Панядзелак, 27 Сакавік 2017 13:35

15 лютага 2017 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Барыса Дзмітрыевіча Туркіна (1947–1984), савецкага афіцэра, воіна-інтэрнацыяналіста, удзельніка баявых дзеянняў у Афганістане

Барыс Дзмітрыевіч Туркін нарадзіўся 15 лютага 1947 года ў вёсцы Вінаградава Васкрасенскага раёна Маскоўскай вобласці (Расія). У 1954 годзе пайшоў у першы клас Вінаградаўскай школы. Потым сям’я пераехала ў г. Разань, Барыс вучыўся ў СШ № 10, апошні клас закончыў у СШ № 11 г. Разані, у атэстаце былі адзнакі «4» і «5».

 

Барыс Туркін паступіў у Разанскае вышэйшае паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча, якое закончыў у 1969 годзе. Служыў на камандных пасадах у розных частках Узброеных Сіл СССР. З 1979 года служыў у Беларускай ваеннай акрузе, у 38-й асобнай гвардзейскай Венскай Чырвонасцяжнай дэсантна-штурмавой брыгадзе, якая дыслацыравалася ў Паўднёвым гарадку г. Брэста. Быў намеснікам камандзіра дэсантна-штурмавой роты па парашутна-дэсантнай падрыхтоўцы.

У канцы 1979 года ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан (з 1987 г. Рэспубліка Афганістан) разгарэўся канфлікт паміж урадавымі сіламі Афганістана і Абмежаваным кантынгентам савецкіх войск з аднаго боку і шматлікімі фарміраваннямі афганскіх маджахедаў («душманаў»), якія карысталіся палітычнай, фінансавай, матэрыяльнай і ваеннай падтрымкай вядучых дзяржаў НАТА і кансерватыўнага ісламскага свету з другога боку.

У верасні 1983 года старшы лейтэнант Б. Д. Туркін накіраваны ў Афганістан. Служыў намеснікам камандзіра 8-й дэсантна-штурмавой роты па парашутна-дэсантнай падрыхтоўцы 3-га дэсантна-штурмавога батальёна 56-й гвардзейскай асобнай дэсантна-штурмавой брыгады (вайсковая частка палявая пошта 44585; раён г. Гадзез, правінцыя Пактыя).

Неаднаразова ўдзельнічаў у баявых аперацыях. Выконваючы баявое заданне, гвардыі старшы лейтэнант Б. Д. Туркін цяжка захварэў і памёр 24 верасня 1984 года. Пахаваны ў Брэсце на Гарнізонных могілках.

Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, «За службу Родине в Вооружённых Силах СССР» ІІІ ступені, медалямі «Воину-интернационалисту от благодарного афганского народа», «В память 10-летия вывода советских войск из Афганистана» (24 снежня 2003 г.). У пасёлку Вінаградава на будынку школы, у якой вучыўся Б. Д. Туркін, устаноўлена мемарыяльная дошка. Яго імя занесена на пліты мемарыяльнага комплексу «Сынам Айчыны, якія загінулі за яе межамі» на «Востраве Мужнасці і Смутку» ў Мінску (адкрыты 6 жнiўня 1996 г.).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Туркін Барыс Дзмітрыевіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Брэст, 2001. Кн. 2. С. 674.

  2. Туркин Борис Дмитриевич // Республиканская книга Памяти воинов интернационалистов. Минск, 1999. С. 634.

  3. Туркін Барыс Дзмітрыевіч // Памяць. Афганістан. Мінск, 1991. С. 428.

  4. Сацута, А. Афганскі музей : [пра «Музей вайны ў Афганістане» ў СШ № 13 імя Валерыя Хована; г. Брэст] / Алёна Сацута // Народная трыбуна. 2016. 12 лютага (№ 7). С. 10.

  5. Волынчук, Л. «Здравствуй, сынок»... : [о музее афганской войны в СШ № 13 г. Бреста] / Лариса Волынчук // Брестский вестник. 2007. 18 января. С. 13.

  6. Ерофеев, В. Музей чести : [о музее афганской войны в СШ № 13 г. Бреста] / Виктор Ерофеев : фото Валерия Короля // Заря. 2006. 28 декабря. С. 5.

  7. В народной памяти навсегда останутся имена воинов-интернационалистов, погибших в Афганистане : [список похороненных на кладбищах Бреста и Брестской области, в их числе Б. Д. Туркин] // Заря. 1989. 6 мая.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1153 разоў Апошняя змена Чацвер, 18 Люты 2021 16:00