Чацвер, 26 Ліпень 2018 14:02

28 снежня 2018 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Емяльянавіча Екельчыка (1928–1976), спецыяліста ў галіне вытворчасці вылічальнай тэхнікі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР (1970)

Міхаіл Емяльянавіч Екельчык нарадзіўся 28 снежня 1928 г. у Мінску. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны разам з сям’ёй эвакуіраваны ў Варонежскую вобласць, затым — у г. Фергану. У 1942 г. пераехаў на станцыю Прывольную Саратаўскай вобласці. У час эвакуацыі размінуўся з бацькамі, ваенныя гады правёў у дзіцячых дамах. Выхаванне ў дзіцячым доме садзейнічала фарміраванню цэльнай і цвёрдай асобы, якая паважае людзей і ўмее сябраваць.

З 1945 г. Міхаіл Екельчык вучыўся ў Саратаўскім індустрыяльным тэхнікуме працоўных рэзерваў, які скончыў з адзнакай у 1949 г. Працаваў токарам на адным з заводаў у Саратаве, стаў майстрам, а затым і начальнікам змены, атрымаў унікальны вопыт у пытаннях металаапрацоўкі. У 1951–1954 гг. вучыўся ў Саратаўскім інстытуце механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, пасля заканчэння працаваў у Астраханскай вобласці начальнікам вытворчага ўчастка, загадчыкам машынна-трактарных майстэрняў.

У 1958 г. Міхаіл Екельчык вярнуўся ў Мінск, працаваў на станкабудаўнічым заводзе імя К. Варашылава, затым — на заводзе вылічальных машын імя Р. К. Арджанікідзэ, у 1960–1964 гг. быў галоўным тэхнолагам завода. Завод імя Р. К. Арджанікідзэ ў гэты час быў яшчэ на стадыі станаўлення і пытанні ўзнікалі штодзённа і нечакана, Міхаіл Емяльянавіч аператыўна іх вырашаў. Была наладжана серыйная вытворчасць ЭВМ «Мінск-1» і «Мінск-2», вырабаў спецыяльнай тэхнікі.

1 кастрычнiка 1964 г. М. Е. Екельчык як выдатны спецыяліст пераведзены ў Брэст i назначаны галоўным інжынерам нядаўна створанага Брэсцкага завода электравымяральных прылад (з 1972 г. — электрамеханічнага завода). Дырэктарам завода ў 1963–1982 гг. быў Уладзімір Аляксандравіч Сальнікаў (1924–1982), таленавіты інжынер і кіраўнік, чалавек рознабакова адораны. Кiраўнiкi завода знаходзілі неабходных спецыялістаў, лепшых выпускнікоў інстытутаў і запрашалі на працу ў Брэст, сфарміравалі выдатны калектыў, здольны на вырашэнне пастаўленых перад заводам задач. Тэхнічная палітыка, вызначаная М. Е. Екельчыкам, дазволіла на пачатковым этапе стварэння завода засвоіць вытворчасць перфалентачных, перфакартачных устройстваў, а затым ЭВМ-1020, усяго 24 тэхнічныя сродкі вылічальнай тэхнікі.

Ужо 8 мая 1965 г. завод выпусціў першы выраб — ФСМ-3 (фотамеханізм, які прызначаны для счытвання інфармацыі з перфакартаў і перфастужак). Потым засвоілі мантаж панэляў і шэрага перыферыйных устройстваў. У канцы 1967 г. з’явіўся першы «БЛАНК П». Устройства «БЛАНК П» уяўляла сабой прыладу, якая счытвала з паперы надпісы алоўкам і тым самым забяспечыла апрацоўку матэрыялаў Усесаюзнага перапісу насельніцтва 1970 г.

У 1970 г. М. Е. Екельчык у ліку групы спецыялістаў БССР стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР у вобласці тэхнікі за ўдзел у стварэнні сямейства ўніверсальных ЭВМ другога пакалення тыпу «Мінск» і асваенне іх серыйнай вытворчасці. З’явіўся першым у Брэсце і вобласці лаўрэатам гэтай прэстыжнай прэміі.

Рознабаковыя пазнанні Міхаіла Емяльянавіча, прастата і даступнасць, глыбокая павага да працы рабочага і інжынера садзейнічалі фарміраванню творчага клімату, які трансфарміраваўся ў інтэлектуальны патэнцыял завода. Галоўны інжынер клапаціўся і аб якасным папаўненні фондаў тэхнічнай бібліятэкі завода. Усе інжынеры і начальнікі падраздзяленняў вучыліся ў яго, як праводзіць тэхнічныя нарады, ставіць задачы перад калектывамі, накіроўваць людзей на галоўнае. Ён быў славалюбівы, але не асабіста, а прафесійна — імкнуўся, каб яго прадпрыемства было лепшым сярод іншых у галіне прыладабудавання.

Міхаіл Емяльянавіч быў заўзятым футбольным балельшчыкам, «хварэў» за каманду «Дынама» (Мінск). Шмат займаўся грамадскімі справамі, у 1968 г. прыняты ў КПСС, чытаў лекцыі па лiнii таварыства «Веды». Выбіраўся дэпутатам Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных, Вярхоўнага Савета БССР 8-га склікання (1971–1974), быў дэлегатам ХХVІІ з’езда КПБ (1971). Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина», Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, медалямi ВДНГ СССР.

М. Е. Екельчык у выніку цяжкой хваробы памёр 19 лістапада 1976 г. Пахаваны на Гарнізонных могiлках г. Брэста (сектар 10), на магіле ўстаноўлены бюст (скульптар У. А. Сальнікаў). Яго імем у 2008 г. названа вуліца ў Паўднёва-заходнім мікрараёне г. Брэста.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. 

Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

1. Екельчык Міхаіл Емяльянавіч / М. П. Савік // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 384.

2. Екельчик Михаил Емельянович // Отечественная электротехническая вычислительная техника / под ред. С. В. Хохлова. Москва : Столичная энциклопедия, 2014. С. 63.

3. Екельчик Михаил Емельянович / Н. П. Савик // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 493.

4. Якельчык Міхаіл Емяльянавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 11. С. 533.

5. Екельчик Михаил Емельянович / К. И. Баландин // Уроженцы Беларуси — лауреаты Нобелевской, Демидовской, Ленинской и Государственных премий СССР : пособие / К. И. Баландин. Минск : БНТУ, 2017. С. 78.

6. Екельчик Михаил Емельянович // Ежегодник Большой советской энциклопедии, 1971. Москва, 1971. С. 594.

7. Брестский электромеханический завод. Полвека свершений / автор концепции и текста А. М. Суворов. – Брест : Полиграфика, 2013. – 152 с. : ил.

8. Ковалёв, Ф. Т. Брестский ордена Трудового Красного Знамени электромеханический завод имени ХХV съезда КПСС в фактах и воспоминаниях / Филипп Тимофеевич Ковалёв ; [редактор Е. В. Жинкевич]. – Брест : [б. и., 2013]. – 224 с. : ил.

9. ОАО «Брестский ордена Трудового Красного Знамени элетромеханический завод» (БЭМЗ), Республика Беларусь / В. Ф. Завадский, Г. В. Малашицкий, О. С. Понарин // Отечественная электротехническая вычислительная техника / под ред. С. В. Хохлова. Москва : Столичная энциклопедия, 2014. С. 291–292.

10. История вычислительной техники в Беларуси : Научно-исследовательский институт электронных вычислительных машин : к 50-летнему юбилею НИИЭВМ / под общ. ред. В. Ф. Быченкова, Г. Д. Смирнова. – Минск : Вышэйшая школа, 2008. – 311 с. – Из содерж: Универсальные ЭВМ второго поколения семейства «Минск». С. 54–60 ; М. Е. Екельчик. С. 59.

11. Арцёменка, В. С. Адкрытае акцыянернае таварыства «Брэсцкі электрамеханічны завод» / В. С. Арцёменка // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 488–489.

12. Электромеханический завод : [упомянут М. Е. Екельчик] // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 391–392.

13. Брестский электромеханический завод имени ХХV съезда КПСС : [упомянут М. Е. Екельчик] // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1979. Т. 2. С. 108.

14. Брэсцкі электрамеханічны завод імя ХХV з’езда КПСС : [узгаданы М. Е. Екельчык] // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1979. Т. 2. С. 129.

15. Дзяржаўныя прэміі СССР : [узгаданы М. Е. Екельчык] // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 234.

16. Прыладабудаванне : [узгаданы М. Е. Екельчык] // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 7. С. 296.

17. Журбенко, Е. Их именами названы : [улицы, названные в честь Василия Махновича, Владимира Сальникова и Михаила Екельчика в Бресте; фото] / Екатерина Журбенко // Брестский вестник. 2015. 9 июля (№ 28). С. 9.

18. Екельчик Михаил Емельянович : [некролог] // Заря. 1976. 20 ноября. С. 3.

19. Екельчик, М. ЭВМ и люди : [о работе БЭМЗа] / М. Екельчик // Заря. 1972. 5 ноября.

20. Малашевский, В. Брестская ЭВМ : [о выпуске ЭВМ 3-го поколения на БЭМЗе; упоминается М. Е. Екельчик] / В. Малашевский // Заря. 1972. 27 сентября.

21. О присуждении Государственных премий СССР в области науки и техники : Постановление ЦК КПСС и Совета министров СССР : [в пункте 9 назван Екельчик Михаил Емельянович] // Заря. 1970. 8 ноября.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1526 разоў Апошняя змена Чацвер, 10 Снежань 2020 11:22