Панядзелак, 29 Май 2017 15:58

15 мая 2017 г. — 135 гадоў з дня нараджэння Уладзіслава Іосіфавіча Галубка (1882–1937), беларускага тэатральнага дзеяча, драматурга, рэжысёра, акцёра, дэкаратара, мастака, народнага артыста БССР (1928)

Уладзіслаў Іосіфавіч Галубок (сапраўднае Голуб) нарадзіўся 15 мая 1882 года на станцыі Лясная, пад Баранавічамі, Навагрудскага павета Мінскай губерні (цяпер Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і чыгуначніка. Дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Мінску, дзе бацька працаваў слесарам дэпо. Бацька, Іосіф Тамашавіч Голуб, адрозніваўся свабодалюбівымі поглядамі, рана загінуў, засталіся шасцёра дзяцей. Уладзіславу, які быў старшым, давялося рана пачаць працаваць: з трынаццаці гадоў — грузчыкам на чыгунцы, прыказчыкам ў краме, слесарам у дэпо. У 1906 годзе здаў экстэрнам экзамены за курс гарадскога вучылішча.

 

У чатырнаццаць гадоў Уладзіслаў Галубок упершыню трапіў на тэатральнае прадстаўленне і вырашыў стаць акцёрам. Уладаючы нястомнай энергіяй, ён вучыўся ўсяму, што толькі можна. Іграў на розных музычных інструментах у добраахвотным пажарным таварыстве, браў урокі жывапісу ў мінскіх мастакоў. У 1906 годзе ў газеце «Наша Ніва» былі апублікаваны яго першыя паэтычныя радкі і апавяданне «Апошняя сустрэча». Вялізны ўплыў аказала на яго творчасць сучаснікаў — Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Багаты жыццёвы вопыт, уважлівая ўвага да чалавечых тыпаў і характараў наклалі адпячатак на творчасць Уладзіслава Галубка.

Апавяданні, якія публікаваліся, ён стаў падпісваць пяшчотным імем «Галубак», так яно за ім і засталося. Стварыў чатыры дзясяткі п’ес з жыцця беларускага народа, сярод якіх меладрамы, камедыі, фарсы, вадэвілі. У 1913 годзе ў пецярбургскім выдавецтве Антона Грыневіча выйшаў зборнік «Апавяданні» Уладзіслава Галубка.

Але маладога чалавека нястрымна вабіў тэатр. Восенню 1917 года ў Мінску ствараецца «Першае таварыства беларускай драмы і камедыі», куды У. І. Галубок і з’яўляецца з усёй сваёй сям’ёй і некалькімі сябрамі. Ён актыўна ўключаецца ў дзейнасць тэатра. Піша першыя тры п’есы і ставіць іх, пры гэтым яшчэ і па-мастацку афармляе.

У 1920 годзе адкрыўся Беларускі Дзяржаўны Тэатр. У яго ўвайшла і ўся трупа У. І. Галубка, якая славілася пастаноўкамі вадэвіляў з музыкай і танцамі. У трупе рабіла свае першыя крокі на сцэне адна з славутых беларускіх актрыс Стэфанія Станюта; музычнай часткай кіраваў Нестар Сакалоўскі — аўтар музыкi Дзяржаўнага гімна БССР; на скрыпцы іграў Міхаіл Лучанок, бацька кампазітара Ігара Лучанка.

У гэты час У. І. Галубку прапанавалі стварыць і ўзначаліць асобную трупу вандроўнага тэатра. Трупа была невялікая  — некалькі сяброў, жонка Ядзвіга і тры дачкі, для якіх пісаліся дзіцячыя ролі. Уладзіслаў Іосіфавіч быў яркім выканаўцам драматычных і характарных роляў: Авечка («Суд»), Сурынта («Пан Сурынта»), Гусак («Дыктатура» Мікіценка), Андрон («Мой сябар» Пагодзіна) і інш. Драматургічная, рэжысёрская і акцёрская творчасць У. Галубка з’яўляецца сувязным звяном паміж дарэвалюцыйным і савецкім беларускім тэатрам. Тэатр У. І. Галубка аб’ездзіў усю Беларусь, яго ведалі і любілі за зыркасць і самабытнасць, гумар і музыку, за сапраўды народны каларыт.

20 снежня 1928 года Уладзіславу Галубку было прысвоена званне народнага артыста БССР. Ён стаў трэцім народным дзеячам, пасля народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, першым народным артыстам Беларусі.

У пачатку 1930-х у вышэйшых эшалонах улады ўзнікла адчуванне «галавакружэння ад поспехаў», што дыялектычна непазбежна прыводзіла да «ўзмацнення класавай барацьбы», а мастакі, як «адказныя палітработнікі», павінны былі быць на пярэднім краі. У 1933 годзе Беларускі драматычны тэатр-3, які ў 1932 годзе зрабілі аседлым і перадыслацыравалі ў Гомель, ставіць п’есу «Белая зброя», якая расказвала аб шкодніцкай дзейнасці «ворага народа» на адным з заводаў. У 1935 годзе выходзіць апошняя п’еса У. Галубка «Рыкашэт».

У 1937 годзе БДТ-3 быў расфарміраваны. У жніўня 1937 года У. І. Галубок быў абвінавачаны ў нацыяналізме і арыштаваны. Пры вобыску забралі ўсе рукапісы, тэатральны рэквізіт, дэкарацыі, малюнкі. Пацярпела ўся яго сям’я. Дачку Багуславу адправілі ў калгас «перавыхоўвацца», малодшых сыноў выключылі з камсамола як дзяцей «ворага народа».

Уладзіслаў Іосіфавіч Галубок быў расстраляны 28 верасня 1937 года. Вярхоўным судом БССР пасмяротна рэабілітаваны 26 жніўня 1957 года.

Яго імем названы вуліцы ў Мінску i Баранавічах. У Слуцкім Доме культуры працуе народны тэатр імя У. Галубка. 26 жніўня 1990 года на радзіме ў в. Лясная адкрыты памятны знак, у мясцовай сярэдняй школе створаны музейны куток У. Галубка. У Мінску ў Траецкім прадмесці ў 1990 годзе адкрыта «Гасцёўня Уладзіслава Галубка», філіял Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі. 8–10 снежня 1995 года ў Баранавічах праводзіўся рэспубліканскі фестываль аматарскіх тэатраў «Гасціны ў Галубка».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Філіпава Яна Уладзіміраўна, бібліёграф

Творы У. І. Галубка

  1. Расстраляная літаратура : творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады / уклад.: Л. Савік [і інш.] ; прадм. А. Сідарэвіча ; камент. М. Скоблы, К. Цвіркі. – Мiнск : Кнiгазбор, 2008. – 692 с. – (Беларускi кнiгазбор). – Са зместу: Галубок У. Сярмяжнік ; Сын вёскі : апавяданне ; Усё аб тым жа. С. 45–51.

  2. Апошняе спатканне : вершы, апавяданні, п’есы : для сярэд. і ст. шк. узросту / Уладзiслаў Галубок. – Мiнск : Мастацкая лiтаратура, 2007. – 270 с. – (Бiблiятэка школьнiка).

  3. Язэпавы сыны : апавяданне / Уладзіслаў Галубок // Спадчына. 2002. № 1. С. 137–140.

  4. Пісаравы імяніны : [п’еса] / Уладзіслаў Галубок // Беларуская камедыя : [зборнiк]. Мiнск, 2000. С. 45–51.

  5. П’есы XIX – пачатку XX ст. : для сярэд. і ст. шк. узросту / склад. Я. Саламевич. – Мiнск : БелЭн, 1998. – (Школьная бiблiятэка). – Са зместу: Галубок У. На Купалле.

  6. Чакай, браце!.. ; Сярмяжнік ; Будучыня ; «Хачу мець зямельку і мру без работы…» ; Беларуская марсельеза : [вершы] / Уладзіслаў Галубок // Анталогія беларускай паэзіі : у 3 т. Мінск, 1993. Т. 1. С. 480–484.

  7. Творы : драматургiя, паэзiя, проза, публiцыстыка / Уладзiслаў Галубок ; уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. i камент. С. С. Лаўшука. – Мiнск : Мастацкая лiтаратура, 1983. – 607 с.

  8. Пісаравы імяніны : [п’еса] / Уладзіслаў Галубок // Беларуская дакастрычніцкая драматургія. Мінск, 1978. С. 515–530.

  9. П’есы / Уладзіслаў Галубок ; [пасляслоўе А. Атрошчанкі]. – Мінск : Беларусь, 1968. – 152 с. : іл. – (Б-ка беларускай драматургіі). – Змест: Суд ; Пісаравы імяніны ; Ганка.

 

Аб жыцці і дзейнасці У. І. Галубка

 

  1. Галубок (сапр. Голуб) Уладзіслаў Іосіфавіч / А. В. Сабалеўскі // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, Т. 2. С. 488–489.

  2. Уладзіслаў Галубок // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. Мiнск : Мастацкая літаратура, 1994. С. 118–119.

  3. Галубок Уладзіслаў / А. А. Майсейчык // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 2. С. 97–100.

  4. Галубок Уладзіслаў Іосіфавіч / А. В. Сабалеўскі // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 20–21.

  5. Валахановіч, А. Уладзіслаў Галубок: першы народны артыст БССР / Анатоль Валахановіч. – Мінск : Харвест, 2013. – 64 с. – (100 выдатных дзеячаў беларускай культуры).

  6. Атрошчанка, А. Уладзiслаў Галубок / Аляксей Атрошчанка. – Мінск : Навука i тэхнiка, 1969. – 146 с. : іл.

  7. Адхiнуўшы заслону часу... : успамiны пра Уладзiслава Галубка / пад рэд. Л. Александроўскай [i iнш.] ; склад. Г. Марук. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1979. – 128 с. : іл.

  8. Курков, И. Н. Театр белорусского Шекспира ; Забытая пьеса классика : [о пьесе В. Голубка «Пинская мадонна» (1927)] // Курков, И. Н. Брестчина: легенды, события, люди / И. Н. Курков. Минск, 2005. С. 213–219.

  9. Марціновіч, А. Зерне ад зерня : гісторыя ў асобах : эсэ, нарысы : [узгадваецца У. Галубок] / А. Марцiновiч. – Мiнск : Юнацтва, 1996. – 366 с. : іл.

  10. Карабанава, Л. В. Драматургiя Уладзiслава Галубка / Любоў Васільеўна Карабанава ; рэд. В. В. Барысенка. – Мiнск : Навука i тэхнiка, 1982. – 127 с.

  11. Рамановіч, Я. С. Знаёмыя сілуэты : старонкі ўспамінаў : [узгадваецца У. Галубок] / Яўген Рамановіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1974. – 158 с.

  12. Берасцень, С. Незабытны Галубок / Святлана Берасцень // ЛіМ. 2012. 18 мая (№ 20). С. 1.

  13. Врублеўская, Н. Яркі талент Уладзіслава Галубка / Н. Врублеўская // Наш край. Барановичи, 2012. 15 мая (№ 52). С. 1, 4.

  14. Антановіч, К. Дом Галубка : штрыхі да партрэта / Кастусь Антановіч // Культура. 2012. 12 мая (№ 19). С. 14.

  15. Рагаўцоў, В. Каламбуры ў п’есах Уладзіслава Галубка / В. Рагаўцоў // Роднае слова. 2012. № 5. С. 38–42.

  16. Шумская, К. Быў такі Артыст / К. Шумская // ЛіМ. 2011. 4 лістап. (№ 44). С. 19.

  17. Глазов, В. Владислав Голубок из Барановичей был первым Народным артистом БССР / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2011. № 3. С. 32.

  18. Шніп, В. А. Балада Уладзіслава Галубка : балада / В. А. Шніп // Проза і паэзія агню : вершы, аповесць, эсэ / В. А. Шніп. Мінск : Мастацкая літаратура, 2010. С. 70.

  19. Гарадніцкі, Я. А. Паэзія драматурга / Яўген Гарадніцкі // Маладосць. 2012. № 7. С. 74–78.

  20. Сабалеўскі, А. Тэатр Уладзіслава Галубка / Анатоль Сабалеўскі // Роднае слова. 2007. № 5. С. 76–80.

  21. Лаўшук, С. Паплечнік волатаў беларускай культуры / С. Лаўшук // ЛіМ. 2007. 28 снеж. (№ 52). С. 14.

  22. Макарцоў, М. Наш першы народны артыст : да 125-годдзя з дня нараджэння У. Галубка / Мiкалай Макарцоў // Культура. 2007. 19–25 мая. С. 14.

  23. Зарэцкая, В. З кагорты першых: да 125-годдзя Уладзіслава Галубка / Вера Зарэцкая // Народная трыбуна. 2007. 12 мая. С. 10.

  24. Варэнiк, Ж. Часу не сцерцi фарбаў : [пра ўрачыстасць да 120-годдзя з дня нараджэння У. Галубка ў Баранавіцкай раённай бiблiятэцы] / Ж. Варэнiк // Наш край. Барановичи, 2002. 15 июня. С. 5.

  25. Бур’ян, Б. Агністы шлейф чароўнага святла / Барыс Бур’ян // ЛіМ. 2002. 14 чэрв. (№ 23/24). С. 15.

  26. Завадская, І. Яму не было замены… /Ірына Завадская//Роднае слова. 2002. № 5. С. 7276.

  27. Ціхановіч, В. Уладзіслаў Галубок — мастак / Вольга Ціхановіч // Беларуская мова і літаратура ў школе. 2002. № 5. С. 76–86.

  28. Чыгір, Г. Вялікі перасмешнік : да 120-годдзя з дня нараджэння Уладзіслава Галубка / Г. Чыгрын // Народная газета. 2002. 17 мая. С. 14.

  29. Яскевич, С. Отыскать свою «папараць-кветку»не успел первый народный артист нашей республики : к 120-летию со дня рождения Владислава Голубка // Заря. 2002. 16 мая. С. 4.

  30. Каткова, Л. Невядомыя дакументы сям’і Голуба : [да 120-годдзя з дня нараджэння першага народнага артыста Беларусі У. Галубка] // Культура. 2002. 11–17 мая (№ 18). С. 14.

  31. Грынчанка, А.«Напісанае засталося, зробленае не забыта…» / Аксана Грынчанка // Intex-press. Барановичи, 2002. 16 мая. C. 4.

  32. Сакалова, І. Уладзіслаў Галубок : гадзіна беларускага мастацтва : (для старэйшага школьнага ўзросту) / І. Сакалова // Бібліятэка прапануе. 2000. № 1. С. 4–6.

  33. Смольскі, Р. Тэатр у прасторы часу : мастацтвазнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі, творчыя партрэты / Рычард Смольскі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1998. – 255 с. – Са зместу: У. Галубок. С. 195–200.

  34. Макарцоў, М. Галубок паклікаў у дарогі : [пра рэспубліканскі фестываль аматарскіх тэатраў «Гасціны ў Галубка»] / Мікалай Макарцоў // Тэатральная творчасць. 1996. № 3. С. 31–35.

  35. Шуканаў, М. Е. Міровіч і У. Галубок на Жлобіншчыне / М. Шуканаў // Новы дзень. Жлобін, 1995. 5 жн.

  36. Чыгрын, С. Уладзіслаў Галубок на слонімскай сцэне : [аб прэм’еры спектакля «Каханне з падманам» па п’есе У. Галубка «Ветрагоны» у Слонімскім народным тэатры імя У. Галубка, рэжысёр М. Варвашэвіч] / С. Чыгрын // Голас Радзімы. 1995. 27 крас. С. 6.

  37. Равуцкі, М. Дзякуй, Галубок! Да сустрэчы, Буйніцкі! : [пра рэспубліканскі фестываль аматарскіх тэатраў «Гасціны ў Галубка»] / М. Равуцкі // Культура. 1995. 20–26 снеж. (№ 48). С. 4–5.

  38. Замкавец, У. Жыццё і смерць Уладзіслава Галубка / У. Замкавец // Прысуд адменены. Брэст, 1993. С. 55–65.

  39. Память не расстрелять… : [в д. Лесная Барановичского района открыт памятный знак народному артисту БССР ВГолубку] / фото В. Яковенко // Заря. 1990. 27 сент.

  40. Бернат, М. Дзядзька Галубок / М. Бернат // Знамя коммунизма. Барановичи, 1990. 31 авг.

  41. Бернат, М. Нашчадкі помняць землякоў / М. Бернат // Знамя коммунизма. Барановичи, 1990. 28 авг.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2475 разоў Апошняя змена Аўторак, 21 Ліпень 2020 15:06