Панядзелак, 29 Май 2017 15:53

29 мая 2017 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Паўлавіча Рамейкі (1937–2012), мастака

Уладзімір Паўлавіч Рамейка нарадзіўся 29 мая 1937 года ў вёсцы Канюхі Ляхавіцкай гміны Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Жарабковіцкі сельсавет Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Сям’я была працавітая, але раскулачаная, сасланая ў Сібір. Пасля 1948 г. месцам жыцця для Рамейкаў стаў горад Баранавічы. Бацькі пабудавалі новае жытло, завялі гаспадарку, пасадзілі сад, разводзілі пчол. У сям’і гадаваліся чацвёра дзяцей — спрытных і таленавітых, такіх жа, як іх бацькі, усе атрымалі вышэйшую адукацыю і абралі прафесію па душы.

 

Уладзімір Рамейка з дзяцінства любіў маляваць, хоць не хапала паперы і алоўкаў, маляваў на чым прыдзецца. Пасля заканчэння Мінскага мастацкага вучылішча (1958) і аддзялення станковага жывапісу Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (1965) Уладзімір Рамейка вяртаецца ў родны горад. Працуе мастаком-манументалістам у Баранавіцкім аддзяленні Брэсцкіх мастацкіх майстэрняў. Пачынаецца сапраўднае шырокамаштабнае набыццё ведаў і навыкаў маладым мастаком, якому нясцерпна хацелася займацца ўсім: роспісам, металам, шклом, манументальнымі і ювелірнымі філіграннымі работамі, і ўсё хацелася зрабіць дасканала: высокамастацка і надзейна, на гады.

Асноўныя работы: помнік паўстанню салдат у 1905 годзе каля Палескага вакзала (1975); мемарыяльная дошка В. Таўлаю (1987); вялікае барэльефнае пано з алюмінію ў інтэр’еры цэнтральнай аптэкі на вул. Леніна (1988); роспіс у тэхніцы сграфіта, металічныя кампазіцыі ў кінатэатры «Октябрь» (1977); вітраж з літага шкла на пошце на вул. Савецкай (1988); гербы БССР і Рэспублікі Беларусь на адміністрацыйных будынках і інш. У 1988 годзе Уладзімір Рамейка становіцца членам Саюза мастакоў БССР.

Мастак стварыў шэраг знакавых жывапісных палотнаў, напісаных сакавіта і аптымістычна, ужо ва ўласцівым толькі яму аднаму стылі: «Полацкі нафтабуд», «Растворны вузел», «Канвеер міру», «Рабочыя-мантажнікі», «Зімовая раніца. Паравоз», «Кавальскі цэх», «Работа», «Муляры» і інш.

Новыя часы ў жыцці рэспублікі прынеслі другі і апошні запіс у працоўную кніжку Уладзіміра Паўлавіча: «Мастацкая майстэрня Рамейкi». Уласная вытворчая майстэрня — гэта яго мара, яркі кавалак фарбаў на яго палітры і клічнік на ягонай біяграфіі. Што рухала мастаком, каб у часы, калі яшчэ амаль не дзейнічалі законы аб прыватызацыі, праломваць бюракратычныя перашкоды, каб стварыць прыватнае прадпрыемства, купіць памяшканне, кавалак зямлі? Напэўна прага да свабоды жыцця і творчасці, жаданне самастойна рабіць сваю справу, распараджацца сваёй маёмасцю і даходамі, нават калі гэта зусім нова, калі няма досведу, калі гэта проста нязвыкла і нялёгка. Ва ўсім яму дапамагала жонка Вольга Іванаўна, таксама мастак.

Гэта першая ў былым СССР прыватная мастацкая майстэрня. Уладзімір Паўлавіч не выдумваў ёй мудрагелістай назвы, а проста назваў сваім прозвішчам: «Атэлье Рамейкі». Тут ён стварыў вялікую колькасць медальерных работ: памятныя медалі для прадпрыемстваў, цэркваў, узнагароды міністэрстваў, партрэты розных людзей.

Мастак многае пераасэнсаваў, даў сваю ацэнку былому і новым падзеям. Так узнікла серыя з 50 графічных работ «Доўгае зацьменне» гэта зацьменне людской свядомасці, яго прычыны і наступствы, а таксама пошукі выйсця з гэтае цемры. Невыпадковым быў і чарнобыльскі цыкл у творчасці мастака. Для нас, беларусаў, з цягам часу чарнобыльскі боль не паменьшаў. «Пад заслону. Памяці Чарнобыля», «У Лету», «Любоў на новым вітку» — гэта ўсё чарнобыльская тэма. З лёсам краіны так ці інакш перапляталася і асабістае жыццё мастака, у якім таксама было нямала драм і трагедый. Адсюль цэлая серыя твораў: «Асабістае», «Хаос», «Памяці мамы», «Раздваенне», «Браслаўшчына» і інш.

Уладзімір Рамейка — адзін з першых беларускіх мастакоў, які пачаў выстаўляцца ў еўрапейскіх краінах. Яго падштурхнула жаданне пабачыць свет, параўнаць сябе з замежнымі мастакамі. У Брэст з нямецкага горада-пабраціма Равенсбурга прыехалі 10 мастакоў, якім было цікава бліжэй пазнаёміцца з беларускімі калегамі. Дзве мастачкі гасцявалі ў сям’і Рамейкаў. Вось з гэтага і пачалося сяброўства і далейшыя стасункі з замежжам. У багатай жыццёвай палітры Уладзіміра Паўлавіча выдзяляюцца яго падарожжы ў Польшчу, Германію, Швейцарыю, Аўстрыю. За 20 гадоў ім праведзена за мяжой больш за 30 выстаў жывапісу, графікі, дэкаратыўнага мастацтва.

Уладзімір Рамейка быў асобай прыкметнай і заўважанай грамадствам, аб чым сведчаць шматлікія публікацыі ў СМІ, граматы і прэміі ад мясцовых органаў улады, вітальныя і падзячныя пісьмы ад кіраўніцтва замежных гарадоў, медалі БСМ «За заслугі ў выяўленчым мастацтве» і за адраджэнне духоўнасці ад Маскоўскай патрыярхіі.

Мастак збіраўся ў падарожжа па Беларусі, каб потым стварыць жывапісны і графічны цыкл «Забытая мінуўшчына». І яшчэ шмат чаго планаваў… Але лёс распарадзіўся так, што Уладзімір Рамейка падарожнічае ў іншым свеце. Ён пайшоў з жыцця 15 жнiўня 2012 года.

Творы У. П. Рамейкі вядомыя ў Аўстраліі, Аўстрыі, Англіі, Германіі, Польшчы, ЗША, Швейцарыі, Японіі і інш. Нашчадкам засталася творчая майстэрня, якая на сённяшні дзень стала вядомым мастацкім прадпрыемствам па вытворчасці рэкламы, стварэнні дызайн-праектаў, фірменных знакаў, твораў мастацтва.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Ляхавіцкай цэнтралізаванай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Прытульчык Рыма Уладзіміраўна, бібліятэкар-бібліёграф

 

 

  1. Ромейко Владимир Павлович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 315.

  2. Уладзімір Рамейка : [«…якую на палатно перанесці мару» з серыі «Дыялогі»]// Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог / аўт.-склад. М. П. Кузьміч. Брэст, 2010. С. 94–95.

  3. Владимир Ромейко : [«Жировицы»] // Художники Брестчины : альбом-каталог / авт.-сост. М. Коньков [и др.]. Минск, 2002. С. 96–67.

  4. Рамейка УладзімірПаўлавіч // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка / уклад. М. І. Бернат. Мінск, 2000. С. 620.

  5. Рамейка УладзімірПаўлавіч : [«Двор Жыровіцкага манастыра»] // Беларускі саюз мастакоў, 1938–1998 : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 454.

  6. Владимир Ромейко : [«Железный Феликс»] // Художники Брестчины : альбом-каталог / авт.-сост.: Б. Крепак [и др.]. Минск, 1997. С. 76–77.

  7. SztukabezgranicPomost : VIIIMiedzynarodowyPlenerMalarski = VIII Международный художественный пленэр / DomPracyTworczej«Reymontowka». – Siedlcе : KozakDruk, 2006. – 48 s. : il. – Из содерж.: В. Ромейко.

  8. Мемориальная доска Тавлаю Валентину Павловичу : [художник В. П. Ромейко] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 83.

  9. Ольга Ромейко : [«Море»] // Художники Брестчины : альбом-каталог / авт.-сост. М. Коньков [и др.]. Минск, 2002. С. 206–207.

  10. Семенович, Н. «Ему хотелось, чтобы всё было совершенно» : [памяти В. П. Ромейко] / Наталья Семенович, Александра Савич // Intex-press. Барановичи, 2012. 26 сентября. С. 12.

  11. Вароніна, І. Не высахнежыццёвая палітра мастака : [памяцi Уладзіміра Паўлавіча Рамейкi] / Ірына Вароніна // Наш край. Барановичи, 2012. 22 сентября. С. 3.

  12. Рамейка, У. З жыццём у сааўтарстве : [баранавіцкія мастакі пра свой творчы шлях] / Уладзiмiр Рамейка, Вольга Рамейка ; [гутарыла] Вольга Жыгар // Літаратура і мастацтва. 2010. 3 снежня (№ 48). С. 14.

  13. Соснина, И. «Колядная мозаика» Ромейки : [о выставке живописи Владимира и Ольги Ромейко] / Ирина Соснина // Наш край. Барановичи, 2010. 14 января. С. 2.

  14. Савіч, Т.«Калядная мазаіка» заззяла ў выставачнай зале : [аб выставе жывапісу Уладзіміра і Вольгі Рамейкі] / Тамара Савiч // Intex-press. Барановичи, 2010. 13 января. C. 6.

  15. Савіч, Т. Выстава Уладзіміра Рамейкі «Дыялогі» цяпер і ў Мінску / Тамара Савiч // Intex-press. Барановичи, 2009. 2 декабря. C. 6.

  16. Ромейко, В. П. Владимир Ромейко:«Я обострённо чувствую жизнь» : [художник о своём творческом пути; к 70-летию] / Владимир Павлович Ромейко ; [беседовал Руслан Горбачёв] ; фото Татьяны Ширко // Intex-press. Барановичи, 2007. 24 мая (№ 21). С. 11.

  17. Искусство от Ромейко : [о сотрудничестве Владимира и Ольги Ромейко с художниками г. Бяла-Подляски (Польша)] // Наш край. Барановичи, 2006. 14 декабря. С. 2.

  18. Артемчик, Н. Посмотри в ведро жизнь понять будет легко! : [о художнике В. Ромейко из Барановичей] / Наталья Артемчик // Комсомольская правда в Белоруссии. 2004. 10 апреля. С. 9.

  19. Кобяк, Э. Пульс времени в полотнах : [о художниках-супругах Владимире и Ольге Ромейко из Барановичей] / Эдуард Кобяк // Заря. 2004. 16 марта.

  20. Шубіч, М. Гармонія палітры : [пра вернісаж твораў У. Рамейкі] / Міхаіл Шубіч // Наш край. Барановичи, 2002. 4 июля.

  21. Фенчина, О. У каждой картины всегда два автора... : [о выставке живописи В. Ромейко из Барановичей] / О. Фенчина // Заря. 2002. 20 июля. С. 5.

  22. Глущенко, Т. Вкусите от плодов «Сада» : [о выставке картин В. Ромейко в выставочном зале «Мастацтва» г. Бреста] / Тамара Глущенко // Вечерний Брест. 2002. 10 июля. С. 6.

  23. Воронина, И. Палитра Ромейко : [о художнике В. Ромейко] / И. Воронина // Наш край. Барановичи, 2002. 30 мая. С. 2.

  24. Белуш, А. Штрихи к портрету художника : [В. П. Ромейко] / А. Белуш // Intex-press. Барановичи, 2002. 30 мая. С. 6.

  25. Белуш, А. «Цвета земли и неба» : [о выставке живописи Ольги и Владимира Ромейко в здании Барановичского горисполкома] / А. Белуш // Intex-press. Барановичи, 2002. 23 мая. С. 3.

  26. Кобяк, Э.«Задумок на сто лет вперёд…» : [о семье художников Ромейко из Барановичей] / Эдуард Кобяк // Заря. 1998. 3 января.

  27. Россицкий, Е. Художник : [о В. П. Ромейко] / Е. Россицкий // Наш край. Барановичи, 1997. 29 мая.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 421 разоў Апошняя змена Панядзелак, 29 Май 2017 15:56