Серада, 13 Снежань 2017 14:37

3 жніўня 2017 г. — 75 гадоў з часу разгрому фашысцкага гарнізона партызанамі атрада імя М. А. Шчорса ў г. Косава (Івацэвіцкі р-н; 1942)

Партызанскі атрад імя М. А. Шчорса дзейнічаў асобна ў Вялікую Айчынную вайну на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Косаўскага, Ружанскага, Пружанскага, Бярозаўскага, Быценскага, Целяханскага, Слонімскага і іншых раёнаў.

 

У ліпені 1941 года ў Быценскім раёне (цяпер у Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці) утварылася партызанская група з ваеннаслужачых і мясцовых патрыётаў на чале з А. В. Фідрыкам і Р. А. Дудко. Неўзабаве сюды прыбыла група ваеннаслужачых пад кіраўніцтвам П. В. Пранягіна. Восенню абедзве групы аб’ядналіся пад кіраўніцтвам Паўла Васільевіча Пранягіна (1916–1997).

У маі 1942 года група П. В. Пранягіна і групы Федаровіча, Ф. Казанцава, М. Вазнясенскага і А. Л. Лявонцьева, якія дзейнічалі ў Косаўскім і Слонімскім раёнах, аб’ядналіся ў партызанскі атрад імя М. А. Шчорса. Летам 1942 года атрад налічваў 354 чалавекі, меў на ўзбраенні акрамя аўтаматаў і вінтовак каля 40 кулямётаў, гармату. Партызаны вялі шматлікія баі з акупантамі.

У г. Косава (цяпер Івацэвіцкага раёна) стаяла нямецкае пагранічнае падраздзяленне, недалёка ад гарнізона праходзіла ўстаноўленая нямецка-фашысцкімі захопнікамі мяжа паміж Усходняй Прусіяй і Вайструтэніяй — так немцы называлі Беларусь. Аперацыя па разгроме косаўскага гарнізона, які налічваў больш за 300 добра ўзброеных гітлераўцаў (немцаў і паліцэйскіх), была запланавана на 2 жніўня 1942 года.

На нарадзе каманднага саставу атрадаў імя А. М. Шчорса, імя Г. Дзімітрова і імя К. Я. Варашылава быў распрацаваны і зацверджаны дэталёвы план разгрому варожага гарнізона. У нарадзе таксама ўдзельнічалі члены абласнога Камітэта барацьбы з нямецкімі акупантамі, Ружанскага і Косаўскага антыфашысцкіх камітэтаў. Камандаваць аб’яднанымі сіламі трох атрадаў было даручана П. В. Пранягіну. Для ўдзелу ў аперацыі ад атрада імя М. А. Шчорса выдзялялася 360 чалавек, ад астатніх двух — 120.

У ноч на 3 жніўня 1942 года партызаны пачалі атакі. Атрад імя Дзімітрова наступаў з боку Белавіч, атакаваў будынак паліцыі і гарадской управы. Атрад імя Варашылава — крыху правей. Аб’ект яго атакі — клуб, дзе размяшчаліся гітлераўцы. Шчорсаўцы наступалі з усходняга боку і атакавалі будынак жандармерыі і нямецкіх пагранічнікаў. У выніку двухгадзіннага бою горад быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Былі вызвалены з гета 200 яўрэяў, многія з іх уліліся ў рады байцоў, удзельнічалі ў баявых аперацыях. У бітве за Косава партызаны знішчылі больш за 80 немцаў і паліцэйскіх, 11 узялі ў палон. Значнай частцы фашыстаў удалося ўцячы ў Івацэвічы. Партызаны больш за месяц, да буйной блакады ў верасні 1942 года, трымалі ў горадзе савецкую ўладу.

У час правядзення карнай антыпартызанскай аперацыі «Балотная ліхаманка» (жнівень – верасень 1942 г.) праз зону блакады ішоў баявым рэйдам у Пінскую вобласць атрад імя М. А. Шчорса, які прыняў на сябе ўдар карнікаў. Першая сутычка партызан з гітлераўцамі адбылася 10 верасня 1942 года ў вёсцы Дабромысль Косаўскага раёна. 11 верасня партызанскі атрад вёў 10-гадзінны бой са шмат большымі сіламі праціўніка каля в. Вяда Целяханскага раёна, а затым арганізавана адышоў.

Выкарыстоўваючы лясіста-балоцістую мясцовасць і знішчыўшы частку свайго абозу, партызаны адарваліся ад ворага і вырашылі прабівацца да Агінскага канала, які злучаў Выганаўскае (Выганашчанскае) возера з ракой Шчара. На досвітку 13 верасня партызанскі атрад выйшаў да 10-га шлюза Агінскага канала, які быў захоплены карнікамі (каля 100 гітлераўцаў). Група партызан перайшла ўброд Шчару, ударыла ў фланг праціўніка і прымусіла яго адысці. Адначасова асноўныя сілы партызан атакавалі ворага і ў выніку пяцігадзіннага бою знішчылі больш за 60 карнікаў, прабіўшы сабе выйсце з блакады. Партызаны захапілі два кулямёты, 5 аўтаматаў, 15 вінтовак, вялікую колькасць боепрыпасаў. У ходзе бою загінулі пяць партызан.

Атрад імя М. А. Шчорса за перыяд з ліпеня 1942 па красавік 1943 года пусціў пад адхон 24 эшалоны з жывой сілай і тэхнікай ворага. За час існавання атрада партызаны знішчылі 10 прадпрыемстваў, складоў, 12 вузлоў сувязі, разграмілі 17 гарнізонаў, паліцэйскіх участкаў, упраў, камендатуру ў в. Чамялы (1 верасня 1942 года) і мост цераз раку Шчару. На чыгунках партызаны атрада падарвалі 127 эшалонаў ворага, 1 062 рэйкі, 33 масты.

У перыяд карнай аперацыі з 3 па 17 красавіка 1944 года пад абаронай партызан атрада імя М. А. Шчорса знаходзілася звыш 10 тысяч мірнага насельніцтва.

Атрад імя М. А. Шчорса злучыўся з часцямі Чырвонай арміі 30 сакавіка 1944 года ў складзе 340 партызан. Многія са «шчорсаўцаў» былі прызваны ў Чырвоную армію і змагаліся на фронце, вызвалялі Польшчу.

На працягу дзейнасці атрада імя М. А. Шчорса ім камандавалі: Павел Васільевіч Пранягін (май 1942 – красавік 1943); Міхаіл Пятровіч Канавалаў (красавік – верасень 1943); Віктар Фёдаравіч Гужэўскі (кастрычнік 1943 – сакавік 1944). Камісары атрада: Рыгор Андрэевіч Дудко (май – ліпень 1942); Павел Рыгоравіч Кавалёў (жнівень – лістапад 1942); Аруцюн Самсонавіч Авецісян (лістапад – снежань 1942); Сцяпан Сяргеевіч Жарыкаў (снежань 1942 – люты 1943); Сяргей Ягоравіч Ягораў (люты – красавік 1943); Рыгор Якаўлевіч Рэва (красавік–лістапад 1943); Васіль Аляксандравіч Несцярэнка (лістапад 1943 – сакавік 1944). Начальнікі штаба атрада: Карп Емяльянавіч Мерзлякоў (май 1942 – красавік 1943); Віктар Фёдаравіч Гужэўскі (красавік – кастрычнік 1943); Дзмітрый Ягоравіч Зуеў (лістапад 1943 – сакавік 1944).

У гонар Косаўскай баявой аперацыі партызан у скверы па вул. Чырвонаармейскай г. Косава ў 1955 годзе быў устаноўлены помнік.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Івацэвіцкай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Вазнішчык Вольга Мікалаеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Косаўскі бой, 1942 // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 428.

  2. Коссовский бой, 1942 // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 500.

  3. Коссовский бой, 1942 // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 4. С. 238.

  4. Косаўская раённая антыфашысцкая арганізацыя / Віталь Скалабан. Косаўскі бой, 1942 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 242–243.

  5. Косаўскі бой, 1942 / У. С. Пасэ, М. Ф. Шумейка // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 272–273.

  6. Косава : [узгадваецца бой 02.08.1942 г.] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3, кн. 1. С. 483–487.

  7. Памятник партизанской славы : [г. Коссово] / В. С. Поссе, А. А. Факторович // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 210.

  8. Братская могила советских воинов и партизан : [г. Коссово; захоронены партизаны, погибшие в бою 2 августа 1942 г.] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 209.

  9. Помнік партызанскай славы : [г. Косава] / У. С. Пасэ, А. А. Фактаровіч // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 188.

  10. Партызанскі атрад імя М. А. Шчорса // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 249.

  11. Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 – июль 1944). Документы и материалы. В 3 т. Т. 1. Зарождение и развитие партизанского движения в первый период войны (июнь 1941 – ноябрь 1942). – Минск : Беларусь, 1967. – 743 с. – Из содерж.: О партизанском отряде им. Н. Щорса и Пронягине П. В. С. 559–562, 626, 642–643.

  12. Пранягін Павел Васільевіч // Памяць. Брэст : гіст-дакум. хроніка : в 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 642–643.

  13. Павел Васильевич Пронягин // Высшее партизанское командование Белоруссии, 1941–1944 : справочник / Э. Г. Иоффе [и др.]. Минск, 2009. С. 104–105.

  14. Партызанскі атрад імя М. А. Шчорса // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Івацэвіцкага раёна. Мінск, 1997. С. 176, 190–192, 199–200.

  15. Давай Косава! : з успамінаўкамандзіра партызанскага атрада імя М. А. Шчорса П. В. Пранягіна : [з кнігі «У самой границы»] // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 190–191.

  16. Справа ўсенародная : з успамінаўкамандзіра партызанскага атрада імя М. А. Шчорса, начальніка штаба Брэсцкага партызанскага злучэння П. В. Пранягіна // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 220–222.

  17. Пронягин, П. В. Дело всенародное / Павел Васильевич Пронягин // Буг в огне : [сборник воспоминаний]. 3-е изд., доп. и перераб. Минск, 1977. С. 217–225.

  18. Пронягин, П. В. У самой границы : [воспоминания начальника штаба Брестского партизанского соединения] / Павел Васильевич Пронягин ; [лит. запись А. М. Припотнева]. – Минск : Беларусь, 1979. – 207 с., [12] л. ил. – Из содерж.: Даешь Коссово! С. 40–45.

  19. Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны(июнь 1941 – июль 1944) : краткие сведения об организационной структуре партизанских соединений, бригад (полков), отрядов (батальонов) и их личном составе / А. Л. Манаенков [и др.]. – Минск : Беларусь, 1983. – 763 с. – Из содерж.: О партизанском отряде им. Н. Щорса и Пронягине П. В. С. 22, 118, 149–150.

  20. Споўнілася 75 гадоў з часу разгрому фашысцкага гарнізона ў Косаве партызанамі атрада імя М. А. Шчорса / падрыхтавала Вольга Вазнішчык // Івацэвіцкі веснік. 2017. 15 жнiўня. С. 6.

  21. Стрелец, М. В. Операция «Гетто» : [освобождение Коссовского гетто партизанским отрядом им. Н. Щорса, руководитель П. В. Пронягин] / М. В. Стрелец // Брестский курьер. 2008. 8 мая (№ 19). С. 8.

  22. Стрелец, М. Список Пронягина : [боевые дела партизан еврейского происхождения; Коссовское гетто] / М. Стрелец // Белорусская военная газета. 2008. 22 марта.

  23. Шапиро, С. Аллея Павла Пронягина в Иерусалиме : [партизанскому командиру П. В. Пронягину присвоено звание «Праведник мира» института катастрофы «Яд Ва-Шем»] / Семён Шапиро // Заря. 2002. 16 июля.

  24. Лукашэвіч, І. Бой на 10-м шлюзе : [успаміны пра бой на Агінскім канале 13 верасня 1942 г.] / І. Лукашэвіч // Івацэвіцкі веснік. 1994. 11 лістапада.

  25. Лейзеров, А. Обреченных спасший — это праведник : [спасение отрядом П. Пронягина евреев гетто в Коссово 3 августа 1942 г.] / А. Лейзеров // Во славу Родины. 1993. 5 мая.

  26. Зимак, З. В бою под Коссово : [1942 г.] / З. Зимак // Народная трыбуна. 1992. 9–15 сакавiка. С. 6.

  27. Паўлоўскі, П. Сашка-ад’ютант : [успаміны пра партызан атрада імя М. А. Шчорса] / П. Паўлоўскі // Кастрычнік. Івацэвічы, 1980. 9 мая.

  28. Пронягин, П. Штурм Коссова : [1942 г.] / П. Пронягин // Заря. 1969. 7 июня.

  29. Паўлоўскі, П.І. Гэта навечна застаецца ў сэрцы : [успаміны былога партызана атрада імя М. А. Шчорса] / П. І. Паўлоўскі // Кастрычнік. Івацэвічы, 1967. 9 мая.

  30. Пронягин, П. Партизанские отряды занимали города : [о разгроме гарнизона в Коссово] / П. Пронягин // Заря. 1965. 8 мая. С. 2.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1387 разоў Апошняя змена Панядзелак, 15 Люты 2021 16:04