Пятніца, 13 Ліпень 2018 16:41

12 ліпеня 2018 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Івана Дзмітрыевіча Філіпука (1908–1944), удзельніка рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, сакратара Жабінкаўскага падпольнага райкама КПЗБ, сувязнога партызанскіх атрадаў

Іван Дзмітрыевіч Філіпук нарадзіўся 12 ліпеня 1908 г. у вёсцы ШчэглікіКобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Ленінскага сельсавета Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Сямнаццацігадовым юнаком Іван Філіпук стаў на шлях барацьбы за вызваленне народа Заходняй Беларусі ад нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту. Малады рэвалюцыянер вёў сярод насельніцтва агітацыю за звяржэнне антынароднага ладу, расклейваў лістоўкі, якія заклікалі да барацьбы супраць дзеючага рэжыму, арганізоўваў тайныя сходкі, маёўкі.

 

У 1927 г. Іван Філіпук уступіў у рады Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, якаядзейнічала ва ўмовах глыбокага падполля, неўзабаве пачаліся масавыя вобыскі і арышты. Вясной 1928 г. затрымалі і яго па дарозе з Жабінкі ў Шчэглікі.Абшукалі і знайшліскрутак, у якім аказаліся 300 лістовак на рускай, беларускай і польскай мовах, некалькі экзэмпляраў газеты «Чырвоны сцяг», якую выдаваў ЦК КПЗБ, заклік «За ўз’яднанне!». Нягледзячы на бясспрэчныя ўлікі, Іван Філіпук даваў следству выдуманыя паказанні. Не дабіўшыся прызнання і раскаяння ў антыўрадавай дзейнасці, польскі акруговы суд Пінска прыгаварыў I. Д. Філіпука да трох гадоў зняволення.

Турма і пастаянныя допыты не зламалі волі рэвалюцыянера. Вярнуўшыся дадому, І. Д. Філіпук працягвае змагацца супраць польскай улады. Яго выбіраюць сакратаром Жабінкаўскага раённага камітэта КПЗБ.

У студзені 1932 г.па даносе ў Шчэглікі наляцела паліцыя якраз у той момант, калі ў хаце I. Д. Філіпука праходзіла пасяджэнне раённага камітэта КПЗБ. У гэты раз яго асудзілі на пяць гадоў.

У турме ён пазнаёміўся са многімі аднадумцамі, якія ідэйна загартавалі яго, навучылі метадам канспірацыі, грунтоўна падрыхтавалі да новых рэвалюцыйных дзеянняў. У 1938 г. Іван Дзмітрыевіч зноў арыштаваны, але навучаны таварышамі па барацьбе, умела абараняўся, і яму так і не змаглі прад’явіць рэальнае абвінавачванне.

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР і ўстанаўлення савецкай улады І. Д. Філіпук шмат сіл аддае будаўніцтву новага ладу жыцця. Працуе загадчыкам зямельнага аддзела Жабінкаўскага райвыканкама, часта сустракаецца з вяскоўцамі, дае сялянам грунтоўныя адказы на іх галоўнае пытанне: як быць з зямлёй, якую дала ім савецкая ўлада, па якім шляху ісці далей?Пры яго актыўным удзеле ў 1940 г. створаны першы ў Брэсцкай вобласці калгас «Усход» (в. Шпіталі Сцяпанкаўскага сельсавета).

У гады Вялікай Айчыннай вайны — Іван Філіпук зноў у радах народных змагароў. Напачатку здабываў разведвальную інфармацыю для асобных партызанскіх груп, потым стаў актыўным сувязным партызанскіх атрадаў імя М. Чарнака, імя М. Фрунзе і імя В. Чапаева, перадаваў ім зброю, медыкаменты.

Па заданні партызанскага камандавання са снежня 1943 г. падтрымліваў сувязь з разведчыцай-радысткай 1-га Беларускага фронту старшым сяржантам Лідзіяй Андрэеўнай Базанавай (1920–1944), якая была закінута ў Брэст. Яна дзейнічала з дапамогай падпольшчыкаў (у яе групу ўваходзілі 12 чалавек), пад пазыўным «Птица» (з 2 сакавіка 1944 г. — «Горлица») перадавала інфармацыю ў Цэнтр. І. Д. Філіпук рэгулярна забяспечваў яе звесткамі аб дыслакацыі і перамяшчэнні тэхнікі, умацаваннях фашысцкай арміі і інш. Трэба было даставіць батарэі для радыёперадатчыка, перапраўленыя з Масквы, — і сувязны, рызыкуючы жыццём, на возе перавозіць сілкаванне на брэсцкую кватэру Лідзіі Базанавай.

9 красавіка 1944 г. Л. А. Базанава, а таксама сям’я гаспадароў дома, дзе яна жыла, схоплены гітлераўцамі. Было разгорнута паляванне на сувязных адважнай разведчыцы. Радыстку спецыяльным самалётам даставілі ў Бабруйск, дзе вялося следства, яе ўлічалі вочнымі стаўкамі, спадзяючыся схіліць да супрацоўніцтва. Аднак Лідзія Базанава стойка трымалася, у канцы красавіка ўсе арыштаваныя па справе «Птица» былі расстраляны (7 чалавек).

Лёс патрыётаў раздзяліў і Іван Філіпук. Ноччу, 14 красавіка 1944 г., ён наведваўсваю сям’ю і быў застрэлены, калі, выскачыўшы праз акно, стараўся схавацца ад немцаў,якія прыйшлі яго арыштаваць. Жонку і чатырнаццацігадовую дачку Марыю чакала Брэсцкая турма. Праз нейкі час партызаны і блізкія людзі сабралі каштоўныя рэчы і выкупілі Філіпукоў.

Пахаваны Іван Дзмітрыевіч Філіпук на радзіме — у в. Шчэглікі, на магіле ўстаноўлены абеліск. Яго імем названа вуліца ў г. Жабінцы, дзе таксама ёсць вуліца ў памяць Л. А. Базанавай.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Карпішчук Марына Віктараўна, бібліёграф

 

  1. Филипук Иван Дмитриевич // Их именами названы... : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 632.

  2. Міцковіч, І. С. Змагар са Шчэглікаў : [І. Д. Філіпук] / І. С. Міцковіч // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 253–254.

  3. Бензярук, Р.Бацькава вуліца : Філіпук Іван Дзмітрыевіч, нарадзіўся ў 1908 годзе ў вёсцы Шчэглікі / Расціслаў Бензярук // Сорак дарог / Расціслаў Бензярук, Анатоль Бензярук. Брэст, 2007. С. 55–56.

  4. Филипук Иван Дмитриевич // Этонаша с тобой биография… : библиографическое пособие к 75-летию Жабинковского района / [сост. М. В. Карпищук]. Жабинка : Центральная районная библиотека, 2015. С. 26.

  5. Могила Филипука Ивана Дмитриевича : [д. Щеглики] / А. И. Дулебо // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 187.

  6. Магіла Філіпука Івана Дзмітрыевіча : [в. Шчэглікі] / Г. І. Дулеба // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 166.

  7. Мемориальная доска Базановой Лидии Андреевне и семье Григорука Спиридона Сергеевича : [Брест] / А. И. Дулебо // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 72–73.

  8. Карпінчук, М. Бацькава вуліца : [пра І. Д. Філіпука і яго дачку, Марыю Іванаўну Філіпук; фота] / М. Карпінчук // Сельская праўда. Жабінка, 1997. 26 сакавіка. С. 2.

  9. Іванчанка, М. Жыццё, аддадзенае барацьбе : [пра І. Д. Філіпука] / М. Іванчанка // Сельская праўда. Жабінка. 1990. 31 ліпеня. С. 2.

 

Чытаць 424 разоў