Панядзелак, 27 Люты 2017 10:21

4 кастрычніка 2016 г. — 85 гадоў з пачатку богаслужэнняў у Свята-Пакроўскім саборы г. Баранавічы (1931), помніка архітэктуры неакласіцызму

У г. Баранавічы Мінскай губерні (цяпер Брэсцкай вобласці) у 1908 годзе была пабудавана драўляная праваслаўная царква. Падчас Першай сусветнай вайны, калі ў горадзе знаходзілася Стаўка Мікалая II, царква была павялічана прыбудовамі (1915). Але царква праіснавала нядоўга, згарэла ў ноч 2 мая 1921 года, пасля святочнай вячэрні першага дня Вялікадня.

Прыход пастанавіў узнавіць храм на месцы папялішча. Першы план новага храма склаў варшаўскі архітэктар Мікалай Абалонскі. Затым у распрацоўку праекта ўключыўся архітэктар Станіслаў Філісевіч. На пабудову храма жыхары Баранавічаў сабралі 36 тысяч злотых, 8 тысяч выдаў Баранавіцкі гарадскі магістрат, улады Польшчы адлічвалі значныя сумы тры гады запар.

 

6 жніўня 1924 года адбылася ўрачыстасць па закладцы мураванага храма. 20 лістапада 1928 года на храм былі ўсталяваны купалы. Гэта мураваны трохнефавы крыжа-купальны храм з трыма паўкруглымі апсідамі. Асноўны квадратны ў плане аб’ём накрыты вялікім купалам, які мае дзве абалонкі і асвятляецца люкарнамі. Да асноўнага аб’ёму прымыкае 3-ярусная вежа-званіца, завершаная шлемам са шпілем. Бакавыя ўваходы вылучаны 4-калоннымі порцікамі з 3-вугольнымі франтонамі. Вокны і нішы разнастайнай формы з прафіляванымі абрамленнямі.

Да 1931 года праводзіліся ўнутраныя работы, аздабляліся іканастасы, выкладалася мазаіка, прывезеная з Варшавы. Першапачаткова мазаіка знаходзілася ў Варшаўскім саборы Аляксандра Неўскага, які асвечаны ў 1912 годзе. На той час гэты храм з’яўляўся найвялікшым і найвышэйшым будынкам у польскай сталіцы. Яго муры ўпрыгожвалі мазаікі, створаныя паводле эскізаў В. Васняцова, А. Рабушкіна, М. Бруні. У аздабленні сабора былі выкарыстаны каштоўныя і паўкаштоўныя камяні, а таксама мармур і граніт. Мазаічныя пано набіраліся ў мазаічнай майстэрні славутага мастака У. Фралова. Пасля атрымання незалежнасці ў 1918 годзе ў Польшчы распачалася дыскусія, што рабіць з праваслаўным храмам у цэнтры сталіцы. Шмат хто лічыў яго сімвалам расійскай акупацыі, у выніку храм Аляксандра Неўскага быў разбураны.

У 1926 годзе ў Баранавічы ў трох вагонах былі прывезены алтары, 10 ківотаў, 20 абразоў на дошках, 9 абразоў на дрэве і палатне, 3 мазаічныя абразы («Маці Божая Замілаванне», «Мітрапаліт Алексій», «Іосіф Волацкі»). Але 5 верасня будынак каля царквы, дзе захоўвалася прывезенае, згарэў, як палічылі тады, ад наўмыснага падпалу. Ацалелі толькі мазаікі, якія захоўваліся ў іншым месцы.

У 1928 годзе мітрапаліт Варшаўскі і Валынскі Дыянісій перадаў у Баранавічы іканастас з былой дамавой царквы Варшаўскага каралеўскага замка, 4 абразы на цынку, 7 двухстворкавых дубовых дзвярэй, 40 фрагментаў мазаікі і 13 скрыняў роспісаў на гіпсавых пласцінах — усё, што засталося ад Варшаўскага сабора Аляксандра Неўскага. 30 фрагментаў мазаікі былі складзены ў 4 пано і змешчаны на ўнутраных і вонкавых сценах баранавіцкай царквы. Яшчэ 10 фрагментаў дасюль ляжаць у сутарэннях храма, бо з іх немагчыма скласці цэласнага малюнка.

4 кастрычніка 1931 года сабор Пакрова Багародзіцы быў асвечаны архіепіскапам Гродзенскім і Наваградскім Алексіем (Грамадскім). Першым настаяцелем сабора быў пратаіерэй Павел Мацкевіч (1871–1935). У 1934–1957 гадах настаяцелем быў Апалінарый Чырыновіч. У час Вялікай Айчыннай вайны сабор ацалеў, хоць 80 % будынкаў горада было разбурана. З 1949 года доўгі час заставаўся адзіным дзеючым праваслаўным храмам у горадзе, напачатку 1950-х праведзены капітальны рамонт. У 1953 годзе сабор — буйнейшы ў Беларусі помнік архітэктуры неакласіцызму — быў уключаны ў спіс помнікаў архітэктуры і ўзяты пад ахову дзяржаваю.

У 1957 годзе настаяцелем сабора назначаны Барыс Буракоў (1908–1978), але ў 1961 годзе яго пераводзяць у Дрэздэн (ГДР). Настаяцелем у 1961–1965 гадах быў Пётр Сарока (1914–1993). Яго змяніў Пётр Вайтовіч. Затым у 1967–1968 гадах — Павел Кірык, у 1968–1974 гадах — Барыс Шышко, у 1974–1978 гадах — Генадзь Дзічкоўскі (1936–2014).

13 лютага 1978 года настаяцелем назначаны пратаіерэй Аляксандр Дзічкоўскі, брат Генадзя Дзічкоўскага, ураджэнец г. Лунінца. Намаганнямі а. Аляксандра быў зроблены капітальны рамонт храма, перакрыты дах, падзведзена ацяпленне. Да прыходскіх дамоў падведзены вада, каналізацыя і газ. Пабудаваны падсобныя памяшканні. У сярэдзіне 1980-х узведзены дом для гасцей, пазней там была ўладкавана нядзельная школа. У 1988 годзе храм часткова распісаны, увенчаны залачонымі крыжамі. У 2001 годзе да сабора прыбудаваны тамбур, што значна павялічыла яго плошчу. Было завершана добраўпарадкаванне цокальнага паверха храма, арганізаваны музей-фотавыстава з фрагментамі мазаік. У 2008 годзе добраўпарадкавана званіца і набыты набор званоў. 12 студзеня 2010 года Аляксандру Аляксандравічу Дзічкоўскаму прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна Баранавіцкага раёна.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя В. П. Таўлая.Старук Алена Валер’еўна, бібліёграф І кат. аддзела інфармацыйна-бібліяграфічнай работы

 

 

  1. Барановичский Покровский собор // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. Минск, 2006. Т. 2. С. 196.

  2. Баранавіцкі Пакроўскі сабор // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 2. С. 295.

  3. Баранавіцкі Пакроўскі сабор // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2010. Т. 1. С. 454–455.

  4. Сабор у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 33–35.

  5. Барановичский Свято-Покровский собор // Туристские регионы Беларуси. Минск, 2008. С. 42.

  6. Барановичский Свято-Покровский собор // Туристская энциклопедия Беларуси. Минск, 2007. С. 18.

  7. Ярмоленка, Г. М. Баранавіцкі Пакроўскі сабор/ Г. М. Ярмоленка// Архітэктура Беларусі : энцыкл. даведнік. Мінск, 1993. С. 66–67.

  8. Ермоленко, Г. М. Покровский собор : [Барановичи] / Г. М. Ермоленко// Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 89–91.

  9. Ярмоленка, Г. М. Баранавіцкі Пакроўскі сабор / Г. М. Ярмоленка // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 288–289.

  10. [Свята-Пакроўскі сабор у Баранавічах] // Памяць : гіст.-дакум. хроніка г. Баранавічы і Баранавіцкага раёна. Мінск, 2000. С. 643–644.

  11. Постройка Свято-Покровской церкви въ г. Барановичахъ(1921–1924 г.г.). – Вильно, 1929. – 64 с.

  12. Дзичковский, А. Свято-Покровский собор г. Барановичи, 19241931 гг. / [протоиерей Александр Дзичковский]. [Б. м. : б. и., 2015?]. 1 л. (слож. втрое).

  13. Ярашэвіч, А. А. Баранавіцкі Пакроўскі сабор / А. А. Ярашэвіч, І. Р. Томашава ; фота А. П. Дрыбаса. – Мінск : Беларусь, 2008. – 74 с. : іл.

  14. Харэўскі, С. В. Пакроўскі сабор ў Баранавічах // Сто твораў XX стагоддзя : нарысы па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу / С. В. Харэўскі. Вільня, 2012. С. 117–121.

  15. Харэўскі, С. В. Культавае дойлідства Заходняй Беларусі, 1915–1940 гг. / С. В. Харэўскі. – Вильня : ЕГУ, 2008. – 102 с.

  16. Пономарев, О. Восставшие из руин : [об истории Покровской церкви г. Барановичи; фото] / Олег Пономарев // Заря. 2016. 26 ноября. С. 8.

  17. «И с Вами вместе славим Бога» : [о священнослужителе Александре Дзичковском, настоятеле Свято-Покровского храма г. Барановичи] // Царкоўнае слова. 2016. 27 мая (№ 22). С. 15.

  18. Горбунов, А. «Сначала о Родине, потом о себе...» : [о священнослужителе Александре Дзичковском, настоятеле Свято-Покровского храма г. Барановичи] / Андрей Горбунов // Наш край. Барановичи, 2016. 27 мая. С. 4.

  19. Гізун, А. Дзве пярліны вуліцы Куйбышава : [Крыжаўзвіжанскі касцёл і Свята-Пакроўскі сабор] / Алесь Гізун // Intex-press. Барановичи, 2015. 11 ноября. С. 8–9.

  20. Занько, Н. Уникальная мозаика Богородицы по эскизу Васнецова чудом попала в Беларусь : [о мозаиках барановичского Свято-Покровского собора] / Наталья Занько ; фото Павла Мартинчика // Комсомольская правда в Белоруссии. 2014. 16 октября. С. 10.

  21. Равяка, Р. 90 год назад у Баранавічах заклалі Пакроўскі сабор : [з гісторыі Свята-Пакроўскага сабора] / Руслан Равяка // Intex-press. Барановичи, 2014. 20 августа. С. 15.

  22. Литвинович, А. [Дионисий — Митрополит Варшавский и Волынский] : даты истории : [в 1922 г. посетил Барановичи и содействовал строительству Свято-Покровского собора] / Александр Литвинович // Наш край. Барановичи, 2012. 22 сентября. С. 4.

  23. Гізун, А. Пуцявод па Баранавічах : [Свята-Пакроўскі сабор] / Алесь Гізун // Intex-press. Барановичи, 2012. 29 февраля. С. 10–11.

  24. Сватко, А. 80 лет непрерывного служения : [история Свято-Покровского собора] / Анна Сватко ; фото Михаила Кашко // Наш край. Барановичи, 2011. 4 октября. С. 12.

  25. Равяка, Р. Храм, адроджаны ў Баранавічах : [Свята-Пакроўскі сабор] / Р. Равяка // Intex-press. Барановичи, 2011. 28 сентября. C. 16.

  26. Климец, С. Духовное наследие : [памятники культовой архитектуры: Свято-Покровский собор, Крестовоздвиженский костёл, синагоги] / С. Климец // Наш край. Барановичи, 2011.28 июля. C. 4.

  27. Бусько, С. «Плачут» кусочками смальты : [о проблеме сохранения мозаик в Свято-Покровском соборе г. Барановичи] / С. Бусько // Наш край. Барановичи, 2009. 30 июля. C. 1,5.

  28. Юркевич, Е. Сохраним для потомков : [реставрация фресок Свято-Покровского собора г. Барановичи] / Е. Юркевич // Заря. 2008. 3 мая. С. 8.

  29. Горбунов, А. Каждый век свой след оставил : [75 лет Свято-Покровскому собору ] / Андрей Горбунов // Наш край. Барановичи, 2006. 14 октября. С. 3.

  30. Сушко, Р. Путь к святыням: Свято-Покровскому собору 70 лет / Р. Сушко // Наш край. Барановичи, 2001. 13 октября. С. 2.

  31. Этенко, Л. К. Шедевр забвению неподвластен : [Покровский собор в Барановичах] / Л. К. Этенко // Советская Белоруссия. 1996. 23 мая ; Наш край. Барановичи, 1996. 9 июля.

  32. Маліноўскі, М. Юбілей Пакроўскага сабора / М. Маліноўскі // Народная трыбуна. 1994. 15 кастрычніка.

  33. Кабяк, Р. Пакроўскі сабор у Баранавічах : [фота] / Раман Кабяк // Народная газета. 1994. 18 жніўня.

Чытаць 1583 разоў Апошняя змена Панядзелак, 22 Люты 2021 16:14