская праўда” (пасля “Савецкае Палессе”). Друкаваўся ў беларускіх часопісах “Маладосць”, “Полымя”, у штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, літаратурным альманаху “Дзень паэзіі”, рэспубліканскіх газетах.
I сёння, калі беларускі паэт мае ўжо два асобна выдадзеныя паэтычныя зборнікі, яго творчасць ацэньваецца беларускімі літаратарамі-крытыкамі як глыбока прафесійная і маральна каштоўная. У ёй цесна знітаваны два паэтыч-ныя пласты – з аднаго боку, ён лірык, які разумее не толькі душу чалавека, а і душу прыроды, з другога – у пэўнай меры і публіцыст, якому балюча назіраць, як марнеюць людскія душы, страчваюцца духоўныя каштоўнасці, зыбкімі становяцца маральныя ўстоі.
Шмат душ
Са сляпымі вачыма;
Шмат сэрцаў
3 брыдою і тхлом...
Ці з’явіцца зноўку жанчына,
Цяжарная новым Хрыстом?
(“Шмат душ са сляпымі вачыма…”)
Зборнікі паэзіі Міколы Антаноўскага ўмясцілі ў сябе цэлы свет паэтычных пачуццяў, галоўныя з якіх – любоў да Радзімы, да людзей, да прыроды, да жыцця. Вобразы прыроды прысутнічаюць у большасці яго вершаў. І апявае аўтар родную палескую прыроду з усёй шчырасцю і цеплынёй, яна для яго – неад’емная частка радзімы, ды і яго душы таксама.
Добры дзень табе, мой бор стазвонны,
Векавы і юны харашун!
Я прыходжу пад сівыя кроны,
Каб раскрыць перад табой душу.
Я прыходжу чысціні напіцца,
Навучыцца ў сосен дабраце…
Быццам лёгка-светлая ігліца,
Дабрата ў душы маёй расце.
(“Мой бор”)
Тут можна нагадаць і іншыя вершы: “Бераг”, “Першы снег”, “Тры бярозы”, “Хварэю полымем калін…”, вянок санетаў “Пушча”. Так хораша вымалёўваюцца ў іх далягляды Палесся.
Настальгія і слёзы ў сваяцтва
Маё сэрца ўзялі.
Не мана і зусім не дзівацтва –
Покліч роднай зямлі.
Край мой родны на фарбы някідкі,
Край святла і бяроз.
Па замове якой варажбіткі
Да цябе я прырос?..
(“Настальгія і слёзы ў сваяцтва…”)
Паэзія Міколы Антаноўскага дае надзею, што і яго тры бярозы за вёскай выстаяць, і падсочаны бор ажыве, і святаяннік будзе вечна цвісці ля нашых сцежак.
Уважлівы і ўдумлівы чытач, несумненна, атрымае асалоду ад чытання вершаў М. Антаноўскага.
3 пазіцыяй паэта-грамадзяніна стасуецца і яго прафесійны занятак – шматгадовая праца журналістам у якасці рэдактара Пружанскай газеты “Раённыя будні”. Пішучы не раз аб праблемах зберажэння прыроды роднага краю, Мікола Антаноўскі прыйшоў да стварэння дакументальнага нарысу “Зялёная рапсодыя. Лясы і лесаводы Пружаншчыны” (2004). Нарыс выліўся ў кнігу аб’ёмам у 143 старонкі. Галоўная дзеючая асоба кнігі – яго вялікасць Лес. Так як цяжка пераацаніць значэнне “зялёнага сябра” у нашым жыцці, так і ролю кнігі М. Антаноўскага ў выхаванні любові да прыроды роднага краю, яе несумненны уклад у справу экалагічнага выхавання падрастаючага пакалення.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г. Пружанскай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Антаноўская Iна Мiкалаеўна, гал. бiблiёграф аддзела абслугоўвання i iнфармацыi
{/gcontent}
Творы М. Антаноўскага
- Зелёная рапсодия : леса и лесоводы Пружанщины : документальный очерк / Николай Дмитриевич Антоновский ; [рец. В. Н. Панасевич ; фото А. Мелеша]. Брест : ОАО «Брестская типографія», 2004. 143 с., фот.
- Падсочаны бор : вершы / Мікола Антаноўскі ; [прадм. В. Гардзея]. Пружаны : Рэд. газ. “Раённыя будні”, 1997. 127 с.
- Святаяннік : вершы / Мікола Антаноўскі. Мінск : Полымя, 1993. 30 с. (Б-ка часопіса “Маладосць”; 5/59).
- Тры санеты для каханай / Мікола Антаноўскі // Анталогія беларускага санета / [уклад. і аўт. прадм. Я. Хвалей]. Мінск : Ураджай, 2002. С. 28–30.
- [Вершы] / Мікола Антаноўскі // Паміж Бобрыкам і Ланню. Ганцаўшчына літаратурная : проза, паэзія, публіцыстыка / [уклад. В. Гардзея і К. Мохара]. Мінск : Мастацкая літаратура, 2007. С. 268–272.
- [Вершы] / Мікола Антаноўскі // Дзядзінец. Паэзія Берасцейшчыны / [рэд.-уклад. М. Пракаповіч; гал. рэд. С. Б. Лаўроў]. Брэст, 1999. С. 145–151.
- [Вершы] / Мікола Антаноўскі // Маладосць. 2006. № 11. С. 75–76.
- [Вершы] / Мікола Антаноўскі // Маладосць. 2003. № 4. С. 97–99.
- [Вершы] / Мікола Антаноўскі // Беларуская думка. 1998. № 3. С. 140–142.
Аб жыцці і творчасці М. Антаноўскага
- Антоновский Николай Дмитриевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / [редкол.: Т. В. Белова и др.]. Брестская область. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 22.
- Здановіч, І. Антаноўскі Мікалай Дзмітрыевіч / Іван Здановіч // Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны : грамадска-літаратурны даведнік. Пружаны, 2003. С. 8–12.
- Саламаха, У. «Вядуць шляхі ўсе да людзей…» : (Паэт Мікола Антаноўскі) // Саламаха, У. Сусвет дабрыні : эсэ, артыкулы, дыялогі / Уладзімір Саламаха. Мінск, 2005. С. 128–133.
- Орлова, И. Нестор Полесья / Нина Орлова // Народная газета. 2009. 9 чэрв. С. 4.
- Павлов, В. Ода зелёному другу : [о книге Н. Д. Антоновского “Зелёная рапсодия : леса и лесоводы Пружанщины”] / Владимир Павлов // Беларуская думка. 2005. № 2. С. 167–170.
- Купрэеў, М. Тры бярозы за сялом… : Міколе Антаноўскаму – 50 / Мікола Купрэеў // Заря. 2002. 5 янв. С. 3.
- Гардзей, В. Калядны водар святаянніку : Міколе Антаноўскаму – 50 / Віктар Гардзей // ЛіМ. 2002. № 2. С. 7.
- Галубовіч, Л. Напісалі кніжкі самі : [творчасць М. Антаноўскага] / Леанід Галубовіч // ЛіМ. 1998. № 17. С. 14.
- Марціновіч, А. “Прыроды еднасць і душы”: [зборнік паэзіі М. Антаноўскага “Падсочаны бор” ] / Алесь Марціновіч // ЛіМ. 1998. 1 мая (№ 18). С. 7.
- Мохар, К. З верай, надзеяй, любоўю : [зборнік М. Антаноўскага “Падсочаны бор”] / Канстанцін Мохар // Заря. 1998. 14 апр. С. 3.
- Гардзей, В. Паэты з вёскі Сташаны : [пра кнігу М. Антаноўскага “Святаяннік” ] / Віктар Гардзей // Чырвоная змена. 1997. 27 мая.
- Жушма, В. Падсочаны бор / Васіль Жушма // Чырвоная звязда (Іванава). 1997. 23 верас.
- Кажадуб, С. “Маю пачуйце, людзі, песню…”: [пра зборнік паэзіі М. Антаноўскага “Падсочаны бор”] / С. Кажадуб // Газета для вас (Iвацэвiчы). 1997. 19 ліст.