Пятніца, 15 Чэрвень 2018 11:06

30 чэрвеня 2018 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Арсенія Мікалаевіча Ваніцкага (1933–2001), дзяржаўнага і грамадскага дзеяча, заслужанага работніка культуры Беларусі

Арсеній Мікалаевіч Ваніцкі нарадзіўся 30 чэрвеня 1933 г. у вёсцы Антанова Навамышскай гміны Баранавіцкага павета (цяпер Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці). Бацька, Мікалай Дзям’янавіч Ваніцкі, у 1939 г. быў прызваны ў польскае войска, трапіў у нямецкі палон, прайшоў лагеры, знаходзіўся на прымусовых работах, збег стуль; у час Вялікай Айчыннай вайны дапамагаў партызанам; пасля вайны працаваў на чыгунцы манцёрам. У дзяцiнстве Арсенія была беднасць беларускай вёскi, нямецка-фашысцкая акупацыя. У 1951 г. скончыў СШ № 2 г. Баранавічы.

 

Пасля дзесяцігодкі Арсеній Ваніцкі паступіў на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1955 г. У час вучобы чытаў лекцыі ў розных кутках Беларусі. Марыў стаць следчым, але няўрымслiвасць, камунiкабельнасць спадабалiся кiраўнiцтву i маладога юрыста накiравалi на камсамольскую работу. Працоўную дзейнасць А. М. Ваніцкі пачаў інструктарам ЦК ЛКСМ Беларусі, затым працаваў кіраўніком лектарскай групы Гродзенскага абкама камсамола, першым сакратаром Навагрудскага райкама ЛКСМБ, узначальваў Гродзенскую абласную камсамольскую арганізацыю. З 1961 па 1969 г. працаваў сакратаром ЦК ЛКСМБ.

Ужо падчас працы ў камсамольскіх арганізацыях выявіўся талент А. М. Ваніцкага як выдатнага арганізатара, чалавека, які ўмее павесці за сабой іншых, неабыякавага да праблем беларускай культуры. Будучы сакратаром ЦК ЛКСМБ, а пазней намеснікам міністра культуры БССР (1969–1984), А. М. Ваніцкі асабіста зрабіў вельмі шмат для развіцця нацыянальнай культуры, падтрымкі таленавітай моладзі. Адзін з арганізатараў стварэння мемарыяльных комплексаў «Хатынь», «Брэсцкая крэпасць», «Прарыў».

Усе свае лепшыя прафесійныя і чалавечыя якасці Арсеній Мікалаевіч праявіў на пасадзе старшыні прэзідыума Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, на якую ён нязменна абіраўся пачынаючы з 1984 г. Беларускае таварыства дружбы стала сапраўдным цэнтрам народнай дыпламатыі, дзякуючы якому ў шматлікіх замежных краінах з’явіліся сябры нашай рэспублікі. Пабываў на Кубе i ў Мексiцы, у Сальвадоры i Нiкарагуа, у Кувейце i Нарвегii, на Цэйлоне i ў Iсландыі, у Кітаі і Ізраілі, Эфіопіі і на Мадагаскары. Беларускае таварыства дружбы пад кіраўніцтвам А. М. Ваніцкага праводзіла вялікую работу па аказанні гуманітарнай дапамогі людзям, пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Арсеній Мікалаевіч быў чалавекам, да якога заўсёды цягнуліся людзі таленавітыя, неабыякавыя да праблем роднай краіны, такія ж шчырыя і адкрытыя, як і ён сам. Ён імкнуўся дапамагчы кожнаму чалавеку, хто ў гэтым меў патрэбу. Не забываў малую радзіму, аказваў садзейнічанне мясцоваму калгасу, усяляк дапамагаў землякам.

А. М. Ванiцкi быў абраны ў склад шэрага грамадскіх фарміраванняў Беларусі, быў членам рэдкалегіі часопіса «Беларусь» і газеты «Культура». Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», шасцю медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР і Рэспублікі Беларусь. 1 студзеня 1993 г. Мiжнародны рэгістр зорак прысвоіў імя Арсенія Ваніцкага зорцы ў сузор’і Аўрыга. 25 сакавіка 1994 г. А. М. Ваніцкаму прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублiкi Беларусь».

Аўтар дзвюх кнiг публiцыстыкi «От сердца к сердцу» (1988), «На орбите народной дипломатии» (1992) i кнiгi ўспамiнаў «Адценнi жыцця» (2001). У сваёй апошняй кнізе Арсеній Мікалаевіч шчыра напісаў пра дзяцінства і юнацтва, пра сваякоў і аднавяскоўцаў, а таксама пра сваю дзейнасць у Беларускім таварыстве дружбы, пра выдатных людзей, з якімі звёў лёс, пра розныя краіны, у якіх пабываў.

19 студзеня 2001 г. пасля цяжкай хваробы А. М. Ванiцкi пайшоў з жыцця. Пахаваны на Усходніх могілках г. Мінска. На яго малой радзiме на будынку Малакаўпеніцкага Дома культуры ў ліпені 2008 г. устаноўлена мемарыяльная дошка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Чачота. Філіпава Яна Уладзіміраўна, бібліёграф

 

  1. Ваницкий, Арсений Николаевич // Кто есть кто в Республике Беларусь / [В. В. Федосов и др.]. Минск : Завигар, 1999.

  2. Ваніцкі Арсеній Мікалаевіч : [біяграфія]. Вёсачка мая Антанова : з успамінаў А. М. Ваніцкага // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 608–610.

  3. Ванiцкi, А. Н. Адценнi жыцця : роздум аб мiнулым i сучасным / А. М. Ваніцкі ; [прадмова Л. Анцух ; маст. афарм. Э. Жакевіча]. – Мiнск : Чатыры чвэрці, 2000. – 238 с. : iл., [8] л. каляр. іл.

  4. Ваницкий, А. Н. На орбите народной дипломатии : [о работе Белорусского общества дружбы и культурной связи с зарубежными странами] / А. Н. Ваницкий ; [предисловие В. Быкова]. Минск : Беларусь, 1992. 79 с.

  5. Vanitski, А.Decorazonacorazon / A. Vanitski ; [перевод с русского О. Пинто]. – Minsk : Bielarrús, 1988. – 71 с. : іл.

  6. Ваницкий, А.Н. От сердца к сердцу : [о связях общественности БССР с представителями науки, культуры и искусства зарубежных стран] / А. Н. Ваницкий. Минск : Беларусь, 1988. 70 с. : ил.

  7. Ваницкий, А.Н. Партии помощник боевой / А. Н. Ваницкий. – Минск : [б. и.], 1968. – 16 с. – (Навстречу 50-летию ВЛКСМ : материал в помощь лектору).

  8. Ваніцкі, А. М. Беларускаетаварыства дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі / А. М. Ваніцкі // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 2. С. 401.

  9. Баравікова, Р. Зоркавыя постаці ў інтэр’еры жыцця : літаратурная вандроўка з Яўгенам Коктышам : [узгаданы А. Ванiцкi] / Раiса Баравікова // ЛіМ. 2011. 13 мая (№ 19). С. 4.

  10. След Арсения Ваницкого : [информ. об открытии мемориальной доски в Колпеницком сельсовете на здании Дома культуры] // Наш край. Барановичи, 2008. 8 июля. С. 1.

  11. Цішук, Г. Імгненні жыцця : [пра кнігу А. М. Ваніцкага «Адценні жыцця»] / Глеб Цішук // Беларусь. Belarus. 2001. № 3. С. 41.

  12. Ваницкий Арсений Николаевич : [некролог] / А. Г. Лукашенко, В. В. Ермошин, А. П. Войтович, В. А. Попов [и др.] // Советская Белоруссия. 2001. 23 января. С. 6.

  13. Лахманенка, Л. «Ажыўшыя старонкі» кнігі Арсена Ваніцкага : [аб прэзентацыi кнiгi А. Ванiцкага «Адценнi жыцця»] / Леанiд Лахманенка // Звязда. 2001. 13 студзеня. С. 4.

  14. Ваніцкі, А. Простыя людзі хутчэй знаходзяць агульную мову, чым афіцыйныя асобы : [гутарка са старшынёй БЕЛТД] / Арсенiй Ванiцкi ; гутарыла Л. Лахманенка // Звязда. 1995. 11 лютага. С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1705 разоў Апошняя змена Аўторак, 08 Снежань 2020 14:53