Аўторак, 12 Чэрвень 2018 11:37

23 верасня 2018 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Нікандра Іванавіча Сакалова (1923–2018), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны

Нікандр Іванавіч Сакалоў нарадзіўся 23 верасня 1923 г. у сяле Знаменскае Васкрасенскага раёна Ніжагародскай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька, Іван Іванавіч Сакалоў, удзельнічаў у Першай сусветнай вайне, узнагароджаны знакам «За мужество». Маці, Кацярына Іванаўна, нарадзіла і выхавала шасцёра дзяцей, узнагароджана «Медалью материнства».

 

У бліжэйшым сяле Нікандр скончыў сямігодку, а сярэдняя школа знаходзілася за 30 км — у сяле Ваздвіжанскае, давялося там жыць на кватэры. У 1941 г. скончыў Ваздвіжанскую СШ, выпускны вечар быў назначаны на 22 чэрвеня, але ў гэты дзень пачалася Вялікая Айчынная вайна.

У снежні 1941 г. Нікандра Сакалова прызвалі ў Чырвоную армію, накіравалі ў Горкаўскае ваеннае вучылішча зенітнай артылерыі. З курсантаў у красавіку 1942 г. былі сфарміраваны батарэі, якія занялі пазіцыі ў прыгарадах, прыкрывалі горад Горкі (цяпер Ніжні Ноўгарад), дзе было шмат заводаў, на якія фашысты рабілі шматлікія авіяналёты. Вучылішча скончыў у снежні 1942 г.

У якасці стажора на камандзіра ўзвода Нікандр Сакалоў быў накіраваны ў Ленінградскую армію супрацьпаветранай абароны, служыў камандзірам узвода ў 14-й зенітнай батарэі 169-га зенітна-артылерыйскага палка. Агнявыя пазіцыі батарэі знаходзіліся за Кіраўскім заводам. У студзені 1943 г. удзельнічаў у прарыве блакады Ленінграда. 13 сакавіка 1943 г. яму было прысвоена званне лейтэнанта. Пасля зняцця блакады на пачатку 1944 г. прымаў удзел у вызваленні Краснага Сяла, Ропшы, Пушкіна. Летам 1944 г. удзельнічаў у наступленні на Карэльскім перашэйку, вызваляў Выбарг і іншыя гарады. Атрымалася так, што яго батарэя заставалася на абароне Ленінграда да 9 мая 1945 г.

Пасля вайны Н. І. Сакалоў застаўся ў арміі, з 1946 г. служыў у Гродне. У 1951–1954 гг. вучыўся на факультэце разведкі Ваеннай акадэміі імя М. В. Фрунзе ў Маскве. Пасля заканчэння акадэміі служыў начальнікам аддзелаў разведкі ў Паўночнай групе войск, у Прыбалтыцы, іншых рэгіёнах. З 1965 г. — начальнік супрацьпаветранай абароны 50-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі, якая дыслацыравалася ў Брэсце. Звольнены ў запас у лютым 1975 г. у званні палкоўніка.

Лепшыя армейскія традыцыі Н. І. Сакалоў захаваў на ўсё жыццё. Доўг, гонар і годнасць былі яго неад’емнай духоўнай рысай. Працаваў старшым інжынерам па рацыяналізацыі і навукова-тэхнічнай інфармацыі ў Брэсцкім аддзяленні Беларускай чыгункі. З ліпеня 1977 г. па май 1980 г. Нікандр Іванавіч працаваў загадчыкам лабараторыі замежных моў, затым па 1992 г. — старшым выкладчыкам грамадзянскай абароны ў Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце. У 1980–1992 гг. з’яўляўся старшынёй камітэта ветэранаў вайны інстытута.

На будаўніцтве мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» у 1970 г. аказваў шэфскую дапамогу на ўзвядзенні галоўнага ўваходу «Зорка» i iншых работах, кіраваў групай 30–40 чалавек. У 1970–1973 гг. з’яўляўся куратарам па падрыхтоўцы старшакласнікаў да нясення службы часавымі на Пасту Памяці ля Вечнага агню ў МК «Брэсцкая крэпасць-герой».

У 1980–1998 гг. Н. І. Сакалоў быў членам абласной арганізацыі таварыства «Веды», выступаў з лекцыямі перад працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў горада і вобласці па актуальных тэмах міжнароднага становішча, Бліжняга і Сярэдняга Усходу, Афганістана і інш. За гэты час ім было зроблена больш за 300 выступленняў. За актыўную лекцыйную дзейнасць узнагароджаны Ганаровымі граматамі таварыства «Веды».

Нікандр Іванавіч — Ганаровы ветэран Вялікай Айчыннай вайны г. Брэста. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступеней, медалямi «За отвагу» (1944), «За оборону Ленинграда» (1946), «За боевые заслуги» і інш. Усе гады ветэран-франтавік не парываў сувязей са сваімі баявымі таварышамі. У складзе ветэранскіх дэлегацый некалькі разоў побываў у Ленінградзе (з 1991 г. Санкт-Пецярбург): на святкаванні гадавін вызвалення ад блакады (1990, 2004), на VІІ злёце гарадоў-герояў (1999). З’яўляўся старшынёй брэсцкага камітэта «Блакадны Ленінград».

Быў членам і тры гады (2014–2016) старшынёй Брэсцкага гарадскога камітэта ветэранаў вайны. Н. І. Сакалоў вёў актыўную работу па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі. Шмат разоў выступаў у школах, ліцэях, вучылішчах, часта праводзіў урокі мужнасці ў гімназіі № 1 г. Брэста, прымаў удзел у цырымоніях уручэння прызыўнікам павестак ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь.

У жніўні 1944 г. Нікандр Сакалоў ажаніўся на Валянціне Васільеўне Васільевай (1924–2006), ленінградцы, якая ваявала побач — служыла разведчыкам-назiральнiкам 169-га зенітна-артылерыйскага палка, на пазіцыях батарэі і пазнаёміліся. Выгадавалі дачок Галіну, Алену і сына Валянціна.

Н. І. Сакалоў памёр 1 сакавіка 2018 г. Пахаваны 3 сакавіка на брэсцкіх гарадскіх могілках «Плоска» (сектар 55, рад 9, месца 33).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Нам было просто не до отдыха с тобой... : [воспоминания и стихотворения ветеранов-фронтовиков] / сост. В. А. Самосевич. – Брест : БрГТУ, 2007. – 35с.: ил. – Среди авторов: В. М. Бадажков, Н. И. Банченко, К. С. Богданов, Е. Т. Баунина, В. Т. Васильченко, Б. В. Карасев, Б. И. Камейша, Е. М. Левичева, Н. С. Манько, И. Л. Семенюк, Н. И. Соколов, В. И. Серенко, К. Г. Смолин, В. И. Старыгин.

  2. Брестский воскресенец : [о Н. И. Соколове] / Брестская областная библиотека им. М. Горького // Воскресенская жизнь. Воскресенск, 2018. 6 апреля. С. 7.

  3. О Никандре Соколове : [некролог] // Брестский вестник. 2018. 8 марта (№ 10). С. 7.

  4. Найденов, В. Победу не отдадим : [о встрече ветеранов войны в горисполкоме к 75-летию Сталинградской битвы; упомянут Н. И. Соколов; на фото он с дочерью Еленой] / Владимир Найденов // Брестский вестник. 2018. 1 февраля (№ 5). С. 1.

  5. Новый председатель : [о Н. И. Соколове, которого на посту председателя комитета ветеранов Великой Отечественной войны сменил Николай Иванович Банченко] // Брестский вестник. 2016. 1 декабря (№ 48). С. 7.

  6. Волкова, А. День великого ликования : [о встрече к годовщине снятия блокады Ленинграда в зале кинотеатра «Беларусь» г. Бреста с участием Н. И. Соколова] / Анна Волкова ; фото автора // Брестский вестник. 2014. 30 января (№ 5). С. 13.

  7. Шиферштейн, Д. «Дети блокады» помнят всё : [о награждении специальными памятными знаками ветеранов-блокадников, проживающих в Бресте, в честь 70-летия полного освобождения Ленинграда от фашистской блокады, в т. ч. Н. И. Соколова; фото] / Дмитрий Шиферштейн // Вечерний Брест. 2014. 29 января. С. 7.

  8. Охремук, Л. «Я никогда не забуду блокадный Ленинград…» : 23 сентября брестчанин, ветеран Великой Отечественной войны Никандр Иванович Соколов отметил свой 90-летний юбилей / Лариса Охремук ; фото Валерия Короля // Заря. 2013. 26 сентября. С. 6.

  9. Волынчук, Л. «Маленькие ленинградцы разучились плакать» : [об участнике обороны Ленинграда Н. И. Соколове; фото] / Лариса Волынчук // Вечерний Брест. 2010. 7 мая. С. 3.

  10. Соколов, Н. Город — как символ мужества : [о секции защитников и жителей блокадного Ленинграда при Брестском городском совете ветеранов войны] / Никандр Соколов // Заря. 1999. 4 февраля. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1342 разоў Апошняя змена Чацвер, 10 Снежань 2020 11:31