Панядзелак, 27 Люты 2017 10:23

2017 г. — 90 гадоў з пачатку работы Брэсцкай падпольнай друкарні ЦК КПЗБ (1927–1938)

У канцы 1923 года ў г. Брэсце-над-Бугам (з 1939 года Брэст) быў створаны акруговы камітэт Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, у 1924 г. — акруговы і гарадскі камітэты Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі. Партыя выступала за здзяйсненне сацыялістычнай рэвалюцыі ў Польшчы, за права на самавызначэнне для Заходняй Беларусі, за ўз’яднанне ўсіх беларускіх зямель ў адзіную Беларускую савецкую рэспубліку. КПЗБ дзейнічала ва ўмовах глыбокага падполля.

 

На пэўным этапе КПЗБ падтрымлівала Беларускую сялянска-работніцкую грамаду і Таварыства беларускай школы, актыўна займалася выдавецкай дзейнасцю, садзейнічала наладжванню навуковых і культурных кантактаў за мяжой. Многае ў духоўнай і культурнай сферы жыцця беларусаў было зроблена дзякуючы яе актыўным членам. У 1924 годзе большасць беларускіх выданняў Заходняй Беларусі належалі партыі альбо кантраляваліся ёю. У выданнях КПЗБ змяшчаліся актуальныя артыкулы, якія не браліся друкаваць іншыя рэдакцыі. У 1924–1929 гадах у выключна цяжкіх умовах у Вільні, Гродне, Беластоку, Брэсце быў наладжаны выпуск партыйнай літаратуры ў падпольных друкарнях.

Брэсцкая падпольная друкарня Цэнтральнага камітэта КПЗБ дзейнічала ў 1927–1938 гадах. Знаходзілася ў доме (вул. Пэраца, 51), дзе жыў член КПЗБ Іван Раманавіч Валошка, там жа працаваў вартаўніком і дворнікам. У будынку месціліся на першым паверсе магазіны, цырульня, на другім — прыватная руская гімназія. Кватэра І. Р. Валошкі з’яўлялася явачнай кватэрай падпольшчыкаў і складам нелегальнай літаратуры КПЗБ.

Па заданні акруговага партыйнага тэхніка М. Ш. Жукоўскага-Зільберга (псеўданім «Доктар») работу друкарні (матрыцарні) наладзіў віленскі слесар Натан Соган (псеўданім «Дымек»). У падвале была выкапана яма глыбінёй 2,5 м і плошчай 9 м2, дзе і была на пачатку 1927 года абсталявана падпольная ў літаральным сэнсе друкарня. Сюды з Вільні прывозілі гатовыя матрыцы, па іх узоры рабілі адліўкі з волава. Потым набылі шрыфт, якога спатрэбілася шмат, бо на розных мовах. Наборшчыцай была дзяўчына Соня (псеўданім «Жывое срэбра»), якая прыехала з Варшавы. Друкавалі лістоўкі, цыркуляры Брэсцкіх акруговых камітэтаў КПЗБ і КСМЗБ і іншыя партыйныя выданні на пяці мовах: беларускай, рускай, польскай, украінскай і яўрэйскай. Сярод лістовак: «За што судзілі рэвалюцыйных сялян у Кобрыне», «Вялікая барацьба лесарубаў» і інш.

У 1935 годзе быў надрукаваны даклад Георгія Дзімітрава «Наступление фашизма и задачи Коммунистического Интернационала в борьбе за единство рабочего класса против фашизма» на VІІ кангрэсе Камінтэрна. У дакладзе было дадзена вызначэнне фашызму, якое і цяпер актуальна: «Фашызм – гэта адкрытая тэрарыстычная дыктатура найбольш рэакцыйных, найбольш шавіністычных, найбольш імперыялістычных элементаў фінансавага капіталу». Друкаваныя матэрыялы Брэсцкай друкарні выкарыстоўвалі Брэсцкі і Пінскі акруговыя камітэты КПЗБ.

Друкарня перастала функцыянаваць у сувязі з неабгрунтаваным роспускам Камуністычнай партыі Польшчы і яе састаўных частак КПЗБ і КПЗУ ў сакавіку 1938 года. Дзякуючы строгай канспірацыі І. Р. Валошка захаваў абсталяванне друкарні да верасня 1939 года. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР перадаў палітаддзелу пагранічнага атрада. У сувязі з амаль варожымі адносінамі сталінскага рэжыму да членаў КПЗБ мясцовыя органы паставіліся прахалодна, абыякава да гісторыі дзейнасці падпольнай друкарні, тэхнічная частка друкарні і яе архіў не зберагліся.

Іван Раманавіч Валошка (1898–1966) нарадзіўся ў вёсцы Рачкі Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці), з 1915 года сям’я была ў бежанцах у Расіі, вярнуліся ў 1920 г. Іван Раманавіч пасяліўся ў Брэст-Літоўску, у 1923 годзе ўступіў у КПЗБ. Удзельнічаў у стварэнні друкарні і распаўсюджванні нелегальнай літаратуры. У гэтай небяспечнай, патрыятычнай справе яму дапамагала жонка Мялання Фамінічна. У Вялікую Айчынную вайну быў сувязным партызанскага атрада імя Фрунзэ брыгады імя Сталіна. Пасля вайны працаваў у дзяржаўным банку.

Для захавання памяці аб Брэсцкай друкарні шмат зрабіў былы член КПЗБ Васіль Пятровіч Ласковіч (1914–2012), Ганаровы грамадзянін г. Брэста. Ён марыў стварыць музей КПЗБ у Брэсце, дзе б расказвалася аб гераічным мінулым Заходняй Беларусі, аб патрыётах «з племені непакораных», адданых Айчыне людзях. У 1963 годзе ў памяць падпольнай друкарні на месцы, дзе яна была, па ініцыятыве В. П. Ласковіча ўстаноўлена мемарыяльная дошка (пр-т Машэрава, 42). Выданні друкарні знаходзяцца ў фондах Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Дзяшко, І. Ф. Брэсцкая акруговая арганізацыя КПЗБ / І. Ф. Дзяшко // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 92.

  2. Ласковіч,В. П. Валошка Іван Раманавіч / В. П. Ласковіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 213–214.

  3. Слова клікала да барацьбы : з успамінаў удзельніка рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі І. Р. Валошкі // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 259–261.

  4. Слесарук, Т. А. Падпольная друкарня КПЗБ : [у Брэсце; фота мемарыяльнай дошкі, І. Р. Валошкі] / Т. А. Слесарук, А. С. Барысавец // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. № 1. С. 42–43.

  5. Слесарук, Т. А. Мемориальная доска в честь подпольной типографии ЦК КПЗБ / Т. А. Слесарук // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 73.

  6. Слесарук, Т. А. Месца, дзе знаходзілася падпольная друкарня ЦК КПЗБ / Т. А. Слесарук // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 62.

  7. Типография ЦК КПЗБ // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 356.

  8. Ласкович, В. П. Подвиг Коммунистической партии Западной Белоруссии (КПЗБ), 19191939 гг. : исторический очерк / Василий Петрович Ласкович, Валентина Васильевна Ласкович (Желанова). Брест: Брестская типография, 2002. 401 с. – Из содерж.: Издательская деятельность КПЗБ. С. 112–124 ; Брестская подпольная типография. С. 118–124.

  9. Ласкович, В. П. Из племени непокоренных : воспоминания подпольщика, 1919–1939 / Василий Петрович Ласкович. – Брест : Управление по печати, 1999. – 381 с. : ил.

  10. Брест в 1919–1939 гг. : документы и материалы / Гос. архив Брестской области ; сост.: А. Г. Карапузова (отв. сост.) [и др.] ; редкол.: Е. С. Розенблат (гл. ред.) [и др.]. – Брест : Альтернатива, 2009. – 306 с.

  11. Очерки истории Брестской областной партийной организации / А. Я. Алексейчик, Б. И. Камейша, В. П. Самович. – Минск : Беларусь, 1989. – 448 с., [12] л. ил. – Из содерж.: Брестская подпольная типография. – С. 34.

  12. Белорусская ССР: Брестская область. – 3-е изд., перераб. и доп. – Минск : Беларусь, 1987. – 207 с.; [8] л. ил. – Из содерж.: Брестская подпольная типограия. С. 38–39.

  13. У суровыя гады падполля : успаміны былых членаў КПЗБ — актыўных удзельнікаў рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі / [склад.: М. С. Арэхва і інш.]. – Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1958. – 360 c. – Са зместу: У падпольных партыйных друкарнях / З. М. Тэйтэльбаум, А. Г. Піткоўская. С. 156–160.

  14. Кириллова, Н. М. Подпольные типографии 1920–1940-х гг. Их издания в экспозиции Брестского областного краеведческого музея / Кириллова Н. М. // Матэрыялы ХІІ Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў «Кніжная культура Беларусі: погляд праз стагоддзі» / склад.: Т. А. Сапега, А. А. Суша. Мінск, 2016. С. 171173.

  15. Ладысев, В. Ф.В борьбе за демократические права и свободы: из исторического опыта компартии Западной Белоруссии, 19261938 гг. / В. Ф. Ладысев. Минск: Беларусь, 1988. 191 с.

  16. Ладысеў, У. Ф. Шлях да свабоды : з гісторыі рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі ў 1919–1939 гг. / У. Ф. Ладысеў. – Мінск : БДУ, 1978. – 133 с.

  17. Зелинский, П. И. Печать КПЗБ в борьбе за свободу / П. И. Зелинский, А. Н. Ракевич. – Минск : БГУ, 1977. – 142 с.

  18. Зелинский, П. И. Роль печати КПЗБ в мобилизации трудящихся на борьбу за социальное и национальное освобождение в годы мирового экономического кризиса капитализма (1929–1933 гг.) / П. И. Зелинский // Деятельность Компартии Белоруссии в период социалистического строительства. Минск : Из-во БГУ им. В. И. Ленина, 1969.

  19. Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921–1939 гг.) / под ред. А. Н. Мацко, В. Е. Самутина. – Минск : Беларусь, 1966. – 401 с. : ил., карты.

  20. Самойленка, І. Падпольная друкарня : [КПЗБ у Брэсце] / І. Самойленка // Сельская праўда. Жабiнка, 1990. 27 верасня.

  21. Ватковіч, Г. Друкарня камуністаў-падпольшчыкаў : [у Брэсце; 1926–1938 гг.] / Г. Ватковіч // Беларусь. 1972. № 6. С. 28.

  22. Слесарук, Т. Когда знакомишься с экспонатом : [об изданиях подпольной типографии КПЗБ в фонде областного краеведческого музея] / Т. Слесарук // Заря. 1972. 16 июня.

  23. Самойленко, И. Подпольная типография : [в Бресте; фотопортрет И. Р. Волошко] / И. Самойленко // Заря. 1971. 5 мая.

  24. Поплавский, Ф. Пример служения народу : к 40-летию образования КПЗБ / Ф. Поплавский, В. Ласкович // Заря. 1963. 27 октября. С. 3.

  25. Ласкович, В. Время и люди : [о подпольной типографии КПЗБ] / В. Ласкович // Заря над Бугом. Брест, 1963. 24 октября.

 

 

 

Чытаць 1467 разоў Апошняя змена Чацвер, 17 Снежань 2020 15:40