Аўторак, 22 Жнівень 2017 16:22

13 красавіка 2017 г. – 75 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Канстанцінавіча Нікалайчука (1942), урача, мастака

Канстанцін Канстанцінавіч Нікалайчук нарадзіўся 13 красавіка 1942 года ў вёсцы Шастакова Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і каваля. У школе вучыўся добра, закончыў школу з адной чацвёркай. З дзяцінства любіў маляваць, прыахвоціўся да партрэтнага жанру. Займаўся ў школьным гуртку выяўленчага мастацтва пад кіраўніцтвам настаўніка Пятра Казіміравіча Астроўскага.

 

З 1959 года Канстанцін Нікалайчук жыў у г. Брэсце, у мікрараёне «Граеўка». Наведваў у Брэсцкім Доме піянераў студыю выяўленчага мастацтва пад кіраўніцтвам мастака і педагога Міхаіла Сяргеевіча Талмачова. Канстанцін Нікалайчук марыў стаць мастаком, але па патрабаванні бацькі паступаў у Ленінградскую ваенна-медыцынскую акадэмію, дзе праваліў уступныя экзамены. Працаваў мастаком-афарміцелем у брэсцкіх кінатэатрах «Беларусь» і «Змена». Паступіў у Адэскае мастацкае вучылішча імя М. Б. Грэкава — адно са старэйшых мастацкіх вучылішч СССР. Закончыць вучобу не атрымалася, бо з трэцяга курса быў прызваны ў Савецкую армію, праслужыў тры гады ў санітарным батальёне.

Пасля дэмабілізацыі Канстанцін Нікалайчук не вярнуўся ў вучылішча, а вырашыў ісці ў медыцыну, паступіў у Сімферопальскі медыцынскі інстытут. Пасля заканчэння працаваў урачом у санаторыях г. Ялты (Крым), займаўся навуковай працай па праблемах кардыялогіі, напісаў 12 навуковых работ, удзельнічаў у сімпозіумах і канферэнцыях.

На радзіму К. К. Нікалайчук вярнуўся ў 1980 годзе, пасяліўся ў вёсцы Знаменка Брэсцкага раёна. Працаваў урачом функцыянальнай дыягностыкі, намеснікам галоўнага ўрача па лячэбнай рабоце санаторыя «Бярэсце». Клімата-бальнеалагічны санаторый адкрыты ў 1976 годзе, размешчаны ў хваёвым лесе, на беразе возера Рагазнянскае. Пасля курсаў павышэння кваліфікацыі ў Харкаве Канстанцін Канстанцінавіч працаваў урачом-псіхатэрапеўтам, дапамагаў людзям сілай сваёй энергетыкі і цеплынёй рук. Потым некаторы час быў школьным псіхолагам і настаўнікам малявання ў Знаменскай сярэдняй школе.

Усё жыццё К. К. Нікалайчук не расстаецца з пэндзлем і мальбертам, у вольны час займаецца маляваннем. Прафесійна валодае акварэллю і каляровымі алоўкамі, піша алейнымі фарбамі. Рабіў партрэты ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы, іншых людзей, што прыязджалі адпачываць у санаторый. Значнае месца ў яго творчасці займаюць нацюрморты і пейзажы, адной з любімых тэм з’яўляюцца коні. Удзельнік шматлікіх мастацкіх выстаў, аўтар многіх персанальных выстаў.

У красавіку 2000 года ў Брэсцкім абласным інстытуце павышэння кваліфікацыі работнікаў адукацыі была адкрыта персанальная выстава акварэльнага жывапісу К. К. Нікалайчука, на якой былі прадстаўлены каля 100 карцін. Гледачы асабліва адзначылі цыклы «Гэты Дзень Перамогі», «Салдацкія ўдовы», партрэт М. С. Талмачова і аўтапартрэт, вобразы родных — бацькі, бабулі і дзеда. Найбольш на выставе было партрэтаў простых людзей, нашых сучаснікаў, розных па прафесіі.

У пейзажах мастака лёгка пазнаць родныя яму краявіды. Ад сузірання жывапісных твораў К. К. Нікалайчука ахоплівае пачуццё ціхага суму і па мінулым леце, і па палявых і лясных сцяжынках, беразняках і сасонніках. У храме прыроды мастак з’яўляецца нястомным працаўніком, які адлюстроўвае свой след на зямлі з дапамогай пэндзля і фарбаў. Яго мастакоўскія «лекі» дораць людзям добры настрой, дапамагаюць заўважаць прыгажосць вакол сябе.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Валасюк, Л. Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2014. – 283 с. : iл. – Са зместу: Тэрапія алейнымі фарбамі : пра К. К. Нікалайчука. С. 138–139; Нікалайчук Канстанцін Канстанцінавіч : біягр. звесткі. С. 272.

  2. Николайчук, К.К. Применение пневмомассажа в комплексном санаторно-курортном лечении больных хроническим бронхитом / К. К. Николайчук // Здравоохранение Белоруссии. 1981. № 4. С. 65–66.

  3. Николайчук, К.К. Капнография в оценке дыхательной функции больных хроническими неспецифическими заболеваниями легких при санаторно-климатическом лечении / К. К. Николайчук // Здравоохранение Белоруссии. 1978. № 5. С. 17–19.

  4. «Берестье», климато-бальнеологический санаторий : [здесь работал К. К. Николайчук] // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 91.

  5. Шалькевич, Б.В. Курорты и места отдыха Белоруссии / Б. В. Шалькевич, Л. Х. Хасин. – Минск : Полымя, 1984. – 160 с. : ил., [8] л. ил. – Из содерж.: «Берестье». С. 80–81.

  6. Машнова, В. Цеплыня гаючых рук : [пра ўрача і мастака К. К. Нікалайчука] / Вольга Машнова // Народная трыбуна. 2014. 24 студзеня (№ 4). С. 11.

  7. Петрушин, Г. Учитель рисования : [о враче и художнике К. К. Николайчуке] / Григорий Петрушин // Заря над Бугом. Брест, 2001. 28 марта. С. 4.

  8. Борисюк, В. Радость жить и творить : [о художнике К. К. Николайчуке и его выставке в Брестском институте повышения квалификации специалистов образования] / Владимир Борисюк // Заря над Бугом. Брест, 2000. 6 мая. С. 4.

  9. Квир, А. Повесть о земляках : [о выставке акварелей К. К. Николайчука в кинотеатре «Беларусь» г. Бреста] / А. Квир // Сельская газета. 1986. 12 сентября.

  10. Полесский, А. Повесть о земляках : [о выставке акварелей К. К. Николайчука, врача санатория «Берестье», в кинотеатре «Беларусь» г. Бреста] / А. Полесский // Заря. 1984. 6 октября.

  11. Кулин, В. Второе призвание : [о выставке акварелей К. К. Николайчука, врача санатория «Берестье», в кинотеатре «Беларусь» г. Бреста] / В. Кулин, Л. Волосюк // Заря. 1984. 3 августа.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1455 разоў Апошняя змена Чацвер, 08 Кастрычнік 2020 16:26