Чацвер, 29 Сакавік 2018 11:38

20 сакавіка 2018 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Іосіфа Карлавіча Здановіча (1898–?), беларускага і рускага музыказнаўца і фалькларыста

Іосіф (Язэп) Карлавіч Здановіч нарадзіўся 20 сакавіка 1898 года ў вёсцы Сялец Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці). З сям’ёй пераехаў у Маскву. Першапачатковую музычную адукацыю атрымаў у дзіцячым прытулку. У Грамадзянскую вайну служыў у ваенных аркестрах Чырвонай арміі.

 

У 1919–1922 гадах І. К. Здановіч вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі. У 1926 годзе скончыў музычна-этнаграфічныя курсы пры Дзяржаўным інстытуце музычнай навукі ў Маскве. У 1930–1933 гадах працаваў навуковым супрацоўнікам гэтага інстытута, адначасова выкладчыкам у Маскоўскай кансерваторыі, дзе выкладаў студэнтам практыку збірання і запісу народных песень. У 1933–1951 гадах працаваў у Цэнтральным дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў, адначасова ў 1934–1941 гадах па сумяшчальніцтве — навуковы супрацоўнік кабінета музыкі народаў СССР Маскоўскай кансерваторыі.

Іосіф Карлавіч — удзельнік многіх фальклорных экспедыцый. Сярод фалькларыстычных прац І. К. Здановіча зборнік запісаных з голасу маці, Ганны Іосіфаўны, песень, што бытавалі на яго радзіме, званыя ў асяроддзі «брэдэшкамі», або навукова-падабрадавая лірыка. Зборнік дае даволі поўнае ўяўленне аб пазаабрадавай лірыцы гэтай мясцовасці, вызначаецца бездакорным густам у адборы напеваў, цікавымі этнаграфічнымі назіраннямі. Фалькларыст імкнуўся захаваць моўныя і музычныя асаблівасці песень, таму і надрукаваў песні без апрацоўкі. Творы класіфікаваны па групах: любоўныя, сямейныя, рэкруцкія і салдацкія. Найбольшая колькасць у зборніку песень пра каханне (26), але ў гэты раздзел уключаны не толькі любоўныя песні, але і пятроўскія, жартоўныя, казацкія. Яны спяваліся жанчынамі ў час працы, пры вяртанні з поля, на вечарынках і інш. Некаторыя тэксты запісаны не поўнасцю. Значную каштоўнасць маюць апісанні выканання асобных твораў, з якіх відаць, напрыклад, што выкананне песні «Загневаны» ўяўляла сабой цэлую драматызаваную гульню з танцамі, чаргаваннем спеваў мужчыны і жанчыны. Для зборніка адабраны лепшыя ўзоры беларускіх песень розных відаў і жанраў, якія характарызуюцца дэталізаванай натацыяй.

Песні ў запісе І. К. Здановіча неаднаразова выкарыстоўваліся беларускімі кампазітарамі. Вялікую каштоўнасць мае зборнік «Русские народные песни» (1950), складзены ім на аснове калекцыі Дзяржаўнага рускага народнага хору імя М. Пятніцкага ў архіве кінафотафонадакументаў.

Лёс І. К. Здановіча пасля 1951 года невядомы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Бярозаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Логіс Аляксандра Генадзьеўна, гал. бібліёграф

 

 

 

Творы І. К. Здановіча

  1. Белорусские народные песни Гродненской губернии местечка Селец / И. К. Зданович // Сборник работ этнографической секции. Москва, 1926. Вып. 1.С. 52–67.

  2. Как собирать фольклор : краткое методическое пособие для начинающих работников по фольклору в краях и областях / И. К. Зданович ; Комитет по делам искусств при СНК СССР. – Москва : Всесоюзный дом народного творчества им. Н. К. Крупской, 1939. – 66 с.

  3. Киргизский музыкальный фольклор / И. К. Зданович, В. М. Кривоносов, Н. М. Владыкина. – Москва, 1939.

  4. Народные песни местечка Селец Пружанского уезда, Полесского воеводства (Западная Белоруссия) / записаны аспирантом по муз. этнографии при ГИМНе И. К. Здановичем. – Москва : [Огиз], Государственное музыкальное издательство, 1931. – 40 с. : нот. – (Труды Государственного института музыкальной науки).

  5. Народные песни местечка Селец Пружанского уезда, Полесского воеводства (Западная Белоруссия) : [микрофильм] / записаны И. К. Здановичем. – Москва : Музгиз, 1931. – 21 кадр.

  6. Песни западной Белоруссии : [сборник] / сост. И. К. Зданович. – Москва ; Ленинград : [б. и.], 1930.

  7. Русские народные песни : [сборник] / сост. И. К. Зданович. – Москва ; Ленинград : [б. и.], 1950.

 

Аб жыцці і творчасці І. К. Здановіча

  1. Здановіч Іосіф Карлавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2013. Т. 4. С. 108.

  2. Зданович Иосиф Карлович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 399.

  3. Здановіч Іосіф Карлавіч / А. С. Фядосік, Л. С. Мухарынская // Беларускі фальклор : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 539–540.

  4. Здановіч Іосіф Карлавіч / Л. С. Мухарынская // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. C. 520.

  5. Зданович Иосиф Карлович // Музыкальная энциклопедия : в 2 т. Москва, 1974. Т. 2. С. 454.

  6. Пейган, М. Іосіф Карлавіч Здановіч // Сяло ля Башты : гісторыя в. Сялец Бярозаўскага раёна / Мікалай Пейган. Мінск, 2003. С. 78.

  7. Даніловіч, Н.І. Мелагеаграфія каляндарных напеваў Верхняга Над’ясельдзя і яго сумежжаў : [узгадваецца Язэп Карлавіч Здановіч] / Н. І. Даніловіч // Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. 2007. № 30. С. 27–39.

  8. Пейган, М. Наша слава : да 600-годдзя вёскі Сялец : [узгадваецца музыкант і фалькларыст Іосіф Карлавіч Здановіч] / М. Пейган // Маяк. Берёза, 1997. 2 августа. C. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1463 разоў Апошняя змена Панядзелак, 07 Снежань 2020 16:26