Панядзелак, 27 Люты 2017 10:18

18 студзеня 2017 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Антона Іванавіча Лапаціна (1897–1965), ваеннага дзеяча, удзельніка вызвалення Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Героя Савецкага Саюза (1945)

Антон Іванавіч Лапацін нарадзіўся 18 студзеня 1879 года ў былой вёсцы Каменная Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1916 годзе прызваны ў Рускую армію, удзельнічаў у Першай сусветнай вайне — ваяваў на Паўднёва-Заходнім фронце радавым.

З жніўня 1918 года — у Чырвонай арміі. Падчас грамадзянскай вайны камуніст з 1919 года А. І. Лапацін у 4-й кавалерыйскай дывізіі 1-й Коннай арміі. Быў камандзірам узвода, памочнікам камандзіра эскадрона, камандзірам эскадрона, ваяваў супраць дзянікінцаў, урангелеўцаў, польскіх інтэрвентаў.

 

У сярэдзіне 1920-х А. І. Лапацін вучыўся на курсах удасканалення каманднага саставу, закончыў курсы па падрыхтоўцы памочнікаў камандзіраў палкоў пры Ленінградскай кавалерыйскай школе. У лістападзе 1931 года стаў камандзірам кавалерыйскага палка. З ліпеня 1937 па верасень 1938 года камандаваў 6-й кавалерыйскай дывізіяй, якая дыслацыравалася ў БССР. Затым выкладаў тактыку на курсах, атрымаў назначэнне на Далёкі Усход. У званні генерал-маёра (прысвоена 4 чэрвеня 1940) прыступіў да абавязкаў намесніка камандуючага 15-й арміі Далёкаўсходняга фронту. У лістападзе 1940 года новае назначэнне — у Кіеўскую ваенную акругу, дзе ён становіцца камандзірам 31-га стралковага корпуса.

У Вялікую Айчынную вайну генерал-маёр А. І. Лапацін уступіў камандзірам корпуса ў складзе 5-й арміі Паўднёва-Заходняга фронту. Удзельнік прыгранічных бітваў на Украіне, Кіеўскай абарончай аперацыі. У верасні 1941 года 31-ы корпус аказаўся ў кальцы акружэння, але ўдалося вырвацца. З кастрычніка 1941 года — камандуючы 37-й арміяй Паўднёвага фронту, якая ўдзельнічала ў Растоўскай наступальнай аперацыі 1941 года.

27 сакавіка 1942 года генерал-маёру А. І. Лапаціну было прысвоена званне генерал-лейтэнант. У чэрвені-ліпені 1942 года — камандуючы 9-й арміяй Паўднёва-Заходняга фронту, якая абаранялася ў Данбасе і ў вялікай лукавіне Дона. У жніўні-верасні 1942 года камандаваў 62-й арміяй Сталінградскага фронту.

Пасля кароткага знаходжання ў рэзерве Стаўкі А. І. Лапацін быў накіраваны на Паўночна-Заходні фронт. З кастрычніка 1942 года камандаваў 43-й, з сакавіка 1943 года — 11-й арміямі. Удзельнік Дземянскай аперацыі 1943 года. З верасня 1943 — камандуючы войскамі 20-й арміі Калінінскага фронту. Са студзеня па ліпень 1944 года — намеснік камандуючага 43-й арміяй 1-га Прыбалтыйскага фронту.

З успамінаў Маршала Савецкага Саюза І. Х. Баграмяна: «Гэта быў выключна валявы, але імпульсіўны чалавек, нешта Чапаеўскага праслізгвала ў яго характары. Як і ўсе людзі незвычайнай сілы волі, ён, прымаючы рашэнні, часам больш давяраў камандзірскай інтуіцыі, чым разлікам свайго штаба. Гэта яго часам падводзіла. І ўсё ж я лічыў Лапаціна вельмі годным генералам і пры першай магчымасці разлічваў вылучыць яго на павышэнне. Антон Іванавіч любіў самастойнасць, таму я не здзівіўся, калі ён папрасіў прызначыць яго на корпус. У ліпені такая магчымасць прадставілася, і Лапацін стаў камандзірам 13-га гвардзейскага».

У ліпені 1944 года А. І. Лапацін прызначаны камандзірам 13-га гвардзейскага стралковага корпуса ў складзе 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў, якія ўдзельнічалі ў Беларускай, Прыбалтыйскай, Гумбінен-Гальдапскай, Усходне-Прускай і Земландскай аперацыях.

13-ы корпус (43-я армія, 1-й Прыбалтыйскі фронт) пад камандаваннем гвардыі генерал-лейтэнанта А. І. Лапаціна ў перыяд летняга наступлення 1944 года з баямі пераадолеў шлях ад Віцебска да літоўскага горада Шаўляя, вызваліўшы тры гарады і сотні населеных пунктаў. У ходзе Усходне-Прускай аперацыі з 6 красавіка 1945 года браў удзел у штурме Кёнігсберга (цяпер Калінінград). Да зыходу 9 красавіка 1945 года часці і злучэнні корпуса прарвалі абарончы абвод і занялі цэнтр горада. Ворагу былі нанесены вялікія страты ў жывой сіле і тэхніцы.

13–17 красавіка 1945 года корпус А. І. Лапаціна ўдзельнічаў у баях па ліквідацыі Земландскай групоўкі. Былі прарваны дзве абарончыя мяжы ворага, вызвалены гарады Грос-Хайдзенкруг, Цымербудэ, Пайза.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 19 красавiка 1945 года гвардыі генерал-лейтэнанту А. І. Лапаціну прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» (№ 7119).

На Парадзе Перамогі ў Маскве (24 чэрв. 1945 г.) А. І. Лапацін камандаваў зводным палком 1-га Прыбалтыйскага фронту.

У ліпені 1945 года А. І. Лапацін быў прызначаны камандзірам 2-га асобнага стралковага корпуса Забайкальскага фронту на вайне з Японіяй. 9 жніўня 1945 года часці корпуса фарсіравалі раку Аргунь, маршам пераадолелі горы Хайрхан, адрэзалі шляхі адыходу на ўсход групоўкі войск праціўніка. Часці корпуса захапілі ў палон 6000 японцаў.

Пасля Другой сусветнай вайны А. І. Лапацін скончыў вышэйшыя акадэмічныя курсы Вышэйшай ваеннай акадэміі. Служыў у Закаўказскай ваеннай акрузе, камандаваў 9-м гвардзейскім стралковым корпусам Беларускай ваеннай акругі, у 1954 годзе звольнены ў запас.

Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна (1942, 1945), трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга (1920, 1944), двума ордэнамі Кутузава І ступені (1944, 1945), ордэнам Чырвонай Зоркі (1938), медалямі.

Пасля адстаўкі Антон Іванавіч жыў у Маскве. Памёр 9 красавіка 1965 года, пахаваны на Новадзявочых могілках г. Масквы (участак 6). Яго імем названа вуліца ў п. Узмор’е Калінінградскай вобласці (Расія). У жніўні 1969 года ў Калінінградскай флатыліі з’явіўся рыбалоўны траўлер «Антон Лопатин».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Васілюк Таццяна Іванаўна, бібліёграф

 

 

  1. Лопатин Антон Иванович // Твои сыновья, Беларусь! Герои Советского Союза : биографический справочник. Минск, 2015. С. 85–86.

  2. Лопатин Антон Иванович : [Герой Советского Союза, участник Парада Победы в г. Москве] // От парада надежды к Параду Победы, 7 ноября 1941 г., 16 июля 1944 г., 24 июня 1945 г. Мінск, 2015. С. 118.

  3. Лопатин Антон Иванович // Беларусь: созвездие политических имен : историко-биографический справочник / Э. А. Корнилович. Минск : ФУАинформ, 2010. С. 319.

  4. Лопатин Антон Иванович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1. : Брестская область, кн. 2. С. 32.

  5. Лопатин Антон Иванович // Военачальники земли Белорусской : энциклопедический справочник / Б. Долготович. Минск, 2005. С. 114–115.

  6. Лопатин Антон Иванович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 4. С. 543–544.

  7. Лапацін Антон Іванавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 294.

  8. Лопатин Антон Иванович // Герои Советского Союза : краткий биографический словарь : в 2 т. Москва, 1987. Т. 1. С. 887.

  9. Лопатин Антон Иванович // Герои огненных лет. Москва, 1983. Кн. 6. С. 471–476.

  10. Лапацін Антон Іванавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 260–261.

  11. Лапацін А. І. // Беларусь у Вялікай Айчыннай Вайне, 1941–1945 дзень за днём : ілюстраваная храналогія. Мінск, 2004. С. 183.

  12. Лопатин Интон Иванович // Военный энциклопедический словарь. Изд. 2-е. Москва, 1986. С. 407.

  13. Лопатин Антон Иванович// Навечно в сердце народном. 3-е изд., доп. и испр. Минск, 1984. С. 309.

  14. Лапацін Антон Іванавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 354.

  15. Петрикин, А. Верность долгу : Герой Советского Союза А. И. Лопатин : [его имя носит большой морозильный рыболовный траулер Калининградской флотилии — «Антон Лопатин»] / А. Петрикин // Звезды не меркнут. Калининград, 1982. С. 177–181.

  16. Лопатин Интон Иванович // За подвигом подвиг / С. В. Дриго. Калининград, 1984. С. 172.

  17. Оборона Сталинграда // Великая Отечественная война, 1941–1945 : энциклопедия для школьников. Москва, 2001. С. 166–181.

  18. Баграмян, И. Х. Так шли мы к Победе : [мемуары] / Иван Христофорович Баграмян. – Москва : Воениздат, 1977. – 608 с. – Из содерж.: А. И. Лопатин. С. 367.

  19. Крылов, Н.И. Сталинградский рубеж : [мемуары] / Николай Иванович Крылов. – Москва : Воениздат, 1979. – 380 с.

  20. Иоффе, Э. Импульсивный генерал : [об А. И. Лопатине] / Эммануил Иоффе // Рэспубліка. 2017. 14 студзеня. С. 14.

  21. Уроженцы Беларуси – выдающиеся военачальники Великой Отечественной войны : Лопатин Антон Иванович // Архівы і справаводства = Архивы и делопроизводство. 2015. № 2. С. 152–156.

  22. Глазов, В. Антон Лопатин — генерал, приближавший День Победы / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2015. 7 мая (№ 19). С. 20.

  23. Иоффе, Э. Через тернии — к золотой звезде : [об А. И. Лопатине] / Эммануил Иоффе // Рэспубліка. 2010. 4 лютага ( 20). С. 5.

  24. Иоффе, Э. Золотая звезда командарма : [об А. И. Лопатине] / Эммануил Иоффе // Белорусская нива. 2007. 18 января. С. 3.

  25. Даўгатовiч, Б.Парад Перамогі — парад пераможцаў (24 чэрвеня 1945 года) : [сярод удзельнікаў парада ўзгадваецца А. Лапацін] / Б. Даўгатовіч // Полымя. 2005. № 6. С. 142. 

Чытаць 1476 разоў Апошняя змена Пятніца, 10 Ліпень 2020 15:11