Пятніца, 16 Чэрвень 2017 09:26

14 чэрвеня 2017 г.  — 80 гадоў з дня нараджэння Васіля Андрэевіча Сычыка (1937), вучонага ў галіне радыётэхнікі і электронікі, акадэміка Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій

Васіль Андрэевіч Сычык нарадзіўся 14 чэрвеня 1937 года ў вёсцы Здзітава Пескаўскай гміны Косаўскага павета Палескага ваяводства (цяпер Спораўскага сельсавета Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у вялікай сям’і. Напачатку красавіка 1944 года сям’я ў складзе бацькі, Андрэя Антонавіча, маці, Алены Мікалаеўны, сясцёр Ганны і Веры, братоў Мікалая і Васіля была вывезена на прымусовыя работы ў Германію.

 

Пасля вайны Васіль Сычык закончыў Брэсцкі чыгуначны тэхнікум, у якім упершыню адчуў прыцяжэнне вынаходніцтва: прыдумаў новы арыгінальны варыянт аўтаблакіроўкі на перагоне паміж чыгуначнымі станцыямі. Затым паступіў на факультэт радыёэлектронікі Адэскага палітэхнічнага інстытута. У 1963–1965 гадах малады спецыяліст працаваў у Варонежскім навукова-даследчым інстытуце сувязі.

Яшчэ студэнтам Васіль Андрэевіч адчуў, што ёсць магчымасць рухацца наперад у навуцы. Былі цікавыя тэмы для даследавання, цікавыя напрамкі работы, і ён вырашыў паступіць у аспірантуру. У 1966–1969 гадах навучаўся ў аспірантуры Інстытута фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Акадэміі навук БССР. Працаваў у Мінскім радыётэхнічным інстытуце. У 1980 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю«Исследование свойств тонкоплёночных полупроводниковых гетероструктур из соединений AII BVI и разработка приборов на их основе».

Вучоным і даследчыкам аказвалі вялікую падтрымку, вылучалі фінансавыя сродкі на развіццё новай тэхнікі. Гэта дазваляла навукоўцу рабіць па тэме сваёй дысертацыі прыборы і абсталяванне, ствараць новыя метады неразбуральнага кантролю. Болей дзесяці гадоў Васіль Андрэевіч працаваў над доктарскай дысертацыяй «Даследаванне і распрацоўка метадаў і сродкаў неразбуральнага кантролю вырабаў электроннай тэхнікі на базе паўправадніковых пераўтваральнікаў выпраменьванняў».

На свае вынаходніцтвы В. А. Сычык атрымліваў аўтарскія пасведчанні і патэнты як пацвярджэнне навуковай навізны. За час працы над кандыдацкай дысертацыяй запатэнтаваў 12 вынаходак, над доктарскай — больш за 30. Абарона доктарскай дысертацыі праходзіла ў НДІ інтраскапіі (Масква). Вучоны савет падтрымаў яго аднагалосна, што бывае рэдка. У красавіку 1994 года ён стаў доктарам тэхнічных навук.

У 1996 годзе В. А. Сычыку прысвоілі званне прафесара. Працаваў на кафедры інфармацыйна-вымяральнай тэхнікі і тэхналогій, затым — на новай кафедры «Мікра- і нанатэхніка» Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Неўзабаве ён атрымаў вучонае званне акадэміка Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій (1996). У 2001 стаў акадэмікам Беларускай інжынернай акадэміі, а ў 2005 годзе за распрацоўку і ўкараненне новых відаў ваеннай тэхнікі яму прысудзілі званне акадэміка Расійскай акадэміі бяспекі і абароны правапарадку.

Аўтар манаграфіі, 10 вучэбных дапаможнікаў, 360 навуковых работ, болей за 140 вынаходніцтваў. Васіль Андрэевіч з’яўляецца аўтарам соцень распрацовак у галіне аднаўляльных крыніц энергіі, мікра- і радыёэлектронікі, метадаў і сродкаў неразбуральнага кантролю, тэхнікі спецыяльнага прызначэння абароннага характару і ў многіх іншых сферах. Распрацоўкі В. А. Сычыка ўваходзяць у абаронны комплекс. Ён стварыў новыя мадэлі верталёта, падводнага плавальнага апарата, авіякасмічных прылад, газадынамічных і электрамагнітных дынамічных гармат і многае іншае.

У 2006 г. за тэхнічныя распрацоўкі і па выніках вучэбна-метадычнай дзейнасці стаў членам-карэспандэнтам Міжнароднай інжынернай акадэміі, а ў лютым 2010 года, пасля таго, як прадставіў дадатковыя матэрыялы і публікацыі, за высокія навуковыя вынікі яму было прысуджана ганаровае званне акадэміка гэтай акадэміі. У 2009 годзе за распрацоўкі ў галіне транспарту В. А. Сычыкатрымаў званне акадэміка Міжнароднай акадэміі транспарту.

Акрамя навуковай дзейнасці, В. А. Сычык падрыхтаваў больш 10 кандыдатаў навук, стварыў школу наватараў, дзе яго вучні — дактары і кандыдаты навук — актыўныя вынаходнікі.

У вольны час Васіль Андрэевіч аддае перавагу зносінам з сябрамі, адпачынку на прыродзе, любіць музыку і захапляецца бардаўскай песняй. Жонка, Людміла Мікалаеўна, кандыдат тэхнічных навук, член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій. Два сыны, Ігар і Андрэй, кандыдаты тэхнічных навук.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Бярозаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Логіс Аляксандра Генадзьеўна, гал. бібліёграф

 

Навуковыя працы В. А. Сычыка

  1. Исследование свойств тонкопленочных полупроводниковых гетероструктур из соединений AII BVI и разработка приборов на их основе : автореферат диссертации… кандидата технических наук : 05.11.13 / В. А. Сычык ; Ин-т приклад. физики АН БССР. – Минск, 1980. – 20 с.

  2. Измерительные преобразователи излучений на основе полупроводниковых приборных структур / В. А. Сычик. – Минск : Вышэйшая школа, 1991. – 178 с. : ил., табл.

  3. Разработка и создание средств неразрушающего контроля бытовой электронной аппаратуры на основе полупроводниковых преобразователей излучений : автореферат диссертации… доктора технических наук : (05.11.13) / В. А. Сычик ; НИИ интроскопии. – Минск, 1993.

  4. Учебно-методическое пособие для выполнения лабораторных работ по дисциплине «Технология сборки полупроводниковых приборов и интегральных схем» для студентов специальности Т 06.02.00, 1-41 01 01 «Технология материалов и компонентов электронной техники» / В. А. Сычик, Г. В. Имбро ; Министерство образования Республики Беларусь, Белорусский национальный технический университет, Кафедра «Информационно-измерительная техника и технологии». – Минск : БНТУ, 2005. – 94 с.

  5. Технология сборки интегральных схем : конспект лекций по дисциплине «Технология сборки полупроводниковых приборов и интегральных схем» для студентов специальности 1-41 01 01 «Технология материалов и компонентов электронной техники» / В. А. Сычик. – Минск : БНТУ, 2014. – 305 с.

  6. Параметрическая оптимизация устройства ввода трехмерных координат / Сычик В. А., Рябков В. И. // Известия высших учебных заведений и энергетических объединений СНГ. Энергетика. 2005. № 6. С. 36–40.

  7. Концептуальная модель систем ЦОВРЛИ / Сычик В. А., Рябков В. И. // Проблемы создания информационных технологий : сб. науч. трудов / Международная академия информационных технологий. Москва, 2006. Вып. 14. С. 49–57.

  8. Моделирование процессов и систем управления подвижными объектами / Сычик, В. А., Рябков В. И. // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя фізіка-тэхнічных навук. 2006. № 4. С. 110–113.

 

Аб жыцці і дзейнасці В. А. Сычыка

 

  1. Сычык Васіль Андрэевіч// Память: историко-документальная хроника Берёзовского района / редкол.: В. В. Андриевич (гл. ред.) [и др.]. 2-е изд., перераб. и доп. Минск, 2014. С. 578–579.

  2. Сычик Василий Андреевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 7. С. 173.

  3. Сычык Васіль Андрэевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 15. С. 326.

  4. Сычик Василий Андреевич // Кто есть кто : доктора наук, профессора, заслуженные деятели науки и лауреаты премий Белорусской государственной политехнической академии : справочник. Минск, 2000. С. 103–104.

  5. Детство войны 1941–1945: живые свидетельства Беларуси / сост. Л. А. Александренко, К. И. Козак, Т. А. Кузьмичева. – Минск : Логвинов И. П., 2011. – 218 с. – Из содерж.: Сычик Василий Андреевич. С. 180.

  6. Сычик, В. А. Академик пяти академий / Василий Андреевич Сычик ; [беседовала] Маргарита Горовая // Маяк. Берёза, 2011. 2апреля. С. 4.

  7. Творчество — залог успеха :[о В. А. Сычике] / Изобретатель. 2007. № 6. С. 16–17.

  8. Академик родом из Здитова: [В. А. Сычик, уроженец Берёзовского района, избран академиком и действующим членом Академии проблем безопасности Российской Федерации] // Заря. 2006. 4 марта. С. 2.

  9. Розова, К. Академик из Здитова : В. А. Сычике] /Ксения Розова // Маяк. Берёза, 2006. 18 февраля. С. 1.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1646 разоў Апошняя змена Аўторак, 29 Верасень 2020 11:54