Серада, 05 Верасень 2018 11:18

2018 г. — 500 гадоў з часу першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах в. Шэбрын (Брэсцкі р-н, 1518)

Вёска Шэбрын Тэльмінскага сельсавета Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах з ХVІ ст. У 1518 г. епіскап Луцкі і Берасцейскі Юліян Фалькоўскі пакінуў у спадчыну царкве Ражджаства Багародзіцы ў Шэбрыне шэсць валкоў зямлі (128 га). Па іншых звестках, селішча Шэбрын узгадваецца ў летапісе тракайскіх князёў у 1412 г.


На гэтым месцы людзі жылі здаўна. Непадалёк ад вёскі на беразе ракi Мухавец знаходзіцца курганны могільнік VIII–Х стст., які археолагі даследавалі ў 1980, 1983 і 1985 гг. Знойдзеныя артэфакты захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.


У час паўстання Т. Касцюшкі (1794) праз Шэбрын адступалі войскі польскага генерала Ю. Серакоўскага, якія праследавала армія рускага палкаводца А. В. Суворава. Пасля 1795 г. Шэбрын знаходзіўся ў складзе Расійскай імперыі.


Епіскапам Канстанцінам Сасноўскім у 1798 г. была пабудавана мураваная ўніяцкая царква Ражджаства Прасвятой Багародзіцы. Невялікі прамавугольны ў плане аб’ём, накрыты двухскатным дахам. Побач з царквой размешчана квадратная каменная званіца ў тым жа стылі. У 1864 г. царкву асвяцілі як праваслаўную. У 1962 г. Прачысценская царква была зачынена, купал з крыжам скінуты, алтар і іконы выкінуты, памяшканне прыстасавалi пад калгасны амбар. 26 верасня 1991 г. храм — помнік архітэктуры стылю класіцызму — вярнулі вернікам. Царкву за бюджэтныя сродкі адрамантавалі спецыялісты рэстаўрацыйна-будаўнічага прадпрыемства «Брэстрэстаўрацыя». 21 верасня 2001 г. адноўленую царкву асвяціў епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Сафроній.


У 1812 г. каля Шэбрына праходзіў авангард 3-й Заходняй Рускай арміі — дывізія генерал-ад’ютанта графа К. В. Ламберта. Паблізу вёскі рускія знішчылі перадавыя пасты захопнікаў і адцяснілі Аўстра-Саксонскую армію, якая адступала на Высока-Літоўск.


У сярэдзіне ХІХ ст. у вёсцы дзейнічаў паром праз раку Мухавец, перапраўляліся да в. Воўкі, што на левым беразе. Трохі вышэй па цячэнні знаходзiўся шлюз па шляху Дняпроўска-Бугскага канала. Шэбрынскі селянін Сямён Носік у 1865 г. знайшоў скарб — 273 сярэбраныя манеты, чаканеныя да 1706 г.; клад быў перададзены ў Імператарскую археалагічную камісію ў Санкт-Пецярбургу. У 1866 г. у Шэбрыне заснавана народнае вучылішча, у якім вучыліся 57 хлопчыкаў і 11 дзяўчынак.


У 1886 г. вёска знаходзілася ў Косіцкай воласці Брэсцкага павета Гродзенскай губерні. Тады было 17 двароў і 285 жыхароў, меліся праваслаўная царква, царкоўна-прыходская школа, тракцір. З 1890 г. Шэбрын — цэнтр Кобрынскага сялянскага таварыства (484 дзесяціны зямлі). Побач з вёскай знаходзіўся фальварак Шэбрын, які належаў Уладзіміру Дзмітроўскаму. У 1897 г. у вёсцы было 54 двары, 429 жыхароў, царква, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, тракцір. У 1900 г. заснаваны тарфяны завод, на якім працавалі 20 рабочых, устаноўлены паравы рухавік.


У вёсцы знаходзіўся маёнтак роду Акімавых. Міхаіл Міхайлавіч Акімаў (1857–1909) скончыў ваенна-медыцынскую акадэмію, служыў у Расійскай арміі, з 1893 г. з’яўляўся старшым урачом Брэст-Літоўскай крэпасной артылерыі, пахаваны на шэбрынскіх могілках.


У час польскай улады (1921–1939) вёска ў Косіцкай гміне Брэсцкага павета Палескага ваяводства. У вёсцы было 47 двароў, 280 жыхароў. Працавалі тры ветраныя млыны і малочная ферма. Уздоўж ракі Мухавец для папярэджвання затаплення луга была насыпана плаціна. Ад таго часу засталася ў вымаўленні скажоная на польскі манер назва вёскі «Шчэбрын».


З восені 1939 г. Шэбрын знаходзіўся ў БССР. У 1940 г. тут налічвалася 90 двароў, 290 жыхароў. У гады нямецка-фашысцкай акупацыі (1941–1944) вёска моцна пацярпела — былі спалены 12 двароў, забіты 10 жыхароў, 16 чалавек загінулі на фронце, 4 — у партызанах. На будынку вясковага магазіна (вул. Школьная, 23) устаноўлена мемарыяльная дошка з прозвішчамі 24 чалавек, расстраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1942–1943 гг.


У верасні 1948 г. у Шэбрыне быў арганізаваны калгас «Перамога». У 1957 г. на базе шэбрынскага і яшчэ двух калгасаў створаны саўгас «Брэсцкі» з цэнтрам у в. Тэльмы-1. У 1959 г. у вёсцы жылi 306 чалавек, у 1970 г. — 243. Тут былі малочна-таварная ферма саўгаса «Брэсцкі», клуб, магазін, школа, бібліятэка, піянерскі лагер «Церамок». У 1976 г. на поўнач ад вёскі была адкрыта першая чарга Брэсцкага аэрапорта, з 1986 г. пачаў функцыянаваць аэравакзальны комплекс «Брэст».


З ураджэнцаў Шэбрына стаў вядомым Мікалай Андрэевіч Мартысюк (1912–2008) — удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі ў 1928–1939 гг. і антыфашысцкай групы ў 1942–1944 гг., камандзір партызанскага атрада імя Фрунзэ (1944), узнагароджаны трыма ордэнамі і медалямі. Сцяпан Пятровіч Саўчук (1875 – пасля 1952) скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, настаўнічаў у Кобрынскім павеце; затым вучыўся ў сельгасакадэміі, дзе атрымаў спецыяльнасць геадэзіста, працаваў на Каўказе; у 1939–1952 гг. з’яўляўся дырэктарам, намеснікам дырэктара па навуковай частцы Кабардзiнскага краязнаўчага музея ў г. Нальчыку; аўтар «Краткого путеводителя по Кабардинской АССР» (1948).

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

1.    Шэбрын // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 147–148.
2.    Шэбрын // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 562.
3.    Шебрин, археологический памятник / Т. Н. Коробушкина. Шебрин, месторождение глин / Г. Л. Фурсиков. Шебринская церковь Рождества Богородицы // Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 465.
4.    Здание аэропорта «Брест» / Т. И. Чернявская. Курганный могильник / Т. Н. Коробушкина. Пречистенская церковь / С. Ф. Самбук : [д. Шебрин, Тельминский сельсовет] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 148–149.
5.    Курганны могільнік. Прачысценская царква / С. Ф. Самбук : [в. Шэбрын, Тэльмінскі сельсавет] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 113.
6.    Шебрин. Шебринский лес // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 386.
7.    Шэбрын, курганны могільнік / Т. М. Каробушкіна // Археалогія і нумізматыка Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 1993. С. 644.
8.    Царква ў гонар Ражджаства Прасвятой Багародзіцы : [в. Шэбрын] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 430.
9.    Прачысценская царква ў в. Шэбрын // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 521–522.
10.    Мартысюк, Н. А. За край родной / Николай Андреевич Мартысюк ; лит. запись С. Маслюкова // Буг в огне : [сборник воспоминаний о Великой Отечественной войне]. 3-е изд., доп. и перераб. Минск : Беларусь, 1977. С. 298–305.
11.    «Совхоз “Брестский”» // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 354–355.
12.    Савчук, С. П. Краткий путеводитель по Кабардинской АССР : природа, производительные силы, история, хозяйство, культура / С. П. Савчук ; Краеведческий музей Кабардинской АССР. – Нальчик : Кабгосиздат, 1948. – 60 с. : ил., 1 л. карт.
13.    Стасюк, Т. Рождество Твое, Богородице Дево : [об истории Свято-Рождество-Богородичной церкви д. Щебрин] / Татьяна Стасюк // Брестский вестник. 2015. 24 сентября (№ 39). С. 11.
14.    Ролич, О. Под защитой Богородицы : [об истории церкви в Шебрине] / Ольга Ролич // Заря. 2015. 10 сентября. С. 18.
15.    Шатило, И. Брестский порт уберут из исторической части города : [о переносе речного порта из Бреста в район между д. Ямно и д. Шебрин] / Ирина Шатило // Брестская газета. 2013. 29 ноября (№ 48). С. 2.
16.    Шиферштейн, Д. Не прогнётся под тяжестью груза... : первая в области цементобетонная дорога свяжет трассу М-1 и перекрёсток Ямно – Шебрин / Дмитрий Шиферштейн // Вечерний Брест. 2013. 2 сентября. С. 6.
17.    Рекуц, С. Речная телепортация : Брестский речной порт планируют перенести за черту города в район между деревнями Ямно и Шебрин / Сергей Рекуц ; фото Валерия Короля // Заря. 2013. 11 июля. С. 4.
18.    Сидорук, П. Помнят, благодарят, ценят... : [о Степане Петровиче Савчуке (1875 – после 1952), уроженце д. Шебрин, бывшем директоре Кабардино-Балкарского краеведческого музея] / Павел Сидорук // Заря. 2012. 4 февраля. С. 10.
19.    Самойлюк, Н. Еще раз о Шебринской церкви : [об истории церкви в Шебрине] / Николай Самойлюк // Заря. 2005. 12 ноября. С. 4.
20.    Ролич, О. Церковь в честь Рождества Богородицы в Щебрине : [об истории храма] / Ольга Ролич // Заря. 2004. 14 декабря. С. 3.
21.    Брестские реставраторы вернули храм прихожанам : [об освящении Свято-Пречистенской церкви в д. Шебрин] // Брестский курьер. 2001. 27 сентября (№ 40). С. 8.
22.    Глущенко, Т. Здесь в небеса несут не только самолеты : [об окончании реставрации и освящении церкви в д. Шебрин] / Тамара Глущенко // Вечерний Брест. 2001. 26 сентября. С. 5.
23.    Абакумова, И. И помнит мир спасенный... : [о районном празднике в Шебринском лесу, посвящённом 55-летию освобождения Брестского района] / И. Абакумова, С. Иваненко // Заря над Бугом. Брест, 1999. 4 августа.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1763 разоў Апошняя змена Серада, 18 Лістапад 2020 15:29