Панядзелак, 27 Люты 2017 10:34

24 жніўня 2015 г. — 60 гадоў з дня нараджэння Валянціны Канстанцінаўны Мароз (1955), беларускага мовазнаўцы, доктара філалагічных навук, прафесара

Валянціна Канстанцінаўна Мароз нарадзілася 24 жніўня 1955 года ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. Мікалаеўшчына добра вядома ў Беларусі, тут у народным вучылішчы ў 1892–1894 гадах вучыўся Канстанцін Міцкевіч, будучы народны паэт БССР Якуб Колас.

Валянціна Мароз у 1972 годзе закончыла Мікалаеўшчынскую СШ імя Якуба Коласа. Паступіла на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага, якое закончыла з адзнакай у 1976 годзе. Працавала настаўніцай у Капыльскім раёне (1976–1979), затым вучылася ў аспірантуры.

 

З 1984 года В. К. Мароз працавала ў Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А. С. Пушкіна: выкладчыкам, старшым выкладчыкам, дацэнтам (1991). У 1987 годзе стала кандыдатам філалагічных навук.

У час Перабудовы ў Брэсце актывізаваўся грамадскі рух за беларускае нацыянальнае адраджэнне. Валянціна Канстанцінаўна была арганізатарам гарадскога культурна-асветнага таварыства сябрыны «Край». Сябрына збіралася па аўторках у памяшканні абласнога навукова-метадычнага цэнтра культуры (вул. Савецкая, 53; дырэктар Святлана Іосіфаўна Гуляева). Прыходзілі каля 30 чалавек, людзі розных прафесій: настаўнікі, медыкі, мастакі і інш. Актыўнымі ўдзельнікамі сябрыны былі Мікола Пракаповіч, Алесь Каско, Уладзімір Базан, Генадзь Праневіч, Марыя Новік, Рыгор Бакіевіч, Алесь Засім, Сяргей Казак, Мікола Маеўскі і інш. На пасяджэннях абмяркоўваліся праблемы ўжывання беларускай мовы, перайменавання вуліц, гучалі даклады на тэмы гісторыі і культуры Беларусі: пра вялікіх князёў ВКЛ, старажытныя сімвалы, друкара Ф. Скарыну, народныя святы «Купалле», «Дзяды», «Каляды» і інш.

У той час дзейнічала абласное аддзяленне Беларускага фонду культуры (старшыня Уладзімір Ульянавіч Мелішкевіч), з’яўляліся новыя арганізацыі, таварыствы, фонды культурна-асветніцкай накіраванасці, нацыянальныя саюзы (польскі, украінскі, яўрэйскі). Летам 1989 года было арганізавана Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Пры актыўным удзеле сябрыны «Край» у снежні адбыўся ўстаноўчы сход Брэсцкай гарадской арганізацыі ТБМ (старшыня Станіслаў Рыгоравіч Рачэўскі). Паступова сябрына «Край» распалася (1996), улады заміналі ў афіцыйнай рэгістрацыі, яе сябры знайшлі сабе месца ў іншых суполках. Валянціна Канстанцінаўна шмат сіл уклала ў дзейнасць ТБМ, імкнулася стварыць болей беларускіх класаў у школах горада, суполак ТБМ у школах, установах і на прадпрыемствах.

На пачатку 1990-х Валянціна Мароз разам з іншымі выкладчыкамі займалася стварэннем беларускага ліцэя, выкладала ў вячэрнім (напачатку нядзельным) ліцэі пры Брэсцкім філіяле Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтра.

У 1996 годзе В. К. Мароз была камандзіравана на працу ў Будапешскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Лоранда Этвеша (Венгрыя), дзе два гады забяспечвала лектарат студэнтам і аспірантам па дысцыплінах «Беларуская мова», «Гісторыя мовы», «Мова беларускіх летапісаў» і інш. на кафедры балцкіх і славянскіх моў.

У 2000 годзе В. К. Мароз закончыла дактарантуру Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі. Працавала дацэнтам кафедры беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (2000–2010). 18 снежня 2009 года абараніла доктарскую дысертацыю. З 2010 года – прафесар кафедры беларускай і замежных моў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. 5 чэрвеня 2013 года атрымала навуковую ступень доктара філалагічных навук. У 2015 годзе за заслугі перад Бацькаўшчынай узнагароджана медалём Ф. Скарыны.

Кола навуковых інтарэсаў — даследаванне гісторыі беларускай мовы, праблемы культуры сучаснай беларускай літаратурнай мовы, методыка выкладання лінгвістычных дысцыплін, педагагічныя аспекты выхавання моладзі. Удзельніца рэспубліканскіх і міжнародных навуковых канферэнцый. В. К. Мароз мае каля 150 навуковых і навукова-метадычных публікацый, у тым ліку дзве манаграфіі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

Працы В. К. Мароз

  1. Баркулабаўскі зборнік: мова і тэкст : [манаграфія] / В. К. Мароз. – Мінск : Акадэмія МУС, 2015. – 189 с. : факс.

  2. Каценка, А. В. Беларуская мова. Юрыдычная лексіка : вучэбны дапаможнік для курсантаў і студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па юрыдычных спецыяльнасцях / А. В. Каценка, В. К. Мароз ; Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Установа адукацыі «Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь». – Мінск : Акадэмія МУС, 2012. – 137 с. : іл., табл.

  3. Летапісы і хронікі ў кантэксце фарміравання беларускай літаратурнай мовы старажытнага перыяду : манаграфія / В. К. Мароз ; Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Установа адукацыі «Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь». – Мінск : Акадэмія МУС, 2011. – 232 с.

  4. Мова беларускіх летапісаў у кантэксце фарміравання старажытнай беларускай літаратурнай мовы : дысертацыя… доктара філалагічных навук : 10.02.01 : абаронена 18.12.09 / Мароз Валянціна Канстанцінаўна ; НАН Беларусі, Інстытут мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы. – Мінск : [б. в.], 2009. – 241 с.

  5. Мова беларускіх летапісаў у кантэксце фарміравання старажытнай беларускай літаратурнай мовы : аўтарэферат дысертацыі... доктара фiлалагiчных навук : 10.02.01 / В. К. Мароз ; навук. кансультант А. М. Булыка ; НАН Беларусі, Інстытут мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы. – Мiнск, 2009. – 39 с.

  6. Мова беларускага летапісання : [манаграфія] / В. К. Мароз ; УА «Беларускі дзяржаўны тэхналагічны універсітэт». – Мінск : БДТУ, 2008. – 226 с.

  7. Беларуская мова. Прафесійная лексіка : тэксты лекцый па аднайменнай дысцыпліне для студэнтаў тэхнічных спецыяльнасцей БДТУ/ В. К. Мароз. – Мінск : БДТУ, 2004. – 54 с.

  8. Сучасная беларуская мова : метад. дамапожнік / [склад. В. К. Мароз]. – Брэст : БрПІ, 1989. – 34 с.

  9. Фразеология белорусских летописей : автореферат диссертации… кандидата филологических наук : 10.02.02 / Мороз Валентина Константиновна ; БГУ им. В. И. Ленина. – Минск, 1986. – 23 с.

  10. Беларуская мова ў вышэйшых навучальных установах / Валянціна Мароз // Роднае слова. 2015. № 8. С. 49–53.

  11. Тэксталагічныя паказчыкі ў арыентацыі на месца стварэння Баркалабаўскага зборніка / В. К. Мароз // Роднае слова. 2015. № 6. С. 23–25.

  12. Моўна-тэксталагічныя паказчыкі Баркулабаўскага зборніка ў арыентацыі на аўтарства / В. К. Мароз // Роднае слова. 2015. № 5. С. 38–40.

  13. Мова дакументальных фрагментаў у кантэксце Баркулабаўскага летапісу / В. К. Мароз // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя 3. Філалогія. Педагогіка. Псіхалогія. 2015. № 1. С. 52–55.

  14. Лацінамоўны спіс «Origoregis» у гісторыі беларускага летапісання / Валянціна Мароз, Алена Молчан, Наталля Круглік // Роднае слова. 2014. № 1. С. 28–32.

  15. Прыёмы стварэння літаратурнага вобраза ў беларускіх летапісах / В. К. Мароз //Роднае слова. 2010. № 1. С. 36–38.

  16. Прафесар Фёдар Янкоўскі — даследчык гісторыі мовы / В. К. Мароз //Каб жыло наша слова : зборнік навук. арт. да 90-годдзя з дня нараджэння Фёдара Янкоўскага. Брэст, 2009. С. 15–16.

  17. Беларускія летапісы ў кантэксце старажытнага пісьменства: мовазнаўчы аспект / В. К. Мароз // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. 2009. № 2. С. 104–108.

  18. Беларускія летапісы XIVXVI стст. : гісторыяграфічны і нарматыўны аспекты даследвання / В. К. Мароз // Веснiк Брэсцкага унiверсiтэта. Серыя філалагічных навук. 2009. № 2. С. 143–147.

  19. Лацінскае пісьмо ў гісторыі Беларусі (на матэрыяле летапісаў) / В. К. Мароз // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. 2009. № 1. С. 118–122.

  20. Беларускія летапісы: формы і намінацыі / В. К. Мароз // Весці Нацыянальнай Акадэмiі Навук Беларусi. Серыя гуманітарных навук. 2008. № 4. С. 107–111.

  21. Крыварот, А. А. Пытанні муніцыпальнага кіравання (самакіравання) у беларускіх летапісах / А. А. Крыварот, В. К. Мароз // Труды БГТУ. Серия V. Политология, философия, история, филология. Минск, 2008. Вып. XVI. С. 201–203.

  22. Да пытання мовы гарадскіх беларускіх хронік / В. К. Мароз// Polsko-bialoruskiezwiazkiliterackie, jezykoweihistoryczno-kulturaine. Warszawa, 2008. С. 218–230.

 

Аб жыцці і дзейнасці В. К. Мароз

  1. Мароз Валянціна Канстанцінаўна // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2014. Т. 5. С. 392–393.

  2. Нарадзіліся на Стаўбцоўшчыне : [у т. л. В. К. Мароз; біягр. даведка] // Прамень. Стоўбцы, 2014. 12 красавіка. С. 3.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1678 разоў Апошняя змена Пятніца, 10 Ліпень 2020 10:46