Пятніца, 01 Чэрвень 2018 08:38

7 мая 2018 г. — 150 гадоў з дня нараджэння Рамана Аляксандравіча Скірмунта (1868–1939), палітычнага і грамадскага дзеяча

Раман Мар’ян Аляксандравіч Скірмунт нарадзіўся 7 мая 1868 г. у вёсцы Парэчча Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер Пiнскi раён Брэсцкай вобласцi) і належаў да шляхецкага роду Скірмунтаў, вядомага ад пачатку XVI ст.

 

Пачынальнік палескай лініі роду Скірмунтаў Богуш у 1552 г. атрымаў ад каралевы Боны маёнтак Плотніца ў Пінскім павеце. Скірмунты былі дэпутатамі сейма Рэчы Паспалітай, займалі розныя пасады, удзельнічалі ва ўсіх галоўных гістарычных падзеях краю: будавалі канал Агінскага, рэфармавалі Рэч Паспалітую на чатырохгадовым сейме, ваявалі ў вызваленчых паўстаннях.

Самы заслужаны ў беларускай гісторыі Раман Аляксандравіч Скірмунт таксама меў усё, каб зрабіць бліскучую кар’еру як у Расіі, так і ў Польшчы: сацыяльны статус, адукацыю, здольнасці і амбіцыі. У 1906–1907 гг. Раман Скірмунт — дэпутат першай Дзяржаўнай думы Расіі, спрабаваў стварыць краёвую партыю Літвы і Беларусі. У сакавіку 1917 г. быў абраны кіраўніком Беларускага нацыянальнага камітэта. У 1918 г. рашуча падтрымаў незалежнасць Беларусі і ў чэрвені – ліпені ўзначальваў урад Беларускай Народнай Рэспублікі. Раман Скірмунт пратэставаў супраць Рыжскага міру, які падзяліў Беларусь паміж Савецкай Расіяй і Польшчай, спрабаваў перашкодзіць ратыфікацыі міру польскім сеймам.

Няўдача БНР зрабіла безсэнсоўнай яго палітычную дзейнасць. Р. А. Скірмунт вярнуўся ў свой маёнтак у Парэчча на Піншчыне і пачаў займацца гаспадаркай. Аднак пасля дзяржаўнага перавароту ў Польшчы ў чэрвені 1926 г., калі ўладу захапіў Юзаф Пілсудскі, Р. А. Скірмунт зноў спрабаваў вярнуцца ў палітыку і нават быў абраны сенатарам ад беспартыйнага блоку супрацоўніцтва з урадам, які выступаў, між іншым, супраць палітыкі асіміляцыі беларусаў. Але хутка для яго стала зразумелым, што палітыка адносін да няпольскага насельніцтва пры дыктатары Пілсудскім не зменіцца. Тады ён канчаткова адышоў ад палітыкі і зноў вярнуўся ў сваё Парэчча.

У сваім радавым маёнтку Раман Аляксандравіч надзяляў сялян зямлёй, дазваляў карыстацца сенакосамі, даваў будаўнічы лес на жыллё тым, хто стварыў новую сям’ю, праводзіў сельскагаспадарчыя кірмашы для заахвочвання сялян, на адным з якіх, дарэчы, адзін з трох яго будучых забойцаў аднойчы выйграў прыз. Аказваў дапамогу пацярпелым у выніку пажару або іншага бедства. Пры яго фабрыцы пабудаваны 4 дамы на 90 кватэр і 4 інтэрнаты для несямейных. Аплачваў харчаванне, арэнду жылля, паслугі доктара. Для дзяцей рабочых утрымліваў бясплатнае вучылішча, дзе навучалі грамаце і ткацтву. Па яго рашэнні ў сяле збудаваны каталіцкі касцёл Сэрца Езуса (не захаваўся) і праваслаўны храм Раства Багародзіцы (1912).

Раман Аляксандравіч заклаў парк у англійскім стылі, сюды ён звозіў дрэвы і хмызнякі з Еўропы, ЗША, Расіі і Канады. Цяпер парк «Парэчча» — унікальны помнік прыроды, узор садова-паркавага мастацтва Беларусі, дзе і сёння растуць рэдкія пароды дрэваў, такія як японская лістоўніца.

Асабістае жыццё Рамана Скірмунта склалася не зусім удала, ён так і застаўся старым кавалерам. Аднак высокае сардэчнае пачуццё не абмінула і яго, закахаўся ў чарнабровую паляшучку Кацярыну Цярэшка, якой не было роўні па прыгажосці і прывабнасці на ўсю ваколіцу. Парэчанскія старажылы памятаюць таемную каханку пана, якой ён прысвячаў лірычныя вершы на беларускай мове. Пазней Кацярына пасялілася ў маёнтку і нарадзіла чатырох сыноў.

17 верасня 1939 г. Р. А. Скірмунт застаўся ў сваім радавым маёнтку, быў упэўнены, што яму нічога не пагражае, бо народ, якому ён зрабіў столькі дабра, абавязкова заступіцца за яго перад новай уладай. Але народ не заступіўся. Узяты пад варту, Раман Скірмунт быў расстраляны 7 кастрычніка 1939 г. на вачах вяскоўцаў разам з Баляславам, мужам сястры, без суда і следства па загаду камісара Холадава. Вядома і імя забойцы, гэта мясцовы жыхар Сілівестр Лукашык па мянушцы «Салавей».

Страчаная магiла Р. А. Скірмунта на краі парку ў 1992 годзе была адноўлена. 3 кастрычнiка 2008 г. у Парэччы ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная Раману Аляксандравiчу Скірмунту. 11 кастрычнiка 2008 г. у Чырвоным касцёле г. Мінска адкрыта памятная шыльда ў гонар Р. А. Скірмунта. 31 кастрычнiка 2009 г. у Iвацэвiчах на доме грэка-каталіцкай парафіі адкрыта мемарыяльная табліца з тэкстам: «Раман Скірмунт (1868–1939). Патрыёт беларуска-літоўскага краю, кіраўнік ураду БНР (1918)».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц. Паўлюкавец Наталля Уладзіміраўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Скірмунт Раман Аляксандравіч / С. С. Рудовіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 457.

  2. Скирмунт Роман Александрович / С. С. Рудович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 350.

  3. Скірмунт Раман Аляксандравіч / Станіслаў Рудовіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 321.

  4. Скірмунты, шляхецкі род / А. Кіштымаў // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 128–131.

  5. Мешечко, Е. Н. Скирмунт Роман Александрович (1868–1939) // Путешествие по Беларуси. В краю Нёмана, Западного Буга и Припяти : путеводитель / Е. Н. Мешечко. Брест, 2012. С. 222.

  6. [Последний хозяин Поречья Роман Скирмунт] // Жемчужина Полесья. Пинский район : справочник туриста / текст Т. А. Хвагиной. Минск, 2006. С. 41–43.

  7. Кіштымаў, А. Аляксандр Скірмунт : [Раман Скірмунт — сын А. Скірмунта] / Андрэй Кіштымаў // Славутыя імёны Бацькаўшчыны : зборнік / уклад. У. Гілеп [і інш.]. Мінск, 2003. Вып. 2. С. 374–380.

  8. Смалянчук, А. «Краёвая ідэя» ў беларускай гісторыі : зборнік навуковых артыкулаў / Аляксандр Смалянчук. – Мінск : Зміцер Колас, 2017. – 458 с. – Са зместу: Раман Скірмунт.

  9. Далiдовiч, Г. В. БНР i БССР. Роздум аб пакутным шляху беларускай дзяржаўнасцi ў ХХ стагоддзi : [узгадваецца Раман Скірмунт] / Г. В. Далiдовiч. – Мінск : Пейто, 2002. – 63 с.

  10. Парк «Поречье» / И. О. Ситникова // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 346–347.

  11. Парэцкі парк : [в. Парэчча Пiнскага раёна] / В. Р. Анціпаў // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 201.

  12. Парк «Поречье» (д. Поречье Пинского р-на) : [создание Романом Скирмунтом парка] // Памятники природы Белоруссии / В. М. Бельков [и др.]. Минск, 1986. С. 100–102.

  13. Николаева, В. Дань памяти : [о Романе Александровиче Скирмунте] / Вероника Николаева ; фото Сергея Подшивалова // Полесская правда, Пінск. 2017. 16 августа. С. 3.

  14. Кирьянов, А. Последний Скирмунт : взлет и падение полесского рода / Артем Кирьянов // Народная газета. 2016. 24 чэрвеня (№ 25). С. 20–21.

  15. Каткавец, А. Скірмунты ў Моладаве / Ала Каткавец // Заря. 2014. 10 июля.

  16. Лабадзенка, Г. «Страляйце так, я ад людзей ніколі не адварочваўся…» : 70 гадоў таму ў в. Парэчча забілі адраджэнца Палесся Рамана Скірмунта / Глеб Лабадзенка // Звязда. 2009. 7 кастрычніка. С. 7.

  17. Клімковіч, І. «Служыць Айчыне, адказваць перад Богам» : [аб ролі беларуской шляхты ў фарміраванні культуры; узгадваецца Р. А. Скірмунт] / Ірына Клімковіч // ЛiМ. 2009. 29 мая (№ 20). C. 12–13.

  18. Ильенков, В. Долгий путь к сердцам потомков : [открыта мемориальная доска Р. А. Скирмунту в д. Поречье] / Вячеслав Ильенков // Пінскі веснік. 2008. 10 кастрычніка. С. 3.

  19. Века, А. Трагічны пошук Радзімы. Раман Скірмунт (1868–1939) / Алесь Века // Настаўніцкая газета. 2004. 17 крастрычніка. С. 6.

  20. Пінчук, В. Слова пра Рамана Скірмунта / В. Пінчук // Мясцовы час. Пінск, 2006. 28 верасня ; 5 кастрычніка ; 12 кастрычніка.

  21. Сідарэвіч, А. Урады БНР і кабінет Рамана Скірмунта / Анатоль Сідарэвіч // Arche. Мінск, 2008. № 4. С. 108–126.

  22. Куницкий, П. Вспоминая Скирмунтов : Тереза Скирмунт продолжает восстанавливать на Полесье память о своих предках : [упоминается Роман Скирмунт] / Павел Куницкий // Пинская неделя. 2003. 5 июня.

  23. Кучынскі, В. Раман Скірмунт — удзельнік беларускага Адраджэння / В. Кучынскi // Наша слова. 2001. 21 сакавіка.

  24. Смалянчук, А. Успамін пра Рамана Скірмунта : штрыхі да партрэту : [з матэрыялаў экспедыцыі ў в. Парэчча Пінскага раёна] / Алесь Смалянчук // Наша Ніва. 2000. 18 снежня.

  25. Рудовіч, С. «...Беларускі дзеяч з вялікіх паноў» : эпізоды палітычнай біяграфii Рамана Скірмунта / Станіслаў Рудовіч // Гістарычны альманах. Гародня, 1999. Т. 2.

  26. Гадлеўскі, В. Зь беларускага палітычнага жыцьця ў Менску ў 1917–18 гг. : [сярод глаў: «Роля Р. Скірмунта ў тагачасным беларускім жыцьці і ягоныя спробы залажыць беларускую абшарніцкую партыю», «Абліскамзап і разгон Усебеларускага Кангрэсу [1917]» : рэферат прачытаны ў 1934 г.] / кс. Вінцэнт Гадлеўскі // Спадчына. 1997. № 5. С. 18–39.

  27. Цішук, П. Ён быў патрыётам Радзімы, але памёр «ворагам народа» : Лёс на зломе часу : [Раман Скірмунт] / Пётр Цішук // Народная газета. 1997. 29 жніўня.

  28. Смалянчук, А. Раман Скірмунт: шлях да Беларусі / Алесь Смалянчук // Спадчына. 1994. № 6. С. 6–10.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1510 разоў Апошняя змена Аўторак, 08 Снежань 2020 15:16