Чацвер, 23 Лістапад 2017 11:41

14 верасня 2017 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Мацвея Паўлавіча Хаўкіна (1897–1980), удзельніка барацьбы за савецкую ўладу на Беларусі, дзяржаўнага дзеяча

Мацвей Паўлавіч (Мордух Цэвелевіч) Хаўкін нарадзіўся 14 верасня 1897 года ў г. Рагачове Магілёўскай губерні (цяпер Гомельскай вобласці) у беднай яўрэйскай сям’і. Маці памерла, калі хлопчыку было пяць гадоў. У дзесяць яго аддалі ў вучні да краўца, а ў чатырнаццаць ён збег з дому ў пошуках заробку. Працаваў у Данбасе, з пачаткам Першай сусветнай вайны вярнуўся на радзіму. Пад уплывам старэйшага брата Самуіла Цэвелевіча Хаўкіна (1893–1976), члена РСДРП з 1911 года, прымкнуў да бальшавікоў.

 

У студзені 1916 года Мацвей Хаўкін жыў у Самары, уступіў у партыю бальшавікоў. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года прымаў удзел у раззбраенні самарскай паліцыі. У сакавіку 1919 года ўдзельнічаў у Стракапытаўскім мяцяжы ў Гомелі, абараняў гатэль «Савой». Затым ваяваў у Першым Гомельскім рэвалюцыйным пралетарскім батальёне, які змагаўся з польскімі захопнікамі. У чэрвені 1919 года батальён быў акружаны ў раёне Стоўбцаў, Мацвей Хаўкін разам з таварышамі апынуўся ў палоне. Яго ўтрымлівалі ў Беластоцкай турме, затым перавялі ў лагер ваеннапалонных, стуль яму ўдалося збегчы, ён апынуўся ў Брэст-Літоўску (цяпер Брэст).

У час акупацыі Брэст-Літоўска войскамі Польшчы, у сакавіку 1919 года была створана падпольная арганізацыя бальшавікоў. Яе ўзначаліў Якаў Барысавіч Быкін (1988–1938), член РСДРП з 1912 года. У арганізацыю ўваходзілі М. П. Хаўкін, А. Іваноў, І. Утуліх, Н. Я. Грынберг, С. Гурыновіч, С. З. Крушынская, А. Сакаленка і іншыя, склад часта мяняўся. У 1920 годзе гарадская падпольная арганізацыя налічвала да 200 камуністаў. Вялася агітацыйная работа, распаўсюджваліся лістоўкі, праводзіліся мітынгі. У ліпені 1920 года падпольны камітэт арганізаваў партызанскі атрад пад камандаваннем М. П. Хаўкіна для дапамогі наступаючай Чырвонай арміі. Склалася так, што атрад не паспеў уступіць у бой, але потым стаў асновай міліцыі горада.

1 жніўня 1920 года Чырвоная армія вызваліла Брэст-Літоўск. У горадзе была ўстаноўлена савецкая ўлада і створаны яе першы орган — Брэсцкі павятовы рэвалюцыйны камітэт. Першым старшынёй рэвалюцыйнага камітэта стаў А. І. Угараў, пазней — М. І. Мароз. М. П. Хаўкін быў камісарам (камендантам) Брэсцкай крэпасці, узначальваў гарадскую міліцыю, з’яўляўся «галоўным сілавіком» павета. 19 жніўня ў выніку новага наступлення польскіх войск Чырвоная армія вымушана была адступіць, пакінуць горад. Брэсцкі рэвалюцыйны камітэт эвакуіраваўся і неўзабаве быў расфарміраваны.

У далейшым М. П. Хаўкін займаў шэраг адказных пасад. Узначаліў камітэт па барацьбе з дэзерцірствам у Пінску, камандаваў кавалерыйскім загараджатрадам. У 1921–1927 гадах камандаваў міліцыяй у Гомелі. Быў дэлегатам Х з’езда КПБ(б) (1927). Яго накіравалі ў Казахстан, потым — у Дагестан, дзе ён змагаўся з контррэвалюцыянерамі. У 1930–1934 гадах быў адным з кіраўнікоў г. Смаленска, сакратаром Смаленскага гаркама. 7 мая 1934 года была створана Яўрэйская аўтаномная вобласць з цэнтрам у г. Бірабіджане. З 6 чэрвеня 1935 года па 22 мая 1937 года — першы сакратар абкама Яўрэйскай вобласці. Таксама М. П. Хаўкін займаў пасады сакратара Бірабіджанскага гаркама, быў членам Далёкаўсходняга крайкама КП(б), крайвыканкама і прэзідыума аблвыканкама.

У маі 1937 года быў адазваны ў Маскву. 16 студзеня 1938 года М. П. Хаўкін быў арыштаваны, для следства дастаўлены ў Хабараўск. 30 студзеня 1941 года асуджаны да 15 гадоў у лагерах, адбываў тэрмін на Калыме (п. Певек), працаваў у лагернай пашывачнай майстэрні. 2 ліпеня 1950 года вызвалены датэрмiнова, знаходзіўся на пасяленні ў г. Какчатаве (Казахстан). 11 студзеня 1956 года рэабілітаваны, узноўлены ў партыі. Яго жонка, Соф’я Ханаўна Хаўкіна-Шыфрына (1900–?), была арыштавана ў 1938 годзе, асуджана ў 1940 годзе за «антысавецкія выказванні» на тры гады лагераў. Вызвалена ў 1942 годзе, рэабілітавана ў 1956.

Мацвей Паўлавіч з мая 1956 года жыў у Маскве, дажыў да старых гадоў, з’яўляўся персанальным пенсіянерам саюзнага значэння. Ён часта ўспамінаў сваю трывожную маладосць, падтрымліваў сяброўскія сувязі з музейнымі работнікамі Брэста. Памёр у снежні 1980 года.

У Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі захоўваюцца дакументы рэвалюцыйнага камітэта з аўтографамі М. П. Хаўкіна. На будынку, дзе ў 1920 годзе месціўся Брэсцкі рэвалюцыйны камітэт (вул. Пушкінская, 23), у 1967 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка. На доме, дзе была явачная кватэра бальшавікоў (вул. Куйбышава, 47), у 1976 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Курков, И. Н. «Чижик» высокого полета : [о М. П. Хавкине; фотопортрет]  // Брестчина: легенды, события, люди / Илья Курков. Минск, 2005. С. 197–201.

  2. Хавкин, М.П. Еврейская автономная область к своей первой годовщине / М. П. Хавкин ; Всесоюз. о-во по земельному устройству трудящихся евреев в СССР (ОЗЕТ). – Москва : Эмес, 1935. – 22, [1] с.

  3. Брэсцкі падпольны камітэт КП(б)ЛіБ / М. С. Сташкевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 106.

  4. Палескі падпольны камітэт РКП(б) / Мікола Сташкевіч // Энцыклапедлыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 386.

  5. Хавкин Самуил Тевелевич // Большая советская энциклопедия : в 30 т. 3-е изд. Москва, 1978. Т. 28. С. 160.

  6. Хаўкін Самуіл Цэвелевіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 11. С. 41.

  7. Дом, в котором была явочная квартира большевиков : [Брест, ул. Куйбышева, 47] / А. С. Борисовец, Т. А. Слесарук // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 61.

  8. Дом, в котором размещался ревком : [Брест, ул. Пушкинская, 23] / Т. А. Слесарук // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 62–63.

  9. Очерки истории Брестской областной партийной организации. –Минск : Беларусь, 1989. – 448 с., [12] л. ил. – Из содерж.: М. Хавкин. С. 44.

  10. Брестский уездный революционный комитет : [1 августа – 19 августа 1920 г.] // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 145.

  11. Брестский подпольный комитет КП(б)ЛиБ в годы Гражданской войны и военной интервенции // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 141.

  12. Брестское коммунистическое подполье в годы Гражданской войны и военной интервенции // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 149.

  13. Курков, И. Великий комбинатор Остап Бендер «спалился» в Гомеле : [о том, как М. П. Хавкин разоблачил мошенника в августе 1925 г.] / Илья Курков // Аргументы и факты. 2016. 23 августа (№ 34). С. 7.

  14. Курков, И. Многоликий Остап : [о том, как М. П. Хавкин разоблачил мошенника в августе 1925 г.] / Илья Курков, Сергей Крапивин // Труд. 1999. 9–15 июля. С. 8.

  15. Слесарук, Т. Красное знамя на Брестом : [установление советской власти в 1920 г.] / Т. Слесарук, А. Борисовец // Заря. 1977. 11 марта.

  16. Слесарук, Т. Ревкомы Брестчины : [1920 г.] / Т. Слесарук, А. Борисовец // Заря. 1970. 25 августа.

  17. Слесарук, Т. За правое дело : [об установлении советской власти в Бресте в 1920 г.] / Т. Слесарук, Н. Хорошко // Заря. 1967. 11 июня ; 14 июня ; 20 июня ; 23 июня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 608 разоў