Чацвер, 09 Жнівень 2012 10:43

460 гадоў з часу першага ўпамінання г.п. Лагішын (Пінскі раён) у пісьмовых крыніцах

Лагішын (Логишин) – гарадскі пасёлак у Пінскім раёне Брэсцкай вобласці, цэнтр Лагішынскага пасялковага савета.

{gcontent}Лагішын размешчаны на паўночным захадзе Палескай нізіны, на аўтадарозе Пінск – Івацэвічы за 28 км ад г. Пінска, 203 км ад г. Брэста. Наваколле пасёлка – злёгку ўзгорыстая раўніна. Найбольш высокае месца – Зубковая гара, з якой адкрываецца выдатны від на мястэчка.

Першая звестка сустракаецца ў "Писцовай книге Пинского княжества..." пад 1552 годам. Да гэтага дадзеныя землі ўваходзілі ў склад Турава-Пінскага княства Кіеўскай Русі. У наступным стагоддзі Лагішын – уласнасць Радзівілаў.

25 лютага 1643 г. граматай караля Уладзіслава IV мястэчка атрымлівае Магдэбургскае права. Герб гарадка вызначаны ў выглядзе ваўка з ласінымі нагамі, змешчанага на блакітным фоне. За ранейшымі ўладальнікамі засталося Лагішынскае староства, якое пасля перайшло Агінскім, якіх змянілі Друцко-Любецкія.

У 1795 г. Лагішын увайшоў у склад Расійскай імперыі, стаў цэнтрам воласці Пінскага павета.

За сродкі пінскага старасты Альбрехта Радзівіла пабудаваны першы касцёл (1634). Пры ім неўзабаве была ўтворана місія езуітаў, узнік шпіталь (1670). Пасля падаўлення паўстання 1863 г. ўлады перадалі храм Праваслаўнай царкве. У 1893 г. яго пераносяць на праваславныя могілкі, дзе праз чатыры гады пабудова згарэла. На месцы ж старога касцёла, у цэнтры Лагішына, узводзіцца Праабражэнская царква, якая існуе да гэтуль.

Найбольш старажытны храм тут вядомы з XVII ст. У 1771 г. ствараецца Прачысценская царква, якая згадваецца як каталіцкая, зніклая ў агні пажара 1842 г. Месца храма было адзначана (не раней 1870 г.) каменнай капліцай. У 1795 г. парафіяне лікам 1110 мужчынскага і 1052 жаночага полу прынялі праваслаўе. Уніяцкі святар Іосіф Агеевіч не пажадаў змяніць веравызнанне. Болей чым стагоддзе лагішынцы-каталікі цвёрда абаранялі прыхільнасць сваім рэлігійным традыцыям. Толькі пасля аб'явы ў 1905 г. указа аб волі веравызнання яны купілі ўчастак зямлі і змаглі пабудаваць Петрапаўлаўскі касцёл. Яго асвяціў магілёўскі епіскап Ключынскі 14 ліпеня 1913 г. У алтары храма вызначана цудатворная ікона Божай Маці – Маці Лагішынскай, заступніцы Палесся.

У 1828 г. Сенат пацвердзіў лагішынцам іх гарадскія правы. У 1874 г. Лагішын стаў вядомы ў сувязі з так званай "Лагішынскай справай", якая атрымала шырокае асвятленне ў расійскай і замежнай прэсе: бунт, звязаны з нежаданнем прадаваць землі менскаму губернатару Токараву.

У 1884 г. у мястэчку 2800 жыхароў, каля 400 хат. У 1886 г. Лагішын – цэнтр воласці. Дзейнічалі прамысловыя прадпрыемствы: паравы млын Айзенберга, Хазана і Дубінскага (1880–1881), гарбарня Фрыдмана (1881), паравы млын Марцінкевіча (1888–1889), млын Бунькевіча, алейня і млын Х. Цыперштейна (1895). У 1881 г. у цэнтры мястэчка будуюцца каменныя гандлёвыя рады (не захаваліся, цяпер на гэтым месцы будынак ГпДК). У 1893–1894 гг. адкрываецца яўрэйская малітвеная школа. На ўсю акругу быў толькі адзін надомны лекар.

Першая сусветная вайна прынесла незлічоныя бедствы. Вакол мястэчка была прыфрантавая зона. Па архіўных дадзеных на блiжэйшай да мястэчка тэрыторыі лічыцца 38 ваенных пахаванняў. Баі адбываліся пад Лагішынам па лініі Агінскага канала і ракі Ясельда. Аднак пад напорам германскіх войскаў рускія войскі 15 верасня 1915 г. пакінулі Піншчыну. У акупацыі апынулася ўся тэрыторыя Пінскага павета.

У гады першай сусветнай вайны ў Лагішыне і суседніх вёсках Валішча, Вулька-Лаўская, Азарычы і Хваросна падчас праходжання вайсковай службы бываў рускі паэт Мікалай Гумілеў.

Абвешчаная ў 1917 г. Савецкая ўлада пратрымалася да лютага 1918 г. Пасля падпісання Брэсцкага мірнага дагавора 3 сакавіка 1918 г. тэрыторыя Пінскага павета ўвайшла ў склад Украіны.

У час савецка-польскай вайны 1919 г., да ўступлення арміі Пілсудскага ў мястэчка, адбылося паўстанне супраць бальшавікоў. На каталіцкіх могілках знаходзяцца пахаванні польскіх салдат і партызан, якія загінулі ў 1919–1920 гг.

У 1921–1939 гг. Лагішын – у складзе Польшчы, цэнтр гміны Пінскага павета Палескага ваяводства. 15 студзеня 1940 г. утвораны Лагішынскі раён, ліквідаваны ў 1962 г.

З 27 чэрвеня 1941 г. да 15 ліпеня 1944 г. мястэчка акупіравана нямецка-фашысцкiмi захопнiкамi. У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Лагішыншчыны разгарнулася масавае антыфашысцкае супраціўленне, у Лагішыне склалася падполле. Немцы высачылі асобных яго ўдзельнікаў, а астатнім прыйшлося сыходзіць у лес да партызанаў. Акупанты жорстка распраўляліся з мірным насельніцтвам. У Лагішыне і раёне загублена каля 2 тысяч чалавек. У мястэчка не вярнулася з фронта 13 чалавек, вязнямі фашысцкіх канцлагераў сталі 3 чалавекi, вывезены на катаржныя працы ў Нямеччыну 21 чалавек.

Лагішын быў вызвалены 13 ліпеня 1944 г. Пачалася цяжкая праца па ліквідацыі наступстваў вайны для мястэчка і яго акругі. У 1948–50 гг. пачалі стварацца калгасы, у Лагішыне быў створаны калгас "Беларусь", першым старшынёй якога быў Шаўлінскі Пётр Паўлавіч.

У 1957 г. Лагішынскi сельскi савет пераназваны ў пасялковы савет. З 22 снежня 1959 г. Лагішын – гарадскі пасёлак. 25 снежня 1962 г. Лагішынскі раён ліквідаваны, тэрыторыя яго далучана да Пінскага раёна.

На сённяшні дзень пассавет аб'ядноўвае пасёлак з 2765 жыхарамі і вёскі Каўняцін, Мокрая Дуброва, Трысцянка, Шпаноўкі, Іванісаўка.

У пасёлку знаходзяцца прадпрыемствы харчовай прамысловасці. Ёсць бальніца, паліклініка, аптэка, камбінат бытавога абслугоўвання, аддзяленне сувязі, сярэдняя агульнаадукацыйная і музычная школы, Дом культуры, бібліятэка, гістарычна-краязнаўчы музей. Дзейнічае раённы дзіцячы сацыяльны прыют. Адкрыта першая сацыяльная установа пад патранажам касцёлу – Дом міласэрнасці.

Помнікамі гiсторыi з'яўляюцца: капліца на могілках (1904), воінскія пахаванні 1919–1920 гг., брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, месца пахавання ахвяр фашызму.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц. Казлова Людміла Яўгенаўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

{/gcontent}

 

  1. Логишин ;Логишинскийрайон // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. Минск : БелЭн, 2007. Т. 4. С. 529–530.
  2. Лагішын // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск : БелЭн, 2007. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць. С. 423–425.
  3. Лагішын // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 3 т. Мінск, 2005. Т. 2. С. 177.
  4. Лагішын ;Лагішынскаевыступленне мяшчан 1874 ; Лагішынскіраён// Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск : БелЭн, 1997. Т. 4. С. 326.
  5. Лагішын ; ЛагішынскаяСпаса-Праабражэнская царква; ЛагішынскіПетрапаўлаўскі касцёл ; Лагішынскіраён// Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск : БелЭн, 1998. Т. 9. С. 89–90.
  6. Лагішын // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Пінскага раёна. Мінск : БЕЛТА, 2003. С. 593–594.
  7. Лагішын // Князева, В. М. Падарожжа па Беларусі : гарады і гарадскія пасёлкі / Вольга Князева. Мінск : Беларусь, 2005. С. 34–35.
  8. Еленевский, Н. Из глубины веков : Логишину – 450 лет : краткая историческая справка / Николай Еленевский // Полесская правда (Пинск). 2002. 10 авг. С. 4; 17 авг. С. 4.
  9. Iльянкоў, В. ЛагішынскіПрывілей : [пра грамату на магдэбургскае права Лагiшыну] / Вячаслаў Iльянкоў // Культура. 2002. № 39. С. 14.
  10. Сытин, Ф. Логишин – местечко под Пинском / Ф. Сытин // Заря. 2002. 26 окт.
  11. Илларионова, Л. Покровительница Полесья прописалась в Логишине / Лара Илларионова // Вечерний Брест. 2003. 17 сент. С. 9.
  12. Михальчук, Л. Праздник, который всегда с нами : Логишину – 455 лет / Людмила Михальчук // Полесская правда (Пинск). 2007. 31 окт.
  13. Карпеня, И. Заполнить белые пятна : [изучение истории г.п. Логишин] / Иван Карпеня // Полесская правда (Пинск). 2008. 12 янв.
  14. Скороход, Ю. Возрождение : глава первая / Юрий Скороход // Полесская правда (Пинск). 2008. 19 янв. С. 2.
  15. Еленевский, Н. Логишин – уже не поселок, но ещё не город / Николай Еленевский // Полесская правда (Пинск). 2009. 4 апр. С. 1–2.
  16. Марчук, Н. Зямельны бунт : да 135-годдзя “Лагішынскай справы” / Ніна Марчук // Краязнаўчая газета. 2010. № 35 (340). С. 4.
  17. Об установлении границ городского поселка Логишин Пинского района Брестской области : Решение Брестского областного Совета депутатов № 163 от 26 дек. 2011 г. // Заря. 2012. 17 янв.
  18. Логишин // http:/radzima.org/looishin/index.htm
  19. Мястэчка Лагішын // http:/globus.tut.by/be/voblast/bresckaya.html

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2163 разоў Апошняя змена Пятніца, 20 Сакавік 2020 10:43