Панядзелак, 27 Лістапад 2017 11:21

23 лістапада 2017 г. — 125 гадоў з дня нараджэння Платона Фёдаравіча Равінскага (1892–1938), партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Беларусі

Платон Фёдаравіч Равінскі нарадзіўся 23 лістапада 1892 года ў вёсцы Краглі Навагрудскага павета Мінскай губерні (цяпер Навасёлкаўскага сельсавета Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у шматдзетнай сялянскай сям’і. З дзяцінства яму давялося ўцягнуцца ў нялёгкую сялянскую працу. У 1909 годзе ў пошуках работы выехаў у ЗША, нейкі час працаваў на заводах Форда, наведваў вячэрнюю школу для рабочых. У 1912–1917 гадах быў членам саюза анарха-сіндыкалістаў.

 

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года Платон Равінскі вярнуўся ў Расію, працаваў токарам у Бабруйску Мінскай губерні. Уступіў у партыю бальшавікоў у жніўні 1917 года. З пачатку 1918 года служыў у Смаленскай ЧК (Надзвычайнай камісіі па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам).

З 1918 года Платон Равінскі на падпольнай рабоце ў акупіраваным войскамі Германіі Бабруйску. У маі быў створаны Бабруйскі падпольны камітэт РКП(б), яго старшынёй абралі П. Ф. Равінскага. Адначасова ён быў членам Краявога камітэта камуністычных арганізацый Беларусіі Літвы. Пасля выгнання нямецкіх акупантаў абраны старшынёй Бабруйскага павятовага рэвалюцыйнага камітэта, потым — выканкама Савета рабочых, салдацкiх i сялянскiх дэпутатаў, членам павятовага камітэта партыі. Заклікаў суайчыннікаў на барацьбу з нямецкімі акупантамі і з ворагамі Кастрычніцкай рэвалюцыі. Арганізоўваў партызанскія атрады на тэрыторыі Бабруйскага павета.

З ліпеня 1919 года П. Ф. Равінскі быў членам Рэвалюцыйна-ваеннага савета 16-й арміі, з жніўня — начальнік аддзела штаба арміі, удзельнічаў у баях з польскімі войскамі пад Барысавам. З чэрвеня 1920 года — старшыня Барысаўскага павятовага рэвалюцыйнага камітэта, Бабруйскага павятовага камітэта партыі.

У 1921–1925 гадах П. Ф. Равінскі быў начальнікам упраўлення і членам калегіі Наркамзема БССР. У 1925–1926 гадах — на партыйнай рабоце ў Бабруйску. Скончыў Камуністычны ўніверсітэт імя Я. М. Свярдлова ў Маскве (1930). У 1930–1933 гадах — загадчык аргаддзела ЦКК – НК РСІ БССР. З 1933 года — сакратар Магілёўскага райкама КП(б)Б, з 1936 года — у Наркамаце лясной прамысловасці БССР. Член ЦКК і прэзідыума ЦКК у 1930–1934 гадах, член ЦК КП(б)Б у 1934–1937 гадах, член ЦВК БССР у 1920–1921 і 1931–1937 гадах. Быў дэлегатам VII Усесаюзнага з’езда Саветаў (1935).

У час масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў («яжоўшчына») П. Ф. Равінскі быў беспадстаўна арыштаваны 9 жніўня 1937 года, абвінавачаны ва «ўдзеле ў контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай і шкодніцкай арганізацыі». 29 чэрвеня 1938 года прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, расстраляны ў мінскай турме НКУС. Рэабілітаваны 22 кастрычніка 1955 года. Імем П. Ф. Равінскага названы вуліцы ў Бабруйску і Ляхавічах.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Прытульчык Рыма Уладзіміраўна, бібліятэкар-бібліёграф

 

 

  1. Равінскі ПлатонФёдаравіч / Я. С. Фалей // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 13. С. 192–193.

  2. Равінскі Платон Фёдаравіч / Яўгенія Фалей // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 38.

  3. Ревинский Платон Фёдорович // Беларусь: созвездие политических имён : историко-биографический справочник / Э. А. Корнилович. Минск, 2010. С. 114–115.

  4. Равінскі Платон Фёдаравіч // Памяць. Бабруйскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 85.

  5. Платон ФёдаравічРавінскі // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск, 1989. С. 155.

  6. Ревинский Платон Фёдорович // Их именами названы... : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 512–513.

  7. Равінскі Платон Фёдаравіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 502.

  8. Равінскі ПлатонФёдаравіч / В. П. Марутка // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 9. С. 14–15.

  9. Родина Ревинского Платона Фёдоровича : [д. Крегли] / А. И. Дулебо // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 285–286.

  10. Радзіма Равінскага Платона Фёдаравіча / Г. І. Дулеба // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 258.

  11. Дробинский, Я. И. Хроника одного следствия (август 1937 – декабрь 1939 гг.) : [воспоминания] / Яков Израилевич Дробинский. Ганновер : Epubli, 2012.  298 с. – Из содерж.: П. Ф. Ревинский. С. 242–244.

  12. Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 1 / Ин-т истории партии при ЦК КПБ. – Минск : Государственное издательство БССР, 1961. – 399 с. – Из содерж.: П. Ф. Ревинский. С. 334, 341, 342.

  13. Почанин, С. В. В грозном восемнадцатом / С. В. Почанин. – Минск : Беларусь, 1969. – 352 с. – Из содерж.: П. Ф. Ревинский. С. 101, 117, 118, 166, 281.

  14. Первые секретари Могилевского райкома КПБ : [упомянут П. Ф. Ревинский] // Прыдняпроўская ніва. Магілёў, 2009. 27 чэрвеня.

  15. Іх імёнамі названы... : Равінскі Платон Фёдаравіч // Ляхавіцкі веснік. 1992. 3 ліпеня. С. 1.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1504 разоў Апошняя змена Серада, 23 Снежань 2020 11:31