Панядзелак, 20 Жнівень 2018 09:24

6 мая 2018 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Аляксея Барысавіча Рубцова (1923–1963), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, літаратуразнаўца

Аляксей Барысавіч Рубцоў нарадзіўся 6 мая 1923 г. у Мінску ў сям’і настаўніка літаратуры. У 1941 г. скончыў сярэднюю школу. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны трапіў у акупацыю. У 1944 г. стаў воінам Чырвонай арміі, удзельнічаў у вызваленні Беларусі і Польшчы. У складзе 3-га Беларускага фронту ўдзельнічаў у акружэнні і ліквідацыі ўсходне-прускай групоўкі гітлераўцаў, быў паранены. У складзе 1-га Украінскага фронту прымаў удзел у баях у Германіі і Чэхаславакіі. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За отвагу», «За победу над Германией».


Вярнуўшыся пасля дэмабілізацыі ў Мінск Аляксей Рубцоў паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна, які з адзнакай скончыў у 1949 г. У жніўні 1948 г. быў узнагароджаны граматай ЦК ЛКСМБ за выдатную вучобу і актыўны ўдзел у камсамольскай рабоце. Займаўся ў аспірантуры БДУ, адначасова быў навуковым кіраўніком філалагічнай секцыі студэнцкай лекцыйнай групы, загадчыкам аддзела ўніверсітэцкай шматтыражнай газеты.


Аляксей Рубцоў скончыў аспірантуру ў 1952 г., быў накіраваны на працу старшым выкладчыкам кафедры літаратуры ў Бабруйскі настаўніцкі інстытут. Кіраваў студэнцкім літаратурным гуртком. У 1953 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю «Драматургія Кандрата Крапівы», у наступным годзе яму была прысвоена ступень кандыдата філалагічных навук. Трэба заўважыць, што за пяць гадоў дзейнасці інстытута толькі адзін выкладчык абараніў кандыдацкую.


Пасля скасавання Бабруйскага настаўніцкага інстытута ў 1954 г. яго выкладчыкі папоўнілі прафесарска-выкладчыцкі склад іншых ВНУ краіны. А. Б. Рубцова накіравалі ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна, дзе ён працаваў выкладчыкам, загадчыкам кафедры рускай літаратуры. У 1960 г. атрымаў званне дацэнта. У 1961 г. узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі БССР.


Студэнты і калегі адразу заўважылі яго працалюбства і дружалюбства, дэмакратычнасць і інтэлігентнасць, захопленасць літаратурай і мастацтвам, уменне быць жыццярадасным і шчаслівым ад кожнай хвіліны жыцця. Са студэнтамі бываў на «бульбе» ў вёсцы, арганізоўваў паездкі ў культурныя цэнтры краіны — Ленінград, Маскву, Кіеў, дзе Аляксей Барысавіч аказваўся знаўцам, экскурсаводам. Парадамі дапамагаў студэнтам ставіць на сцэне фрагменты з рускай класікі, а рэжысёрам выступаў артыст Брэсцкага тэатра Аляксей Самараў. Любіў кінамастацтва і ў пазаўрочны час расказваў студэнтам пра майстроў і зорак замежнага кіно. Фарміраваў кожнага студэнта як усебакова развітую асобу, вучыў быць прыстойнымі людзьмі, захопленымі літаратурай.


Аляксей Барысавіч быў моцна загружаны штодзённай вучэбнай і грамадскай работай, але знаходзіў час для навуковай працы. Яго творчыя інтарэсы былі засяроджаны на вывучэнні гісторыі рускай драматургіі канца ХІХ – пачатку ХХ ст. Акрамя многіх артыкулаў, напісаў шэсць манаграфічных работ, у якіх былі спасылкі на сур’ёзныя архіўныя матэрыялы, вялася палеміка, выказваліся смелыя навуковыя гіпотэзы. Аўтар прац пра драматычную творчасць У. Неміровіча-Данчанкі, А.  Южына (Сумбатава), М. Гарына-Міхайлоўскага, К. Крапівы, А. Блока, Л. Андрэева, А. Купрына і інш.


Вучоны першым у інстытуце прадставіў да абароны доктарскую дысертацыю «Из истории русской драматургии конца XIX – начала XX века». У працы прасочваецца станаўленне і развіццё драматургічных талентаў рускіх пісьменнікаў на пераломе стагоддзяў, выяўляюцца асаблівасці іх творчых індывідуальнасцей, адзначаецца новае, што яны ўнеслі ў традыцыйнае рускае мастацтва і літаратуру, чым узбагацілі рускую сцэну.


Але абараніць дысертацыю не паспеў. А. Б. Рубцоў заўчасна памёр 10 ліпеня 1963 г., пахаваны на Трышынскіх могілках г. Брэста. На магіле пастаўлены помнік у выглядзе паходні — сімвала асветы, праўды, розуму. У 1968 г. была выдадзена кніга А. Б. Рубцова «Драматургия Александра Блока».

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

Працы А. Б. Рубцова
1.    Драматургия Александра Блока / А. Б. Рубцов ; под ред. Ф. И. Кулешова. – Минск : Вышэйшая школа, 1968. – 135 с.
2.    Из истории русской драматургии конца XIX – начала XX века / А. Б. Рубцов. – Минск : БГУ, 1962. – Ч. 2. – 320 с.
3.    Из истории русской драматургии конца XIX – начала XX века / А. Б. Рубцов. – Минск : БГУ, 1960. – 323 с.
4.    Драматургия Кондрата Крапивы : автореферат диссертации... кандидата филологических наук / А. Б. Рубцов. – Минск, 1952. – 14 с.
5.    «Поворот ключа» / А. Рубцов // Заря. 1963. 7 апреля.
6.    Образец служения народу / А. Рубцов // Заря. 1963. 19 января.
7.    Геній рускай і сусветнай літаратуры / А. Рубцоў // Зара. 1960. 20 лістапада.
8.    «Юстына» / А. Рубцоў // Зара. 1959. 22 красавіка.
9.    Адзінства партыі і народа : (Да характарыстыкі станоўчых вобразаў п’есы К. Крапівы «Партызаны») / А. Б. Рубцоў // Ученые записки / Брестский педагогический институт. 1959. Вып. 4.
10.    Вялікі пралетарскі пісьменнік / А. Рубцоў // Зара. 1958. 29 сакавіка.
11.    «У пошуках радасці» / А. Рубцоў // Зара. 1958. 19 студзеня.
12.    «Жаніцьба Бальзамінава» / А. Рубцоў // Зара. 1957. 14 снежня.
13.    Да пытання аб горкаўскіх традыцыях у драматургіі К. Крапівы / А. Б. Рубцоў // Ученые записки / Брестский педагогический институт. 1956. Вып. 1.
14.    Вялікі сын вялікага народа / А. Рубцоў // Зара. 1956. 19 чэрвеня.
15.    Заўсёды з народам / А. Рубцоў // Звязда. 1956. 20 сакавіка.
16.    Пясняр камунізма / А. Рубцоў // Савецкая Радзіма. 1953. 16 ліпеня.
17.    Раман аб рабочым класе / А. Рубцоў // Савецкая Радзіма. 1953. 5 красавіка.
18.    Нашы патрабаванні / А. Рубцоў // ЛіМ. 1949. 18 чэрвеня.

Аб жыцці і дзейнасці А. Б. Рубцова
1.    Рубцоў Аляксей Барысавіч / Л. С. Савік // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 13. С. 424.
2.    Рубцоў Аляксей Барысавіч / І. А. Юхо // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 517–518.
3.    Рубцоў Аляксей / Л. С. Савік // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1995. Т. 5. С. 159.
4.    Потолков, Ю. Полыхающее пламя личности : [воспоминания о А. Б. Рубцове] / Юрий Потолков // Брестский вестник. 2018. 16 августа (№ 33). С. 23.
5.    Моисейчик, А. «Только революцией» : [о книге А. Б. Рубцова «Драматургия Александра Блока»] / А. Моисейчик // Заря. 1969. 15 января.
6.    А. Б. Рубцов : [некролог] // Заря. 1963. 12 июля.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1329 разоў Апошняя змена Аўторак, 08 Снежань 2020 16:30