Панядзелак, 03 Верасень 2018 12:45

5 верасня 2018 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Віктара Георгіевіча Пірскага (1948), майстра спорту, заслужанага трэнера Беларусі

Віктар Георгіевіч Пірскі нарадзіўся 5 верасня 1948 г. у г. Лунінец Пінскай (цяпер Брэсцкай) вобласці ў сям’і чыгуначнікаў. У школе Віктар захапляўся фізкультурай, гуляў у футбол, бегаў на лыжах, нават падабалася падымаць 32-кілаграмовую гіру. У 1967 г. скончыў Свярдлоўскае горнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча па спецыяльнасці «машыніст вугальных і праходніцкіх камбайнаў». У вучылішчы пазнаёміўся са спартыўнай барацьбой, з’явілася мара вучыцца ў фізкультурным інстытуце.


У перыяд з 1967 па 1969 гг. Віктар Пірскі працаваў трэнерам Свярдлоўскага гарсавета ДСО «Авангард» Луганскай вобласці (Украіна). У 1969–1973 гг. вучыўся ў Беларускім дзяржаўным інстытуце фізічнай культуры па спецыяльнасці «фізічная культура і спорт», кваліфікацыя па дыплому — выкладчык-трэнер. З 1973 г. — настаўнік фізкультуры СШ № 16 г. Мінска, з 1976 г. — завуч ДЮСШ № 7. Затым працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай частцы Спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву г. Мінска з вядзеннем трэнерскай работы па вольнай барацьбе (1978), а з 1979 г. — намеснікам дырэктара СДЮШАР Мінскага гарадскога спартыўнага камітэта. Дырэктарам СДЮШАР па барацьбе Мінскага гарадскога ўпраўлення па фізічнай культуры, спорту і турызму Віктар Георгіевіч працаваў у 1983–2010 гг.


Пад кіраўніцтвам В. Г. Пірскага калектыў школы паспяхова вырашаў задачы па падрыхтоўцы спартсменаў высокага класа, членаў зборных нацыянальных каманд Беларусі. Штогод да 40 навучэнцаў і выпускнікоў школы ўваходзілі ў саставы зборных нацыянальных каманд Рэспублікі Беларусь. Шэраг навучэнцаў станавіліся пераможцамі і прызёрамі юніёрскіх і кадэцкіх чэмпіянатаў свету, Еўропы, СССР, СНД і РБ. В. Г. Пірскі з’яўляўся суддзёй нацыянальнай катэгорыі, актыўна ўдзельнічаў у рабоце Рэспубліканскіх федэрацый па відах адзінаборстваў. На працягу многіх гадоў з’яўляўся старшынёй гарадской федэрацыі дзюдо.


Яго асабістыя навучэнцы станавіліся чэмпіёнамі і прызёрамі сусветных і еўрапейскіх першынстваў, пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх спаборніцтваў. Сярод вучняў, якія дабіліся высокіх вынікаў, Вячаслаў Пірскі (сярэдні сын) – бронзавы прызёр юнацкага першынства СНД (1992, Херсон, Украіна), чэмпіён свету сярод моладзі (1993, Афіны), бронзавы прызёр юніёрскага першынства Еўропы (1994), пераможца Спартакіяды СНД па вольнай барацьбе (1995, Санкт-Пецярбург), чэмпіён Еўропы па сумо (2001); Аляксандр Пірскі (малодшы сын) – бронзавы прызёр першынства Еўропы сярод кадэтаў па вольнай барацьбе (2000). Больш за тысячу паядынкаў правялі прадстаўнікі дынастыі Пірскіх. У іх актыве ўзнагароды чэмпіянатаў свету і Еўропы, краіны.


За перыяд работы з 1978 па 2008 гг. у СДЮШАР пры ўдзеле Віктара Пірскага падрыхтаваны 18 майстроў спорту міжнароднага класа Республікі Беларусь, 282 майстры спорту Рэспублікі Беларусь, 1042 кандыдаты ў майстры спорту і спартсмены І разраду.


У 1993 г. за шматгадовую практычную дзейнасць па развіцці фізічнай культуры і спорту, якая садзейнічала падрыхтоўцы спартсменаў высокага класа, Віктару Георгіевічу прысвоена званне «Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь». Неаднаразова В. Г. Пірскі ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Мінгарвыканкама. У 1998 г. узнагароджаны ганаровым знакам Міністэрства спорту і турызму «За развіццё фізічнай культуры і спорту Рэспублікі Беларусь». Майстар спорту СССР па вольнай барацьбе (1971), заслужаны трэнер РБ, суддзя нацыянальнай катэгорыі, старшыня федэрацыі дзюдо г. Мінска.

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Бушыла Іна Васільеўна, гал. бібліёграф аддзела абслуговання і інфармацыі

 

 

1.    Пирский Виктор Георгиевич // Спортивная энциклопедия Беларуси. Минск, 2005. С. 335–336.
2.    Виктор Георгиевич Пирский // Специализированной детско-юношеской школе олимпийского резерва по борьбе Управления по физической культуре, спорту и туризму Мингорисполкома 60 лет / отв. Д. П. Синявский. Минск : «Издательский центр Белорусского государственного университета», 2006. С. 2–3.
3.    У мірнай працы : спорт [упамінаецца Віктар Пірскі] // Памяць. Лунінецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : Беларусь, 1995. С. 621.
4.    Канапацкая, Т. Барацьба Пірскiх : [пра майстра спорту В. Г. Пірскага] / Таццяна Канапацкая // Лунінецкія навіны. 2013. 13 верасня. С. 6.
5.    Голуб, Д. Борьба Пирских : [о мастере спорта по вольной борьбе В. Г. Пирском и его сыновьях-спортсменах] / Денис Голуб // Минский курьер. 2010. 16 ноября. С. 10.
6.    Голуб, Д. В поисках борцов : [о деятельности СДЮШОР № 7 г. Минска. Директор школы В. Г. Пирский] / Денис Голуб // Минский курьер. 2009. 9 июля.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 458 разоў