Чацвер, 07 Снежань 2017 09:50

25 кастрычніка 2017 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Івана Міхайлавіча Грыцука (1932), дзяржаўнага дзеяча, акадэміка Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі (1992)

Іван Міхайлавіч Грыцук нарадзіўся 25 кастрычніка 1932 года ў вёсцы Маціевічы Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Бацьку страціў рана, маці адна падымала трох дзяцей. Іван Грыцук пасля заканчэння ў 1948 годзе шасці класаў пайшоў вучыцца ў Брэсцкае рамеснае вучылішча сувязі № 15, якое скончыў у 1950 годзе па спецыяльнасці наглядальніка радыётрансляцыйных вузлоў, быў накіраваны ў Гродзенскае абласное ўпраўленне сувязі.

 

Працаваў майстрам Парэцкага і Свіслацкага радыёвузлоў сувязі. У 1956 годзе Іван Грыцук здаў экстэрнам экзамены і атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі. Закончыў на выдатна завочнае аддзяленне Мінскага электратэхнікума сувязі. Працаваў у Свіcлацкай канторы сувязі, начальнікам Сапоцкінскага, Берастовіцкага і Лідскага раённых вузлоў сувязі. У 1968 годзе назначаны старшынёй Гродзенскага абласнога вытворча-тэхнічнага ўпраўлення сувязі.

Іван Міхайлавіч займаў адказныя пасады, але знаходзіў час вучыцца, рыхтавацца да экзаменаў і паспяхова іх здаваць. У 1976 годзе І. М. Грыцук скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС. З 1976 года — першы намеснік міністра сувязі БССР. У 1978 годзе прайшоў шасцімесячныя курсы пры Акадэміі навук СССР. У 1979 годзе з адзнакай скончыў Усесаюзны завочны электратэхнічны інстытут сувязі. 22 студзеня 1980 года быў назначаны міністрам сувязі Беларускай ССР.

Вехай у гісторыі сувязі Беларусі стала аўтаматызацыя гарадскіх і сельскіх тэлефонных станцый, якую Міністэрства сувязі БССР здзейсніла раней іншых рэспублік Савецкага Саюза. Да 1986 года ад Мінска да ўсіх абласных цэнтраў БССР, а ад іх да ўсіх раённых цэнтраў праклалі магістралі з прымяненнем новых на той час кааксіальных кабеляў. Іван Міхайлавіч унёс значны ўклад у работу па аднаўленні сродкаў сувязі і ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Беларусь першай сярод былых саюзных рэспублік перайшла на пагадзінную аплату тэлефонных размоў.

16 ліпеня 1990 года Міністэрства сувязі БССР было пераўтворана ў Міністэрства сувязі і інфарматыкі БССР. Пры непасрэдным удзеле І. М. Грыцука значна пашырылася знешнеэканамічная дзейнасць, былі прыцягнуты замежныя інвестыцыі на развіццё сродкаў сувязі Беларусі. У 1993–1994 гадах, нягледзячы на цяжкасці ў іншых галінах эканомікі, сувязь краіны развівалася выключна хуткімі тэмпамі. У многім гэта было абумоўлена крэдытам, атрыманым у 1993 годзе ад Міжнароднага еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. 16 верасня 1994 года быў вызвалены з пасады міністра сувязі і інфарматыкі Рэспублікі Беларусь.

За гады працоўнай дзейнасці І. М. Грыцук узнагароджаны ордэнамі Леніна (1986), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1974), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1981), медалямі «За доблестный труд» (1970) і «Ветэран працы» (1990), знакам спецыяльнай сувязі «Ветэран службы» (1985). Яму прысвоены званні «Ганаровы радыст» (1975), «Заслужаны сувязіст БССР» (1976), «Майстар сувязі» (1982). Народны дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1980–1990). Дэлегат ХХХІ з’езда КПБ (1990). У 1992 годзе абраны сапраўдным членам (акадэмікам) Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі.

Іван Міхайлавіч стаў заснавальнікам дынастыі сувязістаў. Жонка, Клаўдзія Лукінічна, скончыла Мінскі электратэхнікум сувязі, працавала тэлеграфістам. Дачка, Таццяна Іванаўна, скончыла матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута, а затым — Усесаюзны электратэхнічны інстытут, працуе ў галіне сувязі. Другая дачка, Ларыса Іванаўна, скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «хімік», а потым таксама Усесаюзны электратэхнічны інстытут. Унукі таксама выказалі жаданне атрымаць прафесіі ў галіне сувязі.

23 кастрычніка 2012 года ў Гісторыка-інфармацыйным цэнтры Мінскага філіяла РУП «Белтэлекам» адкрылася экспазіцыя «Чалавек у гісторыі сувязі», прысвечаная 80-годдзю І. М. Грыцука. 25 кастрычніка 2017 года ў зале калегіі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь адбылося пасяджэнне Савета ветэранаў у гонар 85-годдзя Івана Міхайлавіча.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Грицук Иван Михайлович / Е. С. Фалей // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 304.

  2. Грицук Иван Михайлович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 174.

  3. Грыцук Іван Міхайлавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 179.

  4. Грицук, И. М. Опыт работы Министерства связи Белорусской ССР в условиях экономического эксперимента / И. М. Грицук, К. Г. Базыльчик. – Москва : Радио и связь, 1985. – 60 с. – (СЭО. Система экономического образования).

  5. Кушнеревич, М. Н. Связь через годы : [о людях и делах Брестского областного производственно-технического управления связи и информатики] / М. Н. Кушнеревич ; гл. ред. А. И. Резанович. – Брест : Пирс, 1995. – 163 с. : ил. – Из содерж.: И. М. Грицук. С. 6, 52, 92.

  6. Дробыш, Е. Путь к успеху : [беседа с бывшим министром связи Беларуси И. М. Грицуком о его жизни и деятельности] / Екатерина Дробыш // Веснiк сувязi. 2011. № 5. С. 49–54.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1324 разоў Апошняя змена Чацвер, 29 Кастрычнік 2020 15:51