Серада, 29 Жнівень 2018 12:38

2018 г. — 500 гадоў з часу першага ўпамінання в. Хомск (Драгічынскі р-н) у пісьмовых крыніцах (1518)

Першы пісьмовы ўспамін пра вёску Хомск Здзітаўскай воласці Берасцейскага ваяводства (цяпер Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці) адносіцца да 1518 г. Вёска — уласнасць Станіслава Нарушэвіча Валадковіча — узгадваецца ў справе аб межавых спрэчках пінскага князя Фёдара Яраславіча з канонікамі трокскімі. Назва вёскі паходзіць, магчыма, ад імя Хома, такія імёны былі распаўсюджаны ў гэтай мясцовасці. У час Вялікага Княства Літоўскага гэта быў княжацкі гарадок з пераважна гандлёвым і рамесным людам, які пераходзіў ад князёў Вішнявецкіх да Дольскіх, затым Пуслоўскіх, Агінскіх.


У ХVІ ст. недалёка ад Хомска, побач з вёскай Жабер, на пясчаным узвышшы ракі Ясельда была ўзведзена буйная па тым часе ваенная крэпасць — замак князёў Вішнявецкіх, якая з’яўлялася фарпостам усходніх рубяжоў Рэчы Паспалітай. У часы нашэсця шведаў (1706 г.) толькі дзякуючы подкупу каменданта і цяжкай асаднай артылерыі, спецыяльна прывезенай сюды з Пінска, крэпасць была ўзята і разбурана. У цяперашні час на гэтым месцы знаходзіцца археалагічны помнік «Руіны былога замка Вішнявецкіх». У 2017–2018 гг. навуковымі супрацоўнікамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі разам з прадстаўнікамі дайвінг-цэнтра «Марскі пегас» на тэрыторыі помніка праводзіўся вышук замкавага арсенала. З дна ракі ўдалося падняць больш за 10 марцірных бомб пачатку ХVIII ст.


У 1687 г. у вёсцы Хомск надворны маршалак літоўскі князь Ян Караль Дольскі заснаваў манастыр базыльян, які быў скасаваны ў 1833 г. У 1805 г. бібліятэка базыльян у Хомску налічвала 190 кніг. Царква Пакрова Багародзіцы была таксама манастырскай.


На сродкі графа Войцаха Пуслоўскага ў пачатку ХІХ ст. драўляны будынак царквы змяніла мураваная Свята-Пакроўская. Разам з мураванай сінагогай, таксама фундаванай Пуслоўскімі, уніяцкая камяніца надавала прыгажосць мясцовасці і з’яўлялася яе знакамітасцю. Яна была пабудавана з цэглы ў стылі класіцызму: з круглай купальнай ратондай, з трох бакоў вылучанай чатырохкалоннымі порцікамі з трохвугольнымі франтонамі, пад якімі былі зроблены ўваходы ў храм. У інтэр’еры храма адасоблена пастаўлена па крузе каланада, якая трымала купальнае скляпенне. Пасля пажару 1872 г. царква аднаўлялася паводле праекта архітэктара Гур’ева. У 1943 г. немецка-фашысцкія акупанты царкву спалілі, засталася толькі драўляная званіца. Канчаткова сцены былі знесены ў 1972 г. Новы праваслаўны храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы пабудавалі ў 1993 г.


У 1778 г. мястэчка Хомск атрымала статус горада, стала цэнтрам Хомскага графства. З 1795 г. — у Расійскай імперыі. У 1798 г. бліз ракі Ясельда ў сваім радавым маёнтку — у Хомску Войцах Пуслоўскі заснаваў фабрыку адборнага сукна. У 1828 г. на ёй працавала каля 550 чалавек — прыгонныя сяляне і вольнанаёмныя рабочыя. Прадпрыемства пастаўляла арміі салдацкае сукно, частка прадукцыі збывалася на рынкі Пецярбурга, Рыгі, Вільні і інш. У 1829 г. на Усерасійскай выстаўцы ў Пецярбургу мануфактура Пуслоўскага адзначана малым залатым медалём. На прадпрыемстве быў устаноўлены паравы рухавік, прадзільныя, часальныя, стругальныя, шліфавальныя станкі, чыгунныя прэсы. Фабрыка працавала ў Хомску да 1838 г.


У часы панскай Польшчы (1921–1939) мястэчка Хомск было цэнтрам гміны Драгічынскага павета Палескага ваяводства, уяўляла сабой гандлёвы цэнтр мясцовага значэння. З прадпрыемстваў працавалі тры млыны, пякарня, цагельны завод, 30 майстэрняў, у якіх шылі адзенне, абутак, 10 кузьняў. У Хомску было 50 прыватных магазінаў, аптэка, чатыры карчмы. Насельніцтва налічвала каля 4 тыс. чалавек, з якіх прыкладна 50 % былі яўрэі, 45 — беларусы, 5 — палякі.


На долю жыхароў Хомска прыпалі ўсе беды Першай і Другой сусветных войнаў, якія ніяк не абыходзілі яго бокам. У 1915 г. насельніцтва была адпраўлена ў бежанцы на ўсход, Хомск быў цалкам разбураны і спалены. Ужо напачатку жніўня 1941 г. усё яўрэйскае насельніцтва Хомска было знішчана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Хомскага сельсавета дзейнічала партызанская брыгада імя Я. М. Свярдлова. 5 ліпеня 1943 г. фашысцкія карнікі знішчылі 154 жыхара Хомска, спалілі ўсе дамы і царкву. Ахвярам фашызму ў мірны час былі пастаўлены абеліскі.


Хомск з 1940 г. быў цэнтрам сельсавета Драгічынскага раёна Пінскай вобласці, з 1954 г. — у Брэсцкай вобласці. Да 2003 г. вёска з’яўлялася цэнтрам калгаса імя С. М. Кірава, цяпер — кааператыву «Хомскі». У аграгарадку Хомск размешчаны каўбасны цэх «Мірон», прадпрыемства па вытворчасці мінеральнай вады «Фрост і К», сярэдняя школа, дзіцячы сад-яслі, філіял Драгічынскай дзіцячай школы мастацтваў, амбулаторыя, гандлёвы цэнтр, комплексны прыёмны пункт бытавых паслуг, аддзяленне Беларусбанка, аддзяленне сувязі, Дом культуры, бібліятэка. На сённяшні дзень у аграгарадку пражывае 1171 чалавек, налічваецца 401 двор. 1 ліпеня 2018 г. адбылося свята вёскі, прысвечанае 500-годдзю першага ўпамінання Хомска.


Вёска Хомск дала свету шмат таленавітых, здольных людзей. Сярод іх савецкі контр-адмірал Іван Даміянавіч Снітко (1896–1981), удзельнік Першай Сусветнай, Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў.

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Елісеева Валянціна Уладзіміраўна, бібліёграф ІІ кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

1.    Хомск // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Мінск, 2003. Т. 17. С. 47.
2.    Хомск // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 7. С. 438.
3.    Хомск // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 444.
4.    Хомск ; Хомская суконная фабрыка / Максім Болбас // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2003. Т. 6, кн. 2. С. 76.
5.    Хомск // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3, кн. 1. С. 304–305.
6.    Хомск // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 11. С. 73.
7.    Хомск // Между Ясельдой и Днепробугом : Дрогичинский край : [история и современность Дрогичинского района] / авт-сост.: Д. В. Новиков и др. Минск : Молпресс, 2004. С. 20, 21, 125–129.
8.    Хомск : Курган ; Могила жертв фашизма ; Могила жертв фашизма / В. Л. Шатило ; Могила Макаревича Евгения Георгиевича / В. Л. Шатило ; Памятник Кирову Сергею Мироновичу // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 175–176.
9.    Хомск // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 155–156.
10.    Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы // Кулагін, А. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнiк / А. М. Кулагін. Мiнск, 2007. С. 409–410.
11.    Остатки замка : [д. Жабер, Хомский сельсовет] / М. А. Ткачёв // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 167–168.
12.    Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Са зместу: Хомск. С. 111, 132, 147, 194, 232, 254, 261, 287, 303.
13.    Хомск // Памяць. Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мiнск, 1997. С. 5, 12–13, 21, 26–28, 30–31, 34, 40, 44, 50–51, 55, 63, 71–72, 73, 76, 79–81, 83, 89, 105–107, 115–118, 120, 122, 137, 140–142, 152–153, 179, 192, 197–199, 231–234, 248, 250, 262, 268, 283, 303, 386, 397, 407, 415, 425, 436, 485, 495, 545, 552–553, 565.
14.    История деревни Хомск : [Дрогичинского района] / работу выполнили члены кружка «Краеведение» Хомской СШ, рук. Л. Шикула // Запісы таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага. Мiнск, 2013. Вып. 1. С. 65–94.
15.    Хомск // Драгічынскі край : зямля і людзі. Пінск, 2015. С. 6–7, 26, 28, 34–35, 62, 94–95.
16.    Хомск // Слоўнік назваў населеных пунктаў Брэсцкай вобласці / Рапановіч. Мінск, 1980. С. 131.
17.    Шафран, Г. Вдова адъютанта : [о жизни и судьбе жительницы Хомска Н. М. Кузенько] / Галина Шафран // Драгічынскі веснік. 2018. 1 жніўня. С. 7.
18.    Викторова, Г. Милый сердцу уголок : [Хомск отметил свой 500-летний юбилей] / Галина Викторова // Драгічынскі веснік. 2018. 14 ліпеня. С. 11.
19.    Рассафонов, А. Экспедиция на руины старинного замка : [поисковые работы на территории археологического памятника «Руины бывшего замка Вишневецких близ Жабера»] / А. Рассафонов // Драгічынскі веснік. 2018. 17 лютага. С. 13.
20.    Абрамчук, Г. Возрождённые храмы Дрогичинщины : [круглая Покровская церковь в Хомске] / Г. Абрамчук // Драгічынскі веснік. 2018. 10 лютага. С. 15.
21.    Игнатчик, К. От древних до нынешних времен : [об агрогородке Хомск] / К. Игнатчик, Н. Жоголович, М. Красовская // Драгічынскі веснік. 2017. 11 лістапада. С. 15.
22.    Ткачук, Н. Человек с золотыми руками : [Павел Данилович Макаревич из аг. Хомск отметил 90-летний юбилей] / Нина Ткачук ; фото Ивана Леончика // Драгічынскі веснік. 2017. 1 красавiка. С. 14.
23.    Гребенников, О. Тень замка Вишневецких : [в конце января 2017 г. на руинах бывшего замка князей Вишневецких у д. Жабер была проведена очередная археологическая экспедиция] / Олег Гребенников // Заря. 2017. 11 февраля. С. 6.
24.    Шафран, Г. Добры след у душы : [90-гадовы юбілей адзначыла ветэран педагагічнай працы, заслужаная настаўніца БССР Марыя Рыгораўна Ярашэвіч, якая пражывае ў Хомску] / Галіна Шафран // Драгічынскі веснік. 2016. 3 лютага. С. 1–2.
25.    Шафран, Г. Историю родных мест пишут вместе : [«Летопись нашей школы» в Хомской СШ] / Галина Шафран ; фото Ивана Леончика // Драгічынскі веснік. 2015. 26 верасня. С. 13.
26.    Волосюк, С. Кровавые тени нацизма : [немецко-фашистские оккупанты при отступлении строили дорогу из Дрогичина в Хомск] / С. Волосюк // Драгічынскі веснік. 2015. 15 ліпеня. С. 3.
27.    Глазов, В. Иван Снитко : волны и рифы в судьбе контр-адмирала из Хомска : [И. Д. Снитко (1896–1981)] / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2015. 5 марта (№ 10). С. 20–21.
28.    Визитная карточка Хомского сельсовета : [подборка материалов] // Драгічынскі веснік. 2009. 25 лiстапада. С. 1–3.
29.    Шафран, Г. «Фрост» получает путевку в будущее : [о работе СП «Фрост и К»] / Галина Шафран // Драгiчынскi веснiк. 2008. 16 лютага.
30.    Свістуновіч, С. У добрых людзей і вада лечыць, асабліва калі яна «Хомская» : [аб СП «Фрост i К» у Хомску] / Сымон Свістуновіч ; фота Мікалая Амельчанкі // Звязда. 2003. 25 студзеня. С. 2.
31.    Кривоносова, Н. Хомск — деревня древняя / Нина Кривоносова, Альберт Багдасаров // Заря. 2000. 29 января. С. 3.
32.    Багдасараў, А. Хомск : старонкі гісторыі / Альберт Багдасараў // Драгічынскі веснік. 2000. 26 студзеня. С. 4.
33.    Супрун, С. Школа адзначыла юбілей : [аб 120-гадовай гісторыі школы ў Хомску] / Сцяпан Супрун // Драгічынскі веснік. 1999. 17 сакавіка. С. 2.
34.    Сунько, Ю. Хомск — остров оптимизма / Ю. Сунько // Белорусская нива. 1995. 30 мая.
35.    Казлова, Г. …І назвалі ваду «Хомскай» / Г. Казлова // Народная газета. 1991. 15–21 ліпеня. С. 2.
36.    Раманюк, Д. М. Трагедыя Хомска : [вёска ў час Вялікай Айчыннай вайны] / Д. М. Раманюк // Запаветы Леніна. Драгічын, 1991. 28 чэрвеня.
37.    Нічыпорчык, П. Мінулае і сучаснае вёскі Хомск / П. Нічыпорчык // Запаветы Леніна. Драгічын, 1985. 3 жніўня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 366 разоў Апошняя змена Серада, 29 Жнівень 2018 12:46