Серада, 18 Ліпень 2018 09:02

2018 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Фёдара Іванавіча Лысюка (1908–1944), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны

Фёдар Іванавіч Лысюк нарадзіўся ў 1908 г. у вёсцы Ямна Косіцкай воласці Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Тэльмінскага сельсавета Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Працаваў на зямлі ў роднай вёсцы над ракой Мухавец.

 

Фёдар Лысюк актыўна ўдзельнічаў у рэвалюцыйным руху ў Заходняй Беларусі, быў членам КПЗБ з 1928 г. Разам з сябрам Іванам Васільевічам Салейкам (1907–1951), членам КПЗБ, летам 1935 г. сабралі па вёсцы грошы, дабавілі свае і купілі першы ў Ямна радыёпрыёмнік, каб слухаць Маскву. 22 верасня 1939 г. жыхары вёскі Ямна горача віталі Чырвоную армію.

У пачатку чэрвеня 1941 г. Фёдара Лысюка прызвалі ў Чырвоную армію на вайсковую перападрыхтоўку, знаходзіўся ў вайсковай частцы пад г. Высокае (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці). 21 чэрвеня наведаць яго паехала жонка, Любоў Паўлаўна, але байцы выехалі на вучэнні, сустрэцца не давялося. Толькі ў канцы жніўня муж вярнуўся дамоў, сказаў, што партыя даручыла весці барацьбу ў тыле ворага.

Фёдар Лысюк адразу ўключыўся ў антыфашысцкі рух, з’яўляўся адным з арганізатараў падполля ў Брэсцкім раёне. Цесна супрацоўнічаў з Іванам Салейкам, адным з арганізатараў партызанскага атрада імя М. М. Чарнака. Група Ф. І. Лысюка, у якую ўваходзілі 25 чалавек, дзейнічала ў Ямна, наладзіла сувязі з многімі населенымі пунктамі Прыбужжа, дзе ўжо дзейнічалі падпольныя арганізацыі. Яшчэ восенню 1941 г. І. В. Салейка і Ф. І. Лысюк пачалі наладжваць сувязі з антыфашысцкім падполлем Брэста. Да сакавіка 1942 г. быў створаны моцны антыфашысцкі рух у раёне.

2 красавіка 1942 г. у лесе паблізу в. Камяніца-Журавецкая адбылася нарада былых членаў КПЗБ і партыйна-савецкага актыву, у якой прыняў удзел і Ф. І. Лысюк. Нарада вырашыла стварыць адзіны антыфашысцкі камітэт, сакратаром якога быў абраны І. В. Салейка, а Ф. І. Лысюк стаў членам камітэта. Была распрацавана праграма дзейнасці антыфашысцкага камітэта.

З лета 1942 г. Ф. І. Лысюк быў першым памочнікам І. В. Салейкі, як намеснік сакратара раённага антыфашысцкага камітэта амаль два гады кіраваў дзейнасцю падпольных ячэек. Сам удзельнічаў у дыверсіях. Узрыўныя ўстройствы атрымлівалі ад партызан. Іх часта прыносіла жонка Ф. І. Лысюка, Любоў Паўлаўна, якая выконвала шмат небяспечных даручэнняў, была сувязной падпольшчыкаў з розных вёсак. Таксама ў падпольную групу ўваходзіла Марыя Лысюк, маці Ф. І. Лысюка. Гэта былі смелыя і рашучыя людзі.

У ліпені 1943 г. быў створаны Брэсцкі абласны антыфашысцкі камітэт, які аб’яднаў дзеючыя і стварыў новыя раённыя антыфашысцкія камітэты. І. В. Салейка ўзначаліў Брэсцкі раённы камітэт, адначасова выконваючы ў атрадзе імя М. М. Чарнака абавязкі камандзіра ўзвода. Яго намеснікам быў прызначаны Ф. І. Лысюк («Ваня»). Работу Брэсцкага, Маларыцкага, Жабінкаўскага, Дзівінскага антыфашысцкіх камітэтаў накіроўваў Захар Філімонавіч Паплаўскі. У маі 1943 г. пачала выходзіць газета «Заря», орган Брэсцкага падпольнага абкама КП(б)Б. І. В. Салейка і Ф. І. Лысюк прыносілі «Зарю» ў Брэст, перадавалі падпольшчыкам для распаўсюджвання сярод насельніцтва.

Ранiцай 9 сакавіка 1944 г. карнікі раптоўна акружылі Ямна. Фёдар Лысюк кінуўся да Мухаўца, каб пераплыць на чоўне на другі бераг, але не паспеў, па ім стралялі, на беразе ён упаў. Фашысты спалілі хату Лысюка, сагналі ўсіх жыхароў вёскі на плошчу. Арыштавалі падпольшчыкаў Паўла Карнілавіча Сычука, яго брата Аляксандра, Адама Фёдаравіча Чырука і Цімафея Іванавіча Лысюка, брата Ф. І. Лысюка. Усе яны былі расстраляны ў Брэсцкай турме. Шукалі немцы і Любоў Паўлаўну, але яе ў сваім хляве схавала Параска Шкоб.

Калі карнікі паехалі з вёскі, сяляне пахавалі забітага Фёдара Іванавіча Лысюка пад дубам. Любоў Лысюк з гадавалай дачкой адразу сышлі з вёскі ў партызанскі атрад. Маленькая дачка Лысюкоў не дажыла да Перамогі. У 1945 г. прах героя быў перанесены на Трышынскія могілкі (цяпер у межах Брэста).

Сярод падпольшчыкаў Брэста і Брэсцкага раёна былі вялікія страты, каля паловы іх загінулі. За час вайны больш паловы членаў антыфашысцкай групы Ф. І. Лысюка загінулі, у вёсцы Ямна фашысты спалілі 51 двор з 70. На вул. Цэнтральнай каля магазіна ўстаноўлены мемарыяльны знак на ўшанаванне памяці жыхароў Ямна, якія загінулі ў сакавіку 1944 г. у час аблавы карнікаў, на дошцы пяць імёнаў, у тым ліку Фёдар Іванавіч Лысюк.

За некалькі дзён да гібелі Фёдар Лысюк схаваў у шкляную бутэльку некалькі дакументаў і закапаў у агародзе. Любоў Паўлаўна з партызанамі спрабавалі адшукаць, але марна. Бутэльку знайшлі вясной 1965 г., перадалі ў абласны краязнаўчы музей. У ёй аказаліся тры дакументы, якія склаў Фёдар Іванавіч: спіс падпольшчыкаў, пералік сабраных сродкаў сярод насельніцтва раёна ў 1943 г. у фонд абароны краіны, справаздача аб рабоце антыфашысцкіх груп раёна за апошнія пяць месяцаў. Дакументы былі апублікаваны ў раённай газеце «Заря над Бугом» 15 красавіка 1965 г.

Рашэннем Брэсцкага райвыканкама № 291 ад 30 чэрвеня 1994 г. устаноўлены факт дзеяння антыфашысцкага падполля на тэрыторыі раёна з чэрвеня 1941 па ліпень 1944 г. У 1996 г. зацверджаны спіс яго ўдзельнікаў пад кіраўніцтвам І. В. Салейкі і Ф. І. Лысюка. 5 лістапада 2014 г. на пасяджэнні каардынацыйнага савета Брэсцкага гарвыканкама па захаванні матэрыяльнай і духоўнай спадчыны абмяркоўвалася пытанне аб наданні імя Ф. І. Лысюка адной з вуліц Брэста.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

1.Гребёнкина, А. А. Брест непокоренный : антифашистское подполье г. Бреста и Брестского района в годы Великой Отечественной войны (1941–1944) : ист. очерк / Анна Афанасьевна Гребёнкина. – Минск : БелЭН, 2005. – 311 с. – Из содерж.: Отважный патриот. С. 272–276 ; Ф. И. Лысюк. С. 235–236, 246–247, 267, 269, 271–276.

2.Грабёнкіна, А. А. Антыфашысцкае падполле ў раёне / А. А. Грабёнкіна // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 194–211. Са зместу: Ф. І. Лысюк. С. 194, 195, 197, 199, 202, 204, 206–207.

3.Удзельнікі антыфашысцкага падполля Брэсцкага раёна : Лысюк Фёдар Іванавіч / падрыхтавала А. А. Грабёнкіна // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 213.

4.Гребенкина, А. А. Правда и вымыслы о деятельности Брестского антифашистского подполья в годы Великой Отечественной войны / А. А. Гребенкина // Гісторыя Беларусі : палемічныя матэрыялы. Мінск, 2015. С. 187–211.

5.Іван Васільевіч Салейка // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 121–122.

6.Боровский, А. И. Испытание мужества : записки руководителя Брестской подпольной антифашистской организации советских патриотов / Александр Иванович Боровский. – Минск : Беларусь, 1989. – 143 с.

7.Боровский, А. И. О них молчали сводки : [воспоминания участника Брестского подполья] / Александр Иванович Боровский ; лит. обраб. А. Овечкина. – Минск : Беларусь, 1970. – 112 с., [4] л. ил. – Из содерж.: Лысюк Ф. И. С. 18, 32, 33.

8.Селивоник, И. Ф. Война народная, война священная : [упомянут Ф. И. Лысюк] / Иван Фёдорович Селивоник // Буг в огне : [сборник воспоминаний]. 3-е изд., доп. и перераб. Минск, 1977. С. 286–297.

9.Боровский, А. И. С Лениным в сердце : [упомянут Ф. И. Лысюк] / А. И. Боровский // Буг в огне : [сборник воспоминаний]. 3-е изд., доп. и перераб. Минск, 1977. С. 335–342.

10.Припотнев, А. М. «Заря» партизанская : [упомянут Ф. И. Лысюк] / Александр Михайлович Припотнев // Буг в огне : [сборник воспоминаний]. 3-е изд., доп. и перераб. Минск, 1977. С. 212–216.

11.Гребёнкина, А. По зову сердца : [об антифашистском подполье г. Бреста и Брестского района] / Анна Гребёнкина // Коммунист Белоруссии. 2005. 28 января ; 5 февраля ; 12 февраля ; 19 февраля ; 26 февраля; 5 марта.

12.Ласкович, В. Журавлиный крик : докум. очерк [о И. В. Солейко; упоминут Ф. И. Лысюк] / Василий Ласкович // Заря над Бугом. Брест, 1988. 10 марта ; 12 марта ; 17 марта ; 19 марта ; 29 марта.

13.Сковородко-Лысюк, Л. И. Жизнь, отданная борьбе : [воспоминания о Ф. И. Лысюке и И. В. Солейко] / Л. И. Сковородко-Лысюк // Заря над Бугом. Брест, 1965. 6 мая.

14.Пинчук, Н. Бойцы вспоминают минувшие дни : [о митинге к 20-летию Великой Победы в д. Ямно; упоминается Ф. И. Лысюк] / Н. Пинчук // Заря над Бугом. Брест, 1965. 29 апреля.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1476 разоў Апошняя змена Аўторак, 08 Снежань 2020 16:34