Пятніца, 29 Чэрвень 2018 08:51

3 снежня 2018 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Аляксея Мікалаевіча Кулажанкі (1923–2010), партыйнага і гаспадарчага дзеяча, Героя Сацыялістычнай Працы (1966)

Аляксей Мікалаевіч Кулажанка нарадзіўся 3 снежня 1923 г. у вёсцы Белабярэжская Рудня Рэчыцкага павета Гомельскай губерні (цяпер Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці) у сялянскай сям’і. Скончыў Мазырскае педагагічнае вучылішча, але працаваць настаўнікам не давялося — пачалася Вялікая Айчынная вайна.

 

У 1941 г. Аляксей Кулажанка быў прызваны ў Чырвоную армію, ваяваў на Данскім фронце ў стралковым палку. Актыўнага камсамольца-прапагандыста заўважылі і накіравалі вучыцца. Чатыры месяцы вучыўся ў Харкаўскім ваенным пяхотным вучылішчы, затым трапіў на самы адказны ўчастак фронту — пад Сталінград. Назначаны намеснікам палітрука стралковай роты 10-га палка
3-й стралковай гвардзейскай дывізіі. У баях пад Сталінградам прыняты ў партыю. Быў цяжка паранены ў правае плячо і нагу, паўгода лячыўся ў шпіталях. Потым ваяваў на 3-м Украінскім і Карэла-Фінскім франтах. Вайну скончыў ля граніц Нарвегіі, узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны.

Дэмабілізаваны летам 1945 г., прызнаны інвалідам ІІІ групы. Вярнуўся на радзіму, хацеў настаўнічаць у вясковай школе, але яго накіравалі на партыйную работу ў Нараўлянскі райкам партыі, спачатку інструктарам, затым загадчыкам аддзела, у 1947 г. — вучыцца ў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б.

Пасля яе заканчэння ў 1949 г. А. М. Кулажанка накіраваны ў Пінскую вобласць. У 1949–1956 гг. — трэці сакратар, затым другі сакратар Лагішынскага райкама КПБ (з 1954 г. Брэсцкай вобласці). Давялося заняцца калектывізацыяй сельскай гаспадаркі, што з’яўлялася вялікай праблемай: пасля нямецка-фашысцкай акупацыі засталіся спаленыя вёскі, апусцелыя палі, беднасць сялян. Хадзіў па хатах і тлумачыў аграрную палітыку партыі, пераконваў у неабходнасці карэннай перабудовы сялянскага ладу жыцця.

Калі па прызыву партыі многія тысячы камуністаў з гарадоў паехалі ў вёскі, А. М. Кулажанка паследаваў іх прыкладу. У 1956–1966 гг. — старшыня калгаса імя С. М. Кірава Лагішынскага (з 1962 г. Пінскага) раёна. Гаспадарка была адстаючай: неставала тэхнікі, коні знясілены, жывёла падала ад бяскорміцы. Прыцягваў да сябе людзей вопытам, прафесійнай кампетэнтнасцю, любоўю да справы, шчырасцю і справядлівасцю. Абавязкова раіўся з людзьмі, выслухоўваў іх прапановы.

За дзесяцігоддзе штодзённай працы былі ўзведзены жывёлаводчыя памяшканні, пракладзены дарогі, праведзена меліярацыя, сталі збіраць высокія ўраджаі бульбы, цукровых буракоў, расла вытворчасць мяса. Да сярэдзіны 1960-х гадоў у калгасе меліся больш за 4 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, 2,5 тысячы свіней, 700 авечак, шмат птушкі. Калгас даваў звыш 4 тысяч т зернавых, 12 тысяч т бульбы, 7–8 тысяч т цукровых буракоў. За ўласныя сродкі пабудавалі дзве школы, тры клубы, два фельдшарска-акушэрскія пункты, дарогі з цвёрдым пакрыццём, у т. л. на цэнтральнай сядзібе калгаса ў вёсцы Лышча ўзвялі клуб, сярэднюю школу, быткамбінат, гандлёвы комплекс. Па ініцыятыве старшыні пачалі будаваць каменныя дамы і прадаваць іх калгаснікам у крэдыт.

Калгас імя С. М. Кірава неаднаразова быў прадстаўлены на ВДНГ СССР, узнагароджваўся яе медалямі. Некаторыя «кіраўцы» за сваю работу адзначаны ордэнамі і медалямі: ордэнамі Леніна — Любоў Іванаўна Крукава (1960), Уладзімір Якаўлевіч Калесніковіч (1966); ордэнамі Працоўнага Чырвонага сцяга — Якаў Рыгоравіч Бароўскі (1958), Іван Сцяпанавіч Калесніковіч (1966), Дзмітрый Дзям’янавіч Лазіцкі (1966), Павел Аксенцьевіч Прыгодзіч (1966), Павел Міхайлавіч Сярэдзіч (1966); ордэнамі «Знак Пашаны» — Любоў Іванаўна Крукава (1958), Марыя Лаўрэнцьеўна Корзун (1966), Мікалай Ананьевіч Корзун (1966), Адам Харытонавіч Палянаў (1966). 31 снежня 1965 г. званне Героя Сацыялістычнай Працы атрымаў брыгадзір механізаванага звяна калгаса Іван Міхайлавіч Сярэдзіч.

Старшыня калгаса імя С. М. Кірава А. М. Кулажанка за атрыманне высокіх ураджаяў сельскагаспадарчых культур 30 красавіка 1966 г. удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Серп і Молат».

А. М. Кулажанка ўдзельнічаў у рабоце ХХІІ з’езда КПСС (1961). У 1966 г. абраны першым сакратаром Пінскага райкама КПБ Брэсцкай вобласці. У 1973 г. узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі. З 1975 г. працаваў у апараце Брэсцкага абкама КПБ. У 1980–1990 гг. — памочнік першага сакратара абкама КПБ. У гэты час першымі сакратарамі абкама працавалі Уладзімір Андрэевіч Мікуліч (1964–1977), Яфрэм Яўсеевіч Сакалоў (1977–1987), Анатоль Антонавіч Зеляноўскі (1987–1991).

Аляксей Мікалаевіч неаднаразова абіраўся дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 6-га склікання (1963–1967). За шматгадовую працу А. М. Кулажанка ўзнагароджаны шасцю Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

У 1986 г. назначаны старшынёй арганізацыйнага камітэта па стварэнні абласной ветэранскай арганізацыі. У 1987 г. абраны старшынёй абласнога савета ветэранаў вайны і працы. Ветэранскія арганізацыі сталі сістэмна прыцягваць пенсіянераў да грамадска-палітычнай работы, удзелу ў дзейнасці кантралюючых органаў, пасільнага ўдзелу ў працоўнай дзейнасці, актыўнай культурна-масавай работы.

А. М. Кулажанка памёр 16 лютага 2010 г. Пахаваны на гарадскiх могiлках «Плоска».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Кулаженко Алексей Николаевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 514–515.

  2. Кулаженко Алексей Николаевич // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биогр. справочник. Минск, 2014. С. 135.

  3. Кулажанка Аляксей Мікалаевіч // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 458.

  4. Кулажанка Аляксей Мікалаевіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 619.

  5. Аляксей Мікалаевіч Кулажанка // Памяць. Нараўлянскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 363.

  6. Кулаженко Алексей Николаевич // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 343.

  7. Кулажанка Аляксей Мікалаевіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 339.

  8. Кулажанка Аляксей Мікалаевіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 184.

  9. Хорошко, Н. С. След на земле : [очерк о А. Н. Кулаженко] // И светится жизнь : очерки и рассказы / Николай Хорошко. Брест, 2009. С. 90–95.

  10. Левичев, И. Всё доброе людям : [очерк о А. Н. Кулаженко] / И. Левичев // Звёзды земные : [очерки о Героях Социалистического Труда Брестской области]. Минск, 1978. С. 142–147.

  11. Максимович, А. Колхозный звеньевой : [очерк о Герое Социалистического Труда Иване Михайловиче Середиче из колхоза им. С. М. Кирова Пинского района] / А. Максимович // Звёзды земные : [очерки о Героях Социалистического Труда Брестской области]. Минск, 1978. С. 306–312.

  12. Лукашик, П. И. В одном строю с хлеборобами : 30-летию УП «Пинское предприятие мелиоративных систем» посвящается : [упоминается А. Кулаженко] / Пётр Иосифович Лукашик. – Брест : Брестская типография, 2006. – 131 с.

  13. Кулаженко Алексей Николаевич : [некролог] // Заря. 2010. 18 февраля. С. 8.

  14. Кобяк, Э. Медаль за бой, медаль за труд… : [о поздравлении с 80-летием К. Ф. Лозаненко и А. Н. Кулаженко в облисполкоме] / Эдуард Кобяк ; фото автора // Заря. 2003. 6 декабря. С. 1.

  15. Павловский, Б. «Из одного металла льют медаль за бой, медаль за труд...» : торжественный приём у губернатора в честь 80-летия Героя Советского Союза К. Лозаненко и Героя Социалистического Труда А. Кулаженко / БорисПавловский // Вечерний Брест. 2003. 5 декабря. С. 4.

  16. Новацкий, А. Герой труда : [к 80-летию А. Н. Кулаженко] / Арсений Новацкий // Заря. 2003. 2 декабря. С. 2.

  17. Хорошко, Н. След на земле : [очерк о А. Н. Кулаженко; фото] / Николай Хорошко // Заря. 2001. 9 января. С. 2.

  18. Кулаженко, А. На торфяниках : [выращивание картофеля в колхозе им. С. М. Кирова Пинского района] / А. Кулаженко ; записал П. Спиридонов // Колхозно-совхозное производство. 1965. № 3. С. 30.

  19. Кулаженко, А. Н. Уверенной поступью : [итоги сельскохозяйственного года в колхозе им. С. М. Кирова Пинского района] / А. Н. Кулаженко, Н. А. Корзун // Сельское хозяйство Белоруссии. 1965. № 22. С. 2–3.

  20. Кулаженко, А. Центнер картофеля за 75 копеек / А. Кулаженко, Н. Корзун // Сельская жизнь. 1964. 7 октября.

  21. Кулаженко, А. Центнер картофеля за 80 минут : [из опыта работы механизированных звеньев колхоза им. С. М. Кирова Пинского района] / А. Кулаженко, Н. Корзун // Сельская газета. 1964. 16 сентября.

  22. Кулаженко, А. Картофель на торфяниках : [колхоз им. С. М. Кирова Пинского района] / А. Кулаженко // Сельская жизнь. 1963. 20 ноября.

  23. Кулаженко, А. Щедрый дар торфяников : [из опыта выращивания картофеля в колхозе им. С. М. Кирова Пинского района] / А. Кулаженко // Сельская газета. 1963. 19 ноября.

  24. Кулаженко, А. Наш опыт использования осушенных земель : [колхоз им. С. М. Кирова Пинского района] / А. Кулаженко // Гидротехника и мелиорация. 1963. № 9. С. 30–33.

  25. Кулаженко, А. Богатырь на торфяных полях : [из опыта выращивания картофеля в колхозе им. С. М. Кирова Пинского района] / А. Кулаженко, Д. Дудко ; фото В. Сиволапа // Заря. 1963. 5 апреля.

  26. Кулажанка, А. Сіла кармавых «кітоў» / А. Кулажанка, А. Цількоў // Сельская газета. 1962. 25 лістапада.

  27. Кулажанка, А. Палеская цаліна : [высокае культурнае выкарыстанне тарфяна-балотных глеб у калгасе імя Кірава Пінскага раёна] / А. Кулажанка // Калгасная праўда. 1961. 13 кастрычніка.

  28. Кулажанка, А. Кладовая багацця : [аб вырошчванні высокіх ураджаяў бульбы на тарфяніках у калгасе імя С. М. Кірава Пінскага раёна] / А. Кулажанка // Калгасная праўда. 1961. 14 сакавіка.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 828 разоў