Панядзелак, 07 Жнівень 2017 09:16

17 студзеня 2017 г. – 90 гадоў з часу правядзення судовага працэсу над групай дзеячаў КПЗБ у г. Брэсце (1927)

Беларускі народ не мірыўся са сваім паднявольным становішчам, з акупацыяй Заходняй Беларусі і падзелам сваёй радзімы. На працягу доўгіх дваццаці гадоў ён вёў барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. У кастрычніку 1923 года была створана Брэсцкая акруговая арганізацыя КПЗБ. У розныя гады акругкам узначальвалі моцныя духам людзі, многія з якіх увайшлі ў гісторыю роднага краю, другія засталіся невядомымі.

 

Для падаўлення рэвалюцыйнага руху ў Польшчы была створана моцная паліцэйская служба і дэфензіва. У ноч на 7 лістапада 1925 года польскія ўлады правялі ў г. Брэсце-над-Бугам (цяпер Брэст) і навакольных вёсках масавыя арышты западозраных у рэвалюцыйнай дзейнасці. Каля 200 членаў КПЗБ і спачуваючых ім былі пасаджаны ў турмы. 31 камуніст прыцягнуты да судовай адказнасці, пятнаццаць месяцаў яны знаходзіліся пад следствам.

Пінскі акруговы суд правёў у Брэсце-над-Бугам, у будынку гарадскога суда, выязны працэс, які ўвайшоў у гісторыю як «працэс 31-го». Судовае пасяджэнне пачалося ў панядзелак, 10 студзеня 1927 года. Сярод падсудных В. З. Харужая, якую арыштавалі 15 верасня 1925 года ў Беластоку і перавялі ў Брэсцкую турму, З. Ф. Паплаўскі, Л. П. Герасімук, Ф. С. Строкач, Р. М. Каленік, М. Будзько, Х. Д. Шэрцман, А. Х. Раф, Ц. Стэмпель і інш. Усе яны абвінавачваліся ў прыналежнасці да КПЗБ, КСМЗБ — арганізацыям, якія, згодна заключэнню буржуазнай феміды, ставілі перад сабой мэту «скінуць польскую законную ўладу і ўстанавіць дыктатуру пралетарыяту».

Судовы працэс працягваўся восем дзён і стаў палітычным абвінавачваннем жорсткага паліцэйскага тэрору. Выкрыццё несправядлівага суда працягвалася ўсе дні яго пасяджэння. Падсудныя адказвалі толькі на беларускай мове, шакіравалі суддзяў заявай, што не спавядаюць ніякай рэлігіі, не прызнаюць суда, раскрывалі асобы «сведкаў» — звычайных шпікоў дэфензівы. Усе палітычныя выступленні ў судзе былі арганізаваны Верай Захараўнай Харужай, ёй жа, выдатнаму аратару, было даручана зрабіць прамову. Хая Шэрцман, упаўнаважаная ЦК КПЗБ, на судзе адмовілася адказваць на пытанні.

Партыйнае падполле ў тыя студзеньскія дні падтрымала шырокую кампанію салідарнасці з падсуднымі. Сотні жыхароў горада суправаджалі іх па дарозе ў суд, адкрыта выказвалі свае сімпатыі вязням. У той час у горадзе не існавала аўтамашын для перавозкі вязняў, іх гналі пешшу ў суправаджэнні коннай паліцыі. Паліцэйскім (канвой складаў болей 50 чалавек) прыходзілася кожны раз змяняць маршрут ад турмы да суда, але ўсякі раз вакол збіраліся вялікія натоўпы людзей, якія віталі В. З. Харужую і яе таварышаў.

Слуханне справы завяршылася 17 студзеня, але суддзі адклалі на два тыдні абвяшчэнне прыгавору. Зроблена гэта было з яўным намерам скрыць хібы ў судовай справе. З 31 падсуднага 20 суддзi былі вымушаны вызваліць па недаказаннасці віны, астатнія 11 былі асуджаны на 4–5 гадоў, В. З. Харужая была прыгаворана да 6 гадоў зняволення. Прыгавор падсудныя сустрэлі заклікамі «Далоў фашысцкі ўрад Пілсудскага!», спяваннем «Інтэрнацыянала». На вуліцы адбыліся сутычкі сабраўшыхся брэстчан з паліцыяй.

З радоў партыі былі вырваны значныя рэвалюцыянеры, дэфензіве ўдалося на некаторы час аслабіць работу КПЗБ на Брэстчыне. Але подзвіг змагароў прынёс папулярнасць арганізацыі, у яе былі прыняты 20 новых членаў. Матэрыялы працэсу 31-го захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці. У 1965 годзе на будынку суда (вул. Будзённага, 41) была ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Працэс 31-го // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 572.

  2. Ласковіч, В. П. Барацьба не сціхала : [аб працэсе 31-го] / В. П. Ласковіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 248–249.

  3. Процесс 31-го // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 313–314.

  4. Административное здание. Мемориальная доска Хоружей Вере Захаровне : [здесь проходил процесс 31-го] / Г. Б. Воткович, А. Н. Кулагин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 40–41.

  5. Адміністрацыйны будынак : [тут прайшоў працэс 31-го] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 34–35.

  6. Очерки истории Брестской областной партийной организации / Я. Я. Алексейчик, Г. А. Вайндрах, В. Ф. Вайц [и др.]. – Минск : Беларусь, 1989. – 448 с., [12] л. ил. – Из содерж.: Суд 1927 г. С. 61.

  7. Вера Харужая // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 258–259.

  8. Захар Філімонавіч Паплаўскі // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 256–257.

  9. Ласкович, В. П. ПодвигКоммунистической партии Западной Белорусссии (КПЗБ), 1919–1939 гг. : исторический очерк / В. П. Ласкович, В. В. Ласкович (Желанова). – Брест : Брестская типография, 2002. – 401 с. – Из содерж.: «Судебный процесс 31-го». С. 220–222.

  10. Геращенко, А. Несгибаемая Вера : о жизни и подвиге Веры Хоружей / Андрей Геращенко. – Минск : Беларуская Энцыклапедыя, 2015. – 47 с. – (История для школьников).

  11. Булацкий, Г. В. Вера Хоружая — революционер, публицист /Г. В. Булацкий, С. В. Талапина. Минск : Изд-во БГУ, 1973. – 95 с. : ил.

  12. Новиков, И. Г. Вера Хоружая / И. Г. Новиков. Москва : Издательство политической литературы, 1973. 159 с.

  13. Годы испытаний и мужества : [сб. воспоминаний бывших членов КПЗБ] / сост.: Н. С. Орехво, Н. С. Сташкевич. – Минск : Беларусь, 1973. – 416 с.

  14. Революционный путь Коммунистической партии Западной Белоруссии / Ин-т истории партии при ЦК КПБ, Филиал ин-та марксизма-ленинизма при ЦК КПСС.  Минск : Беларусь, 1966. – 403 с.

  15. Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР. Т. 1 (1921–1929) : документы и материалы / Архивное управление при Совете Министров БССР, АН БССР, Ин-т истории. – Минск : Госиздат, 1962. – 620 с.

  16. У суровыя гады падполля : успамiны былых членаў КПЗБ — актыўных удзельнiкаў рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусi. – Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1958. – 362 с.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1408 разоў Апошняя змена Серада, 11 Лістапад 2020 15:45