Аўторак, 17 Кастрычнік 2017 10:39

30 кастрычніка 2017 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Васіля Мікалаевіча Сабалеўскага (1932–2000), мастака

Васіль Мікалаевіч Сабалеўскі нарадзіўся 30 кастрычніка 1932 года ў вёсцы Ліпна Брэсцкага павета Палескага ваяводства (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Вучыўся ў Мікалаеўскай пачатковай, затым — у Камянецкай сярэдняй школе. У 1950 годзе паступіў у Ленінградскае мастацка-графічнае педагагічнае вучылішча, якое скончыў з адзнакай у 1954 годзе. Вучыўся ў Р. І. Арлоўскага, А. Е. Мардзвінавай. Дыпломная работа — карціна «Першая баразна».

 

Пасля заканчэння вучылішча Васіль Сабалеўскі быў накіраваны настаўнікам малявання ў Ерцаўскую сярэднюю школу Конашаўскага раёна Архангельскай вобласці. З 1955 года працаваў мастаком мастацкай майстэрні ў г. п. Камянцы Брэсцкай вобласці. З 1957 года жыў у Брэсце, працаваў у мастацка-вытворчай майстэрні.

З 1957 года ўдзельнічаў у абласных і рэспубліканскіх мастацкіх выставах. Удзельнічаў у міжнародных мастацкіх пленэрах у Польшчы: у Казіміж-Дольным (1974) і Грабунах (1987), абменных пленэрах у Любліне, Фальштыне, Катавіцах. Двойчы прымаў удзел у сумесных выставах з нямецкімі мастакамі ў гарадах Вольфеге і Равенсбургу (Германія).

В. М. Сабалеўскі з 1964 года з’яўляўся членам Саюза мастакоў СССР. Быў цалкам адданы творчай і грамадскай працы. З 1964 па 1995 год займаў пасаду старшыні Брэсцкай абласной арганізацыі Саюза мастакоў БССР і шмат зрабіў для яе станаўлення і развіцця, стаяў ля вытокаў наладжвання міжнародных сувязей з мастакамі краін-суседак. Адначасова выбіраўся членам прэзідыума і членам праўлення Саюза мастакоў БССР. За сваю актыўную творчую і грамадскую дзейнасць неаднаразова заахвочваўся ганаровымі граматамі Саюза мастакоў Беларусі, Брэсцкага аблвыканкама.

Працаваў пераважна ў жанры тэматычнага пейзажа. Работы Васіля Мікалаевіча выкананы алеем, пастэллю, акварэллю, у тэхніцы маркетры, у станковым жывапісе. У аснову творчасці мастака лягла вялікая любоў да роднай зямлі, да свайго краю, да беларускай прыроды. Яго творам уласцівы ўраўнаважанасць кампазіцыі, трактоўка формы шырокімі мазкамі, эмацыянальнасць у перадачы колеравага багацця прыроды.

Асноўныя творы мастака: «Лістападаўскі дзень» (1958), «Зямля» (1960), «Аэрадром у гарах» (1964), «Ранняя вясна» (1968), «Бэзавая квецень» (1969), «Зімовы вечар» (1971), «Асеннія далі» (1972), «Дарогі» (1975), «Свята Кастрычніка» (1976), «Восень на возеры Меднае» (1977), «Восень на рацэ Лясная» і «Апошняе лісце» (1982), «Ветраны дзень» і «Восень» (1984), «Апошні снег» (1985), «Май. Рака Лясная». У 1989–1993 гадах Васіль Мікалаевіч напісаў шмат пейзажаў у Польшчы, Венгрыі, Германіі.

Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у фондах Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, у экспазіцыі Мастацкага музея Брэста, у мастацкіх галерэях і прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Германіі, Венгрыі, Англіі, ЗША, Італіі.

В. М. Сабалеўскі памёр 12 студзеня 2000 года. Пахаваны на Мікалаеўскіх могілках каля в. Ліпна Камянецкага раёна. 30 кастрычніка 2003 года ў Мастацкім музеі г. Брэста прайшоў вечар памяці мастака, была адкрыта выстава жывапісу «Я повторю тебя в картинах».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

  1. Соболевский ВасилийНиколаевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 353–354.

  2. Васіль Сабалеўскі : [«Стагi ўзiмку»] // Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог / [аўт.-склад. М. П. Кузьміч]. Брэст, 2010. С. 100–101.

  3. Василий Соболевский : [«Белые астры»] // Художники Брестчины : альбом-каталог. Минск, 2002. С. 108–109.

  4. Сабалеўскі Васіль Мікалаевіч : [«Лугавыя кветкі»] // Беларускі саюз мастакоў, 1938–1998 : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 473.

  5. Василий Соболевский : [«Выпал снег»] // Художники Брестчины : альбом-каталог / Белорусский Союз художников ; [авт.-сост.: Крепак Б., Грищук А., Коньков М.].Минск, 1997.С. 8687.

  6. СоболевскийВасилий Николаевич : [«Аэродром в горах»] // Художники Советской Белоруссии. Минск, 1976. С. 324.

  7. Сабалеўскі Васіль // Слоўнік Камянеччыны : [рукапіс] / Георгій Мусевіч. Камянец, 2010. С. 80.

  8. Сабалеўскі Васіль Мікалаевіч // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 511.

  9. Сабалеўскі Васіль Мікалаевіч : [«Апошнi снег»] / І. М. Шалянкова // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 593.

  10. Валасюк, Л. Восеньскі ўспамін пра Васіля Сабалеўскага : [«Стагі ўзімку», «Белыя кветкі», «Выпаў снег»] // Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст, 2014. С. 36–37.

  11. Нарэйка, Н. Патрыярх лірычнага пейзажа / Н. Нарэйка // Навіны Камянеччыны. 2012. 3 лістапада. С. 17.

  12. Валасюк, Л. Асеннія далі Васіля Сабалеўскага / Л. Валасюк // Народная трыбуна. 2012. 26 кастрычніка. С. 12.

  13. Валасюк, Л. Восеньскі ўспамін : 30 кастрычніка творчая грамадскасць Берасцейшчыны адзначыць 75-годдзе з Дня нараджэння вядомага мастака Васіля Сабалеўскага / Лявон Валасюк // Народная трыбуна. 2007. 27 кастрычніка. С. 12.

  14. Новік, Г. На вясковых ростанях : [пра мастака В. М. Сабалеўскага з в. Ліпна] / Галіна Новік // Навіны Камянеччыны. 2005. 13 красавіка.С. 3.

  15. Тиборовская, Т. «Я повторю тебя в картинах» / Т. Тиборовская // Беларускi час. 2003. 21 лiстапада. С. 19.

  16. Капачова, А. «Каб надзеi, як птушкi луналi ў душы...» : [пра выставу жывапiсу В. Сабалеўскага (1932–2000) у Мастацкiм музеi г. Брэста] / Алена Капачова // Народная трыбуна. 2003. 8 лiстапада.

  17. Александров, Н. Распахнутая перспектива полотен Василия Соболевского : [в Художественном музее г. Бреста] / Николай Александров // Брестский курьер. 2003. 30 октября (№ 44). С. 24.

  18. Ушел художник… : [памяти В. Н. Соболевского] // Вечерний Брест. 2000. 14 января. С. 1.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1414 разоў Апошняя змена Чацвер, 29 Кастрычнік 2020 10:52