Пятніца, 17 Лістапад 2017 14:19

30 лістапада 2017 г. — 125 гадоў з дня нараджэння Платона Васілевіча Саевіча (1892–1956), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, дзяржаўнага дзеяча

Платон Васiлевiч Саевiч нарадзiўся 30 лiстапада 1892 года ў вёсцы Раматова Брэсцкага павета (цяпер Старое Раматова Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласцi) у сялянскай сям’i. Вучыўся ў народным вучылiшчы ў суседняй в. Велiкарыце. У 1907 годзе паступіў у Свiслацкую настаўнiцкую семiнарыю, дзе стаў адным з лепшых вучняў. Пасля заканчэння семінарыі ў 1911 годзе настаўнiчаў у в. Рыбнае Кобрынскага павета.

 

У 1913 годзе Платон Саевіч быў прызваны ў Рускую армiю. Пачынаў службу сувязiстам у сапёрным батальёне, якi размяшчаўся ў Брэсцкай крэпасцi. Служыў у Дзвінску (цяпер Даўгалпілс), у 8-й тэлеграфнай роце. У час службы пазнаёміўся з ідэямі класавай барацьбы, горача падтрымаў рэвалюцыйны рух.

У маі 1917 года П. В. Саевіч стаў членам РСДРП(б). Удзельнiк Кастрычнiцкай рэвалюцыi ў Вiцебскай губернi, камiсар Дзвiнскага чыгуначнага вузла. З чэрвеня 1918 года на савецкай рабоце ў г. Барысаглебску Тамбоўскай губернi, у лiпен— дэлегат Усерасiйскага з’езда бежанцаў-беларусаў у Маскве. З сакавiка 1919 года — у Чырвонай армii, камiсар сувязi на Паўднёвым i Каўказскiм франтах. У 1921 годзе П. В. Саевiч быў залiчаны студэнтам у Камунiстычны ўнiверсiтэт iмя Я. М. Свярдлова (Масква), якi закончыў у 1924 годзе, накiраваны на партыйную работу ў Нiжагародскую губерню, быў сакратаром Сормаўскага, затым — Дзяржынскага райкамаў у г. Горкім.

З канца 1926 года П. В. Саевiч працаваў у Беларусі: дэкан рабфака i рэктар Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii, рэктар Камунiстычнага ўнiверсiтэта Беларусi. Член ЦВК БССР (1929–1931), ЦК КП(б)Б (1932–1934). З красавiка 1932 года — дырэктар Iнстытута гiсторыi партыii Кастрычнiцкай рэвалюцыi пры ЦК КП(б)Б. З мая 1933 года — загадчык кафедры Вышэйшай камунiстычнай сельскагаспадарчай школы Беларусi. З 1939 года  выкладчык партыйных курсаў пры ЦК КП(б)Б.

У час Вялiкай Айчыннай вайны П. В. Саевіч адмовіўся ад броні, папрасіўся на фронт, знаходзіўся ў дзеючай арміі: камiсар палка, начальнік палітаддзела 269-й стралковай дывізіі, намеснiк начальнiка палiтупраўлення Паўночнага фронту, начальнiк палітаддзела Карэльскага фронту. Быў палiтычным саветнiкам дэлегацыi ў савецка-амерыканскай камiсii па Карэi. Дэмабілізаваны летам 1946 года, вярнуўся ў Беларусь.

У 1946 годзе працаваў у ЦК КП(б)Б. У 1947–1951 гадах — мiнiстр асветы БССР. Член ЦК КП(б)Б (1949–1951). Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР (1950–1951). Узнагароджаны ордэнамi Ленiна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I ступенi, Чырвонай Зоркi, медалямi. Аднак плённая работа П. В. Саевіча была перапынена.

Па ўказанні міністра дзяржбяспекі БССР Л. Ф. Цанавы 14 мая 1951 года П. В. Саевiча выключылі з партыі, знялі з пасады міністра. 16 мая ён быў неабгрунтавана арыштаваны, абвінавачаны ў шпіянажы, нацыяналізме, контррэвалюцыйнай дзейнасці. 28 лiстапада таго ж года трыбуналам Беларускай ваеннай акругі прыгавораны да 25 гадоў выпраўленча-працоўных лагераў. Знаходзіўся ў Азёрлагу пад г. Тайшэтам Іркуцкай вобласці. Ваенная калегія Вярхоўнага суда перагледзела справу П. В. Саевіча і 13 сакавіка 1954 года адмяніла прыгавор, а 5 жніўня яго следчая справа была спынена. Платон Васілевіч быў вызвалены, цяжка хворым чалавекам вярнуўся ў Мiнск. Яго рэабілітавалі і аднавілі ў партыі.

Платон Васiлевiч Саевiч памёр 28 верасня 1956 года, пахаваны на Ваенных могілках у Мiнску. У 2004 годзе яго імя нададзена Велiкарыцкай сярэдняй школе Маларыцкага раёна. На будынку школы ўстаноўлена памятная дошка: «Это здание построено в 1953 году при активном содействии бывшего Министра просвещения БССР, уроженца Малоритского района, Платона Васильевича Саевича». Пры школе створаны музейны пакой, у якім захоўваюцца дакументы і рэчы П. В. Саевіча, якія перадалі дачка Зінаіда Платонаўна Саевіч (1927–2011) і стрыечны пляменнік П. В. Саевіча, Канстанцін Фёдаравіч Саевіч, прафесар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Маларыцкай цэнтральнай раённай бiблiятэкай. Кучына Галiна Уладзiмiраўна, заг. аддзела бiблiятэчнага маркетынгу

 

 

  1. Саевіч Платон Васілевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 80.

  2. Саевич Платон Васильевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 330.

  3. Саевич Платон Васильевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2008. Т. 6. С. 558.

  4. Саевіч Платон Васілевіч / Павел Лапец // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 203.

  5. Саевіч Платон Васілевіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 531.

  6. Саевіч Платон Васілевіч / К. Ф. Плахотнікава // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 9. С. 314.

  7. Саевич Платон Васильевич // Беларусь: созвездие политических имён : историко-биогр. Справочник / Э. А. Корнилович. Минск, 2010. С. 169.

  8. Саевич, П. В. Народное образование в БССР / П. В. Саевич ; Общество по распространению политических и научных знаний Белорусской ССР. – 2-е доп. изд. – Минск : Госиздат БССР, 1950. – 37, [1] c.

  9. Саевич, П. Народное образование БССР за 30 лет : стеногр. публ. лекции, прочитанной в декабре 1948 г. в г. Минске / П. Саевич ; Общество по распространению политических и научных знаний Белорусской ССР. –Минск : Госиздат БССР, 1948. –46, [1] с.

  10. Почанин, С.«Партия должна знать всё» / Степан Почанин // Правда истории: память и боль / сост. Н. М. Жилинский. Минск, 1991.
    С. 91–112. Из содерж.: О П. В. Саевиче. С. 105–110.

  11. Орлов, И. М. О вас, фронтовые товарищи : [упомянут П. В. Саевич] / Иван Михайлович Орлов. Москва : Издательство ДОСААФ, 1970. – 190 с. – Из содерж.: Ученый, партии боец. С. 40–54 ; фото П. В. Саевича и М. И. Смирнова, 1943 г. С. 43.

  12. Навумчык, М. І. Музейны пакой наркома асветы БССР : [у Велікарыцкай СШ імя П. В. Саевіча] / Мікалай Навумчык ; фота Алега Крэмянеўскага і з архіва школы // Голас часу. Маларыта, 2017. 12 ліпеня. С. 4.

  13. Маркаў, В. Няхай ззяюць ва ўсе часы іх імёны : [звесткі аб людзях, імёнамі якіх названы вуліцы нашага горада і вёсак раёна] // Голас часу. Маларыта, 2015. 23 верасня. C. 8.

  14. Мощик, С. Юбилей с фейерверком : [о праздновании 60-летия Великоритской СШ им. П. В. Саевича] / Сергей Мощик // Вечерний Брест. 2013. 6–8 ноября. С. 2.

  15. Скакун, Н. Няхай добрай і доўгай будзе памяць : сёння Зінаідзе Платонаўне Саевіч (1927–2011) споўнілася б 85 гадоў : [пра дачку П. В. Саевіча, яе прыезд у Велікарыцкую СШ у 2007 г.] / Ніна Скакун // Голас часу. Маларыта, 2012. 31 сакавіка. C. 7.

  16. Иоффе, Э. Ирония чистосердечного признания : [о П. В. Саевиче] / Эммануил Иоффе // Советская Белоруссия. 2011. 13 октября.

  17. Мощик, С.Подарок от министра : в Малоритском районе помнят земляка, бывшего министра просвещения Платона Саевича : [о празднике к 115-летию со дня рождения П. В. Саевича в Великоритской СШ] / Сергей Мощик // Вечерний Брест. 2007. 23 ноября. С. 5.

  18. Максiмук, С. «Я рада, што iмя майго бацькi носiць такая годная школа», — сказала на юбілейнай сустрэчы дачка Платона Васільевіча Саевіча : [пра свята да 115-годдзя з дня нараджэння П. В. Саевiча ў Велікарыцкай СШ] / Святлана Максімук ; фота Алега Крэмянеўскага // Голас часу. Маларыта, 2007. 24 лiстапада. С. 2.

  19. Пятковский, С. Возвращение в Минск : [о Зинаиде Платоновне Саевич, дочери П. В. Саевича] / Сергей Пятковский // Вечерний Минск. 2005. 2 мая.

  20. Саладков, И.Противостояние : [о П. В. Саевиче] / И. Саладков, П. Лапец // Коммунист Белоруссии. 1989. № 5. С. 24–28.

  21. Замскі, М. Лаўрэнцій другі : [пра Л. Ф. Цанаву; узгадваецца справа П. В. Саевіча] / Міхась Замскі // ЛіМ. 1988. 25 сакавіка (№ 13).
    С. 14–15.

  22. Асмалоўскі, У. П. Вучоны, партыі баец : да 95-годдзя з дня нараджэння П. В. Саевіча / Уладзімір Пятровіч Асмалоўскі // Сельскае жыццё. Маларыта, 1987. 28 лістапада.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1525 разоў Апошняя змена Панядзелак, 30 Сакавік 2020 15:50