Панядзелак, 12 Чэрвень 2017 11:32

1 чэрвеня 2016 г. — 195 гадоў з дня нараджэння Івана Андрэевіча Качалава (1821–1884), генерал-лейтэнанта, каменданта Брэст-Літоўскай крэпасці (1876–1884)

Іван Андрэевіч Качалаў нарадзіўся 1 чэрвеня 1821 года. Паходзіў са старажытнага дваранскага роду Наўгародскай губерні. Качалавы валодалі маёнткам Хвалеўскае (цяпер у Валагодскай вобласці). Выхоўваўся ў Наўгародскім Андрэеўскім корпусе. 8 жніўня 1842 года ўзведзены ў прапаршчыкі Дваранскага палка.

 

У 1858 годзе Іван Качалаў пераведзены ў Арэнбургскую ваенную акругу. У 1860 годзе назначаны камандзірам крэпасной артылерыі ў форце Пяроўскі (з 1862 г. — гэта г. Пяроўск, з 1997 г. — г. Кызыларда, Казахстан). Удзельнічаў у паходах супраць Какандскага ханства, вызначыўся ў баях пры ўзяцці Яны-Кургана, Дзін-Кургана, Туркестана, Чымкента і Ніязбека. 29 красавіка 1865 года ў баі за крэпасць Ніязбек, якая была размешчана за 30 вёрст ад Ташкента, атрад І. А. Качалава, які складаўся з 9 рот і 12 гармат, узяў у плен 370 чалавек, захапіў 6 гармат, 7 фальканетаў, шмат ручной зброі. За гэтыя подзвігі І. А. Качалаў на працягу 1861–1865 гадоў атрымаў тры чыны і два ордэны. 6 лістапада 1864 года стаў генерал-маёрам.

З 1866 года І. А. Качалаў служыў памочнікам начальніка артылерыі Кіеўскай ваеннай акругі. Кіеўская акруга была створана ў 1862 годзе, уключала тэрыторыі Кіеўскай, Валынскай і Падольскай губерній. Непрацяглы час быў начальнікам артылерыі Казанскай ваеннай акругі. 30 жніўня 1876 года ўзведзены ў чын генерал-лейтэнанта і назначаны камендантам Брэст-Літоўскай крэпасці ў Гродзенскай губерні. На гэтай пасадзе ён змяніў генерал-лейтэнанта Рамеа Карнільевіча Ульрыха (1809–1884), які быў на чале крэпасці ў 1871–1876 гадах.

На пачатак 1870-х у Брэст-Літоўскай крэпасці меліся каля 750 гармат, у крэпасным палку служылі каля 90 штаб-афіцэраў і обер-афіцэраў, 3500 салдат. Крэпасць удасканальвалася ў адпаведнасці са змяненнем прад’яўляемых да яе патрабаванняў. У 1876 годзе ў паўднёвай частцы Кобрынскага ўмацавання было завершана будаўніцтва сводчатай артылерыйскай лабараторыі, на Валынскім — машыннага будынка для забеспячэння вадой шпіталя. Архітэктурным цэнтрам цытадэлі стала гарнізонная Свята-Мікалаеўская царква, будаўніцтва якой завершана ў 1878 годзе. Была ўдасканалена ваенна-водная сістэма: на рэках Мухавец і Заходні Буг і каналах былі пабудаваны шлюзы для рэгулявання ўзроўню вады.

У маі 1876 года прыбыла камісія пад старшынствам генерал-лейтэнанта М. М. Обручава для стратэгічнага агляду мясцовасці. Яна намеціла пункты для ўзвядзення вакол крэпасці асобных перадавых умацаванняў — фартоў. Але работы былі прыпынены з-за надыходзячай вайны з Турцыяй, усе сілы Расійскай імперыі былі кінуты на ўмацаванне абароны Чарнаморскага ўзбярэжжа. Два палкі 3-й пяхотнай дывізіі, якія размяшчаліся ў Брэст-Літоўску, у ліпені 1877 года выйшлі на Балканскі паход. У Брэст-Літоўску пачалося фарміраванне 50-га, 60-га і 76-га рэзервовых батальёнаў.

У 1978 годзе інжынерам генерал-лейтэнантам Канстанцінам Якаўлевічам Зверавым (1821–1890) былі канчаткова ўдакладнены месцы для гэтых умацаванняў. 18 лістапада 1878 года быў зацверджаны план узмацнення крэпасці перадавымі ўмацаваннямі. Намячалася пабудаваць 7 асобных фартоў на аддаленні 3–5 км ад агароджы крэпасці і 3–4 км адзін ад аднаго. Потым план быў скарэктаваны, было вырашана пабудаваць яшчэ два фарты: 8-ы паміж 1-м і 2-м, 9-ы паміж 2-м і 3-м фартамі. Агульны абвод крэпасці меркавалася мець працягласцю 30 км.

Будаўніцтва фартоў пачалося ў 1878 годзе. У 1880 годзе ў паўночным і паўночна-заходнім сектарах былі ўзведзены фарты 1-ы, 2-гі і 3-ці. У 1883 годзе было закончана будаўніцтва чацвёртага, адразу пачалося ўзвядзенне астатніх пяці. За дзесяць гадоў узведзены 9 фартоў. Гэта былі земляныя ўмацаванні з размяшчэннем артылерыі на валах і з невялікімі казематамі для асабовага складу. Кожны форт дазваляў размясціць гарнізон колькасцю да 250 чалавек і да 20 гармат. Форты 4–9 мелі вакол сябе равы, запоўненыя вадой.

Горад Брэст-Літоўск і крэпасць з’яўляліся для рускай арміі важнымі стратэгічнымі пунктамі з развітой сеткай чыгуначных дарог, якія вялі на Гродна, Варшаву, Холм, Кіеў, Маскву.

І. А. Качалаў памёр 26 кастрычніка 1884 года. Пахаваны на Гарнізонных могілках г. Брэста. На чале Брэст-Літоўскай крэпасці з 12 снежня 1884 года стаў генерал-лейтэнант Эраст Сцяпанавіч Цытовіч (1830–1898).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Брэсцкая крэпасць // Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi : у 6 т. Мiнск, 1994. Т. 2. С. 94–96.

  2. Абрамаў, У. А. Крэпасць Брэст-Літоўск у 18–19 ст. / У. А. Абарамаў // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 148–151.

  3. Бешанов, В. В. Брестская крепость : [история] / Владимир Васильевич Бешанов. – Москва : Яуза, 2010. – 349 с.

  4. Брестская крепость на ветрах истории / авт. концепции и текста А. М. Суворов ; под ред. В. В. Губаренко, Л. А. Цуприка. – Брест : Редакция журнала СЭЗ, 2004. – 151 с. : ил.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1362 разоў Апошняя змена Чацвер, 22 Красавік 2021 11:23