Панядзелак, 17 Верасень 2018 14:59

1 снежня 2018 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Івана Іванавіча Чумачэнкі (1918–1941), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, паэта

Іван Іванавіч Чумачэнка нарадзіўся 1 снежня 1918 г. у вёсцы Курманы Сумскага павета Харкаўскай губерні (цяпер Недрыгайлаўскага раёна Сумскай вобласці) у сялянскай сям’і. Скончыў сямігодку, потым рабфак, паступіў у Сумскі педагагічны інстытут. У 1938 г. закончыў інстытут, атрымаў накіраванне на работу школьным настаўнікам у г. Казалінск, што ў Казахстане.

 

У 1939 г. Івана Чумачэнку прызвалі ў Чырвоную армію, служыў у пагранічных войсках на мяжы з Іранам. У лютым 1940 г. яго перавялі ў Беларусь, у раёне Брэста служыў у зенітна-артылерыйскім дывізіёне. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны — камандзір зенітнай гарматы, намеснік палітрука.

Малады настаўнік, а потым салдат, камандзір, Іван Чумачэнка захапляўся паэзіяй, пісаў вершы. З вялікай любоўю апеў ён брэсцкае неба, берагі паўнаводнага Буга. Вясной 1941 г. паслаў у харкаўскі «Литературный журнал» вершы, напісаныя ў Брэсце. Пачалася перапіска з супрацоўнікам часопіса, паэтам і літаратуразнаўцам Сцяпанам Андрэевічам Крыжаноўскім (1911–2002), які хацеў падрыхтаваць да выдання зборнік лепшых вершаў І. Чумачэнкі «Край моей дружбы». Але пачалася вайна, С. А. Крыжаноўскі перадаў дасланы з Брэста сшытак з вершамі І. Чумачэнкі ў Інстытут літаратуры імя Т. Шаўчэнкі АН УССР, а сам пайшоў на фронт.

Дасланыя з Брэста вершы захаваліся, не загінулі ў ваенным ліхалецці, трапілі да чытача. Вершы, напісаныя Іванам Чумачэнкам у арміі, адрознівае мужная, строгая інтанацыя. У іх паэт не толькі сумуе аб родным краі, але ўсхвалявана апявае людзей смелых і моцных, якія ахоўваюць шчасце і пакой. Нам засталіся думкі і пачуцці паэта, поўныя светлага суму і роздуму пра бессмяротнасць і прыгажосць жыцця.

У канцы 1941 г. бацькі паэта — Іван Аўрамавіч і Усціння Антонаўна — атрымалі апошняе пісьмо ад сына. Вайна абарвала жыццё ўкраінскага паэта ў самым росквіце маладосці і таленту. Іван Чумачэнка прапаў без вестак на фронце ў снежні 1941 г. — такое паведамленне атрымала пасля вайны яго жонка Марыя Мікалаеўна, якая жыла ў Махачкале.

Імя Івана Чумачэнкі, паэта-салдата, змешчана ў спісе Сумскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Украіны. Рукапісы яго твораў і цяпер захоўваюцца ў Інстытуце літаратуры імя Т. Шаўчэнкі ў Кіеве. Не забыты паэт і на Брэстчыне. У газетах «Заря» і «Звязда» друкаваліся матэрыялы брэсцкага журналіста Антона Цвыда пра Івана Чумачэнку. Яго творы перакладалі на беларускую мову брэсцкія паэты Міхась Рудкоўскі, Мікола Пракаповіч, Алесь Каско, на рускую мову — Анатоль Гарай.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

Творы І. І. Чумачэнкі

1.Осень ; «Спалила осень листья вишняка…» : [стихи] / Иван Чумаченко ; пер. с укр. А. Гарай // Народная трыбуна. 2008. 18 кастрычнiка (№ 42). С. 11.

2.Кроў героя : санет / Іван Чумачэнка ; пер. з укр. М. Рудкоўскі // Звязда. 1994. 2 ліпеня. С. 4.

3.«Ты мяне на службу праважала…» ; Сябры ; Восень : [вершы] / Іван Чумачэнка ; пер. з укр. [1-ы і 2-і вершы] М. Пракаповіч, [3-і верш] А. Каско // Заря. 1989. 18 июля.

4.Друзья ; «Посерели просторы земли…» : [стихи] / Иван Чумаченко ; пер. с укр. Л. Завальнюк // Юность. 1970. № 11. С. 99.

 

Аб жыцці і творчасці І. І. Чумачэнкі

1.Чумачэнка Іван Іванавіч / А. В. Башчук // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 656.

2.Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2008. – 568 с. – Са зместу: Іван Чумачэнка. С. 17.

3.Ляшук, В. Літаратура Берасцейшчыны / В. Ляшук, Г. Снітко. – Брэст : Лаўроў, 1999. – 376 с. – Са зместу: Іван Чумачэнка. С. 262–263.

4.Корнющенко, І. П. Назавжди лишились молодими : [пра ўкраiнскiх пiсьменнiкаў, у т. л. I. Чумачэнку] / I. П. Корнющенко. – Київ : Молодь, 1988. – 104 с. : iл.

5.Крижанівський, С. А. Ми пiзнали неповторний час : [пра ўкраiнскiх пiсьменнiкаў, у т. л. I. Чумачэнку] / С. А. Крижанiвський. – Київ : Радзянскi письменник, 1986. – 203 с. : iл.

6.Гарай, А. «Жывуць героі двойчы на зямлі» : [аб творчасці паэта І. Чумачэнкі] / Анатоль Гарай // Народная трыбуна. 2008. 18 кастрычнiка (№ 42). С. 11.

7.Цвыд, А. …І ўзраслі дрэвы і кветкі : [пра паэта І. Чумачэнку] / Антон Цвыд // Звязда. 1994. 2 ліпеня. С. 4.

8.Цвыд, А. Был часовым брестского неба : [о поэте И. Чумаченко; фото] / А. Цвыд // Заря. 1989. 18 июля.

9.Цвыд, А. «Знаю — быть весне…» : [о поэте И. Чумаченко] / А. Цвыд // Заря. 1986. 5 сентября.

10.Тростанецкий, Е. Недопетая песня : [о поэте И. Чумаченко] / Е. Тростанецкий // Юность. 1970. № 11. С. 98–99.

 

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1194 разоў Апошняя змена Серада, 18 Лістапад 2020 15:22