Чацвер, 07 Снежань 2017 09:46

1 жніўня 2017 г. — 105 гадоў з дня нараджэння Сцепаніды Піліпаўны Ільючык (1912–2000), жывёлавода, Героя Сацыялістычнай Працы (1958)

Сцепаніда Піліпаўна Ільючык нарадзілася 1 жніўня 1912 года ў вёсцы Скібічы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці) у беднай сялянскай сям’і. Бацькоў не стала, калі дзяўчынцы было толькі два гады, яе апекавала дванаццацігадовая сястра Марыя. У 1925 годзе старэйшая сястра выйшла замуж, а малодшая паехала ў Драгічын, дзе служыла па найму, нянчыла дзяцей. У 1929 годзе выйшла замуж за Трафіма Ільючыка, маладыя сталі займацца земляробствам у асабістай гаспадарцы. Жылі бедна, хоць шмат працавалі; пяць гадоў ставілі сваю хатку на тры акенцы, а сям’я расла.

 

У 1949 годзе ў Скібічах пачалася калектывізацыя, быў арганізаваны калгас, сям’я Ільючыкаў уступае ў яго адной з першых. Сцепаніда Піліпаўна спачатку працавала ў паляводстве, а потым ёй прапанавалі заняцца жывёлагадоўляй. У 1950–1963 гадах — свінарка сельгасарцелі імя Жданава Драгічынскага раёна. На гэтым участку сельскагаспадарчай вытворчасці найбольш ярка раскрыліся яе здольнасці і ўменне. Спачатку на ферме ў прыстасаваных памяшканнях былі толькі 92 свінні. Жывёліны, якіх яна даглядала, хутка прыбаўлялі ў сярэднясутачнай вазе, мелі зайздросны выгляд. Механізацыі на фермах тады не было, усе працэсы рабіліся ўручную, свінаркі фізічна цяжка працавалі. Ужо ў 1953 годзе С. П. Ільючык на раённай сельскагаспадарчай выставе была ўзнагароджана дыпломам.

Аднойчы ў ліку групы жывёлаводаў раёна пабывала на экскурсіі ў перадавым саўгасе «Рось» Ваўкавыскага раёна на Гродзеншчыне, дзе прыглядвалася да новых тэхналогій. Вярнуўшыся, разам са старшынёй калгаса Васілём Давыдавічам Легуном і заатэхнікам Валянцінай Феафанаўнай Прысматровай сталі ўкараняць новае. Быў выдзелены прыфермерскі ўчастак 7 га, дзе свінаркі вырошчвалі бульбу, буракі, гарбузы, гарох для падкормкі свіней.

Калі да 1953 года С. П. Ільючык атрымлівала ад свінаматкі па 6–8 парасят, дык у 1955 годзе выхад іх склаў 23,8, у 1956 годзе — 27,5, у 1957 — 29, а ў 1958 — 30. Акрамя таго ў 1956 годзе яна адкарміла 84 свінні звыш 100 кг кожная. За першыя восем гадоў працы на ферме яна асабіста выгадавала 1800 парасят, адкарміла 800 свіней па 90–100 кг кожная.

Указам Прэзідіума Вярхоўнага Савета СССР 18 студзеня 1958 года С. П. Ільючык прысвоена ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат». Узнагароду атрымала 23 студзеня 1958 года ў зале пасяджэнняў Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР з рук Першага сакратара ЦК КПСС М. С. Хрушчова.

С. П. Ільючык стала першым Героем у Драгічынскім раёне, што стала сенсацыяй, калгасы тады толькі развіваліся. Жанчына апынулася ў цэнтры ўвагі — яе часта запрашалі выступіць у працоўных калектывах, альбо перад школьнікамі. Сцепаніда Піліпаўна знаходзілася ў гушчы грамадскага жыцця, у сувязі з гэтым двойчы выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР ІV і V скліканняў (1955–1959; 1959–1963).

Шчодра дзялілася вопытам і ведамі з жывёлаводамі раёна і вобласці. У 1955–1958 гадах была ўдзельнікам ВДНГ СССР, дзе ўзнагароджана сярэбранымі (1955; 1956; 1957) і залатым (1958) медалямі. Неаднаразова яе прэміравалі каштоўнымі падарункамі (у т. л. швейнай машынкай) за перамогу ў сацыялістычным спаборніцтве. За 1957 год атрымала за свае працадні каля 3 тон зерня, 7 000 рублёў і ў якасці дадатковай аплаты 180 кг свініны.

Сцепаніда Піліпаўна выгадавала восем дзяцей. Вучыла іх працавітасці, добразычлівасці. Дзеці дапамагалі бацькам па гаспадарцы, прыбягалі дапамагчы на калгаснай ферме. Узнагароджана медалём Мацярынства ІІ ступені (1947), а 10 мая 1950 года — ордэнам «Мацярынская Слава».

Пасля выхаду на пенсію жыла ў Драгічыне. З 1968 года з’яўлялася персанальным пенсіянерам саюзнага значэння. С. П. Ільючык памерла 18 чэрвеня 2000 года.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Ильючик Степанида Филипповна // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биогр. справочник. Минск, 2014. С. 104.

  2. Ільючык Сцепаніда Піліпаўна // Памяць. Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 409.

  3. Ильючик Степанида Филипповна // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 257.

  4. Ільючык Сцепаніда Піліпаўна // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 255.

  5. Ільючык Сцепаніда Піліпаўна // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 5. С. 68.

  6. Панасюк, Н. Материнская радость / Н. Панасюк // Земные звезды : [очерки о Героях Социалистического Труда Брестской области]. Минск, 1978. С. 104–109.

  7. Граник, С. И в труде можно стать героем : [о Героях Социалистического труда С. Ф. Ильючик и П. Я. Грицуке] / Сергей Граник // Наш край Загородье : историко-краеведческая газета Дрогичинского района. 2013. № 22/23. С. 11–13.

  8. Ільючык Сцепаніда Піліпаўна : [некралог] / Раённы выканаўчы камітэт, Прэзідыум райсавета дэпутатаў // Драгічынскі веснік. 2000. 21 чэрвеня. С. 3.

  9. Марціновіч, А. Сціплыя : [аб жанчынах Беларускага Палесся, у т. л. С. П. Ільючык] / А. Марціновіч // Беларусь. 1971. № 4. С. 18.

  10. Ільючык, С. На карысць Радзімы / С. Ільючык // Чырвоная зорка. Драгічын, 1959. 1 мая.

  11. Ильючик Степанида Филипповна : [биография кандидата в депутаты Верховного Совета БССР] // Заря. 1959. 17 февраля.

  12. Гатилло, С. Знатная свинарка Степанида Ильючик / С. Гатилло // Блокнот агитатора. 1959. № 1. С. 29–33.

  13. Член Урада : [пра С. П. Ільючык] // Чырвоная зорка. Драгічын, 1959. 1 студзеня.

  14. Илюшина, Л. Героиня наших дней / Л. Илюшина // Колхозная правда. 1958. 1 июня.

  15. Модель, Н. П. Герой Социалистического Труда Степанида Филипповна Ильючик / Н. П. Модель // Свиноводство. 1958. № 5. С. 23–25.

  16. Знатные женщины нашей области : [в т. ч. С. Ф. Ильючик] / фотомонтаж П. Грибаня // Заря. 1958. 8 марта.

  17. Спиридонов, П. Знатная свинарка : [очерк о С. Ф. Ильючик] / П. Спиридонов, Н. Юркевич ; фото Е. Макарчука // Заря. 1958. 7 февраля.

  18. Вручение наград передовикам сельского хозяйства Белоруссии : [в Минске 23 января] // Заря. 1958. 25 января.

  19. Высокая награда : [о присвоении звания Героя Социалистического Труда Л. И. Осиюк, В. А. Ралько, С. Ф. Ильючик] // Заря. 1958. 21 января.

  20. Указ Президиума Верховного Совета СССР : [о присвоении звания Героя Социалистического Труда, в т. ч. С. Ф. Ильючик] // Советская Белоруссия. 1958. 19 января.

  21. Ильючик, С. 20 поросят от свиноматки в год : [об опыте работы на свиноферме; фотопортрет] / С. Ильючик // Заря. 1955. 28 сентября.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 563 разоў