Панядзелак, 20 Жнівень 2018 08:55

2018 г. — 180 гадоў з часу вяртання мяшчанам Давыд-Гарадка права на валоданне землямі, атрыманае ад каралевы Боны Сфорца (Столінскі р-н; 1838)

Старажытны горад Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобласці заўсёды быў свабодным. Калі адбывалася запрыгоньванне сялян, яго жыхары сталі членамі саслоўя свабодных мяшчан. Мяшчане былі падатным саслоўем: плацілі падымное, ардыншчыну, выконвалі іншыя абавязкі. У 1558 г. Гарадок Давыдаў, якім у 1521–1551 гг. валодала каралева Бона Сфорца (1494–1557), стаў прыватнаўласніцкім горадам князёў Радзівілаў, уваходзіў у Клецкую ардынацыю. Гараджане жылі на зямлі князя, мелі зямельныя надзелы, якія арандавалі ў князя, за што павінны былі плаціць чынш і адбываць паншчыну, выконваць замкавыя, дарожныя і іншыя павіннасці.


У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) была створана Мінская губерня, Давыд-Гарадок як павятовы горад увайшоў у яе склад. Аднак, у 1797 г. адбыліся змены ў адміністрацыйным падзеле: Давыд-Гарадоцкі павет быў ліквідаваны, горад стаў мястэчкам і далучаны да Мазырскага павета.


Праваслаўнае насельніцтва з прыхільнасцю сустрэла сваё ўваходжанне ў склад Расійскай імперыі, хаця грамадска-эканамічны лад захаваўся ранейшы, а з ім для сялян і прыгонніцкае права. Гарады страцілі Магдэбургскае права; паступова было ліквідавана права магнатаў на прыватнае ўладанне гарадамі; на мяшчан беларускіх гарадоў пашырыліся заканадаўчыя нормы імперыі. Мяшчане (гарадскія абывацелі) валодалі большай часткай нерухомасці гарадоў і мястэчкаў, выконвалі грамадскія службы, плацілі падушную подаць, унутраныя гарадскія зборы, адбывалі рэкруцкую павіннасць. Мяшчане-рамеснікі пераходзілі ў разрад цэхавых. Разбагацеўшыя мяшчане пераходзілі ў купецтва.


Аднак князі Радзівілы шукалі магчымасці не страціць свае багацці. Клецкі ардынатар князь Юзаф Мікалай Радзівіл (1736–1813) юрыдычнымі хітрыкамі і падтасоўкай папер у 1800 г. перавёў гарадоцкіх мяшчан (за выключэннем яўрэяў) у сялянскае саслоўе, жыхары мястэчка фактычна сталі прыгоннымі. Былыя мяшчанне Давыд-Гарадка былі добрымі майстарамі-рамеснікамі і гандлярамі, спачатку неяк адкупляліся ад магната, пратэставалі, пісалі прашэнні князю. Прыгонныя не могуць вольна займацца рамёствамі, ездзіць па кірмашах, заключаць гандлёвыя здзелкі, таму паступова рамёствы і гандаль заняпалі.


У 1816 г. ад імя неіснуючага гарадскога магістрата Давыд-Гарадка жыхары накіравалі ў Мазырскі павятовы суд скаргу аб парушэнні князем Радзівілам іх патомных і нашчадных прывілеяў. Пачалася шматгадовая судовая валакіта. Ад князёў Радзівілаў паверанымі асобамі дзейнічалі Багдашэўскі, затым — Тулоўскі, нарэшце даверанасць выпісалі Карповічу. Справай гарадчукоў займаўся міністр унутраных спраў Дзмітрый Мікалаевіч Блудаў (1785–1864), Сенат Расійскай імперыі неаднаразова звяртаўся да вырашэння розных аспектаў справы. Свабоды гарадчукі шукалі ў той час, калі прыгонніцтва пры Мікалаі І лічылася непарушным і вечным.


Урэшце, 16 красавіка 1836 г. Мазырскі павятовы суд прыняў рашэнне аб вяртанні жыхарам Давыд-Гарадка асабістай свабоды і залічэнні зноў у мяшчанскае саслоўе. Каліст Карповіч і яго памочнік адвакат Захарый Лянкевіч не сталі падаваць апеляцыю. Рашэнне суда было зацверджана ў Сенаце, канчатковы ўказ падпісаў Мікалай І. 1263 душы прыгонных сялян зноў сталі свабоднымі. Праўда, не ўсе жыхары Давыд-Гарадка атрымалі свабоду: 236 двароў (трэцяя частка) засталіся ў прыгоннай залежнасці ад Радзівілаў. Давыд-Гарадоцкі фальварак Радзівілаў, у якім працавалі сяляне навакольных вёсак і жыхары мястэчка сялянскага саслоўя, праіснаваў да верасня 1939 г.


Адразу пасля гэтага гарадчукі вырашылі вярнуць ад князя права валодаць землямі, якія былі ім дадзены ў ХVІ ст. і зафіксаваны інвентарамі 1551 і 1558 гг., падалі адпаведнае прашэнне ў Мазырскі павятовы суд: «возвратить им все земли, инвентарем 1551 года для них назначенные». Прайшоўшы шлях ад павятовага суда праз губернскага пракурора да Сената і да самога імператара Мікалая І, мяшчане Давыд-Гарадка зноў перамаглі. У 1838 г. Мазырскі суд вынес станоўчае рашэнне. Зямля, якую некалі іх продкам даравала каралева Бона Сфорца і якую магнаты Радзівілы адабралі ў час Рэчы Паспалітай, ім урэшце вярнула Расія.


Жыццё ў Давыд-Гарадку закіпела. З аднаўленнем сваіх мяшчанскіх правоў рамеснікі, гандляры, прадпрымальнікі даволі хутка аднавілі былую славу горада і значна ўзвысілі яе. Кірмаш у Давыд-Гарадку праводзіўся на Пакровы (14 кастрычніка), два дні тут праходзіў не толькі гандаль, але і народныя гульні, і батлейка, і паказы з удзелам музыкаў, штукароў (акрабаты і фокуснікі), казачнікаў, лірнікаў. Гарадоцкія гандляры былі ўдзельнікамі кірмашоў не толькі Турава, Століна, Пінска, але і аддаленых, асаблівую ўвагу ўдзялялі Нясвіжу. Значнага развіцця гандаль дасягнуў галоўным чынам дзякуючы выгодным водным шляхам з Гарыні і Прыпяці.


Для прыгонных сялян жыццё заставалася бязрадасным. Інфармацыю аб падзеях на Беларусі атрымліваў у Лондане рускі публіцыст Аляксандр Іванавіч Герцэн (1812–1870). Некалькі разоў яго газета «Колокол» звярталася да становішча сялян ва ўладаннях князёў Радзівілаў. У № 64 ад 1 сакавіка 1860 г. расказвалася, што ў мястэчку Давыд-Гарадок і бліжніх вёсках, якія ўваходзілі ў фальварак, гаспадарыў арандатар Машэўскі, «известный своими подвигами обогащения за счёт мужиков». Ён абкладваў сялян спецыяльнымі паборамі, а непакорных збівалі, каралі бізунамі.

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

1.    Давыд-Гарадок / Валерый Пазднякоў // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у [3] т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 566.
2.    Давыд-Гарадок // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 189.
3.    Прыгоннае права // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 581.
4.    Мяшчане // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 252.
5.    Радзівіл Юзаф Мікалай // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у [3] т. : 2-е выд. Мінск, 2007. Т. 2. С. 499.
6.    Прыватнаўладальніцкія гарады / Анатоль Грыцкевіч // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у [3] т. 2-е выд. Мінск, 2007. Т. 2. С. 467–468.
7.    Шэлехаў, М. У. Давыд-Гарадок. Час і людзі : [гіст. нарыс] / Міхаіл Уладзіміравіч Шэлехаў. – Брэст : Брэсцкае ўпраўленне па друку, 2000. – 304 с. : [8] л. іл. – Са зместу: Жыхары Давыд-Гарадка за свае правы на асабістую свабоду і зямлю (1800–1838). С. 248–253 ; А. І. Герцэн. С. 255.
8.    Шэлехаў, М. У. У складзе Расійскай імперыі / М. У. Шэлехаў, Ю. С. Юркевіч // Памяць. Столінскі раён. Мінск, 2003. С. 72–75. Са зместу: Прадастаўлення асабістай свабоды патрабавалі рамеснікі Давыд-Гарадка. С. 74.
9.    Грицкевич, А. П. Частновладельческие города Белоруссии в ХVI–ХVIII вв. : социально-экономическое исследование истории городов / А. П. Грицкевич ; АН БССР, Ин-т истории. – Минск : Наука и техника, 1975. – 248 с. – Из содерж.: Давид-Городок. С. 5, 21, 27, 38, 39, 77, 78, 81, 92, 131, 137, 138, 169, 176, 177, 216.
10.    «Колокол» : «Колокол» — газета А. И. Герцена и Н. П. Огарева, вольная русская типография, 1857–1867, Лондон-Женева. [Факсим. изд. в 11 вып.]. Вып. 3. – Москва : Наука, 1962. – 133 с.  – Из содерж.: Местечко Давидгородок. С. 538, 637.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1687 разоў Апошняя змена Чацвер, 29 Красавік 2021 11:06