Панядзелак, 17 Красавік 2017 10:27

2017 г. — 540 гадоў з часу першага ўпамінання г. Бярозы ў пісьмовых крыніцах (1477)

Першыя гістарычныя звесткі аб горадзе Бярозе Брэсцкай вобласці адносяцца да сярэдзіны XV ст., калі паселішча адзначана як спадчынны маёнтак роду Віштартаў-Гамшэяў. У 1477 годзе Ян Гамшэй са сваёй жонкай Барбарай заснавалі ў Бярозе Слонімскага павета ВКЛ касцёл Святой Троіцы. Гэты факт падмацоўвае думку, што ў той час Бяроза была ўжо даволі значным населенным месцам. Дакумент заснавання бярозаўскага касцёла, на жаль, не захаваўся, вядомы толькі некалькі фрагментаў i вытрымак, якія сустракаюцца ў гаспадарчых паперах кляштара картэзіянцаў.

 

Бяроза на мяжы XV–XVI стст. мела характэрнае гандлёвае адценне, што вынікае з прывілеі Жыгімонта І, вялікага князя ВКЛ i караля Польшчы. Гэты дакумент даваў дазвол Мікалаю Гамшэю на правядзенне штотыднёвых таргоў у яго маёнтку Бяроза з пятніцы па суботу. Пачынаючы з другой паловы ХVI ст. інфармацыя гістарычных крыніц, якая датычыцца Бярозы, павялічваецца, але гэтыя звесткі маюць аднабаковую накіраванасць i апавядаюць у асноўным пра дзялёж бярозаўскага маёнтка сярод павялічанай сям’і Гамшэяў.

У пачатку ХVII ст. Ян Паўлавіч Гамшэй прадае Бярозу Льву Сапеге, канцлеру Вялікага Княства Літоўскага. Ужо ў 1614 годзе Леў Сапега прадае Бярозу харунжаму Марціну Німіру: «сам маёнтак з мястэчкам і ўсёй маёмасцю». Але знаходзілася Бяроза ў руках Німіра нядоўга. Апошні не вылучаўся стараннасцю і гаспадарчасцю і праз нядоўгі час запазычыў мястэчка тутэйшым яўрэям. Збанкрутаванага Німіра з цяжкага становішча выратоўвае ў 1617 годзе Леў Сапега, выкупляе яго распіскі, якія аддавалі ў залог Бярозу. «Маёмасць, – пішацца ў дакуменце, – належыць канцлеру і яму належаць прыбыткі, пакуль я не вярну яму 14 600 польскіх злотых». Вярнуць гэтую суму Німіра не змог, пасля чаго суд у Брэсце зацвердзіў акт продажы Бярозы «на вякі Льву Сапезе», а менавіта: «маёнтак у Бярозе, розныя будынкі, землі, палі, само мястэчка Бяроза з усімі жыхарамі, з кірмашом, рэкі, азёры, млыны, бабровыя ўгоддзі на рацэ Ясельда» за 24 000 польскіх злотых.

Пёрш-наперш, Леў Сапега заснаваў бярозаўскі касцёл. Неабходнасць новага заснавання касцёла абгрунтоўвалася тым, што «з 1538 года бярозаўскі касцёл з навакольнымі землямі знаходзіўся ў руках кальвіністаў і заставаўся ў іх дзясяткі гадоў, бо калі касцёл зноў вярнуўся да католікаў у 1600 годзе, то меў невялікі зямельны надзел і самастойна існаваць не мог». Леў Сапега для выратавання ад банкруцтва касцёла ў 1620 годзе дорыць яму «ў весцы Ляошкі чатыры валокі, Траяноўшчынай называемая», якія паўторна былі замацаваны за касцёлам у 1632 годзе. Акрамя заснавання новага касцёла, Леў Сапега дазваляе мясцовым яўрэям у 1629 годзе пабудаваць школу «ў гэтым мястэчку Бяроза, у якім, пабудаваўшы школу, маглі б спакойна праводзіць свае набажэнствы».

Побач з малітоўным домам яўрэяў і касцёлам у Бярозе існавала ўніяцкая царква. Першыя звесткі аб гэтай царкве знаходзяцца ў дакуменце 1618 года, у якім апісваюцца межы зямель касцёла, а таксама ідзе гаворка аб землях «рускага папа з царквы».

Пасля смерці Льва Сапегі ў 1633 годзе Бяроза пераходзіць да яго старэйшага сына Яна Сапегі, маршалка ВКЛ, каб пасля смерці апошняга перайсці ўжо да Казіміра Льва Сапегі (1609–1659). Малодшы з двух сыноў славутага канцлера атрымаў у спадчыну ад бацькі, акрамя здольнасцеў да дзяржаўных спраў і выдатных інтэлектуальных якасцей, вялікую перакананасць католіка. Ім былі заснаваны шэраг касцёлаў і кляштараў, сярод якіх картэзіянскі кляштар у Бярозе. Закладка першага вуглавога каменя кляштара з вялікай урачыстасцю адбылася ў 1648 годзе, дзе прысутнічалі біскуп Луцкі ксёндз Анджэй Гембінскі і рымскі нунцый ксёндз Ян дэ Торэс. У сувязі з пачаткам казацкай вайны акт заснавання кляштара быў падпісаны пазней – 3 студзеня 1650 года ў Варшаве.

Пераход бярозаўскага ўладання да картэзіянцаў быў надзвычайным момантам у гісторыі мястэчка, што перш за ўсё адлюстравалася ў падтрымцы новымі ўладальнікамі развіцця гандлю і рамёстваў. Асаблівую ўвагу аказваў кляштар дакладнасці вагаў на бярозаўскіх кірмашах. У кляштарнай хроніцы ад 1767 года сустракаецца павучэнне малазямельных сялян аб пажаданасці займацца «гандлем альбо рамяством, адпавядаючым мясцовым умовам, напрыклад, вырабам скур і гэтак далей».

У 1679 годзе кляштар атрымаў ад караля Яна III прывілей на кірмаш у дзень знаходжання Святога Крыжа, што спрыяла больш шырокім гандлёвым магчымасцям мястэчка. Акрамя кірмашу на Святую Троіцу, у Бярозе адбываліся таргі ў дзень праваслаўнага Прычашчэння.

Старанні кляштара картэзіянцаў на паляпшэнне гаспадарчых спраў у Бярозе не змаглі прынесці вялікага выніку, мястэчка да сярэдзіны ХІХ ст. было маленькім, небагатым населеным пунктам. Паўночная вайна, якая пракацілася па Беларусі, закранула і Бярозу. У 1706 годзе тут адбылася сутычка паміж войскамі Аўгуста Моцнага, Пятра Вялікага і Карла XII, які пасля пераходу Ясельды заняў мястэчка і кляштар. Бяроза за час Паўночнай вайны была спалена і разрабавана. Служачыя Брэсцкага казначэйнага трыбунала пішуць у 1711 годзе: «Аказваецца, мястэчка Бяроза тры разы за апошні час было спалена: першы раз ад салдат у лазні, другі раз ад палкоўніка... ; трэці раз ад шведаў. Вельмі беднае і маленькае мястэчка, акрамя таго, мела ахвяры ад чумы».

У дакуменце 1767 года паведамляецца аб тым, што жыхары прасілі «ў манахаў хлеба дакучліва і агідна», што сведчыць аб бедным і цяжкім становішчы насельніцтва.

Уладу ў мястэчку, згодна загаду пракурора картузіі, выконваў кляштарны служачы. Такім чынам, гісторыя мястэчка Бяроза аж да моманту закрыцця кляштара ў 1832 годзе шчыльна звязана з ім. Пасля закрыцця бярозаўскага кляштара ён разам з мястэчкам перайшоў да ўпраўлення дзяржаўнай маёмасці Гродзенскай губерні. У 1860–1870 гадах значная частка будынкаў кляштара была разабрана. Цэгла пайшла на будаўніцтва вайсковых казарм у Бярозе, медныя лісты з касцёла – у Гродна для даху аднаго з будынкаў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Бярозаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Логіс Аляксандра Генадзьеўна, гал. бібліёграф

 

  1. Бяроза // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя : у 7 т. Мінск, 2006. Т. 1, кн. 1. С. 154–160.

  2. Берёза // Города, местечки и замки Великого Княжества Литовского : энциклопедия. Минск, 2009. С. 70–71.

  3. Бяроза / Валерый Грынявецкі. Бярозаўскі кляштар картэзіянцаў / Аляксандр Ярашэвіч // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 364–365.

  4. Бяроза / Я. В. Сяленя. Бярозаўскі кляштар картэзіянцаў / А. А. Ярашэвіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 170–171.

  5. Берёза / Э. М. Савицкий, Н. Д. Сикорин, А. А. Митянин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 112.

  6. Берёза и окрестности = Bereza district : [фотоальбом / авторы текста: Р. Карпеш, И. Потапчук, В. Шпарло ; гл. ред. В. Шпарло ; пер. на англ. язык: А. Кузавко ; фото: С. Бобров, Н. Чеберкус]. Брест : Рекламно-информационное агентство «Вечерний Брест», 2010. 95 с. : ил.

  7. Берёзе525 / [текст: А. Н. Иванов, Е. В. Селеня ; фото: А. В. Романов].  [Брест : Брестская типография, 2002]. 16 с. : ил.

  8. Селеня, Е. В. Берёза : ист.-эконом. очерк / Е. В. Селеня. – Минск : Полымя, 1988. – 59 с. : ил. – (Города Белоруссии).

  9. Селеня, Е. В. Берёза : ист.-эконом. очерк / Е. В. Селеня, Н. Д. Сикорин. – Минск : Беларусь, 1977. – 94 с. : ил.

  10. Сикорин, Н. Д. Там, где жили наши предки… / Н. Д. Сикорин // Память : ист.-докум. хроника Берёзовского района. Минск, 1987.
    С. 15–17.

  11. Дудзюк, З. Леў : гістарычны нарыс : [пра Льва Сапегу] / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2011. – 192 с. – (Святло мінуўшчыны). – Са зместу: Бяроза-Картузская. С. 170–177.

  12. Карлюкевіч, А. М. Радзімазнаўства. Асобы : краязнаўчыя нарысы / Алесь Карлюкевіч. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2010. – 352 с. – Са зместу: Выпрабаванне Картуз-Бярозай. С. 24–27.

  13. Пірамідовіч, Д. Бібліятэка бярозаўскіх картузаў / Пірамідовіч Д. ; пер. Ганны Паўлоўскай // Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання : матэрыялы і даклады ІІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Брэст, 22–25 верасня 2015 г. Мінск, 2016. С. 144–149.

  14. Кныревич, С. М. Судьба библиотеки и архива Берёзовского картузианского монастыря / С. М. Кныревич, Н. Н. Синкевич // Берасцейскія кнігазборы : матэрыялы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання», Брэст, 30–31 кастрычніка 2008 г. Брэст, 2010. С. 323–329.

  15. Татаринов, Ю. Города Беларуси. Брестчина : в некоторых исторических сведениях / Юрий Татаринов. – Минск : Смэлток, 2010. – 170 с. – Из содерж.: Берёза или Берёза-Картузская. С. 60–62.

  16. Сяленя, Я. Са знакамітага роду Сапегаў : [пра Льва Сапегу] / Яўген Сяленя // Маяк. Берёза, 2011. 12 ноября. С. 5.

  17. Дзмітраніца, Л. Помніць аб мінулым — паважаць сябе : [пра кляштар картэзіянцаў ] / Ларыса Дзмітраніца // Маяк. Берёза, 2011. 2 июля. С. 5.

  18. Витковский, Р. Интерес картузский : [о Берёзовском кляшторе картезианцев; беседа с исследователем и знатоком истории европейских картузий] / Рафал Витковский ; беседовал Николай Синкевич // Маяк. Берёза, 2011. 30 марта. С. 5.

  19. Синкевич, Н. Три берёзовских апостола : наследие монахов-картузов сохранилось до наших дней / Николай Синкевич // Маяк. Берёза, 2010. 29 мая. С. 4.

  20. Пейган, М. Радзівілы і Сялец / Мікалай Пейган // Маяк. Берёза, 2010. 28 августа. С. 5.

  21. Дудзюк, З. Малодшыя Сапегі / Зінаіда Дудзюк // Народная трыбуна. 2010. 17 красавіка. С. 11.

  22. Синкевич, Н. Старый город : костел Святой Анны / Николай Синкевич // Маяк. Берёза, 2009. 10 июня. С. 6.

  23. Синкевич, Н. Старый город : кляшторные липы / Николай Синкевич // Маяк. Берёза, 2009. 15 июля. С. 6.

  24. Синкевич, Н. Старый город : [история г. Берёзы] / Николай Синкевич // Маяк. Берёза, 2009. 3 июня. С. 6.

  25. Кныревич, С. Старый город : [г. Берёза ] / Сергей Кныревич // Маяк. Берёза, 2009. 27 июня. С. 12.

  26. Дзярновіч, А. Бярозаўская картузія : [аб картузіянскім манастыры] / Алег Дзярновіч // Наша ніва. 2009. 15 красавіка. С. 12.

  27. Ананьеў, Р. Ля ціхае Ясельды-рэчкі Бярозай назвалі мястэчка / Руслан Ананьеў // Народная газета. 2009. 20 чэрвеня. С. 15.

  28. Киватыцкая, Л. Библиотека Сапеги в Берёзе / Л. Киватыцкая // Маяк. Берёза, 2007. 2 июня. С. 2.

  29. Кныревич, С. Берёзовский кляштор картузов в вопросах и ответах / С. Кныревич ; спрашивал Н. Синкевич // Маяк. Берёза, 2007. 1 декабря ; 5 декабря ; 8 декабря ; 12 декабря ; 15 декабря ; 19 декабря ; 22 декабря ; 27 декабря ; 2008. 5 января ; 9 января ; 12 января ; 19 января ; 26 января.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1101 разоў Апошняя змена Пятніца, 10 Ліпень 2020 11:21