Серада, 21 Сакавік 2018 15:48

16 сакавіка 2018 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Данііла Юльянавіча Крыўчэні (1938), урача-хірурга, доктара медыцынскіх навук, прафесара, акадэміка Акадэміі навук вышэйшай школы Украіны

Данііл Юльянавіч Крыўчэня нарадзіўся 16 сакавіка 1938 года ў вёсцы Вярхі Жыцінскай гміны Брэсцкага павета Палескага ваяводства (цяпер Сцяпанкаўскага сельсавета Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці). Бацька Данііла быў служачым, працаваў на чыгунцы, маці — адмысловая краўчыха. У 1939 годзе сям’я пераехала ў Брэст. У час Вялікай Айчыннай вайны вярнуліся ў родную вёску, дзе яшчэ захаваліся жыллё і гаспадарка, і дзе бяспечней было жыць. Пасля вайны сям’я зноў пераехала ў Брэст.

 

У 1954 годзе Данііл Крыўчэня скончыў сярэднюю школу № 3 г. Брэста з срэбраным медалём і паступіў у Кіеўскі медыцынскі інстытут. Асабліва цяжка спачатку давалася анатомія, прасцей — фізіка, хімія, але потым зразумеў, што для таго, каб лячыць чалавека, трэба зрабіць яшчэ шмат крокаў, і старанна вучыўся на павышаную стыпендыю. На пятым курсе пачаў працаваць фельчарам на Кіеўскай станцыі хуткай дапамогі ў выязной брыгадзе на поўную стаўку з кругласутачным дзяжурствам. На апошнім курсе, пасля азнаямлення з клінікай Мікалая Міхайлавіча Амосава, акадэміка з сусветным імем,праслухаўшы некалькі яго лекцый, абраў сваю будучую спецыяльнасць — таракальную хірургію. Медінстытут скончыў у 1960 годзе з адзнакай.

Затым тры гады малады ўрач працаваў хірургам у Чаркаскай абласной туберкулёзнай бальніцы. За гэты час, улічваючы чатырохмесячныя курсы ўдасканалення ў клініцы М. М. Амосава, Д. Ю. Крыўчэня авалодаў поўным аб’ёмам аперацый на грудной клетцы і лёгкіх. Пасля Данііл Юльянавіч прыняў удзел у конкурсе на паступленне ў аспірантуру на кафедру таракальнай хірургіі і анестэзіялогіі, якую ўзначальваў прафесар М. М. Амосаў.

У 1967 годзе Д. Ю. Крыўчэня абараніў кандыдацкую дысертацыю «Адкрыты артэрыяльны праток, дыягностыка, гемадынаміка і хірургічнае лячэнне» з правам самастойнага выканання аперацый не толькі пры лёгачных, але і сардэчных захворваннях. У 1978 годзе ім была абаронена доктарская дысертацыя «Хірургічнае лячэнне набытых парокаў сэрца ў дзяцей і падлеткаў». Аперацыі на сэрцы Данііл Юльянавіч укараніў у практыку са знакамітым савецкім хірургам акадэмікам Аляксандрам Аляксеевічам Шалімавым. У 1971–1981 гадах Данііл Юльянавіч па даручэнні А. А. Шалімава ўзначальваў арганізацыю працы сардэчна-сасудзістага аддзялення на новай клінічнай базе — бальніцы «Медгарадок» Кіеўскага НДІ з поўным аб’ёмам аперацый на сэрцы. Адначасова ў 1980–1992 гадах заснаваў і кіраваў кафедрай дзіцячай хірургііў Інстытуце ўдасканалення ўрачоў, а ў 1981–2005 гадах — заснавальнік і загадчык клінікі складаных парокаў развіцця ў дзяцей у Інстытуце педыятрыі, акушэрства і гінекалогіі АМН Украіны.

У 19922011 гадах Данііл Юльянавіч — загадчык, з 2011 года — прафесар кафедры дзіцячай хірургіі Нацыянальнага медыцынскага ўніверсітэта імя А. А. Багамольца. У 1989–2004 гадах — ён галоўны дзіцячы хірург Міністэрства аховы здароўя Украіны, у 1991–2016 гадах з’яўляўся прэзідэнтам Усеўкраінскай асацыяцыі дзіцячых хірургаў. Акадэмік Акадэміі навук вышэйшай школы Украіны (1993), заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Украіны (1997), лаўрэат міжнароднай прэміі «Залаты ОЦІС» (Польшча) 2006 года, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Украіны 2008 года за распрацоўку методык аперацый у дзяцей.

Прафесар Д. Ю. Крыўчэня — вучань дзвух геніяў хірургіі — акадэмікаў М. М. Амосава і А. А. Шалімава — працягвае ажыццяўляць актыўную працоўную дзейнасць у дзіцячай хірургіі і з’яўляецца годным прадаўжальнікам спраў сваіх настаўнікаў. Яму прысвоена вышэйшая атэстацыйная катэгорыя,ён валодае поўным аб’ёмам хірургічных умяшанняў у таракальнай і брушной поласці. Аўтар больш за 350 навуковых прац, у тым ліку больш за 15 — у замежных выданнях, 5 манаграфій і некалькіх навучальных дапаможнікаў. Мае 35 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў на метады аперацый і хірургічныя інструменты. Падрыхтаваў чатырох дактароў і 28 кандыдатаў медыцынскіх навук. Удзельнік шматлікіх міжнародных з’ездаў і канферэнцый.19–22 кастрычніка 2017 года ў Львове адбылася Украінска-польская канферэнцыя «Дні дзіцячай хірургіі», на якой праведзены майстар-клас па «жывой хірургіі», у тым ліку прафесарам Д. Ю. Крыўчэней.

14 лістапада 2017 года ў Нацыянальнай навуковай медыцынскай бібліятэцы Украіны Д. Ю. Крыўчэня прадставіў атлас «Парокі развіцця дыхальнай сістэмы», створаны ім сумесна з дацэнтам кафедры дзіцячай хірургіі НМУ імя А. А. Багамольца Яўгенам Рудэнка. Над атласам яны працавалі на працягу трох гадоў, а матэрыял выкарыстоўвалі па выніках дзесяцігадовых даследаванняў.

Сёння Данііл Юльянавіч — прафесар кафедры дзіцячай хірургіі Нацыянальнага медыцынскага ўніверсітэта імя А. А. Багамольца. Хірург, які неаднойчы трымаў чалавечыя сэрцы ў сваіх далонях, і цяпер нясе надзею людзям.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Карпішчук Марына Віктараўна, бібліёграф

 

 

  1. Бензярук, Р. М. Д. Ю. Крыўчэня / Р. М. Бензярук // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 440.

  2. Бензярук, Р.Дакрануцца да сэрца : Крыўчэня Данііл Юльянавіч, нарадзіўся ў 1938 годзе ў вёсцы Вярхі / Расціслаў Бензярук // Сорак дарог / Расціслаў Бензярук, Анатоль Бензярук. Брэст, 2007. С. 110–111.

  3. Бензярук, А. Жабінкаўшчына навуковая : [пра жабінкаўцаў, якія дасягнулі ў жыцці навуковых вяршынь, у т. л. Д. Ю. Крыўчэню] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2017. 21 кастрычніка. С. 3.

  4. Перова, Л. Л. Любовь наша — Любушка : [беседа с учителем русского языка и литературы СШ № 3 г. Бреста; упомянут выпускник школы Даниил Кривченя] / Любовь Лаврентьевна Перова ; беседовал Юрий Шапран // Брестский вестник. 2015. 5 ноября (№ 45). С. 13.

  5. Карпішчук, М. Знакаміты лекар з Брэстчыны : [да 75-годдзя Данііла Юльянавіча Крыўчэні] / Марына Карпішчук // Сельская праўда. Жабінка, 2013. 16 сакавіка. С. 3.

  6. До 75-річчя Данила Юляновича Кривчені // Хірургія дитячого віку. Киïв, 2013. № 1. С. 5.

  7. Воронюк, С. После операции у Марьяны восстановилась работа сердца и дыхания : медики спасли девочку, у которой сердце расположено с правой стороны : [в т. ч. торокальный хирург из «Охматдет» Даниил Кривченя] / Светлана Воронюк // Комсомольская правда в Украине. 2012. 26 июня. С. 15.

  8. Бензярук, А. Вучоныя — нараджэнцы Жабінкаўшчыны : [у т. л. пра Д. Ю. Крыўчэню] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2010. 30 студзеня. С. 3.

  9. Бойко, В. Оригинальные методики хирургического лечения осложнений цирроза печени, разработанные украинскими учеными, успешно зарекомендовали себя в клинической практике : [за цикл научных работ коллектив авторов, в т. ч. Д. Кривченя,выдвинут Харьковским национальным медицинским университетом на соискание Государственной премии Украины в области науки и техники]/ Валерий Бойко // Зеркало недели : информационно-аналитический еженедельник. Киев, 2008. 29 августа.

  10. Кривченя, Д. По призванию, но без признания : [беседа с президентом Ассоциации детских хирургов профессором Даниилом Кривченей о полученной Международной премии «Золотой Отис»] / Даниил Кривченя ; беседовала Елена Морозова // День : ежедневная всеукраинская газета. Киев, 2006. 19 июня.

  11. Кривченя, Д. Даниил Кривченя: «К операции нужно готовиться, как к спектаклю» :[интервью с руководителем Украинской клинической специализированной детской больницы «Охматдет»] / Даниил Кривченя ; беседовала Павлина Семиволос // Зеркало недели : информационно-аналитический еженедельник. Киев, 2000. 5 мая.

  12. Бензярук, Р. Каб сэрца не балела : [пра доктара медыцынскіх навук, прафесара Д. Ю. Крыўчэню, ураджэнца в. Вярхі Жабінкаўскага раёна] / Расцiслаў Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 1996. 24 снежня. С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 460 разоў