Серада, 21 Сакавік 2018 11:44

7 сакавіка 2018 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Алы Канстанцінаўны Кабаковіч-Тычына (1943–1985), літаратуразнаўцы, паэтэсы, перакладчыцы

Ала Канстанцінаўна Кабаковіч-Тычына нарадзілася 7 сакавіка 1943 года ў вёсцы Гутава Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька, Канстанцін Карпавіч Кабаковіч, у пошуках заробку ў 1930-я гады ездзіў у Аргенціну, у ліпені 1942 года быў расстраляны гітлераўцамі як камуніст і партызан. Маці, Надзея Сяргееўна Замкавец, працавала ў калгасе. Дзяўчынка расла сіратой, была ўражлівай, чулая да людскога болю, удзячная да самага малога выяўлення ўвагі. Ала Кабаковіч у 1959 годзе з залатым медалём закончыла Гутаўскую сярэднюю школу. У 1964 годзе з адзнакай закончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

 

Два гады працавала ў сістэме Дзяржкамітэта БССР па радыёвяшчанні і тэлебачанні. Як журналістка рыхтавала радыёпастаноўкі паводле твораў М. Танка, У. Караткевіча, А. Вярцінскага, М. Святлова, Я. Еўтушэнкі і інш. У 1966 годзе па рэкамендацыі Саюза пісьменнікаў БССР паступіла ў Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага ў Маскве на перакладчыцкі факультэт, які закончыла ў 1971 годзе. Першыя яе вершы надрукаваны ў часопісе «Нёман» у 1970 годзе. Адначасова з вучобай працавала ў рэдакцыі часопіса «Дружба народов», дзе публікавала свае пераклады з беларускай мовы вершаў У. Караткевіча, А. Вярцінскага.

Пісала вершы на беларускай і рускай мовах, вабіла яе і польская літаратура — добра ведала польскую мову. Як слухачка славістычных курсаў пры Варшаўскім універсітэце ў 1969–1971 гадах А. К. Кабаковіч выязджала ў Польшчу. З 1971 года працавала навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР. За час працы абараніла дысертацыю кандыдата філалагічных навук (1975), выдала кнігі «Паэзія Максіма Багдановіча. Дыялектыка рацыянальнага і эмацыянальнага» (1978), «Беларускі свабодны верш» (1984). Разам з І. Шпілеўскім і Н. Шукліной была суаўтарам манаграфіі «Паэзія абноўленага свету» (1981), дзе зрабіла панарамны агляд усемагчымых творчых эксперыментаў, на якія была такая багатая беларуская паэзія таго перыяду.

Сапраўдная паляшучка не толькі таму, што нарадзілася і гадавалася ў глушы Палесся, але і натурай (аднакурснікі звалі яе Лесяй — у гонар вядомай гераіні А. Купрына). Яна, дзеля спрэчкі, азартна штудзіравала вышэйшую матэматыку і сапрамат: не богі гаршкі лепяць! Яна, каб лёс склаўся, магла б стаць добрым кулінарам, мадэльерам, урачом.

Ала Кабаковіч пайшла туды, куды клікала прызванне і жаданне аддзячыць людзям за дабро і спачуванне ў цяжкія гады, стала радыёжурналісткай. А потым апанавала яе жаданне пісаць вершы. Да лёсу сваіх вершаў адносілася досыць абыякава. Друкавалася рэдка. Найчасцей пісала-запісвала вершы на нейкіх лістках, у блакнотах, пісьмах і забывала пра іх. Сціпласць і павага да роднага слова, дзе працуюць майстры, утрымлівалі яе. Жыццялюбства А. К. Кабаковіч увасобілася перш за ўсе ў любові да Радзімы, да роднага слова, у замілаванні да людзей, сярод якіх узгадавалася.

Дачка А. К. Кабаковіч ад першага мужа, Ганна Мікалаеўна Кісліцына, нарадзілася ў 1967 годзе ў Драгічыне, стала літаратуразнаўцам, крытыкам, доктарам філалагічных навук. Яе другі муж, Міхаіл Аляксандравіч Тычына, беларускі літаратуразнавец, пісьменнік, доктар філалагічных навук, аўтар манаграфій, эсэ, нарысаў, аповесцяў, апавяданняў, адзін з аўтараў падручнікаў па беларускай літаратуры для сярэдняй школы. Іх дачка, Сафія Міхайлаўна Тычына, нарадзілася ў 1982 годзе, таксама стала літаратуразнаўцам, пісьменніцай, кандыдатам філалагічных навук.

А. К. Кабаковіч-Тычына заўчасна памерла 11 лютага 1985 года. Пахавана на Паўночных могілках г. Мінска.

Ужо пасля смерці выйшла з друку яе навуковая праца «Фальклорныя і анталагічныя традыцыі ў беларускай паэзіі» (1989). У кнізе выбранага А. К. Кабаковіч-Тычына «Пасеянае ўзыдзе» (1991) апублікаваны вершы, пераклады і шматлікія артыкулы і рэцэнзіі, у якіх даследуецца творчасць многіх нашых паэтаў: М. Танка, Я. Стакова, М. Стральцова, Р. Барадуліна, Р. Баравіковай, П. Макаля і інш.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Елісеева Валянціна Уладзіміраўна, бібліёграф ІІ кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Творы і працы А. К. Кабаковіч-Тычына

  1. Пасеянае ўзыдзе : вершы, пераклады, літаратурна-крытычныя артыкулы / Ала Кабаковіч ; [уклад. М. А. Тычына]. – Мінск : Мастацкая лiтаратура, 1991. – 287 с.

  2. Фальклорныя і анталагічныя традыцыі ў беларускай паэзіі : гістарычна-тэарэтычны нарыс / А. К. Кабаковіч ; [рэд. М. А. Тычына]. – Мінск : Навука і тэхніка, 1989. – 125, [2] с.

  3. Беларускі свабодны верш / А. К. Кабаковіч ; [рэд. М. М. Арочка] ; Акадэмія навук Беларускай ССР, Інстытут літаратуры імя Я. Купалы. Мінск : Навука і тэхніка, 1984. 173, [2] с.

  4. Шукліна, Н. У. Паэзія абнаўлення свету : фарміраванне творчых прынцыпаў і стылявых форм беларускай савецкай паэзіі / Н. У. Шукліна, А. К. Кабаковіч, І. С. Шпакоўскі ; [рэд.: І. Я. Навуменка, У. В. Гніламёдаў]. – Мінск : Навука і тэхніка, 1981. – 189, [2] c.

  5. Паэзiя Максiма Багдановiча : дыялектыка рацыянальнага i эмацыянальнага / А. К. Кабаковіч ; НАН Беларусi, Iн-т лiтаратуры. – Мінск : Навука i тэхнiка, 1978. – 136 с.

 

Аб жыцці і творчасці А. К. Кабаковіч-Тычына

  1. Кабаковіч Ала / Л. М. Гарэлік // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 3. С. 28–29.

  2. Ала Кабаковіч // Беларускія пісьменнікі, 1917–1990 : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. Мінск, 1994. С. 231.

  3. Кабаковіч-Тычына Ала Канстанцінаўна // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 601.

  4. Ала Кабаковіч-Тычына / Я. Я. Аляксейчык // Памяць. Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 442.

  5. Ала Кабаковіч-Тычына // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 183–184.

  6. Ляшук, В. Я. Ала Кабаковіч // Літаратура Берасцейшчыны / В. Я. Ляшук, Г. І. Снітко. Брэст, 1999. С. 367.

  7. Тычына, М.«Са сваёй чарадой» : штрыхі да партрэта Алы Кабаковіч / Міхась Тычына // Роднае слова. 2003. № 3. С. 30–32 : фат.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 487 разоў