Панядзелак, 06 Жнівень 2018 14:44

2018 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Веньяміна Абрамавіча Школьнікава (1918–1998), заслужанага настаўніка БССР (1968)

Веньямін Абрамавіч Школьнікаў нарадзіўся ў 1918 г. у г. Гомелі. У 1935 г. скончыў Усебеларускі камуністычны газетны тэхнікум у Магілёве. Працаваў у магілёўскай абласной газеце. У час Вялікай Айчыннай вайны працаваў на ваенным заводзе ў г. Уфе (Башкiрыя), узнагароджаны медалямі. У 1948 г. скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут, настаўнічаў у школах Гомельскай вобласці, выкладаў беларускую мову і літаратуру. У 1954–1960 гг. — дырэктар Альшанскай сярэдняй школы Давыд-Гарадоцкага раёна Брэсцкай вобласці.


У 1960 г. В. А. Школьнікаў назначаны дырэктарам СШ № 1 г. Давыд-Гарадка (з 1961 г. у Столінскім раёне). У школе навучаліся каля 1 000 вучняў, працавалі больш за 50 педагогаў, сярод іх удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны: Якаў Дзмітрыевіч Карпенка, Цімафей Андрэевіч Ніколенка, Рыгор Нікіфаравіч Кудловіч, Міхаіл Анісімавіч Лукоўскі. Былая ленінградская блакадніца Ніна Акімаўна Гліняная выкладала фізіку, да 1961 г. была завучам.


Школьны будынак трохпавярховы, узведзены ў 1934 г., да пачатку 1970-х было пячное ацяпленне, адсутнічаў вадаправод. На вялікай тэрыторыі школы былі цяпліцы (славіліся расадай памідораў, якую ахвотна раскуплялі жыхары горада), агарод, сад, метэаралагічная пляцоўка, драўляны будынак («камчатка»), дзе былі класныя пакоі і медыцынскі кабінет. Мелася спартыўная зала, якая часамі пераўтваралася ў глядзельную, калі ўносілі лаўкі і апускалі сцэну. Былі буфет і сталовая. На суседняй вуліцы (Новая, 2) размясціліся школьная бібліятэка, краязнаўчы музей і майстэрня для навучання дзяўчынак шыццю. Частку тэрыторыі школы аддалі пад будаўніцтва дзіцячага сада, які ўзвялі ў 1973 г.


Навучанне было арганізавана ў дзве змены. Адметнасць у арганізацыі вучобы прыносілі вясновыя паводкі, калі Давыд-Гарадок залівала вадой. Тады многія вучні маглі дабрацца да школы толькі на лодках, таму вясной канікулы даводзілася пераносіць, улічваючы разліў Гарыні. Асабліва высокія паводкі здарыліся ў 1966 і 1979 гг.


Каля школы знаходзіцца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Настаўніца хіміі Ніна Аляксандраўна Шэлехава арганізавала пошукавую работу, былі знойдзены дзясяткі прозвішчаў воінаў, якія вызвалялі Давыд-Гарадоччыну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, вялася перапіска з роднымі загінуўшых.


Многія настаўнікі шмат сіл аддавалі школе. З 1961 г. па 1988 г. завучам быў Канстанцін Яфімавіч Казёл. З 1967 г. пачала працаваць настаўніца рускай мовы і літаратуры Тамара Іванаўна Турсіна (Паддубная), пад яе кіраўніцтвам праводзіліся літаратурныя вечары, конкурсы чытальнікаў, выпускалася літаратурная насценгазета «Романтик». Да сярэдзіны 1970-х выдатны кабінет геаграфіі зрабіў Анатоль Рыгоравіч Пашкевіч, дзе прапагандаваў экранныя сродкі навучання. Кабінет фізікі быў абсталяваны Анатолем Іванавічам Жаўнерчуком, які ў 1970-я з’яўляўся таксама сакратаром партарганізацыі школы.


Арганізатарамі пазакласнай і пазашкольнай работы былі Т. Ф. Каралёва, А. Пашкевіч. Працаваў бацькоўскі камітэт школы, сярод яго актыву была Вера Сямёнаўна Бакей, урач-педыятр. Вучні займаліся ў розных гуртках, удзельнічалі ў тэматычных вечарах, ранішніках, піянерскіх лінейках, спартыўных спаборніцтвах. У кастрычніку 1970 г. піянеры прынялі ўдзел у рэспубліканскай аперацыі «Дары беларускай зямлі»: адправілі ў адрас Якуцкага абкама камсамола 10 пасылак з варэннем, цыбуляй і часнаком.


У час канікул групы вучняў хадзілі ў паходы па месцах партызанскай славы, ездзілі ў турыстычныя паездкі па краіне, наведвалі гарады Пінск, Брэст, Мінск, Маскву, Ленінград і інш. У 1969 г. вучні 8-га класа пабывалі на ІІІ Усесаюзным Пушкінскім свяце паэзіі (Пскоўская вобласць). На пачатку 1970-х на летніх канікулах па месцы жыхарства ствараліся піянерскія зводныя атрады.


У снежні 1970 г. школа атрымала Ганаровую грамату абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў і аддзела народнай асветы за лепшую арганізацыю работы ў правядзенні эстафеты па папярэджванні дзіцячага транспартнага траўматызму.


Кожнай восенню вучні адпраўляліся ў калгас на дапамогу ва ўборцы ўраджаю бульбы. Была створана вучнёўская брыгада, якая апрацоўвала ўчасткі на палях калгаса «17 Верасня». У 1964 г. брыгадай было закладзена 12 вытворчых участкаў. М. А. Лукоўскі прывіваў вучням цікавасць да трусаводства. Рэгулярна піянеры збіралі металалом і макулатуру. У красавіку 1971 г. сабралі больш за 10 т лому і 896 кг макулатуры.


У той час надавалася вялікае значэнне атэістычнаму выхаванню. Дзецям не дазвалялі не толькі наведваць царкву, але ўдзельнічаць у народных святах «Каляды», «Конікі». У студзені 1964 г. быў звольнены настаўнік фізікі Мікалай Васільевіч Шапецька за наведванне царквы. Настаўніца хіміі Наталля Васільеўна Гваздзюкевіч праводзіла атэістычныя вечары, дзе дэманстравала вопыты, якія даказвалі матэрыялістычны светапогляд.


Многія выпускнікі школы за выдатныя поспехі ў авалодванні ведамі атрымлівалі граматы, сярэбраныя і залатыя медалі. У 1972 г. школу закончылі 107 чалавек, з іх 5 атрымалі залатыя медалі.


22 верасня 1968 г. В. А. Школьнікаву было прысвоена званне «Заслужаны настаўнік школ БССР». Ганаровае званне сярод настаўнікаў школы мелі Н. В. Гваздзюкевіч (1972) і Н. А. Шэлехава (1979). Веньямін Абрамавіч абіраўся дэпутатам Давыд-Гарадоцкага гарадскога Савета, быў старшынёй пастаяннай камісіі па сацыялістычнай законнасці і ахове грамадскага парадку.


У жніўні 1979 г. Веньямін Абрамавіч перадаў пасаду дырэктара А. І. Жаўнерчуку і з’ехаў з Давыд-Гарадка ў Гомель. В. А. Школьнікаў памёр у 1998 г. у Гомелі.

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

1.    Школьнікаў Венiамін Абрамавіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 497.
2.    Заслужаныя настаўнікі Беларусі: Школьнікаў Веньямін Абрамавіч // Памяць. Гомель : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1999. Кн. 2. С. 461.
3.    Заслужаны настаўнік Беларускай ССР: 1968. В. А. Школьнікаў // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 515.
4.    Гваздзюкевіч Наталля Васільеўна // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 495.
5.    Шэлехава Ніна Аляксандраўна // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 497.
6.    Школьнікаў, В. У лагеры працы і адпачынку : [пра летні лагер у СШ № 1] / В. Школьнікаў // Навіны Палесся. Столін, 1979. 7 жніўня.
7.    Карпушаў, М. Канферэнцыя настаўнікаў : [у СШ № 1 г. Давыд-Гарадка] / М. Карпушаў // Навіны Палесся. Столін, 1976. 18 лістапада.
8.    Казёл, К. Каб змястоўным быў урок : [пра настаўніка геаграфіі А. Г. Пашкевіча] / К. Казёл // Навіны Палесся. Столін, 1976. 24 жніўня.
9.    Халімон, М. Людская падтрымка : [падзяка настаўнікам СШ № 1, у т. л. В. А. Школьнікаву, за дапамогу ў рамонце дома] / М. Халімон // Навіны Палесся. Столін, 1975. 18 верасня.
10.    Школьнікаў, В. Аўтарытэт настаўніка : [пра настаўнікаў Н. В. Гваздзюкевіч і Л. В. Казёл] / В. Школьнікаў // Навіны Палесся. Столін, 1975. 25 жніўня.
11.    Аграновский, Г. Страницы творческого поиска : [об опыте работы педколлектива СШ № 1 г. Давид-Городка; упомянут В. А. Школьников] / Г. Аграновский // Заря. 1974. 27 февраля.
12.    Пашкевіч, А. Конкурс на здольнасць : [пра фізіка-матэматычныя алімпіяды ў СШ № 1, якія арганізуе студэнт Іван Грычык] / А. Пашкевіч // Навіны Палесся. Столін, 1974. 12 лютага.
13.    Каралёва, Т. Шчаслівага шляху : [пра выпускны вечар у СШ № 1] / Т. Каралёва // Навіны Палесся. Столін, 1973. 5 ліпеня.
14.    Марчук, І. Сустрэча з ветэранамі вайны : [з Я. Д. Карпенкам і Н. А. Глінянай у СШ № 1] / І. Марчук // Навіны Палесся. Столін, 1973. 17 лютага.
15.    Бакей, Н. У аматараў паэзіі : [пра конкурс дэкламатараў вершаў у СШ № 1] / Н. Бакей // Навіны Палесся. Столін, 1972. 26 лістапада.
16.    Школьнікаў, В. Клапаціцца аб пакупніку : [пра работу Давыд-Гарадоцкага гарпо] / В. Школьнікаў // Навіны Палесся. Столін, 1971. 21 снежня.
17.    Бакей, В. Святочныя дні ў школе : [святкаванне Дня Савецкай Канстытуцыі ў СШ № 1] / В. Бакей // Навіны Палесся. Столін, 1971. 7 снежня.
18.    Брыштэн, А. Урок мужнасці : [пра першы ўрок новага навучальнага года ў СШ № 1, на які прыйшлі ветэраны вайны] / А. Брыштэн // Навіны Палесся. Столін, 1971. 4 верасня.
19.    Няслонная, Л. Шчырае дзякуй : [падзяка Н. А. Шэлехавай і вучням СШ № 1 за пошукавую работу] / Л. Няслонная // Навіны Палесся. Столін, 1971. 5 жніўня.
20.    У новай пяцігодцы — да новых вяршынь. ХІІ раённая партыйная канферэнцыя : [выступіў В. А. Школьнікаў] // Навіны Палесся. Столін, 1971. 14 студзеня.
21.    Каралёва, Т. Карысныя і цікавыя сустрэчы : [пра сустрэчу вучняў СШ № 1 з аўтаінспектарам І. А. Мулкіджанянам; узгадваецца В. А. Школьнікаў] / Т. Каралёва // Навіны Палесся. Столін, 1971. 1 студзеня.
22.    Каралёва, Т. Пасля ўрока : [пра вечар па тэме жаноцкасці, рыцарства і кахання, які арганізаваў 10-ы «Б» клас; класны кіраўнік Марыя Антонаўна Раўкач] / Т. Каралёва // Навіны Палесся. Столін, 1970. 28 лістапада.
23.    Купрыянаў, І. Спаборнічаюць юныя пажарныя : [на раённых спаборніцтвах па пажарна-прыкладным спорце першае месца прысуджана камандзе СШ № 1 г. Давыд-Гарадка] / І. Купрыянаў // Навіны Палесся. Столін, 1970. 3 кастрычніка.
24.    Пашкевіч, А. Свята першага званка : [узгадваецца В. А. Школьнікаў] / А. Пашкевіч // Навіны Палесся. Столін, 1970. 3 верасня.
25.    Школьнікаў, В. Лепшы класны кіраўнік : [пра класнага кіраўніка 6-га «Б» класа Валянціну Паўлаўну Раўкач] / В. Школьнікаў // Навіны Палесся. Столін, 1970. 19 сакавіка.
26.    Валейбол : [першае месца на першынстве раёна па валейболе заняла каманда СШ № 1] // Навіны Палесся. Столін, 1969. 20 мая.
27.    Драздоў, Д. Тэма вечара ўсхвалявала ўсіх : [пра вечар «На тое нам юнацтва дано», які правялі ў ГДК вучні 10-га класа СШ № 1; класны кіраўнік Валянціна Паўлаўна Раўкач] / Д. Драздоў // Навіны Палесся. Столін, 1968. 13 лютага.
28.    Бясан, М. Дарагія госці : [пра сустрэчу вучняў СШ № 1 з братамі Івана Крыніцкага, салдата, які загінуў у час вызвалення горада] / М. Бясан // Навіны Палесся. Столін, 1967. 18 лістапада.
29.    Данько, Н. Лірыкі і рамантыкі : [пра літаратурную газету «Рамантык», якая выпускаецца па ідэі Тамары Іванаўны Турсіной] / Н. Данько // Навіны Палесся. Столін, 1967. 7 сакавіка.
30.    Школьнікаў, В. Школа — установа ідэалагічная : [аб працоўным выхаванні ў СШ № 1] / В. Школьнікаў // Навіны Палесся. Столін, 1964. 12 лістапада.
31.    Культасветрабоце — масавасць, высокую ідэйнасць! : [на раённай нарадзе актыву культасветустаноў выступіў В. А. Школьнікаў] // Навіны Палесся. Столін, 1964. 10 сакавіка.
32.    Сулкоўскі, М. «Фізіка і „закон божы“» : [аб звальненні настаўніка Мікалая Васільевіча Шапецькі з СШ № 1] / М. Сулкоўскі // Навіны Палесся. Столін, 1964. 30 студзеня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1356 разоў Апошняя змена Чацвер, 10 Снежань 2020 10:29