Серада, 07 Сакавік 2018 14:53

26 кастрычніка 2018 г. — 20 гадоў з дня стварэння ландшафтнага заказніка рэспубліканскага значэння «Стронга» (Баранавіцкі р-н; 1998)

Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Стронга» быў створаны 26 кастрычніка 1998 года згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1634. Гэта быў першы ў Беларусі іхтыалагічны заказнік, які ставіў мэтай захаванне месцазнаходжання знікаючага віду рыб — фарэлі ручаёвай (ба-беларуску стронга) і аховы каштоўных прыродных комплексаў. Рэспубліканскі заказнік з’явіўся на базе заалагічнага заказніка мясцовага значэння «Стронга», створанага па рашэнні № 98 Баранавіцкага райвыканкама 28 сакавіка 1994 года.

 

Тэрыторыя заказніка «Стронга» знаходзіцца на стыку Навагрудскай узвышанасці і Баранавіцкай водна-ледніковай раўніны, падзеленых паміж сабой краёвай лагчынай сцёку, унаследаванай сучаснымі далінамі рэк Лахазва, Дзеравянка, Іса. Ядром заказніка з’яўляюцца маляўнічыя, слаба вырабленыя даліны рэк і штучныя вадаёмы. Тэрыторыя складаецца з двух участкаў: «Іса» — у межах вадазбору ракі Іса каля вёскі Палонка; «Лахазва» — на поўдзень ад аўтадарогі Баранавічы – Слонім.

Плошча заказніка «Стронга» складае 12 015 га. Размешчаны ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці на землях, якія знаходзяцца ў вядзенні Палонкаўскага сельсавета (43 га), землях сельгаспрадпрыемстваў (737 га), землях лесного фонду ў кварталах № 2, 4–6, 9–13, 26, 28–56, 58–66, 68–109, 112–119 Палонкаўскага лясніцтва (5625 га), у кварталах № 9–15, 18–21, 29–35, 43–50, 57–65, 67, 70, 73, 76, 115 Бярозаўскага лясніцтва (4 120 га), Баранавіцкага лясгаса і ў кварталах № 6–11, 15 (часткова), 16–21, 26–37, 40–46, 54–56, 130 (часткова), 131 (часткова), 132 дзяржаўнага лесагаспадарчага прадпрыемства «Слонімскае ваеннае лясніцтва» (2 270 га).

Прыродным ядром заказніка «Стронга» з’яўляюцца рэкі Лахазва, Дзеравянка, Iса, іх прытокі і штучныя вадаёмы. Рэкі цякуць у маляўнічых далінах эразійнага тыпу і з’яўляюцца месцам жыхарства ручаёвай фарэлі (стронгі), унікальнага для Беларусі віду рыб сямейства ласасёвых, уключанага ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Стронга жыве ў невялікіх рэках і ручаях з халоднай вадой і камяністым грунтам, вельмі патрабавальная да ўмоў асяроддзя пражывання і з’яўляецца індыкатарам чысціні і высокай якасці вод.

Лясная расліннасць пакрывае 94 % тэрыторыі заказніка. Пераважаюць саснякі верасовыя, бруснічныя, імшыстыя, чарнічныя і арляковыя. Сустракаюцца елка, бяроза, алешына чорная, дуб, граб. У межах заказніка расце 13 відаў рэдкіх і якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення дзікарослых раслін, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: баранец звычайны, гарлянка пірамідальная, тлушчанка звычайны, каменяломнік зярністы, галубок сібірскі, лілея кучаравістая, ілінея паўночная, любка зеленакветкавая, неаціанта клабучковая, пальчатакарэннік майскі, прастрэл лугавы, чына льналістная (горная), шалфей лугавы.

Жыве 202 віды жывёл, сярод іх 20 відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: стронга ручаёвая, шырокапалы рак, чарацяная жаба, мядзянка, 12 відаў птушак (вялікі і малы бугай, чорны бусел, вялікі ўліт, малая крачка, звычайны зімародак, скапа, чорнаваллёвая гагара, арлан-белахвост, гаршнеп, зялёны дзяцел, сакол-каршачок, пустальга) і 3 віды млекакормячых (еўрапейская шыракавушка, арэшнікавая соня, барсук).

На тэрыторыі заказніка забараняюцца: правядзенне гідрамеліярацыйных і іншых прац, звязаных са змяненнем натуральнага ландшафта і існуючага гідралагічнага рэжыму; здабыча торфу і сапрапеляў; суцэльныя высечкі галоўнага карыстання, акрамя ўчасткаў спелых і перастойных насаджэнняў; пашкоджанне і знішчэнне драўнінна-хмызняковай расліннасці, не звязаныя з лесагаспадарчай дзейнасцю; парушэнне натуральнага глебавага пакрыцця; выкарыстанне плывучых сродкаў з маторамі, акрамя плывучых сродкаў выратавальнай і прыродаахоўнай службаў.

У перыяд размнажэння птушак і жывёл (красавік–чэрвень) забараняецца выпас жывёлы, паляванне і сенакашэнне ў кварталах № 30, 35, 44, 45, 50, 65, 67, 70, 73, 76 Беразоўскага лясніцтва, а таксама ў прыбярэжных палосах — стаўка Басіны і вадасховішча Гаць.

Рэспубліканскі ландшафтны заказник «Стронга» аб’яўлены без адабрання зямельных участкаў у землекарыстальнікаў, землі якіх размешчаны ў межах заказніка. На тэрыторыі заказніка ці на яго межах размешчаны шэраг аграсядзіб. Заказнік «Стронга» перададзены ў падпарадкаванне Баранавіцкага райвыканкама.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Філіпава Яна Уладзіміраўна, бібліёграф

 

  1. Стронга, ландшафтный заказник // Заповедные территории Беларуси / сост.: П. И. Лобанок.Минск, 2008. С. 388–389.

  2. Стронга, ландшафтный заказник / П. И. Лобанок // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 389.

  3. Стронга, ландшафтный заказник // Туристские регионы Беларуси / сост. Л. В. Ловчая. Минск, 2008. С. 100.

  4. Аб стварэнні рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Стронга» і змяненні плошчы меж Баранавіцкага дзяржаўнага батанічнага заказніка дзікарослых лекавых раслін рэспубліканскага значэння : пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, 26 кастрычніка 1998 г., № 1634 // Зборнік дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта і пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь. 1998. № 30. С. 20–22.

  5. Ручьёвая форель / М. В. Плота // Красная книга Республики Беларусь. Животные. 4-е изд. Минск, 2015. С. 144–145.

  6. Стронга : [фарэль] // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 10. С. 82.

  7. Рындевич, С. К. Водные жесткокрылые (coleoptera: haliplidae, noteridae, dytiscidae, gyrinidae, helophoridae, hydrophіlidae, hydraenidae, dryopidae) и герпетобионтные водолюбы (coleoptera: hydrophіlidae) заказника «Стронга» / С. К. Рындевич // Наука. Образование. Технологии-2009 : материалы ІІ международной научно-практической конференции, 10–11 сентября 2009 г., г. Барановичи : в 2 ч. Барановичи, 2009. Ч. 2. C. 88–89.

  8. Лукашук, А. О. Стрекозы и прямокрылые (insesta: odonata, orthoptera) пойменных экосистем реки Исса заказника «Стронга» / А. О. Лукашук // Наука. Образование. Технологии-2009 : материалы ІІ международной научно-практической конференции, 10–11 сентября 2009 г., г. Барановичи : в 2 ч. Барановичи, 2009. Ч. 2. C. 83–84.

  9. Ручьевая форель как индикатор чистоты : [республиканский ландшафтный заказник «Стронга», обитает ручьёвая форель; фото] // Родная прырода. 2014. № 5. С. 39.

  10. Гізун, А. Па сцежках-дарожках баранавіцкага і слонімскага заказнікаў : [аб заказніках «Стронга» і «Слонімскі»] / Алесь Гізун // Интекс-пресс. Барановичи, 2010. 6 января. C. 11.

  11. Сороковик, З. «Стронга» : [государственный заказник республиканского значения в Барановичском районе] / Зоя Сороковик // Наш край. Барановичи, 2009. 15 октября. C. 1, 3.

  12. Пилипчук, П. Там, где Щара тихая течёт : [о заказнике «Стронга»] / Пётр Пилипчук ; фото М. Маслобаева // Заря. 2006. 21 февраля. С. 3.

  13. Кукса, М. Есть у нас рыба — форель : [в реках Барановичского района] / М. Кукса // Заря. 1994. 24 февраля.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1456 разоў Апошняя змена Пятніца, 15 Студзень 2021 11:04