Пятніца, 17 Лістапад 2017 14:24

14 кастрычніка 2017 г. — 205 гадоў з дня нараджэння Паўлюка Багрыма (1812–1891), паэта, таленавітага каваля, імя якога нададзена Крошынскаму музею народнай творчасці і рамёстваў (Баранавіцкі р-н)

Паўлюк (Павел Іосіфавіч) Багрым нарадзіўся 14 кастрычніка 1812 года ў мястэчку Крошын Навагрудскага павета (цяпер аграгарадок Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і слесара, каваля, у якога было сямёра дзяцей. Пачатковую адукацыю атрымаў у Крошынскай рымска-каталіцкай парафіяльнай школе. Дзякуючы ксяндзу Войцэху Магнушэўскаму, чалавеку высокай адукацыі і культуры, апекуну школы, Паўлюк шмат чытаў, захапляўся мастацкай літаратурай, асабліва паэзіяй, рана пазнаёміўся з творамі Гамера і Эзопа, якія ўразілі яго прыгажосцю вершаскладання і гуманізмам.

 

Пад уплывам фальклору і свабодалюбівай паэзіі Ю. Нямцэвіча і К. Нарушэвіча Паўлюк Багрым сам стаў пісаць вершы, у якіх гучалі любоў да радзімы, прыроды, людзей, боль за іх нялёгкае жыццё пры паншчыне і імкненне да свабоды. Для юнага паэта не былі абыякавымі сялянскія хваляванні, якія адбыліся ў роднай вёсцы ў 1828 годзе, тады 37 чалавек былі аддадзены пад суд. Ён адгукнуўся на гэтыя падзеі ў сваіх вершах.Аднавяскоўцам чытаў таксама забароненыя вершы іншых аўтараў. Жандары знайшлі ў пятнаццацігадовага П. Багрыма ананімны верш «Размова хлопаў» (цяпер лічаць яго аўтарам Яна Баршчэўскага), які палічылі «падбухторваючым», за гэта падлетак быў пад следствам.

У ХХ ст. вакол імя самабытнага паэта Паўлюка Багрыма з’явілася шмат легенд і міфаў. Паводле распаўсюджанай легенды ён за дэкламацыю вершаў супраць прыгоннага закона быў здадзены ў рэкруты і прайшоў доўгі і нялёгкі шлях вайсковай службы. Вярнуўшыся, працаваў кавалём у роднай вёсцы.

Дакладна вядома, што Паўлюк Багрым у 1864 годзе ажаніўся, у яго нарадзіліся два сыны і дачка. Да канца жыцця працаваў кавалём. Пра яго майстэрства сведчыць вялікая прыгожая выкаваная ім люстра (жырандоля), якая да гэтага часу знаходзіцца ў Крошынскім каталіцкім касцёле — на круглай раме жаўрукі ў імклівым палёце і бутоны кветак, якія вось-вось зацвітуць. Над яе стварэннем майстар працаваў некалькі гадоў, закончыў у 1881.

З яго творчай літаратурнай спадчыны захаваўся толькі адзін верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы...», які быў напісаны ў юнацкім узросце і надрукаваны ва ўспамінах навагрудскага адваката Ігнацыя Яцкоўскага (1795–1873) «Powieść zczasumojego, czyliPrzygodyLitewskie» («Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды». Лондан, 1854; Познань, 1858). Верш кранае сілай пратэсту супраць прыгону, вызначаецца яркім народна-песенным каларытам, лічыцца шэдэўрам беларускай лірыкі ХІХ ст.

Павел Іосіфавіч Багрым памёр у 1891 годзе, быў пахаваны ў роднай вёсцы на могілках ля касцёла. На магіле ў 1968 годзе быў устаноўлены помнiк, у 1988 заменены на новы (мастак Сымон Свістуновіч).

Імя Паўлюка Багрыма стала шырока вядома ў прагрэсіўным беларускім асяроддзі з 1910-х гадоў. Першым пра яго напісаў Вацлаў Ластоўскі ў артыкуле «Пятрок з Крошына» (Наша нiва. 1911. 28 лiпеня). У нацыянальнай свядомасці беларусаў паэт і цяпер застаецца зоркай. Постаць Паўлюка Багрыма трагічная, як і гістарычны лёс беларускай нацыі. Яго адзіны верш вывучаўся па школьнай праграме. Яму прысвечаны вершы, паэмы, проза, драмы, карціны. Народны мастак БССР Заір Азгур стварыў бюст — выяву паэта і каваля (1964). У 1994 г. выйшаў зборнік матэрыялаў «Паўлюк Багрым». На сённяшні дзень даследчыкі шмат зрабілі для выкрыцця белых плям багрымазнаўства.

14 верасня 1985 года падчас абласнога свята паэзіі ў Крошынскай сярэдняй школе адкрыты музей народнай творчасці і рамёстваў імя П. Багрыма. 14 лістапада 1992 года ў Крошыне было праведзена рэспубліканскае свята паэзіі, прысвечанае 180-годдзю з дня нараджэння П. Багрыма. У Крошыне ёсць вуліца Багрыма, а ў 2005 годзе ў мікрараёне Бараўкі г. Баранавiчы адна з вуліц таксама названа ў яго гонар. У 2012 годзе ў Крошыне адбылося свята з нагоды 200-годдзя з дня нараджэння П. Багрыма.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Філіпава Яна Уладзіміраўна, бібліёграф

 

 

  1. Багрым Паўлюк // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 2. С. 209.

  2. Багрым Паўлюк // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2010. Т. 1. С. 399.

  3. Багрим Павлюк // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 31.

  4. Багрым Паўлюк / А. Мальдзіс // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 1. С. 274.

  5. Паўлюк Багрым (1812–1891) // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 103–107.

  6. Костёл : [здесь хранится люстра работы П. Багрима] / А. Н. Кулагин.Могила Багрима Павлюка Осиповича / А. И. Мальдис // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 98.

  7. Багрим Павлюк // Их именами названы… : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 45.

  8. Багрым Паўлюк / А. І. Мальдзіс // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 258.

  9. Ненадавец, А. М. Паўлюк Багрым: «Зайграй, зайграй, хлопча малы...» / Аляксей Міхайлавіч Ненадавец. – Чарнігаў : Всесвіт, 2015. – 54 с. – Змест: Уводзіны ; Дзяцінства ; Бунт у Крашыне ; «Зайграй, зайграй, хлопча малы...» ; Ці быў Багрым у салдатах? ; Каваць — не перакаваць ; Літаратурная спадчына ; На роднай зямлі ; Заключэнне.

  10. Маліноўскі, М. Павел Іосіфавіч Багрым (Паўлюк Багрым) : легенды, праўда, загадкі / Міхась Маліноўскі. – Баранавічы : [б. в.], 2006. – 128 с.

  11. Паўлюк Багрым : [зборнік] / уклад.: В. Ляшук, А. Майсейчык ; прадм. i рэд. А. Сабалеўскага. – Мінск : Навука і тэхніка, 1994. – 256 с.

  12. Багрым, П. Зайграй, зайграй, хлопча малы… : [верш] / Паўлюк Багрым // Беларуская дзіцячая літаратура. Хрэстаматыя : вучэбны дапаможнік / аўт.-уклад. М. Ф. Шаўлоўская. Мінск, 2003. С. 79 ; Згукі Бацькаўшчыны : зборнік / уклад. У. М. Казбярук. Мінск, 1997. С. 183–184.

  13. Віцьбіч, Ю. «Маці тужыць, сястра плача...» : [пра П. Багрыма] // Наша спадчына прамаўляе / Юрка Віцьбіч. Мiнск, 2015. С. 220–224.

  14. Валчок, Н. Мастацкая праекцыя асобы Паўлюка Багрыма ў паэме Венанцы Бутрыма «Ліра і горан» / Н. Валчок // Духоўнае самавызначэнне асобы ў сучасным свеце : памяці Я. Янішчыц. Брэст : БрДУ, 2015. С. 39–42.

  15. Ермоленко, В. А. Трагедия Крошинского парка : [о Павлюке Багриме] // 400 имен : жизнеописания видных деятелей истории и культуры Гродненщины (с древнейших времен до начала ХХ века) / В. А. Ермоленко, В. Н. Черепица. Гродно, 2014. С. 201–204.

  16. Янушкевіч, Я. «А ў маскалях трудна жыці...» : Багрым-Крашын-Яцкоўскі — неўміручасць : да 200-годзьдзя Паўлюка Багрыма і 570-годзьдзя Крашына / Язэп Янушкевіч. – Ракаў : [б. в.], 2012. – 19, [2] с., [2] л. іл.

  17. Хаўстовіч, М. «Заграй, заграй, хлопча малы...»: праблема аўтарства / Мікола Хаўстовіч // Новае слова ў беларусістыцы. Літаратуразнаўства і фалькларыстыка : матэрыялы V Міжнароднага кангрэса беларусістаў «Новае слова ў беларусістыцы» (20–21 мая 2010 г.). Мінск, 2012. С. 250–259.

  18. Мішчанчук, М. І. Лёс чалавечы — лёс народны: Паўлюк Багрым : (сачыненне-эсэ) // Беларуская літаратура : сачыненні, творчыя працы / М. І. Мішчанчук. Мінск, 2010. С. 373–375.

  19. Макарцоў, М. Багрымаў перазвон : літаратурна-музычная кампазіцыя, прысвечаная дню нараджэння паэта, каваля-мастака Паўлюка Багрыма // Тэатр мой — Беларусь святочная : сцэнарыі, рэжысёрскія нататкі / Мікола Макарцоў. Гомель, 2009. C. 181–186.

  20. Цвірка, К. Тайны Крашынскага парку (Паўлюк Багрым) // Камяні тых сядзібаў : шляхі паэтаў XIX ст. / Кастусь Цвірка. Мінск, 2004. С. 145–162.

  21. Бернат, М. І. І зайграў хлопча малы… / М. І. Бернат // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 95–101.

  22. Арочка, М. Памяць зярнятаў / Мiкалай Арочка. – Мiнск : Мастацкая літаратура, 1991. – Са зместу: Паўлюк Багрым. С. 190–191.

  23. Бензярук, Р. Паўлюку Багрыму : [верш] / Расціслаў Бензярук // Белая Вежа. 2017. № 3. С. 68.

  24. Шубіч, М. Пад заступніцтвам бога Сварога : [пра абласное свята кавальства «Крашынскі перазвон» у аг. Крошын Баранавіцкага раёна] / Міхаіл Шубіч // Заря. 2016. 28 июня. С. 8.

  25. Антончык, А. Паўлюк Багрым. «Я — легенда» / Аксана Антончык // ЛіМ. 2013. 12 ліпеня (№ 27). С. 15.

  26. Герцаў, В. Талент застыў у метале і слове… : крошынскаму да Вінчы — 200 год : [пра святы ў Крошыне: 200 год з дня нараджэння П. Багрыма і 570-годдзе вёскі] / Віталь Герцаў // Наш край. Барановичи, 2012. 6 ноября. С. 1–2.

  27. Панізнік, С. Успомненае цяпло : да 200-годдзя Паўлюка Багрыма : [верш] / Сяргей Панізнік // ЛіМ. 2012. 16 лістапада. С. 5.

  28. Гізун, А. Канверт з паэтам : [выпушчаны мастацкі паштовы канверт да 200-годдзя з дня нараджэння П. Багрыма] / Алесь Гізун // Інтэкс-прэс. Баранавічы, 2012. 29 жніўня. С. 2.

  29. Гізун, А. Гараджане папрасілі манету ў старшыні Нацбанка : [аб выпуску памятнай манеты да 200-годдзя з дня нараджэння П. Багрыма] / Алесь Гізун // Інтэкс-прэс. Баранавічы, 2012. 22 жніўня. С. 2.

  30. Мальдис, А. Был ли Павлюк Багрим поэтом? / Адам Мальдис // Советская Белоруссия. 2010. 4 августа. С. 16–17.

  31. Гнилозуб, В. Легендарное место со скромным названием : [из истории д. Крошин, об уроженце Павлюке Багриме] / Вера Гнилозуб // Белорусская нива. 2009. 14 февраля. С. 14.

  32. Хаўстовіч, М. «Я хоць і не паэта...» : [у т. л. пра аўтарства верша «Зайграй, зайграй, хлопча малы...»: Паўлюк Багрым ці Ігнацы Яцкоўскі] / Мiкола Хаўстовіч // Arche. 2008. № 7/8. С. 880–923.

  33. Дубейка, В. Дык хто ж фантазёр? : па старонках адной кнігі : [пра кнiгу М. Маліноўскага «Павел Іосіфавіч Багрым (Паўлюк Багрым). Легенды, праўда, загадкі»] / Васiль Дубейка // Дзеяслоў. 2008. № 6 (37). С. 308–316.

  34. Альгерчик, В. На родине Павлюка Багрима : [д. Крошин] / Владимир Альгерчик // Белорусская нива. 2008. 28 марта. С. 3.

  35. Маліноўскі, М. Дзяржавін і Багрым / Міхась Маліноўскі // Роднае слова. 2007. № 6. С. 79–81.

  36. Сикиржицкий, В. Павлюкова жирандоль : [про П. Багрима] / Валерий Сикиржицкий // Рэспубліка. 2007. 22 верасня. С. 9.

  37. Муха, Н. Хрестоматийный поэт… вообще не писал стихи : [о книге М. Малиновского «Павел Іосіфавіч Багрым (Паўлюк Багрым). Легенды, праўда, загадкі»] / Наталья Муха // Аргументы и факты. 2007. 9–15 мая (№ 19). С. 18.

  38. Мархель, У.«Заграй, заграй…» : [пра П. Багрыма] / Уладзімір Мархель // Краязнаўчая газета. 2007. № 30. С. 3.

  39. Зарэцкая, В. Паэт аднаго верша : сёлета спаўняецца 195 гадоў з дня нараджэння Паўлюка Багрыма — аўтара верша «Зайграй, зайграй, хлопча малы...» / Вера Зарэцкая // Народная трыбуна. 2007. 14 ліпеня. С. 11.

  40. Лясун, Л. Мастацкая літаратура і гісторыя : метадычныя падыходы да вывучэння твораў на гістарычную тэму. Уладзімір Караткевіч «Паўлюк Багрым»/ Л. Лясун // Роднае слова. 2007. № 10. С. 61–62.

  41. Iльiн, А. Паўлюк Багрым і Тарас Шаўчэнка : хто ў каго пераймаў? / Аляксандр Ільін // Гiстарычная брама. 2004. № 1 (22). С. 28.

  42. Рублевская, Л. Наш Бёрнс, или Жаворонки крошинской жирандоли / Л. Рублевская // Советская Белоруссия. 2002. 16 ноября. С. 8.

  43. Запрудскi, I. Верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы...» : [заўвагі пра паэтыку, эстэтыку і методыку выкладання верша Паўлюка Багрыма] / І. Запрудскі // Роднае слова. 2002. № 8. C.5356.

  44. Пясецкі, Я. Зорка Багрыма / Яўген Пясецкi // Звязда. 2000. 15 верасня. С. 2.

  45. Содаль, У. Крашынскае рэха : да 185-годдя з дня народзінаў Паўлюка Багрыма / Уладзімір Содаль // Роднае слова. 1997. № 11. С. 147–159.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2349 разоў Апошняя змена Чацвер, 29 Кастрычнік 2020 10:19