Пятніца, 13 Ліпень 2018 16:42

2018 г. — 75 гадоў з часу партызанскай аперацыі на Дняпроўска-Бугскім канале (Іванаўскі, Драгічынскі, Кобрынскі р-ны; 1943) у гады Вялікай Айчыннай вайны

Дняпроўска-Бугскі канал водны шлях паміж Пінскам і Брэстам працягласцю 196 км, злучае рэкі Прыпяць, Піну і Мухавец. Неабходны ўзровень вады падтрымліваўся драўлянымі вадазаборнымі плацінамі. У 1940 г. канал рэканструяваны, са жніўня пачаўся рэгулярны рух суднаў.

 

Летам 1941 г. канал быў захоплены часткамі вермахта, пачалося яго актыўнае выкарыстанне акупацыйнай уладай. Толькі за 1942 г. па канале было перавезена 200 тыс. т грузаў (збожжа, лес, будаўнiчыя матэрыялы, тэхнічнае абсталяванне і інш.). Усе гідразбудаванні канала ахоўваліся паліцэйскімі камандамі па 10–15 чалавек, вакол зроблены акопы, на подступах устаноўлены агароджы з калючага дроту.

У снежні 1942 г. Беларускі штаб партызанскага руху распрацаваў план зрыву перавозак праціўніка па Дняпроўска-Бугскім канале. Адпаведную дырэктыву штаб партызанскага злучэння Пінскай вобласці (камандзір Васіль Захаравіч Корж) атрымаў у студзені 1943 г. Пасля правядзення неабходнай разведкі дыверсійныя групы атрадаў імя Лазо, імя Кутузава, імя Суворава ў лютым – сакавіку 1943 г. вывелі са строю Оўзіцкі, Ляхавіцкі, Рагадашчанскі гідравузлы, у маі — шлюзы Пераруб і Радастаўскі на Белаазёрскім канале (апошні служыў рэгулятарам вады, якая ішла з Белага возера ў Дняпроўска-Бугскі канал).

У чэрвені 1943 г. праціўнік спрабаваў аднавіць Дняпроўска-Бугскі канал і пусціць яго ў эксплуатацыю. Дзеля гэтай мэты прыбыла аднаўленчая каманда ў складзе батальёна, якую прыкрывалі 6 ваенных катараў рачной флатыліі. Пачаліся рамонтныя работы на гідразбудаваннях.

Камандаванне брыгады імя Молотава ў ноч на 19 чэрвеня 1943 г. сіламі трох атрадаў (каля 400 чалавек) правяло аперацыю па вывадзе са строю гідравузлоў. У той час у брыгадзе імя Молотава (створана 4 красавіка 1943 г.) пад камандаваннем Міхаіла Іванавіча Герасімава было 10 атрадаў агульнай колькасцю 2 800 чалавек. Начальнікам штаба брыгады быў Дзмітрый Карпавіч Удовікаў, камісарам — Фёдар Сямёнавіч Кунькоў.

Каб адцягнуць увагу ворага, атрады імя Сталіна і імя У. Р. Нямытава завязалі бой ля в. Патапавічы Іванаўскага раёна, дзе знаходзіліся асноўныя сілы праціўніка і ваенныя катары. У гэты час дыверсійныя групы ўзарвалі гідравузлы Гарадзецкі, Ляхавіцкі, Оўзіцкі, Перарубскі, Селішчанскі, Стары і Новы Рагадашчанскі. У аперацыі праціўнік страціў 12 чалавек забітымі і 36 параненымі, партызаны — 4 чалавекі параненымі. Пасля гэтага ўзровень вады ў канале знізіўся да 30–60 см, што цалкам выключала яго выкарыстанне. 129 варожых суднаў, якія былі перакінуты з Дняпра, засталіся ў Пінскім порце і ў ліпені 1944 г. захоплены Дняпроўскай флатыліяй.

У жніўні 1943 г. на поўдзень ад канала ўтварылася партызанская зона даўжынёй 70–80 км і ў глыб 50–60 км. Уплыў партызан распаўсюджваўся далёка за межамі гэтай «партызанскай рэспублікі». Непадалёку ад в. Сварынь Драгічынскага раёна быў створаны партызанскі аэрадром, які адыграў вялікую ролю ў матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні Пінскага і Брэсцкага партызанскіх злучэнняў. Летам і восенню 1943 г. акупанты некалькі разоў спрабавалі захапіць вёскі ўздоўж канала. Асабліва цяжкія баі ішлі ля вёсак Адрыжын, Перакрысце, Кончыцы, Махро, Кублік, Белін, Зарэчка, Ляхавічы. У лютым – сакавіку 1944 г. партызаны гераічна вытрымалі 40-дзённую абарону на працягласці 50 км уздоўж канала.

У 1945–1946 гг. Дняпроўска-Бугскі канал адноўлены, адначасова праведзена яго рэканструкцыя, якая дазволіла паменшыць колькасць шлюзаў з 22 да 10. Матэрыялы аб баях на канале, героях-партызанах захоўваюцца ў Драгічынскім ваенна-гістарычным музеі імя Д. К. Удовікава.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Дняпроўска-Бугская аперацыя, 1943 / А. М. Літвін // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 170–171.

  2. Днепровско-Бугская операция, 1943 // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 329.

  3. Днепровско-Бугская операция, 1943 // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 390–391.

  4. Дняпроўска-Бугская аперацыя, 1943 / Аляксей Літвін // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 261–262.

  5. Дняпроўска-Бугская аперацыя, 1943 / А. М. Літвін // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 198.

  6. Дняпроўска-Бугская аперацыя, 1943 / А. М. Літвін // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 196.

  7. Дняпроўска-Бугская аперацыя : [па кнізе «Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне»] / А. М. Літвін. «Вывести канал из строя…» : з кнігі В. А. Літвінчука «Там, за Днепра-Бугам». Дакладная запіска камандавання партызанскай брыгады імя В. М. Молатава Пінскай вобл. ЦК КП(б)Б і БШПР аб вывадзе са строю шлюзаў Дняпроўска-Бугскага і Белаазёрскага каналаў. Партызанская хітрасць / В. Л. Літвінчук // Памяць. Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 180–185.

  8. Партызанская брыгада імя В. М. Молатава : [Пінскага злучэння] // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 436.

  9. Днепровско-Бугский канал // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 245.

  10. Республиканское унитарное эксплуатационно-строительное предприятие «Днепро-Бугский водный путь» : 70 лет / [над текстом работали: Г. Савенок, Т. Щербакова ; фото: Г. Савенок]. – Брест : РИА «Вечерний Брест», 2016. – 18, [1] с.

  11. Нордман, Э.Б.Не стреляйте в партизан… : [воспоминания партизана Пинского соединения] / Эдуард Болеславович Нордман. – Минск : Беларусь, 2007. – 200 с., [6] л. ил. – Из содерж.: Днепровско-Бугский канал. С. 111–117.

  12. Литвинчук, В. А. Там, за Днепро-Бугом : [о партизанском движении в Брестской области во время Великой Отечественной войны] / Василий Андриянович Литвинчук. 3-е изд., испр. и доп. – Брест : Брестская типография, 2008. – 492 с.: ил. – Из содерж.: «Вывести канал из строя…». С. 230–235.

  13. Ковальский, П. В брестских лесах : записки партизана / Пётр Ковальский ; лит. обраб. А. Миронова. – Минск : Беларусь, 1970. – 158 с., [4] л. ил.

  14. Ковальский, П. М. Годы огневые / П. М. Ковальский // Буг в огне : [сборник воспоминаний участников Великой Отечественной войны].
    3изд., доп. и перераб. Минск : Беларусь, 1977. С. 247–258.

  15. Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. В 3 т. Т. 2. – Минск : Беларусь, 1984. – 551 с., [54] л. ил., 8 карт. – Из содерж.: Днепровско-Бугский канал. С. 250.

  16. Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 – июль 1944). Документы и материалы. В 3 т. Т. 2. Кн. 2. – Минск : Беларусь, 1978. –814 с. – Из содерж.: Днепровско-Бугский канал. С. 321, 340, 664, 666, 704.

Чытаць 1658 разоў Апошняя змена Панядзелак, 22 Люты 2021 15:22