Пятніца, 19 Студзень 2018 11:31

1 студзеня 2018 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Івана Пракопавіча Герасевіча (1943), акцёра Брэсцкага тэатра лялек, заслужанага артыста Беларусі (2014)

Іван Пракопавіч Герасевіч нарадзіўся 1 студзеня 1943 года ў вёсцы Стрыганец Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Яго бацька, Пракоп Дзянісавіч, загінуў на фронце ў 1945 годзе. Увесь цяжар нялёгкай сялянскай працы лёг на плечы маці, Пелагеі Ануфрыеўны, якая пачала губляць зрок. Іван быў яе адзіным памочнікам, таму пасля заканчэння дзевяці класаў Ракітніцкай школы прыняў рашэнне пакінуць далейшую вучобу і працаваць трактарыстам у саўгасе «Беларусь».

 

Пасля пуску ў 1963 годзе Жабінкаўскага цукровага завода Іван Герасевічадзін сезон асвойваў на прадпрыемстве прафесіюцэнтрыфугоўшчыка. Затым уладкаваўся бульдазерыстам на Брэсцкі камбінат па добраўпарадкаванні, у абласным цэнтры скончыў вячэрнюю школу.

Іван змалку меў творчыя задаткі. Спачатку ўдзельнічаў у школьнай мастацкай самадзейнасці, потым, працуючы трактарыстам, іграў у спектаклях у мясцовым клубе. Аднойчы ў Ракітніцы выступаў Мінскі лялечны тэатр, які гастраляваў у Брэсцкай вобласці. Вясковага хлопца ўразіла пастаноўка, і з’явілася запаветная мара — стаць акцёрам-лялечнікам. Таму, калі летам 1965 года ўбачыў аб’яву Брэсцкага абласнога драматычнага тэатра аб наборы акцёраў у лялечную групу, не вагаючыся вырашыў паспрабаваць свае здольнасці. І паспяхова прайшоў адбор. Трывожыла толькі тое, што не зможа часта прыязджаць да маці, якой цяжка ў вёсцы без зроку, але ёй дапамагалі суседзі, сваякі, школьнікі.

Мастацкiм кiраўнiком лялечнай групы на грамадскiх пачатках была заслужаная артыстка БССР А. П. Асторына (1900–1982), рэжысёрам — А. Сярогін, рэжысёрам і мастаком — Г. Ф. Васько, лялькаводамi — выхадцы з калектываў мастацкай самадзейнасцi. Першае выступленне Івана Герасевіча адбылосяў «Казцы пра сярэбраны сподачак і наліўны яблык» у жніўні 1965 года на гастролях групы па Брэсцкай вобласці. Завочна закончыў аддзяленне рэжысуры Маскоўскага завочнага народнага ўніверсітэта мастацтваў. З 1968 года — ён артыст Брэсцкага абласнога тэатра лялек, які быў створаны паводле рашэння аблвыканкама ад 29 снежня 1967 года.

Збіраючыся жаніцца, Іван Герасевіч прапанаваў выбранніцы Але стаць таксама артысткай лялечнага тэатра. Да нараджэння дачкі Люды муж з жонкай гастралявалі разам. Пакуль дачка была маленькай, Іван Пракопавіч вымушаны быў змяніць работу. Ён працаваў памочнікам рэжысёра Брэсцкай студыі тэлебачання, затым — наладчыкам на электралямпавым заводзе. Але сумаваў па тэатры і зноў вярнуўся да сваіх лялек. У 1988 годзе паступіў на завочнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута.

Больш за паўстагоддзя І. П. Герасевіч звязаны з тэатрам. Ім сыграна звыш 200 роляў. Найбольш яркімі творчымі дасягненнямі артыста сталі створаныя ім вобразы: Іван («Іван — сялянскі сын»), Леў («Гадзіннік з зязюляй»), Воўк («Чырвоны каптурык»), Стары ганчар Хабіб («Збанок-гаварун»), Султан («Чароўная лямпа Аладзіна») і шмат іншых. Каларытныя вобразы паказаны ім і ў спектаклях па п’есах беларускіх аўтараў: Дзед («Рыгорка — ясная зорка»), Поп і Пан («Дзед і жораў»), Князь Юры («Балада пра белую вішню»), якія пабывалі на шматлікіх Міжнародных фестывалях у краінах Еўропы. Сярод апошніх прац артыста вылучаюцца вобразы, створаныя ў спектаклі «Халстамер» па матывах Л. Талстога, які заваяваў Гран-пры сусветных фэстаў тэатраў лялек, у тым ліку ў г. Празе (Чэхія, 2006, 2010), г. Заграбе (Харватыя, 2007), г. Чэнду (Кітай, 2012). Мае ўзнагароды і за спектакль «Месяц Сальеры» па матывах трагедыі А. Пушкіна, у якім артыст стварыў вобраз Дэмана. Іван Герасевіч парадаваў гледачоў сваёй працай ў сумесным беларуска-славенскім праекце — спектаклі «Пякарня Мыш-Маш», які ажыццёўлены ў 2012 годзе.

У творчай біяграфіі артыста не толькі ролі ў тэатры. Іван Герасевіч зняўся на кінастудыях «Беларусьфільм», «Масфільм», «Ленфільм», «…імя А. Даўжэнкі» ў 14 фільмах: «Дачка камандзіра», «Чужая Бацькаўшчына», «Сведка», «Сто салдат і дзве дзяўчыны», «Цяжка быць Богам», «Плач перапёлкі», «Пакорлівыя могілкі» і інш.

Шматгранная дзейнасць артыста высока ацэненая: ён лаўрэат прэміі «Берасцейская зорка» (2003); за шматгадовую плённую творчую працу, значны асабісты ўклад у развіццё і прапаганду мастацтва беларускага тэатра лялек у 2008 годзе ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны і нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі», а ў 2014 годзе уганараваны званнем «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь».

Летам 2014 года ў Ракітніцкай сельскай бібліятэцы ладзіўся вечар-сустрэча са знакамітымі землякамі «Мае землякі — мой гонар», падрыхтаваны супрацоўнікамі Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. У ліку ганаровых гасцей прысутнічаў І. П. Герасевіч. У 2015 годзе на тэлерадыёкампаніі «Брэст» у аўтарскай праграме «Край з Міколай Пракаповічам»выйшаў дакументальны фільм пра Івана Герасевіча.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Карпішчук Марына Віктараўна, бібліёграф

 

 

  1. Брэсцкі абласнытэатр лялек / М. А. Каладзінскі, С. Ф. Юркевіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мiнск, 2002. Т. 1. С. 166–169 : іл.

  2. Голдовский, Б.История белорусского театра кукол. Опыт конспекта / Борис Голдовский. – Москва : ВАИН ГРАФ, 2014. – 564 с. – Из содерж.: Герасевич Иван Прокофьевич.

  3. Бензярук, Р.Зялёная зорка надзеі : Герасевіч Іван Пракопавіч, нарадзіўся ў 1943 годзе ў вёсцы Стрыганец / Расціслаў Бензярук // Сорак дарог / Расціслаў Бензярук, Анатоль Бензярук. Брэст, 2007. С. 28–32.

  4. Бензярук, А. Таварышу Герасевічу — чалавеку і тэатру : заслужанаму артысту Беларусі, выдатнаму майстру сцэны — 75! / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2018. 10 студзеня. С. 1 : фота.

  5. Бензярук, Р. Пайсці ўслед за зоркаю надзеі : заслужанаму артысту Беларусі Івану Герасевічу — 75 / Расціслаў Бензярук // Заря. 2018. 4 января. С. 13 : фото.

  6. Багіно, Г. Свята «ў квадраце» : гісторыі людзей, для якіх Новы год — дзень нараджэння : [у т. л. пра заслужанага артыста Беларусі І. Герасевіча] / Ганна Багіно, Алена Дзядзюля // Звязда. 2017. 28 снежня. С. 5, 8 : фота.

  7. Герасевіч, І. На сцэне сняцца каласы : [інтэрв’ю з вядучым артыстам Брэсцкага тэатра лялек] / Іван Герасевіч ; гутарыў Аляксандр Курэц // Сельская газета. 2014. 7 июня. С. 11 : фото.

  8. Бензярук, Р. Ігра без права на дубль : [пра вядучага акцёра Брэсцкага тэатра лялек І. Герасевіча, нараджэнца Жабінкаўскага раёна] / Расціслаў Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2014. 2 красавіка. С. 2 : фота.

  9. Павлова, Л. Творцы и самозванцы: сцена высвечивает сущность : [актёр Брестского театра кукол И. П. Герасевич — исполнитель роли монаха Пимена в спектакле «Самозванец»] / Любовь Павлова ; фото автора // Брестский курьер. 2014. 27 февраля (№ 9). С. 9.

  10. Шеламова, Т. Полвека с куклами : [о присвоении старейшему артисту Брестского кукольного театра И. П. Герасевичу почётного звания заслуженного артиста Беларуси] / Татьяна Шеламова // Вечерний Брест. 2014. 19 февраля. С. 3.

  11. Герасевич, И. П. «Я пришел в артисты из трактористов» : [беседа с актёром Брестского театра кукол о творчестве и жизни; ему присвоено звание «Заслуженный артист Республики Беларусь»] / Иван Прокофьевич Герасевич ; беседовала Елена Гармель // Заря. 2014. 15 февраля. С. 9.

  12. Павлова, Л. Заслуженный Дед Мороз со стажем более чем в сорок лет : [творческая биография актёра Брестского театра кукол И. П. Герасевича, к его 70-летию] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2013. 4 января (№ 1). С. 21.

  13. Герасевич, И. П. Дядя Ваня, который играет в куклы : [интервью с артистом Брестского кукольного театра] / ИванПрокофьевич Герасевич ; беседовал Игорь Федарович // Заря. 2011. 2 июля. С. 9.

  14. Герасевіч, І. Пакуль звініць дзіцячы смех : інтэрв’ю артыста Брэсцкага тэатра лялек І. Герасевіча / Іван Герасевіч ; гутарыў Р. Бензярук //Сельская праўда. Жабінка, 2008. 31 снежня. С. 2, 5 : фота .

  15. Скарынаўскі медаль — нашаму земляку : [акцёрБрэсцкага абласнога тэатра лялек Іван Герасевіч узнагароджаны медалём Ф. Скарыны] // Сельская праўда. Жабінка, 2008. 8 лістапада. С. 2.

  16. Бензярук, Р. Зялёная зорка надзеі : нарыс : [пра Івана Герасевіча з в. Стрыганец Жабінкаўскага раёна, які стаў артыстам тэатра і кіно] / Расціслаў Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2003. 5 сакавіка. С. 2.

  17. Пракаповіч, М. Прафесія — гуляць у лялькі : Івану Герасевічу — 60 / Мікола Пракаповіч ; фота Юрыя Макарчука // Брестский курьер. 2003. 9 января (№ 2). С. 20.

  18. Витальник, К. Артист, охотник, человек!.. И всё это — Иван Герасевич / Клим Витальник // Брестский курьер. 2002. 28 марта (№ 13). С. 19.

  19. Зёлка, К. Гульня ў лялькі даўжынёю ў 30 гадоў : [пра акцёра Брэсцкага тэатра лялек I. Герасевiча] / К. Зёлка // Вечерний Брест. 1996. 26 июля. С. 8.

  20. Герасевіч, І. Калі збываецца мара : [акцёр Брэсцкага тэатра лялек аб акцёрскім майстэрстве] / Іван Герасевіч ; гутарыла Зінаіда Дудзюк // Народная трыбуна. 1993. 13 лютага.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 542 разоў